Суббота, 24 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Аматары навук і дабрачыннасці

Гэтая суполка сфарміравалася на мяжы другога і трэцяга дзесяцігоддзяў ХІХ ст. у асяроддзі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Хаця галоўнай мэтай таварыства была самаадукацыя, тым не менш філаматаў і філарэтаў чакаў суровы пераслед з боку царскіх улад. Да 1823 года ідэі студэнтаў набылі такую папулярнасць, што пра іх ведала і падтрымлівала шмат моладзі ды шляхты былой Рэчы Паспалітай. 

Зборнік Яна Чачота «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1846

Зборнік Яна Чачота «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1846)

Да імператара Аляксандра І дайшлі звесткі пра філаматаў, паступіў канкрэтны загад: аб’яднанне знішчыць, а  яго лідараў і ўдзельнікаў выгнаць з  Радзімы. Так, сенатарам Навасільцавым была сфабрыкавана «Справа філаматаў». Паступова ўсіх, хто браў актыўны ўдзел у таварыстве, кінулі ў  турму, у былы базыльянскі манастыр каля Вострай Брамы ў Вільні. Адзін з арганізатараў суполкі Тамаш Зан з Адамам Міцкевічам трапілі туды ў першых шэрагах.

У жніўні 1824 года Аляксандр I зацвердзіў прысуд, згодна з якім дзесяць філаматаў, сярод якіх былі Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, а таксама дзесяць філарэтаў (Адам Сузін, Мікалай Казлоўскі, Ян Янкоўскі і інш.) выслалі з  родных краёў у аддаленыя губерні Расійскай імперыі. Па-рознаму склаўся іх далейшы лёс, не ўсе паспелі зрабіцца знакамітымі літаратарамі або навукоўцамі, але іх унёсак у скарбніцу беларускага Адраджэння сёння цяжка пераацаніць.

У сваёй творчасці адраджэнцы звярталіся да фальклорных крыніц беларусаў, адчувалі патрэбу размаўляць па-беларуску. У той час побач са звыклай кніжнай польскай мовай у нашай літаратуры ўсё большае месца пачынала займаць і мова беларуская, заснаваная на жывых гаворках людзей, што насялялі абшары гістарычнай Літвы і Белай Русі. Беларускамоўныя спробы філаматаў суіснавалі з іх польскамоўнымі творамі. Сярод найярчэйшых постацяў  — Тамаш Зан, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Адам Міцкевіч.

Сёння багатая спадчына філаматаў і філарэтаў захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асабліва каштоўныя прыжыццёвыя выданні Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Эдварда Адынца, Ігнація Дамейкі, Аляксандра Ходзькі, а таксама літаратура пра іх дзейнасць. Апрача кніг, якія выйшлі з друку ў ХІХ—ХХ стст., у  рукапісным фондзе аддзела маецца рукапіс аднаго з заснавальнікаў тайнага студэнцкага таварыства Тамаша Зана (1796—1855) — перапісаны ім ад рукі Статут таварыства. Запіс быў зроблены ў 1823 годзе, калі Тамаш знаходзіўся ў турме.

Ёсць у фондзе і прыжыццёвыя выданні Яна Чачота (1796—1847) — зборнікі беларускіх сялянскіх песень, якія ён пачаў збіраць яшчэ ў 30-я гады ХІХ ст., а  потым пераклаў на польскую мову. У свой час яны мелі даволі шырокі рэзананс сярод перадавой грамадскасці. Зборнікі «Сялянскіх песень…» выдаваліся Чачотам на працягу дзевяці гадоў. У калекцыі беларускага пісьменніка Пятра Глебкі, якая ўвайшла ў фонды аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, захоўваюцца два зборнікі Яна Чачота — «Сялянскія песні з-над Дзвіны» (1840 г.) і «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1846 г.). Гэта віленскія выданні, выйшлі з друкарні Юзафа Завадскага. Тэкст песень у зборніку 1840 года — у перакладзе на польскую мову, у зборніку 1846 года — на рэгіянальнай мове «літоўскай» шляхты.

Самы малады ўдзельнік тайнага таварыства быў адным з найлепшых студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, але пасля ўдзелу ў паўстанні 1830 года пакінуў радзіму і апынуўся ў Чылі. Ва ўзросце 82 гадоў ён вярнуўся на радзіму ў маёнтак пад Навагрудкам. У дзень яго смерці ў Санцьяга званілі ўсе званы. У краіне была абвешчана нацыянальная жалоба. Яму прысвоена званне нацыянальнага героя Чылі. Яго імем названы малая планета, горны хрыбет, горад і навуковыя ўстановы ў Чылі, а таксама мінерал і некалькі раслін. Яго імя — Ігнацій Дамейка (1802—1889).

У бібліятэцы захоўваецца адно з  прыжыццёвых выданняў Дамейкі  — кніга пра падарожжа ў краіну паўднёваамерыканскіх індзейцаў араўканаў «Араўканія і яе жыхары» (1860 г.). У  перакладах на асноўныя мовы свету яна абышла ў ХІХ ст. увесь зямны шар. Выданне ўбачыла свет у друкарні Завадскага ў 1860 годзе. Прадмову напісаў карэспандэнт варшаўскай газеты Ян Замастоўскі, пра што сведчыць інфармацыя на шмуцтытуле. Экзэмпляр, які захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі, з  уласнай бібліятэкі, са штампам уладальніка на тытульным лісце: «Biblioteka | L. Czernichowskiego».

Парыжскае выданне Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Парыжскае выданне Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»

Удзельнік тайнай суполкі, блізкі сябар Адама Міцкевіча і добры знаёмы Аляксандра Пушкіна, паэт, усходазнавец і  славіст Аляксандр Ходзька (Барэйка, 1804—1891) нарадзіўся ў маёнтку ў Крывічах Вілейскага павета. Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце запісаўся ў Таварыства філарэтаў, увайшоў у яго Блакітны саюз пад апекай Яна Чачота.

Паэзіяй Ходзька зацікавіўся яшчэ падчас вучобы, яго вершы змяшчаліся ў розных віленскіх выданнях. Захапляўся паэзіяй і ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1829 годзе выдаў кнігу вершаў, якую прысвяціў Адаму Міцкевічу. Зборнік паэзіі А. Ходзькі 1829 года — вельмі рэдкае прыжыццёвае выданне з аўтографам аўтара. Кнігу ўпрыгожвае гравюра з  усходнімі матывамі на авантытуле і мастацкая віньетка на тытульным лісце, зробленыя польскім мастаком Вінцэнтам Смакоўскім, які працаваў у Літве. У зборнік паэзіі ўвайшлі вершы, балады, элегіі, паэма «Дэрар», напісаная паводле ўсходніх матываў, пераклады з новагрэчаскай паэзіі.

Удзельнік таварыства паэт, перакладчык Антоні Эдвард Адынец (1804—1885) вучыўся на юрыста. Па справе філаматаў на працягу 1823—1824 гадоў сядзеў у турме, напрыканцы следства быў вызвалены. Як паэт Антоні праявіўся ў літаратурным асяроддзі Віленскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады актыўна друкаваўся на старонках віленскага друку — часопісы «Tygodnik Wileński», «Dzieńnik Wileński». Сапраўдную папулярнасць Адынцу прынесла «Песня філарэтаў» («Pieśń Filaretów», 1823), напісаная падчас турэмнага зняволення.

У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў захоўваюцца 16 прыжыццёвых выданняў паэта. Найбольш раннія — шматтомнік перакладаў класікаў замежнай літаратуры, які пабачыў свет у  40-я гады ХІХ ст. Сярод іншых — вершаваная драма «Феліцыта, альбо Карфагенскія пакутнікі», надрукаваная ў Познані ў 1858 годзе. Змест твора пабудаваны на гістарычных фактах пачатку ІІІ стагоддзя. У кнізе змешчана рэклама кнігарні Яна Зупанскага, на сродкі якога і пабачыла свет выданне. Бібліятэчны экзэмпляр з уласнай бібліятэкі, пра што сведчыць штамп на тытульным лісце, выкананы кангрэўным цісненнем: «A. Jorher.»

Назва другой гістарычнай драмы Адынца «Ежы Любамірскі…» гаворыць сама за сябе. Любамірскі Ежы Себасцян (1616—1667) — маршалак вялікі і палявы гетман кароны, адзін з  найбольш уплывовых і папулярных сярод шляхты польскіх магнатаў сярэдзіны XVII ст. Вайсковую кар’еру пачаў у войнах з казакамі Багдана Хмяльніцкага. У 1651 годзе пачаў канфліктаваць з дваром, перайшоў у апазіцыю да Яна Казіміра, якога называў «каралём-тыранам». У 1654—1655 гадах у  ваенных кампаніях не ўдзельнічаў, але і на шведскі бок не перакінуўся. З 1656 года разам са Стэфанам Чарнецкім вёў барацьбу супраць шведаў у Польшчы. У 1662 годзе зноў у адкрытай апазіцыі да двара, настроены супраць усялякіх планаў караля. У 1665—1666 гадах Любамірскі вёў вайну супраць каралеўскіх сіл. Кніга выйшла ў Вільні ў друкарні Юзафа Завадскага (1861).

У спадчыне Антонія Адынца найбольш каштоўнымі творамі крытыка прызнала напісаныя на працягу 1875—1878 гг. «Лісты з падарожжа» — успаміны аўтара пра вандроўку па Еўропе Аматары навук і дабрачыннасці Так называлі філаматаў і філарэтаў тайнага студэнцкага таварыства ў 1829—1830 гадах разам з Адамам Міцкевічам.

Усё жыццё Адынец пісаў вершы. У тым ліку ў гонар вядомых літаратараў і навукоўцаў: «На шлюб Тамаша Зана», «Адаму Міцкевічу», «Адаму Сузіну», «Ігнату Ходзьку», «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту ў Ротніцы», «Яўстафію Тышкевічу», «Міхалу Балінскаму», «Уладзіславу Сыракомлю» і інш. У кніжніцы захоўваюцца зборнікі паэзіі Антонія Адынца: віленскае выданне 1859 г., варшаўскае перавыданне 1874 г. з «Drukarni Gazety Lekarskiéj». Дарэчы, у І томе віленскага выдання 1859 г. змешчаны аўтограф Антонія Адынца. Гэты асобнік аўтар падпісаў свайму сябру ў дар.

Вялікую ролю ў арганізацыі і дзейнасці таварыства адыграў Адам Міцкевіч (1798—1855). У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі ёсць шмат выданняў паэта, чатыры з іх — прыжыццёвыя. Найстарэйшае — зборнік паэзіі Адама Міцкевіча (1828).

Удзельнікі тайнай суполкі маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа (амаль усе яны былі родам з Беларусі, якую называлі Літвою паводле гістарычнай традыцыі). Філаматы аналізавалі фальклор, звычаі і абрады, былі пачынальнікамі новай беларускай літаратуры, праклалі дарогу новым пакаленням змагароў за нацыянальнае адраджэнне.

Алена Дзенісенка

Фота прадастаўлена Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 949 раз