6 лістапада, а 17-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на адкрыццё інклюзіўнага арт-праекта мастака Васіля Зянько «Паэзія кропак... Багдановіч».
Карціны Васіля Зянько ўяўляюць сабой арганічны сінтэз жывапісу і паэзіі. Для кожнага твора ў якасці літаратурнай асновы ўзяты ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча, у тым ліку са зборніка «Вянок». Ва ўсіх працах у верхнім левым куце размешчаны ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе выступаючых мазкоў-кропак) з захаваннем міжнародных стандартаў.
Арт-праект «Паэзія кропак... Багдановіч» здымае межы ў доступе людзей з дрэнным зрокам да твораў мастацтва, а гэта таксама важны крок на шляху да стварэння безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі.
Крыніца: Літаратурны музей Максіма Багдановіча