Среда, 14 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Усё жыццё Яўгеніі Янішчыц – загадкавы палёт

  • Воскресенье, 12 августа 2018 16:46
  • Автор  Сугучча

Напісаць гэтыя радкі падштурхнуў зборнік Яўгеніі Янішчыц, якой папоўнілася параўнальна новая серыя выдавецтва “Мастацкая літаратура” “100 вершаў”.

“І кожны дзень – гарачы вырай/ Здзіўленняў, радасці, клапот./ Так я іду на голас ліры,/ Дзе ўсё – фантазія, палёт./ Які зайдросны свет паэта – / З нябачных промняў вобраз ткаць,/ І – заміраць на схіле лета,/ І ў вольным слове ўваскрасаць!” – вядзе свой рэй у кнізе “Кахання сад і ластаўка вясны” Яўгенія Янішчыц. Сёлета паэтэсе споўнілася б 70 гадоў. Усяго толькі семдзясят!.. А яна пайшла з жыцця, пакінуўшы шчырыя, шчодрыя на краскі жыцця і любові, багатыя рознымі адценнямі вершы, аж у 1988 годзе. Пайшла, лічы, зусім маладой. І паспела за адведзены ёй час прывязаць да ўласных адкрыццяў чытача. Была адзначана калегамі, уладамі, атрымала Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У зусім юным узросце ўдзельнічала ў пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН. Паэтэса была і застаецца найвялікшай зоркай беларускай нацыянальнай паэзіяй. Жыццё, дакладней – сыход з жыцця фізічнага, Яўгеніі Янішчыц атаясамляюць розныя легенды. І ўсе яны нічога не вартыя, калі гартаеш кнігу вершаў і трапляеш у палон вынайдзеных, заўважаных паэтэсай слоў. Калі яе сардэчныя рытмы кранаюць і твае душу і сэрца. “Ты пакліч мяне. Пазаві./ Там заблудзімся ў хмельных травах./ Пачынаецца ўсё з любві,/ Нават самая простая ява./ І тады душой не крыві/ На дарозе жыцця шырокай./ Пачынаецца ўсё з любві…”

Кнігу “Кахання сад і ластаўка вясны” уклаў паэт і галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Ілюстрацыямі да зборніка служаць рэпрадукцыі карцін мастака Мікалая Казакевіча. Славуты беларускі крытык Рыгор Бярозкін у рэцэнзіі на першую кнігу паэтэсы напісаў: “Першая кніга – кніжка ясная, свежая, росная, быццам тая раніца, з якое яна, Жэня Янішчыц, і выбегла (іменна выбегла) у літаратуру…”

Відаць, у лістападзе 2018 года на Берасцейшчыне, Піншчыне, адкуль родам пісьменніца, пройдуць самыя розныя святочныя мерапрыемствы ў знак 70-годдзя Яўгеніі Янішчыц. Будзем спадзявацца, што з’явяцца яшчэ і новыя кнігі таленавітага мастака слова. Хаця і ёсць манаграфія Святланы Калядкі пра Я. Янішчыц, усё ж хацелася б убачыць і новыя кнігі пра паэтэсу. Чаму б не выдаць ёмісты збор успамінаў у серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выдавецтва “Мастацкая літаратура”?!. Пісалі ж пра яе і Васіль Быкаў, і Ніл Гілевіч, і Генадзь Бураўкін… Дзясяткі публікацый пра Яўгенію Янішчц раскідана па беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Пра яе, ластаўку паэзіі, “ластаўку вясны”, ужо дакладна чыталі б. А ў тым, што яе паэзія застанецца ў лёсе беларускага народа на стагоддзі, сумнявацца не даводзіцца.

Ды і цікава было б ведаць, а якія ўсё ж мерапрыемствы, якія імпрэзы пройдуць на берасцейскай зямлі, у літаратурных музеях Мінска, па іншых адрасах. Яўгенія Янішчыц, яе творчасць – ці не той ручай, ці не тая рака, якія могуць паспрыяць і захаванню, пашырэнню прасторы роднай беларускай мовы. Мне здаецца, што юбтілей Яўгеніі Янішчыц змог бы аб’яднаць і розныя грамадскія сілы, якія дапамаглі б сваімі ініцыятывамі культурна-асветніцкім установам правесці вечарыны, святочныя імпрэзы, розныя юбілейныя мерапрыемствы.

Важна і адрэагаваць зараней на падзею і сродкам масавай інфармацыі. Найперш – літаратурна-мастацкім выданням. Распараджэннямі тут не абыйдзешся. Важна праявіць чуласць і знайсці дасведчаных аўтараў, знайсці зацікаўленых публіцыстаў, літаратурных крытыкаў і літаратурных краязнаўцаў. Постаць Яўгеніі Янішчыц – з шэрагаў знакавых асоб Беларусі. І не помніць пра гэта проста нельга. А яшчэ ж хацелася б жыць спадзяваннем, што сёлетняй восенню, у час, калі ў чарговы раз згадаюць і Год малой радзімы, з вуснаў школьнікаў, моладзі, з вуснаў юных чытальнікаў прагучаць вершы Яўгеніі Янішчыц. Вершы на доўгія стагоддзі… “Прыедзь у край мой ціхі,/ Тут продкаў галасы./ Тут белыя бусліхі/ І мудрыя лясы”, -- пісала Яўгенія Янішчыц, паэтычны летапісец Палесся і палескага жыцця.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 296 раз Последнее изменение Воскресенье, 12 августа 2018 18:11
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии