Созвучие сердец

Абай. Стэпавы прастор

Мінск "Літаратура і Мастацтва" 2011

Выпуск выдання ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь

ISBN 978-985-6994-31-2

 

МЫСЛЯР, АСВЕТНІК, ГУМАНІСТ

Ёсць паэты, чыіх зямных дзён дастаткова, каб не толькі абяссмерціць сваё ўласнае імя, але і падараваць бессмяроцце народу, да якога яны прыналежаць. У рускіх гэта Пушкін, ва ўкраінцаў — Шаўчэнка, у беларусаў — Купала. Менавіта з плеяды такіх волатаў і казахскі мысляр, асветнік і гуманіст Абай Кунанбаеў — аўтар пранікнёных вершаў і паэм пра лёс простага чалавека з казахскіх стэпаў, а таксама незабыўных маральна-этычных настаўленняў-сказанняў, вядомых сягоння кожнаму даросламу жыхару Казахстана. Абай (Ібрагім) Кунанбаеў нарадзіўся ў 1845 годзе ў Чынгізскіх гарах Сяміпалацінскай вобласці ў качэўі роду Табыкты, у той мясцовасці, якая засталася духоўнай скарбонкай многіх цудоўных легенд і паданняў казахскага народа. Па сведчанні сучаснікаў, Абай пачаў складаць вершы вельмі рана. Але многія з ранніх твораў паэта да нас не дайшлі. Сур’ёзна да сваёй творчай дзейнасці ён стаў адносіцца ўжо ў сталым узросце. Гэта якраз быў той перыяд (канец 1870-х і 1880-я гады), калі ён асабліва інтэнсіўна і плённа займаўся вывучэннем фальклору, твораў усходняй класікі і рускай літаратуры. Абай Кунанбаеў, як і Янка Купала, пражыў усяго 60 год, за якія паспеў падараваць свайму народу і свету цэлы шэраг па-мастацку дасканалых літаратурных шэдэўраў, тым самым узняўшы казахскую літаратуру на новую ступень развіцця. Сваёй геніяльнай творчасцю вялікія паэты сталююць масты дружбы, рухаючы па іх сказ пра лёс свайго народа на ўсё новыя шыроты свету. І сягоння, дарагі беларускі чытач, у цябе паявілася магчымасць пазнаёміцца з выбранымі вершамі Абая на роднай беларускай мове. Нашы народы на гістарычным шляху развіцця яднае і родніць трывучая мужнасць выжывання, мара пра лепшую будучыню і ўсталяванне будучыні як явы — усё тое, што робіць народ годным, духоўна адметным, пачутым у цэлым свеце. Упэўнены, што і сэрцу беларуса будуць жаданымі і зразумелымі хваляванні і мары вялікага казахскага паэта пра лепшую долю сваіх суайчыннікаў, яго не столькі тужлівая, як душэўна прасветленая песня.

Анатоль СМІРНОЎ,
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь

 

ПЯСНЯР НАРОДНАГА ВОЛЕВЫЯЎЛЕННЯ

Памятаеце, у «Песнях жальбы» Якуба Коласа як грамадзянскі заклік і як мастацкая праграма прагучаў верш «Пясняр»?.. 

Кажуць людзі: «Што ты смутны?
Што спяваеш ты пра гора?
Твае песні — стогн пакутны,
Слёзы ветру на прасторы!
Ты злажы нам песню волі,
Песняй шчасця залівайся,
Ціхім спевам нівы ў полі
Ў струнах сэрца адклікайся...»

Аляксандр Пушкін у Расіі, Адам Міцкевіч у Польшчы, Махтумкулі ў Туркменістане, Тарас Шаўчэнка, Іван Франко ва Украіне, Якуб Колас, Янка Купала і Максім Багдановіч у Беларусі... Хіба не яны адкрывалі прастору для народнай ініцыятывы, для волевыяўлення мас, якія дагэтуль не заўсёды сваё роднае, нацыянальнае і сфармуляваць маглі як след?! Роўны сярод роўных, велічны ў казахскім паглядзе на свет — вялікі і неўміручы Абай. Ён не проста стаў першаадкрывальнікам новага жыцця і дарадцам казахаў, паэт здолеў разгледзець свет у самых розных праявах і якраз у той момант, калі народу патрэбна было самае яркае святло. Многія складнікі паўплывалі на тое, каб у лёсе казахаў з’явілася менавіта такая значная Асоба па дольнасці бачыць Свет і суаднесці яго ўплывы з лёсамі сваіх землякоў. І не дзіўна, што доўжыцца чытанне Абая і ў наш час. «Творчасць Абая, яго паэзія пацвярджаюць адзін канон філасофіі, што нашы веды — гэта паверхня шара, а наша няведанне — яго аб’ём» (Бахытжан Канап’янаў). І яшчэ крыху ад Б. Канап’янава: «Чым болей мы спасцігаем, тым болей пераконваемся ў тым, што мы мала ведаем. Абай і праз сто пяцьдзясят гадоў дапамагае нам пазнаваць свет, дапамагае сувымераць нашу недасканаласць з дасканаласцю зямнога быцця». Як з гэтым не пагадзіцца?!. Тым болей, што мы разам з вамі, паважаныя чытачы, прайшлі дарогу адкрыцця неўміручай творчасці Абая ў бліскучых перакладах Міколы Мятліцкага. Пераўвасабленне вершаў казахскага акына на мову Купалы і Коласа дазваляе і нам, беларусам, выразней бачыць гістарычны шлях народа Казахстана. 

О казахі мае! Мой бедны народ!
Жорсткім вусам няголеным прыкрыты рот.
Кроў — на правай шчацэ, а на левай — тлушч...
Дзе ж тут праўда? Твой розум маўчыць шмат год.
Не паганы, — чуцён славы добрай зык.
Шчыры гойнай душой, не малы на лік.
Ты не хочаш парады мае пачуць,
Рэжа ўсіх без разбору твой серп-язык.
Не ўладарыш адно над сабой самім.
Мы трывожымся днём і кашмары снім.
Ганарысты падчас, а то з крыўдай глядзіш,
Пастаянны ты ў непастаянстве адным.
Усялякі нікчэмны і хіжы зброд
Так знявечыў душу тваю, мой народ.
Дзе надзея на выпраўленне тваё,
Калі долі сваёй не каштуеш плод?

Гэтыя радкі з верша 1886 года. Абай на першыя пазіцыі ў станаўленні чалавека як асобы вылучаў гонар і годнасць. Ён быў перакананы, што яго казахскі народ мае на гэта права. І застаўся ў гэтым перакананні надзвычай актуальны. Абай пры жыцці не ўбачыў сваёй друкаванай кнігі. І ўсё ж для ўсіх казахаў, для ўсяго Свету ён быў і ёсць Абай — сапраўдны геній не толькі ў валоданні мастацкім словам, але геніяльны празорлівец, заклапочаны лёсам Казахстана і казахаў. Казахі гавораць: «Орнында бар оналар» — «Той, хто знаходзіцца на сваім месцы, калі-небудзь заявіць аб сабе». Абай, загучаўшы па-беларуску (а першыя публікацыі Міколы Мятліцкага з’явіліся на старонках часопіса «Полымя»), ідзе і ў шырокі беларускі свет, у еўрапейскую прастору. Паэт становіцца поплеч з нашымі класікамі, творы яго пачынаюць удзельнічаць у вырашэнні адвечнай задачы мастацкага слова — яднаць здаровыя, стваральныя сілы народа, мацаваць фундамент гуманістычнага развіцця грамадства.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»

Чытаць кнігу ў фармаце PDF