Версия для печати

Бібліяфільскія эцюды. Тры кароткіх аўтографы  

  • Вторник, 05 января 2021 23:42

Ёсць свая магія ў кнігі, якая ўтрымлівае аўтограф пісьменніка. Здаецца, зусім іначай успрымаеш змешчаныя пад вокладкай вершы ці прозу, калі бачыш хаця б адно слоўца, напісанае аўтарам. Раскінутыя ці сцісла выкладзеныя літары бяруць у палон, становяцца самым трывалым мастком да свядомасці пісьменніка. Углядаючыся ў няроўныя альбо кругленькія слоўцы, трапяткія ці высечаныя прамалінейна сказы, уяўляеш сябе тым адзіным чытачом, якому літаратар адкрывае ўсе свае таямніцы. Мая бібліятэка аўтографаў пачалася са зборніка вершаў народнага паэта Беларусі Максіма Танка. 

Лета 1977 года. За плячыма — шэсць класаў. Першыя спробы пяра, якія дасылаў не толькі ў «Піянер Беларусі» і «Бярозку», але і на радыё (вось дзе была выхаваўчая сіла радыёэфіра!). І адзін з тых допісаў вядучы радыёклуба «Жывое слова» Уладзімір Міхайлавіч Юрэвіч адзначыў самай высокай узнагародай. У маю родную Зацітаву Слабаду пошта прынесла бандэроль з дзвюма кнігамі: «Дарога, закалыханая жытам» народнага паэта Беларусі Максіма Танка і «Тры аповесці» Барыса Сачанкі. Дарэчы, пасля знаёмства са зборнікам апоавесцяў Барыса Сачанкі я ўжо стараўся ў кнігарні не прапусціць ніводнай кнігі пісьменніка. Так на маіх паліцах у Зацітавай Слабадзе з’явіліся і «Ваўчыца з Чортавай ямы», і тры тамы рамана «Вялікі Лес»… І ў гэтым таксама выяўляецца роля аўтографа – прыцягненне, цікавасць да творчасці таго ці іншага літаратара.

На зборніку вершаў Максіма Танка — такі вось надпіс: «Алесю Карлюкевічу — пераможцу конкурса радыёклуба «Жывое слова». Максім Танк. Мінск, 26/VI 1977 г.». Гэта я ўжо пазней разгледжу, што арыгінальным з’яўляецца толькі подпіс. Прозвішча маё і пазнака пра перамогу надпісаны іншай рукой. А тады ўсцешвала ўжо адно тое, што кніга адрасавана самім Танкам. Дагэтуль з яго кніг я меў толькі адзін зборнік — «Каб ведалі», выдадзены па-руску: «Чтоб ведали»…  Была, праўда, і кніга Рыгора Бярозкіна «Паэзія праўды» з грунтоўным нарысам пра паэта... Так што, і шасцікласнікам я ведаў веліч Танка не толькі з-за яго грамадскай вядомасці. Але і таму, што ў раздзеле «Паэзіі праўды» (Мінск, 1958), прысвечаным Танку, вычытаў наступнае: «Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Ва ўмовах заходнебеларускай рэчаіснасці іх палымяная, прасякнутая любоўю да прыгнечанага народа дарэвалюцыйная творчасць гучала вельмі жыва і актуальна…» А Купала і Колас — гэта для шасцікласніка, зразумела, былі першыя мастацкія, літаратурныя аўтарытэты. Цяпер цытуючы Бярозкіна, крыху і смяюся з колішняй дзіцячай наіўнасці, бо знаходжу на палях старонак з «танкаўскім» артыкулам і свае тагачасныя запісы. Як, напрыклад, вось гэты: «Уплывы дзейнічалі і дзейнічаюць на ўсіх пачынаючых. Але ці трэба вініць у гэтым тых, хто сваёй творчасцю аказаў уплыў?..» Гэта я запісаў унізе на 260-й старонцы. Відавочна, пасля таго, як прачытаў у Бярозкіна: «Праблема ўплываў — праблема надзвычай складаная… Калі ў эпілогу да «Нарачы» паэт піша: «А я хачу… ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца апырсканы кроўю гарачаю верш», дык мы адразу ж прыгадваем лермантаўскі «Железный стих, омытый горечью и желчью». Усё гэта прыклады творчага пераасэнсоўвання традыцый у адпаведнасці з уласнай ідэйнай задумай.

Не тое што ў ранніх вершах Танка, дзе ўплывы самыя супрацьлеглыя засланялі індывідуальнае аблічча паэта. Тут і Горкі, і Кальцоў, і Ясенін, і Багдановіч, і польскія рамантыкі, і Купала, і другарадныя, далёка не ўсім вядомыя рускія паэты 60-х гадоў. «Пераніцаваны» Ясенін чуецца, у прыватнасці, у такіх радках:

І полем новым я пайду…

Напеў забыты вецер свішча

І гоніць мокрую зару

На медна-горкае іржышча.

Гэта — Ясенін валацужных песень. Ці быў ён патрэбны, гэты (выдзелена Рыгорам Барадуліным. — А. К.) Ясенін, Танку трыццаць пятага года?..»

Так што, да чытання, да следавання «палявой дарогай, закалыханай жытам» я быў у некаторай ступені падрыхтаваны. А што да асалоды паэтычнага светаўспрыняцця, якую дарыў літаральна кожны танкаўскі радок, то яе не магла парушыць нават такая выдавецкая анатацыя да зборніка: «У кнігу ўвайшлі верша аб партыі, Радзіме, аб працоўных здзяйсненнях сучаснікаў. Пранікнёна, па-майстэрску піша Максім Танк аб прыгажосці беларускай зямлі: яе барах і азёрах, палях і рэках». Гэта сёння я бачу, што ёсць усё ж у кнізе «Сонца рэвалюцыі» і яшчэ колькі падобных вершаў. Але і тады, і цяпер яны не кідаліся і не кідаюцца ў вочы. Кідалася, прыцягвала, брала ў палон іншае. І гэты, мусіць, верш таксама:

Без цябе ўсе мае дні —

           глухія і будныя.

Хоць надзею пакінула б

          ты мне на свята.

 

Без цябе ўсе вятры —

         колкія і паўночныя.

Хоць адзін з іх

          дыханнем сваім ты сагрэла б.

 

Без цябе ўсе дажджы —

        шэрыя і маркотныя.

Хоць адзін з іх

       ты апаясала б вясёлкай.

 

Без цябе

       ўсе дарогі вядуць на выгнанне.

Хоць бы нітку дала мне

     з клубка Арыядны.

 

Без цябе

      мае песні адлятаюць у вырай,

І не знаю,

      вяртання іх ці дачакаюсь.

…Прайшлі гады. Пасля роднага дому я апынуўся ў Львове. Чатыры гады вучыўся на ваеннага журналіста. Стараўся пісаць у беларускія газеты і часопісы. Нешта нават друкавалася. З таго часу пазнаёміўся і з паэтамі, празаікамі, якія працавалі ў беларускім друку. Затым правёў амаль тры гады ў  Ашхабадзе. У Туркменістане мне пашчасціла пазнаёміцца шмат з кім з туркменскіх пісьменнікаў. Літаральна ўсе яны паэзію Танка ведалі, многія вылучалі яго як жывога класіка беларускай літаратуры. А да ўсяго астатняга Яўген Іванавіч ў 1983 годзе гасцяваў у Туркменістане, па тым часе — у Туркменскай ССР. Пра гэта — і ў дзённіку паэта. Чытаем запіс ад 18 кастрычніка 1983 года: «…Дома застаў тэлеграму, у якой туркменскія сябры запрашаюць на 250-годдзе Махтумкулі. Відаць, паеду…» Пэўна ж, як вынік тае паездкі — два «туркменскіх» вершы Максіма Танка: «Махтумкулі» і «Туркменскі дыван»… Упершыню яны надрукаваны ў вераснёўскім нумары часопіса «Полымя» за 1984 год.

Калі я ў 1985 годзе аказаўся ў Ашхабадзе, вершы Танка з прыцэлам на пераўвасабленне на мову Махтумкулі ўжо чыталі народны паэт Туркменістана Керым Курбанняпесаў, паэт Сапар Ураеў (ён якраз пазней і выдасць кнігу беларускага мастака слова па-туркменску). А я час ад часу буду дакучаць Яўгену Іванавічу сваімі паштоўкамі і кароткімі лістамі. Таму і з’явіцца 16 красавіка 1987 года ў танкаўскім дзённіку такі запіс: «Піша А. Карлюкевіч, што К. Курбаніпесаў рыхтуе на туркменскай мове зборнік маіх вершаў…»

І калі ў Ашхабадзе яшчэ не было такой смагі па роднаму слову (усё ж замаўляў беларускія выданні праз «Кнігу — поштай»), выпісваў беларускія газеты і часопісы, то на Кубе, куды я патрапіў у маі 1988 года, так, выехаў з Ашхабада ў красавіку, а дабраўся ў маі (выйшаў на караблі «Фёдар Шаляпін» з порта Адэсы напрыканцы красавіка, а ступіў на бераг Гаваны ў сярэдзіне мая) кнігі беларускай не ставала. Хіба што я прывёз з сабою томік абразкоў Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Вось і папрасіў Максіма Танка даслаць што новае… Праўда, бандэроль папрасіў адправіць на адрас бацькоў маёй жонкі, у мястэчка Пухавічы. З разлікам, што яны ўжо нейкім чынам перададуць. Кнігі на мой кубінскі адрас чамусьці не дазвалялася перасылаць. Такія былі законы вайсковай пошты. Лісты ў канвертах – можна, а вось кнігі нават ў тонкай бандэролі – не. Яўген Іванавіч акуратна выканаў просьбу, даслаўшы два томікі — «За маім сталом» («Мастацкая літаратура», 1984 год) і «Збор калосся» («Мастацкая літаратура», 1989), надпісы на якіх датаваны 20 красавіка 1990-га…

Так склалася, што адкрыў я іх, вачыма, пачуўшы» «…на добры ўспамін» і «з найлепшымі пажаданнямі», усё ж толькі ў Пухавічах а другой палове чэрвеня 1990-га…  Калі ўжо вярнуўся ў Беларусь назаўсёды. «Збор калосся» завяршалі вось гэтыя восем радкоў:

Каб лягчэй было ў дарозе,

Трэба на ўсіх указальніках

Замест кіламетраў

Напісаць:

«Ідзіце!

Не аглядайцеся,

Бо жыццё яшчэ —

Перад вамі».

Дарэчы, у «Зборы калосся» перачытаў знаёмыя мне ўжо вершы «туркменскі дыван» і «Махтумкулі». «І я рад, што ў сяброў сваіх мог пагасціць. / Ад маіх беларускіх бароў, ніў, крыніц / Палымнеючых кветак вянок палажыць / Ля падножжа славы Туркменіі», — так завершыў свой расповед пра паездку на святкаванне 250-годдзя Махтумкулі Максім Танк.

У зборніку «За маім сталом» уразіла і наступная акалічнасць. Два вершы ў дасланым мне асобніку былі з рукапіснай праўкай. Почырк ізноў жа Максіма Танка. У вершы «На карыдзе» дададзена пасля слова «Эльгрэкаўскіх» слова: «манахаў» Затым ідзе ізноў жа дададзенае: «галубоў…» А далей: «…Пікаса!» У кнізе было надрукавана:

Я згодзен з Ірвінгам,

Што ўся Іспанія —

        зачараваны край.

Бо дзе наяве

Ты сустрэнеш столькі

Жывых Калумбаў, Дон Кіхотаў,

Матак боскіх,

Махаў Гоі,

Эльгрэкаўскіх Пікаса!

Павінна ж быць, згодна танкаўскай праўцы:

Матак боскіх,

Махаў Гоі,

Эльгрэкаўскіх манахаў

                 і галубоў Пікаса!

Зазірнуўшы, дарэчы, у новы збор твораў Максіма Танка (5 том), знайшоў верш «На карыдзе». Публікацыя, відаць, зроблена па кнізе. Так што, і туды «прыпаўзла» выдавецкая памылка 1984 года са зборніка «За маім сталом». Шкада. Хаця ў дадзеным выпадку тут не правіна тых, хто рыхтаваў 5-ы том. У каментарыях жа яны пазначаюць, што ў аўтографе (чарнавый) радок «І галубоў Пікаса» быў. Толькі ў кнізе ён адсутнічае. Ёсць і іншыя адрознасці, калі меркаваць па аўтографу. Але ж у выпадку з «галубамі Пікаса» і «Эльгрэкаўскімі манахамі» сітуацыя іншага плану, чым з астатнімі радкамі. Справа ў тым, што «Эльгрэкаўскіх Пікаса» — гэта відавочная памылка.

Як і ў публікацыі верша «***Дзякуючы звар’яцелым…» У кнізе чытаем:

Дзякуючы звар’яцелым

Дасягненням навукі

Усё больш і больш знаем

Аб першых днях нараджэння Зямлі,

Хоць мінулі мільёнагоддзі.

Усё больш і больш знаем,

Што яе чакае заўтра.

Так — і ў пятым томе новага збору твораў. А рукою Максіма Танка ў перадапошнім радку ў маім асобніку закрэслена «больш і больш», ды ўпісана: «менш і менш». Што, пагадзіцеся, калі ўважліва чытаць верш, і адпавядае логіцы: мы ведаем усё больш пра далёкі ўчарашні дзень і цьмяна ўяўляем свае перспектывы.

…За гады чытання паэзіі Максіма Танка сабралася невялікая бібліятэчка кніг Танка і кніг пра Танка. Так, ёсць у ёй і кнігі пра паэта, што таксама мною перачытваюцца. Асоба класіка нацыянальнай паэзіі, зробленае ім у літаратуры і для развіцця літаратуры — усё гэта павінна застацца ў гісторыі нашай Айчыны навечна. Дарэчы, нектаорыя кнігі пра Танка – таксама з аўтографамі… Гартаць іх доўгі час было для мяне вышэйшай асалодай, такім вось бібліяфільскім адпачынкам. Чаму «было»… Ды па той простай прычыне, што шмат што са сваіх кніг, падараваных мне пісьменнікамі, я ўжо перадаў у бібліятэчныя і музейныя зборы: і Брэсцкую абласную бібліятэку імя Максіма Горкага, і ў прыватны музей славутага радзімазнаўцы Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава ў Сёмкава Мінскага раёна, і ў Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 1105 раз