Версия для печати

Псіхалагічная гігіена

  • Понедельник, 24 февраля 2020 23:42
  • Автор 

Вольга Гапеева. Кэмэл-трэвэл. Мінск, «Галіяфы», 2019.

 

Я не ведаю, ці звярталася Вольга Гапеева да псіхааналітыка. Магчыма, яна, як і многія ўдумлівыя пісьменнікі, сама сабе псіхааналітык. Але і яе папярэдняя творчасць, і свежы раман «Кэмэл-трэвэл» яскрава сведчаць пра тое, што аўтарка глыбока задумваецца пра ўплыў грамадства на фарміраванне нашай псіхікі, комплексаў, уяўленняў, поглядаў. Адкрыта пазіцыянуе права жанчыны самой вызначаць уласны жыццёвы шлях і межы дазволенага.

Новая кніга, думаецца мне, названая раманам вельмі ўмоўна і метафарычна. Не, безумоўна, у ёй ёсць лірычная гераіня, калізіі яе лёсу і сталення. Аднак гэта хутчэй зборнік замалёвак, разваг пра ўласнае няпростае дзяцінства. Эпічнасць жа тут у тым, што гэта горкая праўда лёсу цэлага пакалення. Гэта кніга далёк не толькі пра Вольгу…

Сумбур у дзіцячай галаве ад наяўнасці абстрактных ідэй і лозунгаў, ад наяўнасці дзвюх краін (БССР і СССР), двух гімнаў, табу на пяшчоту і слабасць, на здаровую жаноцкасць… Усё гэта не магло не паўплываць і пэўным чынам не траўмаваць нават тых, каму яшчэ няма і сарака…

Уявіце, напрыклад, якім горкім расчараваннем можа стаць для дзіцяці халодная рэакцыя мамы на яе самаробны падарунак. Ці па якім праве дзяўчынцы адмаўляюць гуляць у спартовыя гульні з хлопцамі? Чаму ўкараняюць забабонны страх перад залішняй весялосцю, якая быццам бы абавязкова прывядзе да бяды? А яшчэ – адчуванне таго, што ты можаш быць цікавым толькі сваімі гучнымі перамогамі. Ды і назву кнігі дала дужа паказальная гісторыя: маленькая дзяўчынка, якую фатаграфуюць на верблюдзе, ужо саромеецца свайго цела і ўцягвае жывот.

Пісьменніцкі розум прагна аналізуе вытокі сваіх паводзінаў, свайго ладу жыцця. Здаецца, Вольга Гапеева знайшла «дзэн», бо прызнанне ўласных праблем – ужо шлях да іх вырашэння:  «І цяпер, пражываючы кожны дзень, я імкнуся зрабіць усё так, каб пасля не засталося вузлоў, якія трэба будзе разблытваць ці якія будуць замінаць вольна рухацца ў прасторы». А яшчэ яна вучыць чытачоў не ўскладаць віну толькі на ўласныя плечы, смела выкрывае дэструктуўныя ўплывы грамадства на асобу. Раскрывае вочы на вартасць і каштоўнасць кожнай асобы.

Нягледзячы на перашкоды, трэба шукаць сябе. Нават калі падаецца, што ўласнае «я» безнадзейна схаванае пад тонамі забарон і перасцярог.

 

Юля Алейчанка

 

Прочитано 234 раз Последнее изменение Вторник, 25 февраля 2020 00:22