Понедельник, 01 03 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

#BelBookChallenge: кніга, дзе фігуруе выбітная гістарычная постаць

  • Понедельник, 18 января 2021 11:48

BelBookChallenge набірае абароты! «Кніга, дзе фігурыруе выбітная гістарычная асоба». 

Часам вы берацеся за нейкую тэму, а ў ёй столькі цікавага, што вам даводзіцца ламаць галаву ў нерашучасці – якую з іх выбраць? І гэтая тэма не выключэнне. Вочы разбягаюцца ад колькасці кніг з гістарычнымі асобамі? Хочацца, каб яна была і пазнавальнай, і нестандартнай, але каб сярод герояў – людзі, знаёмыя кожнаму беларусу хоць бы па падручніках гісторыі? Не панікуйце! Прадстаўляем вам спіс з пяці выдатных кніг, якія ідэальна падыходзяць па тэме. Ад вядомай класікі да коміксаў па Караткевічу – ніхто не застанецца абыякавым!

«Пра Кастуся», гістарычны комікс паводле Уладзіміра Караткевіча.

пра кастуся.png

Як вядома, ніхто ў нашай літаратуры не раскрыў вобраз Кастуся Каліноўскага лепш, чым Караткевіч. Увогуле ўсе героі і іх антаганісты ў творчасці аўтара заўжды яркія, неадназначныя і самабытныя, праз іх Караткевіч часта паказваў чытачу ідэалізаваных герояў беларускай гісторыі, да ўзроўню якіх трэба імкнуцца сучасніку. Не стала выключэннем і п’еса “Кастусь Каліноўскі: Смерць і неўміручасць”.

Калі драматургія – не ваш фармат, то вось зручнае і скарочанае рашэнне – комікс паводле п’есы. Магчыма, у плане зместу ён не перадае ўсёй глыбіні і прыгажосці драматургічнага твора, але гэта цудоўны сродак для паказу нашай гісторыі дзецям і атрымання асалоды ад атмасфернага візуалу, намаляванага ад рукі Уладзімірам Дрындрожыкам. Для стварэння комікса аўтары карысталіся гравюрамі і выявамі часоў паўстання, напрацоўкамі сучасных рэканструктараў. Атрымалася пекна, класна, а момантамі і жах як актуальна.

“Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”, Васіль Герасімчык.

канстанцін каліноўскі.png

Калі комікс для вас – дзіцячая забаўка і вы прагнеце чагось глыбокага, якаснага ў сваёй дакладнасці, то гэты варыянт спецыяльна для вас. Дарэчы, за кнігу Васіль Герасімчык атрымаў прэмію Францішка Багушэвіча, таму калі раптам вы не закрылі яшчэ тэму кніг-лаўрэатаў, то можна лічыць гэта двайной прапановай.

Аўтар кнігі 8 год займаўся даследаваннем жыцця “Яські – гаспадара з-пад Вільні”, аб’ездзіў нямала архіваў, выязджаў на радзіму героя і закрыў сваёй працай лакуну беларускай навукі, звязаную з асобай Кастуся Каліноўскага, бо даследаванні пра яго не з’яўляліся ажно 30 год. Вядома, гэта значыць, што сучаснага (а не савецкага) навуковага падыходу не было да выхаду гэтай кнігі. Пры гэтым кнігу ніяк не назавеш нуднай: аўтар паказвае нам не чарговую гісторыю кіраўніка паўстання, а жыццё чалавека. Кастусь Каліноўскі ў гэтай кнізе вельмі розны – хіба што такі, якім быў у жыцці. Недзе ён вагаецца, недзе, магчыма, занадта катэгарычны і супярэчлівы, але ён нідзе не баіцца, не схіляе галаву, не спрабуе схавацца ад адказнасці або выратаваць сабе жыццё коштам іншых. Сапраўды дбайны разгляд беларускага супергероя!

«Крыж міласэрнасці», Валянціна Коўтун.

крыж міласэрнасці.png

Наш наступны герой – Цётка. І у гэтым выпадку вас чакае ўжо не навукова-папулярная праца, а сапраўдны раман. Канешне, гэта не адмаўляе факту, што стварыла гэты раман даследчыца.

Увогуле для еўрапейскай літаратуры “Крыж міласэрнасці” – з’ява ўнікальная. Бо раманы, створаныя на гісторыка-біяграфічным падмурку, з’яўляюцца з-пад пяра руплівых даследчыкаў не так часта. “Крыж міласэрнасці” – твор тэматычна багаты, аднолькава дакументальны і мастацкі. Калі зацікавіцца архівам Валянціны Коўтун, можна пабачыць вялікую колькасць дзённікаў і нататнікаў, дзе аўтарка занатоўвала не толькі звесткі аб жыцці і творчасці грамадскай дзяячкі, але і факты гістарычнага кантэксту. Уражвае дакладнасць дэталяў: кошт у крамах Пецярбургу, месцазнаходжанне кавярняў, расклад культурных мерапрыемстваў тых гадоў, калі Алаіза Пашкевіч атрымлівала ў гэтым горадзе адукацыю. Ва ўсёй красе разумееш глыбіню падыходу!

На старонках кнігі ажывае шмат іншых знакамітых людзей той эпохі — Я. Купала, І. Франко, Э. Ажэшка, К. Каганец, браты Луцкевічы, В. Іваноўскі і шматлікія іншыя. Цётка раскрываецца чытачу як грамадская дзяячка, рэвалюцыянерка, паэтэса і, самае галоўнае, як Жанчына і Чалавек.

«Меч князя Вячкі», Леанід Дайнэка.

меч вячкі.png

Прыгодніцкі раман на гістарычнай аснове. Сюжэт – гераічная барацьба гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі. Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.

Гэта кніга пра тое, на што ідуць патрыёты, як моцна можна любіць Радзіму і на якія дзеянні гатовы тыя, хто хоча адабраць у цябе Бацькаўшчыну і ўсё, што з ёй звязана, нават веру ў Бога. Таксама хапае ў рамане карысных цікавостак для тых, хто неабыякавы да гісторыі: гэта і зносіны паміж рознымі слаямі насельніцтва, і ўмовы працы бедных, і лад жыцця багатых, узровень адукаванасці першых і другіх. Акрамя бытавых момантаў, прывабнымі для фанатаў Сярэднявечча будуць, вядома, вобразы шматлікіх гістарычных асоб таго часу і асабліва галоўнага героя – князя Кукейноса Вячаслава Барысавіча!.. Ну, ці проста – князя Вячкі.

У беларускай літаратуры шмат твораў пра барацьбу за роднае, традыцыі, самабытнасць, мову. Але калі вы цікавіцеся культурай Сярэднявечча і з’яўляецеся заўзятым прыхільнікам гістарычнага раману, то ўключыце і гэты твор у свой спіс для #BelBookChallenge.

«Яна была», Наталія Кухарчык, Ірына Саламаціна.

яна была.png

Мэта гэтай кнігі – падтрымаць гістарычную справядлівасць у дачыненні да нашых суайчынніц. Гэта 16 гісторый поспеху жанчын, якія жылі ў XIX і XX стагоддзях і пакінулі значны след у нашай культуры, палітыцы і навуцы.

Іх гісторыі захапляюць, іх уклад уражвае, іх прыклад натхняе. Ці ведалі вы, што першую піваварню ў Мінску адкрыла… жанчына? Што беларускія жанчыны ў розныя перыяды гісторыі станавіліся паспяховымі прадпрымацелькамі, навукоўкамі, адкрывальніцамі новых форм дызайна адзення і метадаў матэматычнага аналізу? І калі гэта зрабілі яны ў той час, то і сёння кожная дзяўчынка зможа! Кароткія, візуальна насычаныя гісторыі пра кожную з гераінь неабходныя для прачытання, бо гісторыя на тое і даецца нам, каб мець добры прыклад і не наступаць на граблі мінуўшчыны.

Кніга выдадзена на трох мовах у супрацоўніцтве з 16 беларускімі ілюстратаркамі і мастачкамі, кожная з якіх распрацоўвала вобраз той ці іншай асобы. Англійскі варыянт падаецца паралельна з рускім ці беларускім (залежыць ад выдання), і гэта – цудоўная трэніроўка для тых, хто хоча заадно падцягнуць англійскую мову.

Што бы ні кіравала вамі ў момант выбару кнігі для гэтай тэмы – прага да ведаў, пошук крыніц натхнення для новых здзяйсненняў, імкненне адпачыць душой або даведацца больш аб уласным народзе ці культуры – у гэтых кнігах ёсць усё, што вам трэба. Чытайце, спазнавайце і паглыбляйцеся ў гісторыю, бо яна – наш лепшы настаўнік.

Паліна Доля

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Крыніца: НББ

 

 

Прочитано 610 раз