Понедельник, 13 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мір і ваколіцы. Карэліцкімі сцежкамі

  • Понедельник, 16 декабря 2019 00:10
  • Автор  Сугучча

 

Гартаю старонкі альманаха «Жырандоля», які выпускае Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сярод іншых аўтараў – берасцейская пісьменніца Раіса Раманчук, якая нарадзілася на Гродзеншчыне – у вёсцы Літараўшчына Карэліцкага раёна. Закончыла Варанчанскую сярэднюю школу. Затым – Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Працавала ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднанні. Аўтар кніг паэзіі «Сцежка ў дзяцінства», «Рамонкавы ранак», «Звон верасовы», «Дабрыня». А ў «Жырандолі» надрукавана казка Раісы Раманчук «Цікаўны дожджык». Гэтая публікацыя падштурхоўвае да адной ідэі: чаму б не выдаць кнігу анталагічнага характару «Карэліччына літаратурная»..? І аб’яднаць у ёй лепшыя творы аўтараў, якія тут, у гэтых мясцінах, нарадзіліся, і тых, хто ў розныя гады вандраваў карэліцкімі сцежкамі, а мо і падоўгу жыў, працаваў у гэтым краі.

І тады, несумненна, знойдзецца ў такога кшталту анталогіі месца і творам, якія напісалі госці і ўраджэнцы карэліцкай зямлі – Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Вінцэнт Каратынскі, Янка Брыль…

Вінцэнт Аляксандравіч Каратынскі (1831 – 1891) – з карэліцкай вёскі Селішча. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька – Аляксандр Каратай атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага. Адукацыю Вінцэнт атрымаў самавукам. Пад наглядам мясцовага арганіста. Працаваў хатнім настаўнікам, абыйшоў многія мясціны Навагрудчыны. У 1850 – 1862 гады працаваў сакратаром Уладзіслава Сыракомлі. Разам з рускім празаікам Мікалаем Лясковым падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Пакінуў пасля сябе многія гісторыка-краязнаўчыя нататкі, у тым ліку – і пра Навагрудак, Навагрудскі край, мясціны, блізкія да Карэліч.

Родам з Сіняўскай Слабады – літаратуразнавец і крытык Уладзімір Калеснік (1922 – 1994). Вучыўся ў Ярэмічах. Сапраўднае літаратурна-мастацкае гняздо!.. Уладзімір Калеснік і партызаніў у роднай Карэліцкай старонцы. Пасля вайны, скончыўшы філалагічны факультэт Мінскага педінстытута, крыху папрацаваўшы ў Бабруйскім педінстытуце, Уладзітмір Андрэевіч на ўсё жыццё звязаў свой творчы і жыццёвы лёс з Брэстам, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам. Загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры. Выдаў кнігі літаратурнай крытыкі, гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Час і песні», «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», «Максім Танк», «Янка Брыль», «Тварэнне легенды», «Усё чалавечае»… Разам з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём стварыў кнігу «Я – з вогненнай вёскі», у якой расказваецца пра лёсы жыхароў спаленых фашыстамі, паліцаямі вёсак. Кніга «Я – з вогненнай вёскі» перакладзена на мовы розных народаў свету, выдадзена ў самых розных краінах.

Ярэмічы, Сіняўская Слабада, Рудзьма, Скорычы – «літаратурныя» вёскі. У Скорычах нарадзіўся паэт Алесь Мілюць (1908 – 1944). У звычайнай сялянскай сям’і. Друкавацца пачаў яшчэ напрыканцы 1920-х гадоў у заходнебеларускім друку. З таго часу засталіся вершы «Бярозы», «Покліч», «Мой ідэал», «Вясною». А калі надыйшло 17 верасня 1939 года і Гродзеншчына, Карэліччына аказаліся ў складзе Савецкай Беларусі, Алесь Мілюць пачаў друкавацца ў стаўбцоўскай раённай газеце. Пісаў пра сялянскую долю, апяваў хараство роднага краю. Зараз вершы А. Мілюця можна прачытаць у калектыўных зборніках пасляваеннага часу – «Мы іх не забудзем», «Сцягі і паходні», «Крывёю сэрца», «Ростані волі». Мо прыйдзе час – і творы карэліцкага паэта, які ў кастрычніку 1944 загінуў у баі з нямецкімі фашыстамі ва Усходняй Прусіі, будуць выдадзены асобнай, няхай сабе і невялічкай кнігай…

З ярэміцкай вёсачкі Рудзьма – і празаік, ваенны журналіст Анатоль Смалянка (1936 – 2014), аўтар раманаў «Дзень і ўсё жыццё», «Забітае каханне», яшчэ добрага тузіна кніг мастацкай і дакументальнай прозы. Пра сваё ваеннае дзяцінства, падзеі, якія адбываліся ў Рудзьме і іншых ваколіцах Ярэміч (дарэчы, ужо пасля Вялікай Айчыннай Анатоль закончыў Ярэміцкую сярэднюю школу), блакаду ў Налібоцкай пушчы расказаў у дакументальнай аповесці «Мы не скарыліся». Многія свае творы ўжо ў сталым узросце Анатоль Смалянка напісаў у карэліцкай старонцы, дзе ў яго было лецішча. Мне даводзіцца часта бываць у гэтым краі. Стараюся не мінаць Ярэміч, Турца, Загор’я, іншых паселішч паблізу Карэліч. Зазіраю ў мясцовыя праваслаўныя і каталіцкія храмы, праходжваюся рознымі сцежкамі, завітваю на мясцовыя могілкі.

Не так далёка ад Ярэміч і Турэц. За 15 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў. На дарозе Карэлічы – Мір. Вядомасць паселішча мае з XIII стагоддзя. Першы ўспамін – у Галіцка-Валынскім летапісе. У XVI стагоддзі Турэц атрымаў статус мястэчка. Паселішча ўваходзіла ў склад Наваградскага павета, належала Хадкевічам. У XVII стагоддзі ў мястэчку ў адзін час дзейнічалі касцёл каталіцкі, грэка-каталіцкая царква, ды праваслаўная драўляная Юр’еўская царква. Былі тут і млыны, і корчмы, і крамы. Побач з мястэчкам – фальварак і маёнтак Ліпніцкіх і Свідзінскіх. У 1887 годзе ў Турцы нарадзіўся празаік, байкапісец Анатоль Дзяркач (быў рэпрэсіраваны і ў 1937 годзе расстраляны). Аўтар кніг «Пра папоў, пра дзядкоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Міколава гаспадарка» (1927), «Нашы прыяцелі» (1928), «Звяры нашых лясоў» (1929), «Бог удвох» (1930), «Усім патроху…» (1930), «Качаргой па абразах» (1930)… У Турцы яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады настаўнічаў будучы класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр (1883 – 1971).

Давайце зазірнём і ў літаратурныя Карэлічы. Па-першае, па-добраму радуе, нават здзіўляе гарадская тапаніміка гэтага невялікага раённага цэнтра. Ёсць тут у вуліц самыя розныя пісьменніцкія назвы – Адама Міцкевіча, Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы…

А па-другое… У Карэлічах нарадзіўся яўрэйскі паэт, драматург, перакладчык Іцхак Кацэнельсон (1886 – 1944). Разам з бацькоўскай сям’ёю Іцхак пераехаў у польскую Лодзь. З пачаткам Другой Сусветнай вайны Іцхак Кацэнельсон разам з жонкай і двума сынамі уцёк у Варшаву. Там патрапіў у гета. Супрацоўнічаў з антыфашысцкім падполлем. 14 жніўня 1943 года Іцхака і яго сям’ю дэпарціравалі ў Трэблінку. Прыняў удзел у паўстанні. Падпольшчыкі зрабілі для паэта дакументы грамадзяніна Гандураса. У выніку ён быў інтэрніраваны ў Францыю, а адтуль усё ж патрапіў у Асвенцым. Там і быў забіты ўраджэнец Карэлічаў паэт Іцхак Кацэнельсон – 1 мая 1944 года. Яскравым мастацкім сведчаннем фашысцкіх здзекаў над яўрэямі з’яўляецца «Песня пра забіты яўрэйскі народ» Іцхака Кацэнельсона. Кампазітар Э. Раздоліна запісала па гэтаму твору "Рэквіем пра катастрофу»… Карэлічы – і радзіма яўрэйскага паэта, драматурга, публіцыста Давіда Эйнхорна (1886 – 1973). З 13 гадоў пісаў вершы на іўрыце. Супрацоўнічаў з рознымі перыядычнымі выданнямі. Выдаў у Вільні і Варшаве некалькі зборнікаў вершаў. У 1912 годзе быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля паўгода астрожнага затачэння вымушана пакінуў Расійскую імперыю. З таго часу жыў у Францыі, Швейцарыі, Германіі, з 1940 года – у ЗША.

Карэліччына літаратурная – гэта і творчыя і жыццёвыя лёсы і пісьменніка і акцёра Анатоля Жука, празаіка, літаратуразнаўца Уладзіміра Навумовіча, паэта, дзіцячага пісьменніка і мастака Міколы Бусько, празаіка Яўгена Крамко… У Карэлічах зараз жыве краязнаўчы пісьменнік Святлана Кошур. Творы многіх мясцовых аўтараў друкуюцца ў карэліцкай раённай газеце. Ёсць у іх публікацыях цеплыня, роднасць, якія вызначаюць асаблівае рэгіянальнае, роднаснае прыцяжэнне.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 463 раз