Пятница, 04 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Канёк-Гарбунок» і іншыя мультфільмы Льва Мільчына

  • Среда, 28 октября 2020 11:27
  • Автор  Сугучча

На работах нашага суродзіча славуты Уоліт Дзісней вучыўся ствараць амерыканскую анімацыю.  

Гартаючы раз-пораз выдатны энцыклапедычны даведнік «Беларускі Саюз мастакоў», зрэдчас спыняюся на артыкуле, які прысвечаны Ісааку Восіпавічу Мільчыну (1894-1943). Усяго дзевяць радкоў… Дазволю сабе працытаваць іх: « … вучыўся ў школе малявання Я. Кругера ў Берліне (1911-1914). Чл. Усебел. Аб’яднання мастакоў – першай арганізацыі мастакоў Беларусі (1927-1928), чл. Рэвалюц. Асацыяцыі мастакоў Беларусі (1928-1931). Працаваў у кніжнай графіцы. Сярод твораў: іл. да кнігі Шолама-Алейхема «Сярэбраны». Загінуў у фашысцкім гета».

І нешта ж, нейкая струнка памяці заўсёды чапляла, прымушала спыняцца, прымушала перачытваць гэтыя лаканічныя і не дужа «гаваркія» радкі, углядацца ў здымак Ісаака Мільчына. І ўсё ж такі з часам разгадка прыйшла: успомнілася дзяцінства, цітры розных мультфільмаў. Так, і там – Мільчын!.. Але  ж якая сувязь? Мультфільмы, відавочна, пасляваенныя.

Пачаў цікавіцца болей дэталёва. Па ініцыялах атрымліваецца, што да мульцікаў мае дачыненне іншы Мільчын. Высвятляецца: Леў Ісаакавіч Мільчын – пэўна ж, сын… Тым болей, што месцам нараджэння мастака – мультыплікатара пазначаны Мінск. Вядома, што Леў Мільчын пакінуў Беларусь перад вайною… А ўжо ў пасляваенныя гады як мастак (а часам  яшчэ і як рэжысёр) ствараў вядомыя і сёння мультфільмы. Сярод іх – «Канёк-Гарбунок» (копію яго славуты Уолт Дзісней купіў у «Саюзмультфільма», каб вучыць мастакоў і рэжысёраў амерыканскіх мульцікаў), «Бабулін парасон», «Светлячок», «Маша болей не гультай», «Маша і чароўнае варэнне», «Як Маша з падушкай пасварыліся», цыкл «Апавяданні старога марака»…

Паспрабаваў адшукаць нейкія сляды Мільчына-сына. Пазваніў у Маскву на колішні «Саюзмультфільм». Там адказалі на трэці ці чацвёрты зварот: «Ён даўно памёр…» І кінулі слухаўку.

Шукаючы знакамітых землякоў не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, да падобнага стаўлення, да таго, што і на дзясятак лістоў не адказваюць, я ўжо даўно прызвычаіўся. Хаця мірыцца з гэтым не магу і часам падоўгу грукаюся ў зачыненыя дзверы… Замест некалі ўсемагутнай карпарацыі «Саюзмультфільм», славу каторай стваралі і работы Мільчына, звярнуўся да Леаніда Аронавіча Шварцмана. Акадэмік «НІКІ», яркая, шматгранная асоба, – ён таксама ўсё жыццё аддаў мультыплікацыі. Гэта ён, Шварцман, наш зямляк (нарадзіўся ў Мінску), прыдумаў, намаляваў Чабурашку такім, якім мы ведаем, уяўляем казачнага героя Эдуарда Успенскага. Пра Шварцмана я пісаў некалькі разоў для самых розных  выданняў Беларусі. З Леанідам Аронавічам мы некаторы час ліставаліся, перазвоньваліся. Чалавек ён выключна адказны і абавязковы. Пацікавіўся ў яго і пра Мільчына. Пра гэтага мастака мы неяк раней не гутарылі…

А далей – як у казцы!.. Паслухайце, што расказаў вядомы расійскі мастак:

‒ Дык гэта ж сябар майго дзяцінства!..

‒ ???!..

‒ І ён, як і я, ‒ мінчанін… Я нарадзіўся 30 жніўня 1920 года. Лёва – 18 жніўня. Абодва пайшлі ў «нулявушку» у 1927 годзе. У адну школу – мінскую школу нумар 5… Абодва з самага маленства малявалі. Але так, як маляваў Лёва, ніхто з нас, нашага акружэння не маляваў. Ён забываўся на ўсё на свеце, маляваў на ўроках. Яго малюнкі – гэта шматфігурныя кампазіцыі: рыцарскія баі, марскія бітвы, грандыёзныя будоўлі дамоў і заводаў… Нас, яго аднакласнікаў, здзіўлялі межы фантазіі Лёвы, хуткасць, з якой ён маляваў…

Разам – Шварцман і Мільчын – пайшлі і ў мастацкую студыю. Выкладаў у будучых мультыплікатараў Валянцін Віктаравіч Волкаў. Гэта ўжо было, пэўна, пасля 1929 года. Бо вядома, што да 1929 Волкаў працаваў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме.

Безумоўна, школа такога вялікага мастака паўплывала на фарміраванне таленту падлеткаў. Валянцін Віктаравіч заахвочваў юных мастакоў да шматжанравай працы. І калі надыйшоў час выбара прафесіі, сумненняў у тым, якую жыццёвую сцяжыну выбіраць, не было. Разам – Леў і Леанід – і выправіліся ў Ленінград, каб паступаць у акадэмію мастацтваў. Але лёс распарадзіўся так, што не паступілі.

– Я пайшоў вучыцца ў школу пры Акадэміі, – расказвае Леанід Аронавіч, – а Лёва паехаў у Маскву і паступіў на мастацкі факультэт Усесаюзнага  дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У 1943 годзе ён бліскуча  абараніў дыплом на тэму «Ціль Уленшпігель». Адна з першых прац Мільчына ў кінематаграфіі – «Нашэсце»…

Мастаком-пастаноўшчыкам на «Нашэсце» юнага Льва Мільчына запрасіў Абрам Мацвеевіч Роам. Магчыма, спрацавала і пачуццё зямляцкасці. Роам – з Вільні, добра ведаў Беларусь. У свой час працаваў выкладчыкам ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі. Першы свой фільм Абраам Мацвеевіч зрабіў яшчэ ў 1924 годзе…  За «Нашэсце» Роам атрымаў Сталінскую прэмію. А Льва Мільчына проста заўважылі. І ўжо праз год наш зямляк робіць «Канёк-Гарбунок» з «бацькам савецкай мультыплікацыі» рэжысёрам Іванам Пятровічам Івановым – Вано. Да гэтага твора будзе яшчэ  і вяртанне – у 1975 годзе. Але і тая, 1945 года, версія выклікала вялікую цікавасць у гледачоў, у калег па працы. Амаль праз 40 гадоў пасля вайны Мільчын і ўжо 84-гадовы яго настаўнік зрабілі яшчэ адзін досыць цікавы мультфільм – «Казку пра цара Салтана».

– Лёва, – успамінае далей Шварцман , – быў яшчэ і выкладчыкам у мяне – ва Усесаюзным інстытуце кінематаграфіі. Выкладаў карыкатуру і шарж. Тады я і даведаўся, што бацька, маці і сястрычка Лёвы загінулі ў гета. А да вайны жылі яны на Шырокай  вуліцы на беразе Свіслачы, якраз насупраць тэатра оперы і балета. Бацька Лёвы – мастак…

Такая вось разгадка, такія вось сувязі паміж Мільчынымі. Леў Ісаакавіч таксама ўжо пайшоў з жыцця – у 1987 годзе. А мультфільмы, зробленыя ім, па–ранейшаму радуюць юнага гледача і ў Расіі, і ў Беларусі, і ў іншых краінах на постсавецкай прасторы., а мо і не толькі на постсавецкай…

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 40 раз Последнее изменение Среда, 28 октября 2020 11:40