Пятница, 25 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Роднае як адрас любові і прыгажосці жыцця

Да разваг на тэму, наколькі пісьменнікі ўважлівыя да сваёй роднай старонкі, наколькі яна спрыяе развіццю іх творчасці і наколькі яны абавязаны ёй, мяне падштурхнула публікацыя ў раённай газеце “Пухавіцкія навіны”.

10 студзеня газета на цэлую старонку змясціла “Пухавіцкі каляндар-2018”. Гэта ўжо сталася добрай традыцыяй, калі пухавіцкая раённая газета на самым пачатку года расказвае чытачам, якія юбілейныя даты звязаны з гісторыяй і адпаведна – з сучаснасцю Пухавіччыны ў бягучым годзе. Вось і зараз такая старонка ўяўляецца ў пэўнай ступені сапраўдным компасам для арганізацыі выхаваўчай, асветніцкай, ідэалагічнай работы ў цэлым рэгіёне. Для мяне асабіста – яшчэ і напамінам, што сёлета ў лістападзе 155 гадоў будзе маёй роднай школе. Заснаваная ў 1863 годзе, Пухавіцкая сярэдняя школа надзвычай багатая на гісторыю. Сярод яе вучняў і выпускнікоў – Героі Савецкага Саюза Мікалай Шут, Васіль Тарлоўскі, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,  доктар медыцынскіх навук прафесар Арнольд Смеяновіч, артыст-купалавец, кінаакцёр Аляксандр Лабуш, доктар палітычных навук, кандыдат філасофскіх навук, заслужаны ваенны спецыяліст Расійскай Федэрацыі  капітан 1-га рангу Мікалай Лабуш, генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык, палкоўнікі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казак, Уладзімір Лопан, дырэктар славутага бабруйскага прадпрыемства “Фандок” Уладзімір Майко, пісьменніца, галоўны рэдактар газеты “Пухавіцкія навіны” Вольга Савасцюк, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Пашаны вядомы на Міншчыне, у Беларусі педагог Ала Ралькевіч, празаік Іван Падбярэжскі… Канешне ж, шмат каго са знакамітых выпускнікоў, вучняў я не назваў. Дарэчы, у школе літаральна зусім праз некаторы час пасля Вялікай Перамогі працаваў настаўнікам вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Алесь Пальчэўскі… Шмат і іншых цікавых юбілеяў падказала публікацыя “Пухавіцкага каляндара-2018”. У тым ліку – і пісьменніцкіх юбілеяў. 8 лютага – 90 гадоў з дня нараджэння паэта Уладзіміра Ляпёшкіна (нарадзіўся ў вёсцы Церабель). 2 сакавіка – 100 гадоў з дня нараджэння паэта заслужанага дзеяча культуры БССР Алеся Бачылы. 15 сакавіка – 80 гадоў з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка, літаратурнага краязнаўца Браніслава Зубкоўскага. 19 красавіка – 125 гадоў з дня нараджэння пачынальніка беларускай савецкай драматургіі заслужанага настаўніка БССР Васіля Савіча Гарбацэвіча…

Канешне ж, у мясцовым друку абавязкова з’явяцца публікацыі да гэтых знакавых пухавіцкіх дат. Канешне ж, аўтары – як прафесійныя журналісты, так і настаўнікі, ветэраны працы, пазаштатныя карэспандэтны “Пухавіцкіх навін”  узгадаюць многа адметных гісторый, раскажуць малодшым пакаленням пра знакамітых людзей і важныя падзеі, важныя сацыяльныя, гістарычныя, культурна-асветніцкія з’явы. А вось ці стане такі каляндар альбо падобнага характару публікацыя ў рэгіянальным друку падставай, каб разварушылася пісьменніцкая грамада ў сталіцы, каб загаварылі пра сваю родную старонку паэты, празаікі, публіцысты, драматургі ў абласным цэнтры?.. Пісьменнік і родны край, літаратар і тыя мясціны, што пеставалі яго… Чым жыве наша родная старонка? Ці заўсёды мы думаем, апякуемся пра гэта?!.

Часта гавораць пра літаратуру як пра кнігі сацыяльна значныя. Складаюцца спісы. Бібліятэкам навязваюцца тыя ці іншыя навінкі. Магчыма, не заўсёды з улікам меркавання саміх бібліятэк, адпаведна – саміх чытачоў. Цяжка, складана наладзіць трывалыя і адрасныя, зваротныя сувязі. На месцах, у раёне -- адны меркаванні. У вобласці – другія. У сталічных экспертаў – іншыя… А як вынік – шмат што забываецца, застаецца па-за ўвагай. Як на мой погляд, варта было б у фармат сацыяльна значнай літаратуры ў большай ступені ўводзіць краязнаўчыя мастацкія тэксты. Але пра гэта – неяк іншым разам… Цяпер жа хацелася б давесці іншую думку, пагаварыць пра тое, што маглі б зрабіць пісьменнікі, каб не згубіць родныя памяткі, не забыцца ўшанаваць памяць хаця б калег-літаратараў, якія, магчыма, маюць не такую вядомасць, як Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны. І ўсё ж, зрабіўшы істотна шмат ў прыгожым пісьменстве, нарадзіўшы шмат яркіх мастацкіх вобразаў, сімвалаў, адшукаўшы процьму яркіх метафар, прыгожых рыфмаў, маюць права на згадкі, на ўспаміны…

Вернемся да Пухавіччыны і сёлетніх пухавіцкіх пісьменнікаў-юбіляраў. Уладзімір Ляпёшкін… “Ранішнія росы”, “Рупнасць”, “Роднае”, “Званкі-званочкі”, “Вусце”, “Перадлецце” – вось,здаецца, і ўся бібліятэка паэтычных вышукаў Уладзіміра Ляпёшкіна. Але, зазірнуўшы пад вокладкі гэтых нямногіх кніг, вы знойдзеце на іх старонках мноства твораў, якія расказваюць пра рудзенскія, пухавіцкія адрасы, пра рэкі і вёсачкі, якія знаёмыя і нашаму сучасніку. Вось назвы тых твораў – “Церабель”, “Рэхі маленства”, “Матулі”, “Рака”, “Партызанскі хлеб”, “Вёска Дудзічы”, “Павеў бацькаўшчыны”, “І Свіслач у шкле”, “Пад бацькоўскай страхой…” Сапраўдная паэтычная геаграфія роднага, блізкага!.. Пачаўшы выступаць з вершамі яшчэ ў рудзенскай раённай газеце “Бальшавіцкі сцяг”, Уладзімір Ігнатавіч імкліва ўварваўся ў беларускую паэзію. А ў 1970 – 1979 гады ён працаваў і дырэктарам выдавецтва “Народная асвета”. Доўгі час дырэктарстваваў у розных школах Мінска. Жывыя і здаровыя яго, Уладзіміра Ляпёшкіна, вучні. Мне асабіста шмат добрых слоў пра пісьменніка выказала паэтэса Любоў Турбіна, якая зараз жыве ў Маскве. Занатаваць бы вучнёўскія ўспаміны, занатаваць бы ўспаміны маладзейшых калег па літаратурнаму цэху. І каму як не юным пухавіцкім літаратурным краязнаўцам зрабіць гэта?!. Уладзімір Ляпёшкін – выпускнік Рудзенскай сярэдняй школы 1947 года. Вось і папоўніцца гісторыка-краязнаўчы архіў школы новымі матэрыяламі. 

У Мар’інай Горцы ў раённым краязнаўчым музеі ёсць пакой Алеся Бачылы. Там сабраны яго рэчы, кнігі з хатняй бібліятэкі. Па ініцыятыве, просьбе дырэктара раённага музея Аляксандра Аляксандравіча Прановіча Прановіча перадалі дзеці паэта. Кнігі ў большасці сваёй -- з аўтографамі. Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Янкі Брыля, Рыгора Няхая, Міколы Аўрамчыка… Адна з вуліц Мар’інай Горкі носіць імя Алеся Бачылы. І як мне падаецца, 2 сакавіка – самая добрая дата, каб адзначыць 100-годдзе Алеся Бачылы наданнем раённай бібліятэцы імя легендарнага паэта-земляка. Чаму б і не?!. Хіба не варты такой мемарыяльнай памяці аўтар слоў песні “Радзіма мая дарагая”..?

Браніслаў Аляксандравіч Зубкоўскі амаль усё сваё жыццё пражыў у Мар’інай Горцы. Працаваў настаўнікам, журналістам. Пісаў рэцэнзіі на кнігі беларускай дзіцячай літаратуры. Шмат друкаваўся. У часопісах “Полымя”, “Беларусь”, у “Літаратуры і мастацтве”, “Настаўніцкай газеце”, іншых выданнях. Настойліва займаўся літаратурным краязнаўствам. Шукаў усё, што так ці іначай пралівала б святло на прысутнасць на Пухавіччыне народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Ініцыіраваў многія справы па ўшанаванню памяці Якуба Коласа на Пухавіччыне. Чаму б юным краязнаўцам Мар’інай Горкі, Пухавіцкага раёна не ўзгадаць пісьменніка-земляка Браніслава Зубкоўскага..?

Пагадзіцеся, такіх спраў у літаратурным жыцці нашай краіны можа назбірацца вельмі шмат. У дачыненні да кожнага раёна, кожнага рэгіёна краіны. Варта толькі зазірнуць у рэгіянальныя календары ўсіх старонак. Што і зрабіць добра было б па ініцыятыве найперш пісьменнікаў, кожны з якіх, несумненна, добра ведае, чым адметная яго малая радзіма. Чым багатая яго Пухавіччына, Капыльшчына, Шчуншчына ці іншы куточак нашай багатай на памяткі гісторыі Айчыны. Зрабіць гэта варта дзеля сучаснасці і дзеля будучыні.

Алесь Карлюкевіч, журналіст

На фота людзi Пухавіччыны: Васіль Гарбацэвіч, Браніслав Зубкоўскi, Алесь Бачыла

Прочитано 200 раз Последнее изменение Среда, 24 Январь 2018 14:54
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии