Понедельник, 13 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларусь – Кітай. Адкрываючы іншы свет

Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў кнігу артыкулаў, эсэ, гутарак Алеся Карлюкевіча «Дарогі да Паднябеснай», прысвечаную беларуска-кітайскім літаратурным сувязям.

Гэтай працы папярэднічалі многія гады зацікаўленняў аўтара кітайскай праблематыкай. Аўтар неаднойчы наведваў Кітай, сустракаўся з сучаснымі кітайскімі пісьменнікамі, перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі, выдаўцамі. Такія сустрэчы праходзілі і на пляцоўках кніжных выставак – не толькі ў Кітаі, але і ў Беларусі, Расіі, Сербіі. Кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева ў прадмове «Шукаючы зоркі ў агульным Літаратурным небе» заўважае наступнае: «У полі зроку Алеся Калюкевіча як даследчыка – яшчэ і вывучэнне сувязей беларускай літаратуры з іншымі літаратурамі. Пра гэта яго кнігі: «Братэрства», «Святло сяброўства», «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь – Туркменістан», «Крыніцы святла», артыкулы, нарысы, надрукаваныя ў розных выданнях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Ці не галоўныя зацікаўленні аўтара кнігі «Дарогі да Паднябеснай», дзе сабраны матэрыялы, напісаныя аўтарам за 2011 – 2019 гг., – беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі. Першы іх агляд – на старонках выдання, якое вы ўзялі ў рукі, старонкі якога збіраецеся перагарнуць. Калі не памыляюся, то гэта ці не першая кніга ў Беларусі, дзе даследуецца тэма стасункаў літаратур Беларусі і Кітая на сучасным этапе. Для мяне адкрыццём сталі расповеды пар кітайскага перакладчыка славянскіх – беларускай, рускай, украінскай – літаратур Гаа Мана. Алесь Карлюкевіч некалькі разоў сустракаўся з ім у Пекіне, некалькі гадоў ліставаўся. Гаа Ман – перакладчык «Цынкавых хлопчыкаў» Святланы Алексіевіч. І зрабіў ён гэта за шмат гадоў да прысуджэння беларускай пісьменніцы Нобелеўскай прэміі. У кнізе – сустрэчы з дактарамі навук Чжан Хуэйцінь, Ся Чжунсянь, якія ў Пекіне, Кітаі прапагандуюць беларускае прыгожае пісьменства, робяць усё магчымае, каб слова беларускае стала вядомым у Паднябеснай. Алесь Карлюкевіч гутарыць і з вядомымі кітайскімі літаратарамі, і з беларускімі перакладчыкамі кітайскай літаратуры, стараецца не абмінуць ніводзін факт літаратурнага пабрацімства Беларусі і Кітая.

Будзем спадзявацца, што зборнік – пачатак да стварэння манаграфіі, якая пакажа ўвесь шлях кітайскай літаратуры да беларускага чытача, пакажа свет судакранання беларусаў з Кітаем і кітайцамі…»

Многія тэксты кнігі А. Карлюкевіча «Дарогі да Паднябеснай»  вяртаюць нас да вытокаў развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў. Таму згадваецца і газета «Наша ніва» пачатку XX стагоддзя, таму расказваецца пра кітайскія зацікаўленні Уладзіміра Дубоўкі, а таксама ўраджэнца Беларусі славутага перакладчыка Уладзіміра Панасюка, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Але ў большай ступені пісьменнік, літаратуразнаўца вядзе размову пра сённяшнія прыклады вывучэння ў Беларусі кітайскай літаратуры, перакладчыцкую ўвагу да яе з боку сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. Як прыклад – апісанне серыі зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая». А пачатак гэтага кніжнага праекта – у выдавецкім доме «Звязда». Зараз ім апякуецца выдавецтва «Мастацкая літаратура». На беларускай мове, дзякуючы серыі, пабачылі свет кнігі паэзіі Ду Фу, Лі Бо, Ван Вэя, Ван Гаачжэня, Лі Цінчжаа, Сюй Чжымо, Мэн Хаачжаня і іншых аўтараў з розных стагоддзяў.

Кніга «Дарогі да Паднябеснай» – па свойму ўнікальная пляцоўка для развіцця інтарэсаў да кітайскай культуры, кітайскай літаратуры. Яе варта прачытаць усім, хто вывучае Кітай, займаецца кітаістыкай, увогуле ўсходазнаўствам.


Вацлаў Міранскі

Прочитано 316 раз