Созвучие сердец

Алесь Карлюкевіч. Цёплыя назвы Яе Вялікасці Вады. Анонс

Дадзеная кніга — умелае спалучэнне навуковых ведаў і мастацкага светабачання
пісьменніка. Усё пра ваду і тое, што з ёю звязана, — так можна вызначыць яе тэматычны
кірунак. Вельмі карысна будзе маленькаму чытачу даведацца пра беларускія рэкі і іншыя
водныя аб’екты. А яшчэ лепш — разам з дарослымі — паспрабаваць адшукаць іх на карце
Беларусі. Каштоўнасць гэтай кніжкі яшчэ і ў тым, што нязмушаны тэарэтычны матэрыял
падмацаваны казкамі на адпаведную тэматыку
.

Вы ведаеце, што такое гідраніміка?.. О, гэта цэлая навука. Праўда, яе асобна не вывучаюць у школе. Але ж так ці іначай з гэтай, здавалася б, невядомай навукай вы сутыкаецеся з самага маленства. І зусім не важна, дзе вы жывяце — у горадзе ці маленькай вёсцы. Прыкладам, кватэра ваша і вашых бацькоў — у самым цэнтры беларускай сталіцы, на вуліцы Пуліхава. Зусім паблізу ракі Свіслач. Альбо — у вёсцы Светлы Бор на Пухавіччыне, ля ракі Волма. Ці — у мястэчку Моталь, на правым беразе ракі Ясельда.

Так, згаданыя рэкі — гэта і ёсць гідронімы: назвы водных аб’ектаў. Назвы мораў, праліваў, ліманаў, вадасховішчаў, рэк, вадаспадаў, азёр… І нават — сажалак, ручаёў, крыніц, вялікіх і малых балот. А гідраніміка, выходзіць, — навука, што вывучае паходжанне, характар гідронімаў. У перакладзе з грэчаскай мовы гідраніміка азначае «назва вады».