Версия для печати

Бэтман і Быкаў

  • Среда, 15 января 2020 15:04
  • Автор 

Пра кнігу Людмілы Сіньковай «Беларуская звышлітаратура» (Мн., «Кнігазбор», 2019).

Літаратуразнаўства павінна быць і займальным у тым ліку. Каб у нашым «дзіджытал»-свеце патлумачыць, што ёсць чорным і белым; на якія прынады ловяць «масавыя» пісьменнікі і выдаўцы наіўных чытачоў; каб зрабіць свет айчыннага прыгожага пісьменства зразумелым, а галоўнае –прывабным. Але сыходзіць пры гэтым трэба, безумоўна, з пазіцый строга прафесійных, дзейнічаць у межах актуальных навуковых стратэгій. З вялікім поспехам гэта атрымліваецца ў Людмілы Сіньковай. У якасці пацверджання – яе новая кніга з інтрыгоўнай назвай «Беларуская звышлітаратура».

«Калі з’явілася масавая літаратура? Што яна здольная даць чытачу і дзеля чаго існуе? Чаму Бэтман ніколі не пераможа Быкава?» – гэтыя і падобныя пытанні выступаюць стрыжнявымі, пачынаючы з прадмовы выдання, мацуюць яго кампазіцыю і трымаюць у напружанні да пасляслоўя. Тое ж і са злабадзённым «кім павінен быць пісьменнік у сучасным свеце, калі не архаічным «мы не лекары – мы боль»?»

 Добрым прыкладам уяўлення аб новай місіі пісьменніка выступаюць у кнізе развагі адносна творчасці Святланы Алексіевіч, адметнасці яе таленту. Ці ёсць у творах пісьменніцы уласна беларуская самасць? Чым увогуле нацыянальная літаратура адрозніваецца ад узораў безаблічнай савецкай? Аказваецца – справа ў характары аўтарскай прысутнасці ў тэксце, у своеасаблівым «хоры галасоў», які неадступна гучыць у так званай «звышлітаратуры».

Не абмінае Л. Сінькова ў гэтай сувязі і іншыя аспекты арганічнай сувязі дакументальна-мастацкай прозы з журналістыкай, называючы імёны Алеся Петрашкевіча, Генадзя Трошава, Сяргея Цюцюнніка, Сяргея Дубовіка. Творчай постаті апошняга, дарэчы, прысвечаны і асобны раздзел кнігі – «Вайна вачыма беларуса». Афганская праўда, як і праўда любой вайны – часта зусім не пафасна-гераічная, а брудная, непрыгожая, антычалавечая. Умець лаканічна перадаць сутнаснае – вялікае майстэрства.

Лагічна і паслядоўна на стрыжнявую дамінанту кнігі нанізваецца і тэма аб’ектыўнага разумення гістарычных падзей у мастацкім творы. Проза пра Слуцкі збройны чын у дадзеным выпадку – своеасаблівая лакмусавая папера…

Звяртаецца даследчыца і да псіхалогіі творчасці беларускіх класікаў. Дэманструе чытачу, як сфармаваўся жаночы вобраз у паэзіі Максіма Багдановіча, як суседнічаюць рэалізм і мастацкая ўмоўнасцть у прозе Васіля Быкава.

Не абыходзіцца аўтарка і без патрэбнага, дазіраванага «акадэмізму», выкладаючы ўласнае разуменне характару развіцця беларускай літаратуры, акрэсліваючы ролю карэляцыі як метаду ў параўнальным вывучэнні літаратур, тлумачачы метадалогію кампаратывістыкі.

Людміла Сінькова даследуе літаратуру з пункту гледжання сучаснасці, не заплюшчвае вочы на аб’ектыўнае і непазбежнае. Аднак задаецца балючым злабадзённым пытаннем: «чаму кожнае сучаснае беларускае дзіця ведае масу інфармацыі пра Мікі Маўса, Барбі, тамагочы і пакемонаў, у той час як тэхнічна гэтае дзіця магло б «загрузіць» у свой айфон не іх (не толькі іх), а, напрыклад, – з абсалютна той самай лёгкасцю і хуткасцю! – выявы, скажам, нашага Янука – рыцара Мятлушкі, Віртуальнага Зубраняці, Хохліка, Маленькага Анёлка, Цмока, з якім Янка ваяваў?» І горача заклікае да папулярызацыі культуры беларускай, да стварэння, услед за World of Tanks, фантастычных сусветаў з беларускімі персанажамі.

Юлія Алейчанка

 

 

Прочитано 275 раз