Среда, 27 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алесь Бадак: Адрасы літаратурнай творчасці  

  • Вторник, 18 февраля 2020 14:13

У сучаснай беларускай літаратуры добра вядома імя Алеся Бадака. Празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык… А яшчэ – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Яркая творчая асоба. Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон», лаўрэат Прэміі СНД «Зоркі Садружнасці».  

‒ Алесь Мікалаевіч, ведаю, што вы парадніліся з Міншчынай. Ёсць у вас лецішча на Уздзеншчыне… Ці часта там бываеце? Раскажыце, калі ласка, як «прыраслі» да гэтага куточка.  

‒ Слова «дача» ў мяне асацыюецца з нечым штучна ўзніклым, што не мае глыбокай гісторыі: выдзелілі зямлю, на якой пабудавалі домікі, раскінулі маленькія агародзікі. Летам там жыццё ёсць, а зімою ні душы не ўбачыш. З Міншчынай я зрадніўся, дзякуючы жонцы: там засталася хата, у якой некалі жыла яе вялікая радня ‒ маці, дзед з бабуляю, цёткі. Хата старэнькая, яшчэ даваенная, але затое многія рэчы ў ёй маюць багатую гісторыю, нясуць у сабе адбітак даўніх часоў. Тым яна і прыцягвае. Я ўпершыню там пабываў у сярэдзіне 90-х, і з таго часу там бываю штогод, з мая па кастрычнік па некалькі разоў на месяц і абавязкова частку адпачынку. Я не люблю, калі агарод зарастае пустазеллем, люблю свае памідоры, гуркі, свае вішні, слівы, яблыкі, таму працы хапае. А яшчэ там зусім побач лес, рака Неманец. Адным словам, ёсць дзе адпачыць.  

Ці ведаеце літаратурную гісторыю Уздзеншчыны? З гэтых мясцін Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Алесь Якімовіч, Пятро Глебка, Лідзія Арабей… 

‒ Безумоўна. У гэтым плане Уздзеншчына, вядома, унікальная зямля: столькі талентаў дала свету. Адтуль жа, дарэчы, і Алесь Пальчэўскі, і Васіль Шырко… Там купіла сабе з мужам хату Раіса Баравікова, куды яна прыязджае на лета. 

Не даводзілася выступаць перад чытачамі на Уздзеншчыне? 

‒ У якасці пісьменніка пабываў толькі аднойчы ў Уздзенскай школе-інтэрнаце, але гэта было даўно. Што тычыцца маіх суседзяў, то, шчыра кажучы, мне ніколі не хацелася ні хаваць (у вёсцы хіба што-небудзь утоіш), ні афішаваць перад імі род свайго творчага занятку. Ну пішу нешта  ‒ і ладна, мы ж з імі не пра літаратуру гаворым, а пра грады ды надво’е. А паслухаць іх заўсёды цікава, бо прыродная сялянская мудрасць ‒ гэта такі скарб! І людзі там вельмі добрыя, шчырыя, працавітыя, вельмі нагадваюць маіх аднаваяскоўцаў. 

Ці напісалі што-небудзь пра гэтыя ўздзенскія мясціны? 

‒ Невялічкую паэму «Камяні». Вёска называецца Камяное, таму нават з назвы відаць нейкая сувязь. А таксама некалькі вершаў, якія я ўключыў у свой нядаўні зборнік «Развітанне з вечнасцю», ды каментарыі-эсэ да іх, змешчаныя ў апошнім раздзеле. Ну а некалі я напісаў цэлую серыю кніг «Усім пра ўсё» ‒ пра расліны, жывёл, птушак… І там было шмат ілюстрацый, у тым ліку, і фотаздымкаў з Уздзеншчыны, і нават з майго ўраджайнага агарода. 

Ці здараецца працаваць на лецішчы як пісьменніку? Ці больш часу праводзіце на агародзе, за гаспадарчымі клопатамі? 

‒ Складанае пытанне. Справа ў тым, што я «аднасед», я прырастаю душой да аднаго рабочага стала. Калі я стаў жыць у Мінску, мне доўга не пісалася так добра, як дома, у сваёй роднай вёсцы Туркі, што ў Ляхавіцкім раёне, на Берасцейшчыне. А цяпер мне нідзе так добра не пішацца, як у сваёй мінскай кватэры. Але справа не ў нейкіх асаблівых умовах. Вось прыязджаю я, напрыклад, дадому. Мне хочацца як мага больш пагаварыць з мамай, з братам, нешта дапамагчы зрабіць, нарэшце проста прайсціся па вёсцы, паглядзець, што ў ёй змянілася, пабачыць вяскоўцаў. Душа настроена не на творчасць, а на зусім іншае. Тое ж самае тычыцца і Камянога: выпадае вольная хвіліна ‒ хочацца ў лес альбо на рэчку. Іншая справа, што так званы «падрыхтоўчы працэс»  ‒ абдумванне нейкіх сюжэтаў, вобразаў ‒ ён бывае паўсюль.

Ці бярэце на Уздзеншчыну кнігі? Як чытаецца ў гэтых мясцінах?

‒ У мяне ў Камяным вельмі вялікая бібліятэка. Па-першае, я кнігаман, і ўсе кніжныя паліцы ў мінскай кватэры даўно застаўлены, а па-другое, быў час ‒ пачатак 90-х, ‒ калі ўсе кінуліся купляць дэтэктывы, фантастыку, і за капейкі здавалі ў букіністычныя крамы класіку. Я тады вельмі шмат кніг купіў, асабліва не думаючы пра тое, ці будуць патрэбны яны мне для штодзённага карыстання. А добра папрацаваўшы на агародзе, вельмі добра бывае разгарнуць пасля томік якога-небудзь Галсуорсі і пачытаць некалькі старонак пад прыемны птушыны спеў за расчыненым акном.

Ці параўноўваеце свой уздзенскі «прытулак» з роднымі ляхавіцкімі вёсачкамі?

‒ Што б цябе ні звязвала з іншымі мясцінамі, якія б цудоўныя краявіды там ні былі, даражэй за Бацькаўшчыну ўсё роўна няма нічога. Гэта па-за ўсялякімі параўнаннямі. Нармальны ж чалавек, які вырас у добрай сям’і, ніколі не стане параўноўваць сваю маці з іншай жанчынай. Мне здаецца, яму нават і ў галаву такое не прыйдзе. Але чалавечая любоў мае вельмі шмат адценняў, і, як і кожнага чалавека, так і кожную мясціну мы любім па-свойму.

 

Гутарыў Сяргей Шычко

Прочитано 566 раз