Понедельник, 06 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Кітайцы паважаюць сваіх мастакоў…»

  • Пятница, 13 декабря 2019 09:25
  • Автор  Сугучча

Гартаю старонкі невялічкай кніжачкі «Тры месяцы ў Кітаі». Год выдання – 1959. Аўтар – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Сяргей Селіханаў.

«Летам 1956 года я атрымаў пісьмо з Масквы. У пісьме паведамлялася, што Саюз мастакоў СССР арганізуе паездку групы творчых работнікаў у Кітай. Мне прапанавалі ўвайсці ў гэтую групу. Я, не раздумваючы, напісаў аб сваёй згодзе.

Паездка намячалася на канец 1956 года. Часу было даволі, каб усё як след абдумаць, падрыхтавацца да далёкага падарожжа», – чытаю на самым пачатку. І далей: «Мяне як мастака, апрача ўсяго, хвалявалі свае, чыста творчыя праблемы. Багацейшае мастацтва Кітая мы ведалі галоўным чынам па рэпрадукцыях, паколькі ў Маскве, а тым больш у нас, у Беларусі, кітайскіх мастацкіх выставак не было. Рэпрадукцыі ж не даюць поўнага ўяўлення аб майстэрстве таго ці іншага мастака. Таму я з нецярплівасцю чакаў таго часу, калі выпадзе магчымасць пазнаёміцца з творамі кітайскага мастацтва ў арыгіналах…»

Група, якую сфарміравалі для паездкі мастакоў у Паднябесную, складалася, акрамя Сяргея Селіханава, з маскоўскага графіка Уладзіміра Багаткіна, ленінградскага тэатральнага мастака Аляксандра Канстанціноўскага, украінскага жывапісца Васіля Забашты, майстра мініяцюрнага жывапісу з Палеха Ганны Катухінай. Уладзімір Валяр’янавіч Багаткін нараджэннем з 1922 года. Аляксандр Канстанціноўскі – з 1906 года. Васіль Забашта – з 1918-га… Ганна Аляксандраўна нарадзілася ў 1915 годзе. Наш зямляк – Сяргей Селіханаў – з 1917 года. Кожны на час паездкі сфарміраваўся як яркая, цікавая асоба. Украінскі жывапісец і беларускі скульптар – франтавікі. Васіль Забашта быў узнагароджаны ордэнамі Славы 2-й і 3-й ступеняў. А Сяргей Селіханаў за ратныя справы быў адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу».

… У дарогу мастакі (яны, заўважым, складалі першую творчую групу савецкіх мастакоў, якая на такі працяглы адрэзак часу выправілася ў народны Кітай) накіраваліся на экспрэсе Масква – Пекін.

«…Дарога заўсёды прыносіць многа новага. Мы апынуліся сярод уральцаў, сібіракоў, далёкаўсходнікаў, якія ехалі ў свае краі. Маім суседам па купэ аказаўся чыгуначнік з Новасібірска. Завязалася простая гутарка…» Высветлілася, што сібірак партызаніў на Віцебшчыне, сустракаўся з Героем Савецкага Саюза Канстанцінам Заслонавым. А Сяргей Селіханаў на той час быў ужо аўтарам помніка герою Вялікай Айчыннай вайны.

З самага пачатку брашуры мы сустракаем такія сімвалічныя параўнанні: «Цягнік імчаў насустрач яснай зары, чыім ззяннем абнята зямля і жыццё новага Кітая. Набліжаючыся да яго мяжы, мы яшчэ раз адчулі, якія неабсяжныя прасторы мае наша краіна. Над ёй, як сказаў адзін паэт, ніколі не заходзіць сонца…» Яно і зразумела: над літаратурным запісам працаваў беларускі паэт, публіцыст, празаік Міхась Калачынскі. Відаць, ён і «аздобіў» тэкст такімі момантамі… Але, як на мой погляд, у такіх падрабязнасцях ёсць нешта важнае, характэрнае для размовы пра Паднябесную.

«Пасля прыпынку на станцыі Манчжурыя ў цягніку стала многа кітайцаў. Руская гаворка змяшалася з кітайскай, – піша С. Селіханаў. – У Харбіне да нас падселі савецкія спецыялісты, якія ехалі ў Пекін дапамагаць кітайскаму народу будаваць новае жыццё. Яны пазнаёмілі нас з некаторымі нацыянальнымі звычаямі кітайцаў. У праваднікоў мы навучыліся вымаўляць асобныя кітайскія словы і сказы. Першым такім сказам было прывітанне: «Нін хао!» – «Добры дзень!»

Нарэшце прыпынак абвясцілі, што цягнік набліжаецца да Пекіна. Паказаліся пралёты вядомай кітайскай сцяны, якая калісьці апаясвала горад. Мільгануў апошні семафор, і цягнік спыніўся ля перона. Нас акружылі кітайскія таварышы. Радасныя ўсмешкі, моцныя поціскі рук…»

Канешне, праязджаючы праз Харбін, Сяргей Селіханаў і ведаць не ведаў, што горад звязаны з беларускім каталіцкім святаром Язэпам Германовічам. Што тут, у Харбіне, жыў ураджэнец Ваўкавыска, рускі празаік, журналіст Усевалад Іваноў. А яшчэ ў Харбіне нарадзіўся кітайскі перакладчык беларускай літаратуры – паэт і мастак Гаа Ман, які яшчэ напрыканцы 1950-х гадоў перастварыў на сваёй роднай мове вершы Максіма Танка. Дарэчы, Танк наведае Кітай крышачку пазней пасля Сяргея Селіханава – ужо 1957 годзе. І пакіне пасля гэтай паездкі вельмі падрабязныя запісы ў дзённіку. У розныя дзесяцігоддзі ў Кітаі пабываюць і іншыя беларускія літаратары і мастакі – Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Міхась Шэлехаў, Алесь Кажадуб, Валерый Казакоў, Навум Гальпяровіч, Алесь Бадак, Аляксандр Фінскі, Уладзімір Слабодчыкаў, Армен Сардараў…

Сяргей Селіханаў знаёміцца з славутымі мясцінамі Пекіна, дзеліцца ўражаннямі пра простыя назіранні. Вандруючы па Пекіну, праз шмат гадоў – у 2015-м – і я зазіраў у музей «Гугун»… Але ж слова – Сяргею Селіханаву: «…Гэта – цэлы ансамбль палацаў. Усе збудаванні яго складаюцца з дзвюх асноўных частак: унутранай і знешняй. Палацы, размешчаныя ў знешняй частцы, прызначаліся для дзяржаўных перагавораў і прыдворных цырыманіялаў. Ва ўнутранай жылі імператар і яго сям’я. Далей знаходзіўся імператарскі сад. У гэтым садзе няма ніводнага квадратнага сантыметра плошчы, над якім не папрацавала б чалавечая думка. Старанныя рабочыя рукі ператварылі ўвесь сад у казачны куток…»  У Пекіне мастакі з СССР наведалі домік-музей кітайскага мастака Сюй Бэй-хуна. Распачаты і незавершаны партрэт у майстэрні на мальберце – партрэт Лу Сіня. «… Сюй Бэй-хун па праву з’яўляецца гонарам кітайскіх мастакоў, традыцыі якога будуць развіваць далей майстры жывапісу новага Кітая».

Савецкія мастакі наведалі Цэнтральны мастацкі інстытут. «Мне прыйшлося працаваць у адной скульптурнай майстэрні інстытута. Я ляпіў партрэт прафесара інстытута, вядомага графіка Лі Хуа. Лепка праходзіла з натуры. Побач займаліся лепкай кітайскія аспіранты. Яны падыходзілі да мяне, пыталіся аб чым-небудзь, выказвалі свае заўвагі, прасілі паглядзець іх работу.

Трэба сказаць, што скульптура рэальнага чалавека – для кітайцаў зусім новы жанр мастацтва…»

Цікавай падаецца сустрэча С. Селіханава і яго калег з сусветна вядомым мастаком Цы Бай-шы. «… Нас спаткаў сын Цы бай-шы з жонкай. Яны правялі нас у светлы пакой, дзе мы ўбачылі круглы накрыты стол, расстаўленыя крэслы. І Цы Бай-шы сядзіць тут жа на крэсле. Але ён спіць… Мы неяк разгубіліся. Стаім, маўчым. Потым сын яго нам растлумачыў: Цы Бай-шы даўно чакае нас. Чакаў, чакаў і задрамаў… Старэчыя гады! Аднак з выгляду ён быў нібы паглынуты нейкай глыбокай задуменасцю.

Цы Бай-шы адкрыў вочы і абвёў нас усіх нас доўгім позіркам. Яму дапамаглі падняцца, і тады вочы яго заіскрыліся. Ён ажывіўся. Позірк стаў пранікнёны, востры.

У адказ на наша прывітанне, ён сказаў, што горача вітае Савецкі Саюз.  Мастак зазначыў, што ён вельмі састарыўся і, мабыць, думаючы пра нашу краіну, запытаўся: колькі кіламетраў да Масквы? Размова стала шчырай. Карэспандэнт «Огонька» тав. Мержанаў М. І. папрасіў у Цы Бай-шы навагодняче віншаванне, якое і было надрукавана ў часопісе.

Потым Цы Бай-шы запрасіў усіх на чай. Цяжка было адмаўляцца: такі гасцінны звычай ва ўсіх кітайскіх сяброў.

Мы сфатаграваліся з Цы Бай-шы. Развітаўшыся, усе накіраваліся да выхаду, і тут дзевяностасямігадовы стары ўстаў, падышоў да расчыненых дзвярэй і па-бацькоўску на развітанне памахаў нам услед рукою.

Мне запомніўся ўзмах рукі, стары маршчыністы твар гэтага чалавека з вострым, жывым позіркам. Я задаўся мэтаю яшчэ раз наведаць старога і абавязкова вылепіць яго партрэт».

Пасля Пекіна быў Нанкін. «Паўднёвая сталіца», былая сталіца Кітая, порт ля ракі Янцзы, месца знаходжання ўлад правінцыі Цзянсу. Размешчаны ва ўсходняй  частцы краіны, за 260 км ад паўночнага захаду ад Шанхая. Зараз – буйны і культурны цэнтр Кітая. Чытаем у Сяргея Селіханава: «… Калі ў Пекіне мы маглі паказаць кітайскім сябрам толькі фота і рэпрадукцыі сваіх ранейшых работ, то ўжо ў Нанкіне мы паказалі ўсё, што паспелі зрабіць за першыя тыдні падарожжа. Мы прыслухоўваліся да іх вельмі каштоўных заўваг. Нярэдка нашы сябры таксама бралі карандашы, пэндзлі і працавалі побач.

У Нанкіне няма скульптурных майстэрняў і мала скульптараў. Належных умоў для творчай работы ў мяне не было. Усё ж дзякуючы клопатам кітайскіх таварышаў мне ўдалося тое-сёе зрабіць. З радасцю я даведаўся, што ў горадзе жыве мастак Янь Мін, які калісьці наведаў сталіцу Беларусі. Мы сустрэліся, як даўнія знаёмыя. Славуты нанкінец зрабіў усё магчымае для маёй творчай работы. Мне было адведзена месца для лепкі ў гістарычным музеі Нанкіна. За кароткі час я зрабіў тут некалькі скульптурных накідаў, у тым ліку партрэты сялян і кулі.

Праз Нанкін цячэ магутная, апетая кітайскімі песнярамі рака Янцзы. Увесь час мы думалі, як бы глыбей адчуць усю веліч і прыгажосць гэтай вялікай воднай магістралі. Хутка такая магчымасць выпала.

Наступіў час развітання з Нанкінам. Мы селі на параход, каб плыць у Шанхай…»

У Шанхаі беларускі скульптар працаваў не меней напружана. І як вынік – значны творчы плён. У гэтым горадзе Сяргей Селіханаў вылепіў партрэты Ба Цзіня – славутага пісьменніка Кітая, сябра Лу Сіня, драматурга Шэн Сі-фу, літаратурнага крытыка Тан Тао, вядомых артыстаў Цзао Тана, Бай Ян, Юан Се-фын, героя працы КНР – Фан Па-мэя. Зрабіў яшчэ і некалькі эцюдаў, партрэтаў на ўвесь рост. Цікавым падаецца наступнае назіранне беларускага творцы: «… Кітайцы добра ведаюць і сардэчна паважаюць сваіх мастакоў, артыстаў, літаратараў. З пісьменнікам Ба Цзінем мы аднойчы прайшліся па гораду. Пры сустрэчы з ім людзі віталіся, часта супынялі яго. Адчувалася, што гэты выдатны мастак слова цесна звязаны з народам.

У Шанхаі мы завязалі моцную дружбу з тутэйшымі мастакамі. У горадзе налічваецца вялікі калектыў работнікаў выяўленчага мастацтва. У нас было некалькі сустрэч і гутарак з імі. У час адной з іх мастакі прадэманстравалі нам прыёмы работы тэхнікай «гахуа». Калектыўна намаляваўшы некалькі работ, яны падпісалі і падаравалі іх кожнаму з нас на памяць.

Мы былі запрошаны ў майстэрню мастака прафесара Лю Кай-су. Гаспадар прыняў нас вельмі цёпла. Ён авалодаў еўрапейскай школай і працуе маслам. Мастак умее ярка перадаць каларыт пейзажу розных месцаў Кітая.

У час аднае сустрэчы мясцовыя мастакі наладзілі невялікую выстаўку, якая дала нам уяўленне аб разнастайнасці іх почаркаў і жанраў, у якіх яны працуюць. Мастакі Шанхая часта сустракаюцца з прадстаўнікамі сваёй прафесіі з розных канцоў свету. Аб гэтым красамоўна гавораць экспанаты, развешаныя ў зале Саюза мастакоў».

У Шанхаі савецкія мастакі сустрэлі Новы, 1957, год. Аднойчы ў гасцініцу да іх завіталі госці з СССР – пісьменнік Валянцін Катаеў і мастак-графік Арэст Вярэйскі. Не ведаю, ці гаварылі Селіханаў з Вярэйскім пра Беларусь. Хутчэй за ўсё гаварылі, бо Арэсту Вярэйскаму было што ўспомніць з беларускіх сустрэч – у час Вялікай Айчыннай вайны мастак вызваляў нашу родную старонку, служыў у калектыве газеты Заходняга, а пасля 3-га Беларускага фронта «Красноармейская правда». На старонках гэтага выдання афармляў тэкст раздзелаў паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін».

Яшчэ ў доўгай творчай вандроўцы ў Кітай у С. Селіханава былі сустрэчы з гарадамі Сучжоу, Ханчжоу, Кантон, Юлін, Ухань, портам Чжэ Цзянам, востравам Хайнань… Вярнуўшыся ў сталіцу Кітая, беларускі скульптар ажыццявіў ці не галоўную сваю мару – вылепіць партрэт мастака Цы Бай-шы! «… Я ведаў, што ён не можа доўга пазіраваць. І, наогул, ён яшчэ ніколі не пазіраваў. Фатаграфаваць яго – фатаграфавалі, а ляпіць скульптуру – за ўсе 97 год жыцця яшчэ ніхто не ляпіў. Я вельмі баяўся, што Цы Бай-Шы адмовіць мне ў паўторным спатканні. Якая радасць апанавала мяне, калі вялікі мастак даў сваю згоду!

Не трацячы ні хвіліны, я  адправіўся ў знаёмы Цэнтральны мастацкі інстытут, пагрузіў на машыну станок, гліну і прыехаў да яго на кватэру. Стары адчуваў сябе вельмі слаба. Калі ж я прыступіў да работы і ён убачыў ужо выразныя абрысы свайго партрэта, перасіліў сваю слабасць, ажывіўся і працягваў пазіраваць. Улічваючы яго ўзрост, я імкнуўся не ператамляць яго, скарачаць сеансы.

На трэці дзень работы партрэт быў амаль закончан. Я быў вельмі рады, што Цы Бай-Шы мая работа спадабалася. Пры дапамозе сына ён падняўся з крэсла, узяў маю стэку і распісаўся на партрэце. Я абяцаў пасля вяртання на радзіму адліць партрэт у бронзе і прыслаць яму. На вялікі жаль, мне не ўдалося здзейсніць свой намер, бо праз некалькі месяцаў Цы Бай-шы памёр…»

За час творчага падарожжа па Кітаі беларускі скульптар вылепіў 36 скульптурных работ. А ў альбомах зрабіў шмат замалёвак карандашом, напісаў нямала эцюдаў акварэллю і маслам…

І хаця пражыў Сяргей Селіханаў не так шмат (памёр скульптар ва ўзросце 59 гадоў), творца пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну. Хатынскі манумент «Непакорны чалавек» належыць якраз яго рукам. Скульптар – аўтар аднаго з чатырох гарэльефаў, якія ўпрыгожваюць манумент Перамогі на Круглай плошчы ў Мінску. Каля вёскі Вялікі Лес у Салігорскім раёне ўсталяваны помнік братам-партызанам Міхаілу і Івану Цубам работы С. Селіханава. Яшчэ народны мастак БССР (званне скульптар атрымаў у 1963 годзе) вылепіў партрэты пісьменнікаў Алеся Якімовіча, Івана Мележа, народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча. За «хатынскую» працу Сяргей Селіханаў уганараваны званнем лаўрэата Ленінскай прэміі.

 

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 321 раз