Вторник, 19 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Аўтарскі погляд» з «нацыяналкі». Кошкі, яблыкі і смешныя капелюшы: незвычайныя звычкі пісьменнікаў

  • Вторник, 12 января 2021 20:56

Хто з нас не сутыкаўся з творчым застоем? Чым бы вы ні займаліся, жывапісам ці выпяканнем кексаў, раптоўны крызіс не шкадуе нікога, і вось вы ўжо сумуеце на краі канапы, не ў стане заняцца любімай справай. Дык як жа не дапусціць раптоўнага застою пасярод працоўнага працэсу? Правільна – завесці сабе эксцэнтрычную звычку! Даставайце блакітныя крэйды і херас: сёння мы паглядзім на самыя незвычайныя пісьменніцкія звычкі вядомых аўтараў, якія дапамагалі ім змагацца са стомленасцю, крызісам і... уласнай лянотай.

шиллер.jpg

Хочаш яблычак?

Олдас Хакслі ўжываў ЛСД, каб тварыць. Джэк Керуак абавязаны сваімі кнігамі бензадрыну з роду амфетамінаў. Анарэ дэ Бальзак выпіваў больш за 50 кубкаў кавы ў дзень, абвастраючы свае пачуцці і амаль цалкам пазбаўляючы сябе сну.

А Фрыдрых Шылер любіў гнілыя яблыкі.

Не, ён іх не еў, проста ўдыхаў пах. Так, захоўваў іх прама ў шуфлядцы свайго стала. Не, ніхто не ведае, у чым прычына, – проста так было камфортна. Кожны раз, калі Шылер адчуваў, што больш не ў сілах выціснуць з сябе ні радка, ён адкрываў сваю яблычную скрыню і дыхаў, пакуль не вернецца натхненне. Па словах яго жонкі і сяброў, працаваць без гэтага Шылер катэгарычна не мог.

Зрэшты, ежа (і ў прыватнасці яблыкі, хоць бы і ў свежым выглядзе) часцяком натхняла пісьменнікаў на новыя здзяйсненні. Яблыкі любіла і Агата Крысці, асабліва хрумсцець імі ў ваннай, абдумваючы чарговае злачынства. Фланэры О'Конар любіла ванільныя вафлі, а Уладзімір Набокаў падсілкоўваў свой творчы геній патакай.

colette2.jpg
Кошкі, блошкі і вялікі бульдог

Пісьменнікі не цураюцца чалавечага – у тым ліку і шчыра любяць сваіх гадаванцаў. Неяк так і ствараў свае змрочныя гісторыі Эдгар Алан По – пачухваў за вушкам сваю котку, пушыстую Катарыну. Без яе і праца не ідзе, і жыццё не міла.

Сідона-Габрыэль Калет была ўзорнай гаспадыняй. Колькі б у яе жыцці ні здаралася змен, як бы кардынальна ні мяняліся тэмы яе творчасці – ад суровага побыту вайны да хатняга гвалту і модных капялюшыкаў, – яе любоў да бульдога па мянушцы Тобі Чэн заставалася нязменнай. Таму кожны раз, калі Калет не магла сабрацца з думкамі, яна ішла вылоўліваць блох з поўсці любімага сабакі. А калі і гэтага было недастаткова, пісьменніца ўзбройвалася мухабойкай і адпраўлялася на паляванне за мухамі ў пакоі.

maya angelou.jpg
Херас і адасабленне па ўсіх франтах

Паэтка і пісьменніца Майя Анджэла дома не магла засяродзіцца на пісьме. Выхад просты: пакінуць межы ўтульнай кватэркі і адправіцца ў бліжэйшы гатэль, дзе ўжо сапраўды ніхто не зможа перашкодзіць тварыць. Для яе ў нумары са сцен здымаліся ўсе карціны і аздабленні, прыбіралася ўсё лішняе з паліц і тумбаў. Калі ўжо адасабляцца, то ад усяго на свеце! Ніякіх адцягваючых увагу фактараў. Толькі аўтар, друкаваная машынка і шклянка херасу ў адзінаццаць раніцы.

Дарэчы, пустыя сцены – даволі часты спосаб засяродзіцца. Іншая пісьменніца, Франсін Проўз, заўсёды ставіла стол да акна, так, каб перад ёй была толькі пустая цагляная сцяна дома насупраць. Манатонна і аднастайна, затое дзейсна. Ты не зможаш звярнуць увагу ні на што лішняе, калі вакол толькі голыя сцены.

seuss.jpg
У дзіўнай вопратцы...

Што настройвае на працоўны лад лепш, чым уніформа? Пісьменнікам у гэтым плане не так пашанцавала: тварыць можна ў чым заўгодна – хоць у гарнітуры-тройцы, хоць у халаце і тапачках. Праўда, некаторыя ўсё ж выкарыстоўвалі вопратку як спосаб прывесці сябе ў працоўны настрой: напрыклад, дзіцячы пісьменнік Доктар Сьюз. У яго калекцыі было больш за 300 разнастайных капелюшоў, дзіўных і не вельмі, літаральна на ўсе выпадкі жыцця. Кожны раз, калі ўсё пачынала валіцца з рук, Сьюз адпраўляўся ў свой таемны гардэроб, дзе выбіраў прыдатны па настроі капялюш, пакуль натхненне не вярталася да яго. А потым у гэтым капелюшы тварыў, вядома ж. Уласна кажучы, менавіта дзякуючы гэтай звычцы на свет з’явілася адна з самых вядомых кніг Доктара Сьюза – “Кот у капелюшы”.

джойс.jpg
Больш рацыянальна і сур’ёзна выкарыстоўваў вопратку Джэймс Джойс. Да моманту напісання кнігі “Памінкі па Фінегану” зрок Джойса нязменна пагаршаўся – ён быў вельмі блізарукі і ў канчатковым выніку амаль аслеп. Але пісьменнік усё ж прыдумаў адзін выкрут, які дапамагаў яму тварыць. Кожны раз ён абавязкова апранаўся ў белае, а пісаць клаўся папярок ложка і такім чынам дадаваў сабе яшчэ трохі святла. Дарэчы, для пісьма Джойс выкарыстоўваў вялікія сінія алоўкі: яны таксама дапамагалі яму разгледзець лепш усё, што рабілася на паперы.

гюго2.jpg
...і без адзення зусім

Часам прымусіць сябе працаваць так складана, што даводзіцца ісці на самыя крайнія меры. Такіх не цураўся і Віктор Гюго. Калі ў халодным снежні 1830 года набліжаўся тэрмін здачы рукапісу “Сабор Парыжскай Божай Маці”, Гюго не вытрымаў, сабраў сваю вопратку і папрасіў слугу схаваць яе як мага далей. Ужо так-та ён дакладна не зможа выйсці на шпацыр і ўхіліцца ад працы!

Так і працаваў вялікі Гюго – голы, босы і захутаны ў вялікі шэры шаль сваёй жонкі. Затое “Сабор Парыжскай Божай Маці” быў скончаны роўненька ў тэрмін.

capote.jpg
Шмат тытуню і ніякіх пятніц

Трумэн Капотэ і сам прызнаваў, што ён даволі дзіўнаваты. У яго жыцці было больш прымет і забабонаў, чым у антрапалагічных зборніках. Капотэ ігнараваў пятніцы як дзень для пачатку або заканчэння працы, не спыняўся ў трынаццатых нумарах гатэля і абавязкова суміраваў лічбы ў нумарах тэлефонаў. Калі ў вашым нумары ўсе лічбы складаюцца ў 13, можаце забыцца на тэлефанаванне ад Трумэна Капотэ.

Забабоны закраналі і адну з самых важных частак творчага працэсу пісьменніка – курэнне. Курыў Капотэ шмат, але пры гэтым ніколі не пакідаў у сваёй попельніцы больш за тры недакуркі. Усе лішніе пісьменнік кідаў у кішэню паліто, каб не адхіляцца ад пісьма.

Jack-Kerouac
Бензадрын, зноў кава і велізарны рулон паперы

Як ужо згадвалася вышэй, амерыканскі пісьменнік Джэк Керуак меў вельмі празаічны спосаб падсілкаваць сваё натхненне – бензадрын. Бітнік, што з яго ўзяць. Але сёння мы ўзгадаем яго іншую цікавую звычку, якая дапамагала не ўставаць ад напісання кнігі ні на хвіліну. Свой самы вядомы твор “У дарозе” Керуак надрукаваў на велізарным рулоне паперы даўжынёй амаль у 120 футаў. З такой паперай можна не ўстаўляць новыя лісты ў пішучую машынку, а толькі тварыць, тварыць, тварыць...

На кнігу пайшло тры тыдні ліхаманкавага набору тэксту, шмат кавы, бензадрын і незлічоныя гісторыі пра паездку па Амерыцы, грузавыя цягнікі і чырвонае віно пад месяцам недзе каля Дэнвера. А потым Керуак заявіўся ў рэдакцыю з гэтым рукапісам і страшна абразіўся на просьбу парэзаць рулон хоць бы на альбомныя аркушы... але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

ситуэлл.jpg
Перадышка ў адкрытай труне

Так-так, вы ўсё правільна зразумелі. Чуткі гэта ці не, але незвычайная звычка паэткі Эдыт Сітуэл заслугоўвае ўвагі. Хоць бы таму, што сама Эдыт была жанчынай спецыфічнай – людзей шчыра не любіла, вяла пустэльніцкі лад жыцця, а кожны дзень перад пачаткам працы... ляжала ў труне.

Складана сказаць, што яе натхняла больш – адчужанасць, пах старога дрэва або ўяўная блізкасць смерці. Можа, толькі так яна і адчувала сябе жывой. Прынамсі, нешта такое дакладна было ў яе дзённіках: “Увесь свет – гэта сажалка з самамі, а я ў ёй электрычны вугор”. Як бы там ні было, адпачынак у адкрытай труне стаў выдатнай крыніцай натхнення.

Як бачыце, сілы для працы можа даць літаральна што заўгодна. Паспрабуйце есці яблыкі ў ванне, замыкацца ў пустым пакоі або чухаць за вухам котку – што-небудзь з гэтага напэўна павінна вам падысці.

І хай той, у каго няма ні адной дзіўнай звычкі, першым кіне ў мяне камень (метафарычна).

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Аўтар: Паліна Доля

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Белаурсі

 
Прочитано 202 раз