Паэт, празаік, публіцыст, краязнаўца, фатограф, мастак, перакладчык Сяргей Панізьнік – дасведчаны збіральнік беларушчыны. Яго архіў і мноста яго публікацый – партрэт беларускага жыцця за апошнія мінімум паўвека, а то і шмат болей. Так склалася, што акрамя роднай Беларусі, яму давялося адкрыць І Украіну, і Чэхію (служыў вайсковым журналістам у Чэхаславакіі), і блізкія суседнія краіны – Літву, Латвію. У творчай паездцы ён пабываў і ў В'етнаме. І кожны куточак ім занатаваны, апісаны, з кожным куточкам і яго сынамі і дочкамі ён сябруе і зараз, жывучы на два адрасы – у Беларусі, у МІнску, і ў Канадзе, дзе знайшла свой лёс яго дачка – Вераніка.
Вось што прынесла зусім нядаўна электронная пошта ад Сяргея Сцяпанавіча – рэпрадукцыі якіх прац... На малюнку Аляксандра АНІСЬКОВІЧА – царква ў родным мястэчку паэта ў Лявонпалі. Там Сяргея сына Сцяпанавага хрысцілі. Малюнак з выявай самога творцы – работа Віктара СТАШЧАНЮКА да кнігі «Золкая зёлка» (1999). На наступнай ілюстарцыі – драўляная скульптура Ісуса Хрыста на закінутым уніяцкім могільніку ў вёсцы Лысагорка каля Лявонпаля. Гэты ўнікальны твор народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўратаваны Сяргеем Панізьнікам.
Нагадаем, што Лявонпаль – вёска на левым беразе Дзвіны. Зараз уваходзіць у склад Узьмёнскага сельсавета Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Калісьці мястэчка было рэзідэнцыяй роду Лапацінскіх. Тут захавалася Траецкая царква. Адметнасцю гэтай мясціны з'яўляецца і сядзіба Лапацінскіх. Захавалася мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У мястэчку працавалі капялюшная і суконная вытворчасць. Мясцовыя гаспадары наладзілі тут у XVIII стагоддзі вытворчасць абрусоў з так званага друйскага лёну. Зараз у паселішчы пражывае ўсяго меней як 100 чалавек.
Можна толькі падзякаваць Сяргею Сцяпанавічу за захаванасць гісторыі роднай старонкі, за тое, што яго архіў і на будучыя дзесяцігоддзі будзе служыць Беларусі і ўсім, хто любіць сваю Айчыну, імкнецца спасцігнуць ўсе вялікія і малыя эпізоды яе памяці.
Кастусь Лешніца