Пятница, 23 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

  • Среда, 14 октября 2020 12:36

«Хай будзе што будзе...»

Грунтоўнай падборкай вершаў Міколы Мятліцкага пад назвай «Пад адкрытым небам» адкрываецца вераснёўскае «Полымя». Тэмы адказнасці чалавека перад пакаленнямі нашчадкаў, маральна-этычныя пытанні, наступствы бесталковага стаўлення да прыроды, спадчыны, грамадства і ў цэлым да Айчыны, тэма несумяшчальнасці высокага чыстага пачуцця з побытавым разважліва-асцярожным пачаткам, як і зазвычай, пераважаюць у творчасці паэта. Багатая мова, вобразнасць, маштабнасць думкі — вось што дэманструе Мікола Мятліцкі ў вершах.

 У раздзелах з прыгодніцкага і фантасмагарычнага рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі» (працяг твора) чытач урэшце даведваецца, хто такая Чорная Меланхолія. І гэта зусім не адчуванне маркоты і абыякавасці да жыцця галоўнага героя з-за таго, што ён перажыў усё магчымае і немагчымае за свае багатыя на падзеі, прыгоды і пачуцці гады (як, верагодна, некаторыя з аматараў «вырвічыяды» маглі меркаваць), а... нешта нашмат больш небяспечнае! Відаць, не дасць аўтарка свайму герою пажыць нармальным спакойным жыццём, балазе, што ён ужо стары...

Уладзімір Ягоўдзік у апавяданні «Палітра настаўніка» зрабіў спробу ўзнавіць частку біяграфіі і творчыя пошукі беларускага партрэтнага жывапісца, аўтара карцін на гістарычныя, рэлігійныя і міфалагічныя сюжэты Іосіфа Аляшкевіча (1777—1830). Праца над партрэтам Адама Ежы Чартарыйскага, рысы характару, якія дапамаглі Аляшкевічу здзейсніцца як мастаку, рысы яго эпохі — усё гэта здолеў абмаляваць Уладзімір Ягоўдзік у сваім творы. Дынаміка ў сюжэце, трапныя характарыстыкі — нічым не абдзелена апавяданне. Адзінае, чаго, магчыма, не хапае — паглыблення драматызму напрыканцы, дый ёсць адчуванне пэўнай незавершанасці сюжэтнай лініі.

Нізка вершаў Івана Капыловіча пад назвай «Рэнесанс восені» з’яўляецца спробай самапаглыблення і пераасэнсавання мінулага, аўтар прагне ўзняцца над тым, што перажыта, і пайсці далей — лёгкім, прасветленым, без цяжару душэўных пакут і горычы ўсведамлення непапраўнасці і неадменнасці зімы, якая надыходзіць... На старонках выдання  — падборка Андрэя Хадановіча «Балтыка». Лірыка яго як спроба балансавання паміж сур’ёзным і камічным, як спроба жартам сказаць пра тое, аб чым сур’ёзныя дыдактычныя разважанні надакучылі і не выклікаюць нічога акрамя непрыняцця... Радкі ж Хадановіча хочацца цытаваць, яны гучаць універсальнымі для многіх жыццёвых сітуацый:

 Калі два разы — бязрыб’е і пяць — бясхлебіца,

Налева пойдзеш — халера, направа — трасца,

 Хлопча, вучыся плаваць, яно спатрэбіцца,

Дзеўка, вучыся плаваць, яно прыдасца.

Хай будзе што будзе, а ты рабі што павінны,

На першай дарожцы ў Палацы воднага спорту.

Ніхто не пашырыць межаў тваёй краіны,

Але й не патоне ў зоне твайго камфорту.

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з  творчасцю рускай паэтэсы Інгі Кузняцовай. З гледзішча мастацкіх сродкаў выяўлення тэм, хай сабе і не новых у літаратуры, яе нізка лірыкі «Левітацыя» (пераствораная па-беларуску Юліяй Алейчанкай) выглядае якасна зусім на іншым узроўні ўспрымання. Магчыма, гэта той выпадак, які нагадвае: галоўнае — не што сказаць, а як сказаць.

Яна Будовіч


Вечныя кавалі шчасця

Празаічная частка насычанага дыяметральна рознымі па настроі творамі новага нумара «Нёмана» пачынаецца зусім нечакана — з  п’есы (а гэта яшчэ і лірычная феерыя ў пятнаццаці карцінах) пад назвай «Федэрыка Феліні». Аўтар — Георгій Марчук, які некалі напісаў сцэнарый да фільма «Ліст да Феліні» і якому, відаць, не дае спакою тэма творчасці і жыцця слыннага італьянца (публікацыя ж у часопісе прымеркавана да 100-гадовага юбілею кінарэжысёра). Акрамя заўсёдных, уласцівых творам пісьменніка маральна-этычных матываў, значную роль у п’есе адыграла ідэя выбару паміж кар’ерай ды грашыма і свабоднай творчасцю, натхненнем. Непасрэдна ў тэксце яна знаходзіць адлюстраванне ў развагах пра Італію і ў параўнаннях яе з Амерыкай. Нельга сказаць, што Георгій Марчук адкрыў нешта новае ў тэме повязі генія і радзімы, як і не скажаш, што п’еса прымушае паглядзець на галоўнага героя па-новаму, — усё ж біяграфія Феліні кажа сама за сябе. Але адмысловыя дэталі і некаторыя прыёмы жанру феерыі даюць падставы меркаваць, што, прынамсі, на сцэне твор можа атрымаць асаблівае гучанне.

Наступны тэкст — «Ключ, які нічога не адмыкае» Генадзя Аўласенкі ў аўтарскім перакладзе з беларускай мовы — класічнае напаўмістычнае апавяданне пра з’яўленне ў жыцці няўдачніка таямнічай незнаёмкі, якая кардынальна змяняе яго існаванне. Але ў адрозненне ад традыцыйнага для такіх твораў сюжэта, «Ключ, які нічога не адмыкае» мае не зусім пазітыўны фінал, калі ацэньваць яго з пункту гледжання простага чалавечага шчасця. Паўстае пытанне: ці можа сам чалавек выбраць гэтае шчасце? Дакладны адказ дае наступны аўтар.

Апавяданне Сафіі Ворсы «UPDATE», адзінага маладога аўтара мастацкай часткі нумара, шмат у чым нагадвае кінастужку з нелінейнай кампазіцыяй, дзе гісторыя «раскручваецца» ад канца ў пачатак. Расповеды пра тры этапы сталення галоўнага героя — працу, універсітэт, школу — суправаджаюцца звесткамі пра адносіны ў сям’і. Паступова раскрываючы яго асобу, пісьменніца нібы адсылае чытача да іншых твораў, якія ўздымаюць вечныя тэмы: і магчымасць (ці немагчымасць) падлеткавага пратэсту, і няўменне слухаць і разумець іншага, і аддаленасць людзей адно ад аднога, і  нават тэму «лішняга» чалавека. У выніку герой у прамым сэнсе слова ратуе сябе, бо больш ніхто гэтага рабіць не будзе. Цяпер ён каваль свайго шчасця. І ўсё б добра, калі б гэта не было асноўнай ідэяй даволі цікавага па задуме апавядання, якое да таго ж заканчваецца, здаецца, лішнім раздзелам «Абнаўленне». У ім ужо нібы сама пісьменніца, а не персанаж (які, дарэчы, нібы па ўзмаху чарадзейнай палачкі ажаніўся), выказвае даволі распаўсюджанае меркаванне: «…за ваша жыццё адказны толькі вы, няма віноўнікаў ні перамог, ні бядот. Любіце сябе, ніхто іншы вас любіць не абавязаны. Жывіце так, як просіць сэрца, а не патрабуюць грамадскія ўстаноўкі. Танцуйце на вуліцах, калі трэба — голасна крычыце, не бойцеся сваіх пачуццяў, кажыце пра іх…» Як вынік, даволі складана асэнсаваць аб’яднанне настолькі празаічнага пачатку з абсалютна рамантычным фіналам.

Восеньскую паэзію прадстаўляюць Міхась Башлакоў (у перакладзе з беларускай мовы Уладзіміра Сарочкіна), Міхаіл Баранчык і Пётр Буганаў. Змешчаны вершы розных аўтараў і ў адмысловай падборцы «З паэтычных сшыткаў» (творцы Вадзім Барысаў, Лола Рамановіч, Ілья Астроў, Дзяніс Ціханаў, Ганна Ціханава ды іншыя). Напоўненыя адначасова і песімізмам, і пазітывам, паэтычныя творы гэтага нумара запрашаюць паразважаць у адзіноце — у тым ліку і пра восень жыцця.

Яўгенія Шыцька


Д&Д

Лета-2020 непрыкметна зліваецца з восенню, быццам час адрынуў законы сваіх кліматычных драбленняў і згрупаваўся перад наступленнем тых халадоў, пра якія на манер жахлівай, але павучальнай казкі распавядае прафесар Віктар Іўчанкаў на медыйных пляцоўках. Не ўсім даспадобы бурлівыя струмені надвор’я, і спецыяльна для тых, хто працягвае заставацца на ўнутраным каранціне, «Маладосць» прапаноўвае сваю вераснёўскую порцыю прыгожага пісьменства.

У вершах Кацярыны Тарасавай, калі не зважаць на рэдкія звароты да фармальных эксперыментаў (у падборцы прысутнічаюць два трыялеты), шмат свабоды і, як вынік такой адкрытасці, болю на мяжы фізікі і метафізікі. Часам нават прасочваюцца гвалтоўныя матывы, якія складаюць гарманічнае суседства з цялеснымі вобразамі і  ўвасабленнем нежывых прадметаў і з’яў.

Косымі промнямі кагнітыўнага дажджу Зміцер Крэс перабівае ў сваім празаічным «Сне на Святога Юр’ю» той дынамізм, які фарміруецца ўспрыманнем чытача падчас хістання паміж суседнімі параўнальна легкаважнымі паэтычнымі падборкамі. Аўтар вельмі хутка ўводзіць у санліва-рэлігійную плынь гіпнатычнасці, дзе за кошт спецыфічнага сінтаксісу і іншых моўных прыстасаванняў будуецца непаўторны сусвет з прытчавымі адценнямі.

Адгалоскам мінулай нізкі вершаў гучыць падборка Марыі Шэбанец. Тут таксама ў наяўнасці роўна два творы ў цвёрдых формах (толькі замест трыялетаў — санеты), але агульная мова аповеду больш нармалізаваная, больш схільная да фармальна-слупковага каркасацэнтрызму. У тэкстах сустракаецца шмат ужо гатовых вербальных канструкцый, што ў сваю чаргу паступова прыводзіць да пэўнага чытацкага аўтаматызму і адпаведнага індывідуальна-аўтарскага разняволення. У адным з галоўных поспехаў нумара — апавяданні Вольгі Ропат пад назвай «Горад О.» — адбываецца сапраўднае свята мастацкай сінестэзіі. Па сутнасці, твор не мае ніякіх іншых намераў, акрамя таго, каб паказаць аўтара-дэміурга, які гуляе ў лялькі сваіх герояў, дзе за кожным стаіць асобны род мастацтва. Але пры гэтым у  галоўных героях не столькі персанажы, колькі сама прастора тэксту і яе бясконцыя ландшафтныя кульбіты. Тыпаграфскі ландшафт вабіць вока рознага роду гульнямі з  успрыманнем слова (і звязанай з ім рэальнасці), але адзінае, чаго не хапае гэтай блізкай да прамога тэатральнага сэнсу феерыі, — больш разнастайнага і стракатага на паўадценні слоўніка, які мог бы насыціць выдатную ідэю бездакорным выкананнем.

Рагнед Малахоўскі ў сваіх вершах моцна падкупляе сучасным (а недзе нават звышсучасным) вобразным радам (ці, хутчэй, менавіта лексікай). І разам з гэтым утвараецца характэрная для ўсяго гіпербалізаванага дыхатамія. З аднаго боку, на актуальных матэрыях робіцца настолькі моцны акцэнт, што ў вершах не застаецца прасторы для хаця б якой гэтак жа сучаснай думкі: падаецца, быццам розум аўтара — вялікая кішэня, з якой ён паступова выкладае на стол вершаваных радкоў усялякую дробязь. З  другога боку, а ці не можа быць такі гіпербалізаваны кішэнны мінімалізм паўнапраўным творчым метадам? У выніку фінальны вердыкт застаецца за чытачом: ці сплаўляць аўтара наўпрост у  кола павярхоўных недарэпераў, ці даць шанц гэтаму бразганню ў вушах знайсці нешта роднаснае.

Органы слыху гэтым разам могуць нацешыцца і перакладамі добра вядомых класікаў, сярод якіх свярдлоўскі дэкадэнт Барыс Рыжы і нямецкі мадэрніст Райнэр Марыя Рыльке. Апошні з іх, што цікава, выступае ў друку не з вершамі, а з прозай. Дробязі і дэталі — самыя каштоўныя структурныя адзінкі ў сённяшнім атамізаваным сусвеце, і толькі яны сваёй жвавасцю і мабільнасцю заўсёды змогуць выратаваць нават самую высушаную культурную глебу ад поўнага распаду.

Данііл Лысенка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 275 раз