Понедельник, 25 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ашхабад. Пандэмічная пагроза кнізе

  • Суббота, 31 октября 2020 17:35
  • Автор  Сугучча

Канешне ж, пра пандэмію і Ашахабад кніжны – гэта нагода і напамін, што трэба шукаць новыя фарматы, развіваць новыя магчымасці з віртуальнымі тэхналогіямі. Навука, асветніцтва, міжнародныя стасункі і справа выдання і прапаганды папяровай кнігі не павінны цярпець, не павінны губляцца ў гэтых складаных умовах.  

Многія беларускія пісьменнікі і кнігавыдаўцы, паліграфісты, кнігагандляры ў розныя гады былі ўдзельнікамі, гасцямі кніжнага свята ў Туркменістане, дзе выстаўка-кірмаш «Кніга – шлях да супрацоўніцтва і прагрэса» праходзіла, пачынаючы з 2006 года. Кожную восень! Ці то ў верасні, напрыканцы, ці то ў кастрычніку, часам – у лістападзе… Арганізатары гэтага ўнікальнага для Цэнтральнай Азіі асветніцкага праекта – Туркменская дзяржаўная выдавецкая служба і Гандлёва-прамысловая палата Туркменістана.

Сёлета Рэспубліка Туркменістан прыняла рашэнне не праводзіць Міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш «Кніга – шлях да супрацоўніцтва і прагрэсу». Напісалі мне літаральна толькі што пра гэта туркменскія пісьменнікі… Рашэнне зразумелае. Пандэмія, эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце прымушае найперш кіравацца пытаннямі бяспекі, клопатам пра здароўе грамадзян і Туркменістана, і гасцей з іншых краін, якія маглі б прыехаць на выстаўку….

Шкада, што ўсё так складваецца вакол нас, вакол нашых стасункаў. У 2009 годзе Рэспубліка Беларусь была Краінай – Ганаровым госцем IV Міжнароднай кніжнай выстаўкі «Кніга – шлях да супрацоўніцтва і прагрэса», якая праходзіла ў Ашхабадзе ў Ашхабадскім выставачным цэнтры Sergi Koshgi. Мы прывезлі ў сталіцу Туркменістана як мінімум 1000, а мо нават і болей кніг. Дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра інфармацыі Ігар ЛАПЦЁНАК. У склад беларускай групы ўваходзілі намеснік дырэктара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Маргарыта Насценка, намеснік дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва» – галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь БАДАК, галоўны рэдактар часопіса «Бярозка» Алена МАСЛА, прыватны кнігавыдавец  і кнігандляр Дзмітрый МАКАРАЎ, дырэктар Мінскай фабрыкі каляровага друку Аляксандр АКСЁНЕНКА, супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Быў з намі і мастацкі эстрадны калектыў пад кіраўніцтвам таленавітага Вячаслава СТАТКЕВІЧА.

Тры дні ў Ашхабадзе прынеслі сапраўдную асалоду. Мне асабіста запалі ў душу сустрэчы з пісьменнікамі. Тады я паспеў убачыць на «круглым стале», прысвечаным праблемам кнігавыдання для дзіцячай аудыторыі, народнага пісьменніка Туркменістана Каюма ТАНГРЫКУЛІЕВА (у перакладзе на беларускую мову выйшлі дзве яго кнігі), які неўзабаве пайшоў з жыцця. Сустрэўся з Агагельды АЛАНАЗАРАВЫМ, Касымам НУРБАДАВЫМ, якіх добра ведаў з сярэдзіны 1980-х гадоў. Коратка перагаварыў з Пірнепесам АВЕЗЛІЕВЫМ, якога таксама ведаў па сваіх ранейшых сустрэчах у рэдакцыі туркменскага часопіса «Піянер». Дарэчы, Пірнепес – аўтар вершаў пра Хатынь, піянерскі лагер «Зубронак», іншыя адрасы Беларусі, куды ён прыязджаў у час існавання Савецкага Саюза. Сустрэўся з туркменскім празаікам Тыркішам ДЖУМАГЕЛЬДЫЕВЫМ, пагаварыў па тэлефоне з пісьменнікам-франтавіком Сейітніязам АТАЕВЫМ.

Вельмі цікавай атрымалася паездка на падземнае возера Бахардэн, якую для нас арганізаваў дзіцячы паэт, перакладчык Касым Нурбадаў. У свой час ён ліставаўся з беларускім паэтам-франтавіком Іванам МУРАВЕЙКАМ. Перакладаў яго вершы.

Можна шмат згадаць цікавых эпізодаў з тае, 2009 года, выстаўкі, у аснове якіх – вялікая ўвага да папяровай кнігі. Ад беларускага стэнда наведвальнікі не адыходзілі. Па выніках выстаўкі усе выданні, што прывезлі ў Ашхабад, мы падарылі Туркменістану. Здаецца, Нацыянальнай бібліятэцы Туркменістана ці Туркменскай выдавецкай службе…

І ў іншыя гады беларускія кнігавыдаўцы наведваліся ў Ашхабад…

Шкада, што зараз у арганізацыі і кніжнай выстаўкі ў сталіцы Туркменістана, і ў дачыненні да іншых адрасоў кніжнай выставачнай дзейнасці не выкарыстоўваецца анлайн трансляцыя ці іншыя магчымасці камунікацыйных зносін віртуальнага, электроннага характару.

Вось, напрыклад, якой магла б быць праграма працы ў беларускай частцы з разлікам на гледачоў, слухачоў і патэнцыйных удзельнікаў з туркменскага боку. Некаторы час назад ў Выдавецкім доме «Звязда» на беларускай і рускай мове пабачыла свет мая кніга «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь – Туркменістан». Пра яе згадвалася ў публікацыях такіх аўтарытэтных туркменскіх выданняў, як «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), раздзелы з кнігі надрукаваны ў перакладзе на туркменскую мову ў літаратурна-мастацккім часопісе «Гарагум» («Каракумы»). Між іншым, у мінскім выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» рыхтуецца новае выданне кнігі, прысвечанай беларуска-туркменскім літаратурным сувязям. Упэўнены, што «круглы стол» на тэму беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў у звязку з гэтым выданнем паспрыяў бы з’яўляенню новых фактаў літаратурнай дружбы. А ў туркменскай студыі нашай віртуальнай сустрэчы, несумненна, аказаліся б празаік і перакладчык Максат БЯШЫМАЎ, празаік Бягуль АНАБАЕВА, згаданыя Агагельды Аланазараў, Касым Нурбадаў, а яшчэ – Герой Туркменістана паэтэса Газель ШАГУЛЫЕВА, пісьменнік Мерэтгылыч ЯГМУРАДАЎ, якія нядаўна наведваліся ў Беларусь і якім было б што распавесці.

Некалькі гадоў назад у Мінску выйшаў грунтоўны том паэзіі туркменскага класіка МАХТУМКУЛІ ў перакладах Казіміра КАМЕЙШЫ, Міколы МЯТЛІЦКАГА, Віктара ШНІПА і іншых беларускіх паэтаў. Чаму б не арганізаваць анлайн-трансляцыю чытання беларускімі перакладчыкамі вершаў Вялікага ФРАГІ?!. Такі анлайн фармат, канешне ж, выклікаў бы цікавасць і да беларускай мовы, і быў бы прыязна сустрэты ўсімі, хто нераўнадушны да творчасці Махтумкулі.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сярод іншых кніг на розных мовах свету, а таксама кніг пісьменнікаў іншых краін на мовах народаў свету ёсць нямала выданняў туркменскіх паэтаў і іпразаікаў. Іх дакладна трэба было б паказаць праз адмысловую выстаўку ў электронным фармаце. Адным словам, прыдумак, вартых увагі творчых, асветніцкіх ініцыятыў, скіраваных на прапаганду кнігі ў дачыненні да сувязяў паміж нашымі краінамі – Беларуссю і Туркменістанам, можа быць даволі шмат. І віртуальная выстаўка магла б быць стаць грунтоўным адказам пандэміі, дапамагла не згаснуць агеньчыку дружбы паміж пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі Беларусі і Туркменістана.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 95 раз Последнее изменение Суббота, 31 октября 2020 17:40