Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Адам Глобус: Зараз такі хуткі, зменлівы і багаты на падзеі час, што хочацца мудрасці і цішыні

  • Пятница, 20 ноября 2020 09:49

Адам Глобус любіць метаметафарыстаў і часам бярэ грошы за пытанні.

Ён не баіцца выказвацца шчыра і адкрыта, ён можа быць парадаксальным, адначасова жорсткім і мудрым. Карацей, кожная сустрэча з настолькі яркім і таленавітым чалавекам, якім з'яўляецца беларускі пісьменнік і мастак Адам Глобус, — сапраўднае адкрыццё. 

Зрэшты, інтэлектуальны складнік ягонай асобы быў прадвызначаны — Адам Глобус, ён жа Уладзімір Адамчык, вырас у літаратарскім асяроддзі: ён гадаваўся ў доме на Карла Маркса, дзе жылі Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Іван Навуменка ды іншыя класікі, якія для яго былі проста суседзямі. Бацька, Вячаслаў Адамчык, — вядомы пісьменнік; брат, Міраслаў Шайбак, таксама зрабіўся пісьменнікам. А Глобус — дарэчы, не прыдуманы псеўданім, а прозвішча маці, настаўніцы, бібліятэкаркі.

Ён умее прыцягваць да сябе ўвагу. У свой час кніга Адама Глобуса пад назвай «Сучаснікі», з націскам на першы склад, выклікала сапраўдны скандал: там апісвалася пісьменніцкае закуліссе, пазбаўленае забранзавеласці. А былі яшчэ і эратычны «Дамавікамерон», які ўразіў смеласцю постсавецкае грамадства; вершы, што зрабіліся тэкстамі культавых рок-гуртоў, юбілейная выстаўка малюнкаў «18+», на якую сабраўся ўвесь беларускі бамонд, дый шмат чаго іншага...

— У адным з вашых інтэрв'ю я прачытала, што руская літаратура ХХ стагоддзя не паўплывала на вас. Таму хачу спытаць, ці ёсць сярод сучасных рускіх пісьменнікаў тыя, каго вы вылучаеце?

— А тых пісьменнікаў, што пішуць па-руску і жывуць у Амерыцы, таксама ўлічваць?

— Напэўна, залежыць ад таго, аб чым яны пішуць.

— А мне здаецца, што ўсё залежыць ад рускай мовы. Калі пішаш па-руску, ты рускі пісьменнік. Напэўна, у тым інтэрв'ю я не зусім дакладна сказаў. Я лічу, што руская літаратура — вялікая літаратура. І чаго там толькі няма, тым больш у XX стагоддзі. Але сучасная руская літаратура, у якой прысутнічаюць Лімонавы, Праханавы, Прылепіны... Ведаеце, для мяне гэта проста «дзіч».

— Чаму?

— Таму што яны здрадзілі гуманістычным каштоўнасцям, гуманізму. Я лічу, што ў літаратуры павінен прысутнічаць менавіта гуманізм. І таму ў сучаснай літаратуры я вылучаю сваіх сяброў. Напрыклад, метаметафарысты Паршчыкаў і Яроменка. Яны перакладалі мае вершы на рускую мову і зрабілі гэта добра, я іх паважаю. Усе вялікія рускія часопісы, такія як «Новый мир», «Дружба народов», «Литературная учеба», надрукавалі мае вершы. Асабліва здзівіла, што «Наш современник», напэўна, самы кансерватыўны рускі часопіс, таксама мяне надрукаваў. І таму я вельмі, па-руску кажучы, «трогательно» стаўлюся да сваіх перакладчыкаў.

А, напрыклад, паэта Аляксандра Яроменку я лічу геніем сучаснай рускай паэзіі:

В густых металлургических лесах,

где шел процесс созданья хлорофилла,

сорвался лист. Уж осень наступила

в густых металлургических лесах.

Дзякуй Богу, што ён жыве. Праўда, у хоспісе...

— А што датычыцца сучаснай беларускай літаратуры... Каго вылучаеце?

— Каму я даваў сваю прэмію «Залатая літара», таго і вылучаю: Андрэй Федарэнка, Альгерд Бахарэвіч, Андрусь Горват.

— Чаго не хапае маладым беларускім літаратарам?

— Грошай. Ведаеце, гэта добры адказ. У грошай ёсць сутнасць: іх заўсёды не хапае. Вось вы спытайце, і ўсе пісьменнікі вам адкажуць: «Мы ж бедныя, а ганарары маленькія». Людзі (пісьменнікі не выключэнне) вераць у грошы. Маўляў, будуць грошы, і яны адразу ўсё напішуць.

— Але я, хутчэй, мела на ўвазе адмоўныя тэндэнцыі. Ці ў нас усё добра ў сучасным беларускім літаратурным працэсе?

— Ну пры ўмове, што мы атрымалі Нобелеўскую прэмію?

Я лічу, што, напрыклад, Салжаніцын атрымаў прэмію за Дастаеўскага. «Запіскі з мёртвага дома» — жудасны твор, напісаны Дастаеўскім. Калі японскі пісьменнік Акутагава яго прачытаў, то ён сказаў, што такой фантазіі няма ні ў аднаго японца. Ён не здагадаўся, што гэта гіперрэалістычны твор напісаны з натуры. Але Дастаеўскі ў выніку розных абставіны, не мог атрымаць таго сусветнага прызнання, якое атрымаў Салжаніцын. А Салжаніцын такога па якасці твора стварыць не змог. Ён проста пераказаў Дастаеўскага для больш нізкага ўзроўню, затое для больш шырокай публікі.

Таму я лічу, што Святлана Алексіевіч атрымала прэмію за Брыля, Калесніка, Адамовіча, якія прыдумалі жанр магнітафоннай літаратуры. Дакументальную фіксацыю, як у творы «Я з вогненнай вёскі». Калі аўтары пісалі гэтую кніжку, мой бацька, Вячаслаў Адамчык, працаваў рэдактарам. Трэба было адрэдагаваць матэрыял такім чынам, каб, напрыклад, узмацніць мову Адамовіча або дадаць больш фактаў у часткі, якія пісаў Брыль. Трэба было ўсё гэта зрабіць роўна, таму бацька сядзеў і перапісваў. То-бок я быў сведкам стварэння гэтай літаратуры. Адамовічу і Брылю проста не хапіла часу да Нобелеўскай прэміі. За іх яе атрымала Алексіевіч. Увогуле, за ўсю літаратуру нашай Беларусі.

— Ці шкодзіць беларускай культуры раз'яднанасць паміж літаратарамі, мастакамі, рэжысёрамі?

— Я лічу, што ўсё добра (смяецца). Я вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, і заўсёды ў нас быў канфлікт паміж мастакамі і артыстамі. Таму што артыст — гэта чалавек, які трымае паўзу. А мастак — гэта той, які гаворыць хутка і трымае рытм. Ну вось нарадзіліся мы такія: адны трымаюць паўзу, а іншыя — рытм. Мы ўсе розныя, не трэба нас змешваць.

— У адным з інтэрв'ю ў вас пацікавіліся наконт Беларускага свабоднага тэатра. І вы адказалі даволі сцісла. Ці змяніліся вашыя меркаванні?

— Іду па праспекце, сустракаю кіраўніка згаданага тэатра Колю Халезіна, ён мне кажа: «Слухай, у мяне ёсць магчымасць прывезці любога чалавека з замежжа ў Мінск. Вось каго назавеш, таго і запрашу». Я адказваю: «Ёсць такі драматург Том Стопард. Ты яго прывязі». Праходзіць час, мне тэлефануе Коля: «Я тут Стопарда прывёз. Ты прыйдзі з ім пагавары». — «А чаму я павінен з ім размаўляць?» — «Таму што ты павінен паказаць, якія мы разумныя».

Гэта адзіны раз, калі я быў у Свабодным тэатры: пагаварыць са Стопардам ды паказаць, якія мы разумныя. Я прыйшоў, мне Коля кажа: «Задавай сваё пытанне». Ну я і задаў. А Стопард тады ў мяне пытаецца: «Слухайце, а вы бераце грошы за свае пытанні?» — «Бывае, але зараз абсалютна бясплатна».

«Я адкажу на пытанне, але я здзівіўся, што вас гэта так хвалюе. Пытанне вымушае мяне чырванець».

А пытанне было такое: «Вы геніяльны драматург. І вы павінны распавесці гісторыю. У вас ёсць два артысты: Арлекін і П'еро. Праз каго вы будзеце расказваць гісторыю?»

Стопард абурыўся таму, што ён, постмадэрніст, павінен рабіць выбар. Я разбурыў сістэму каштоўнасцяў, прымусіў яго казаць, што Арлекін лепшы за П'еро. А ён як сапраўдны постмадэрніст павінен быў адказаць: «Ды мне ўсё адно».

— Якія культурныя мерапрыемствы, што адбываюцца ў Мінску, падаюцца вам найбольш цікавымі?

— На сённяшні дзень я са сваімі студэнтамі пайшоў бы ў Нацыянальны мастацкі музей, чытаць лекцыю, напрыклад, пра Жукоўскага. Таму што зараз такі хуткі, зменлівы і багаты на падзеі час, што хочацца мудрасці і цішыні.

 

Арына Карповіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 175 раз