У “Мастацкай літаратуры” запланаваны да выпуску альманах перакладаў твораў прозы, паэзіі розных народаў і краін. Мяркуецца, што зборнік “Далягляды”, за плячыма якога – даўняя гісторыя, пабачыць свет да адкрыцця чарговага мінскага лютаўскага кніжнага кірмашу.
– Гадавік ужо складзены, – расказвае галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп. – Магчыма, сёе-тое яшчэ дадасца. Але ў асноўным змест ужо вызначаны. Будуць прадстаўлены літаратуры ЗША, Кітая, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Ізраіля, Сербіі, Турцыі, Бангладэш, Эквадора, Украіны, Літвы, Азербайджана, Туркменістана, Таджыкістана, Узбекістана, Расіі. З перакладчыкаў свае работы нам прадставілі Андрэй Хадановіч, Юлія Алейчанка, Аксана Данільчык, Павел Касцюкевіч, Іван Чарота, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец, Рагнед Малахоўскі, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша, Адам Шостак…
І калі паэзія Кітая добра вядомая праз іншыя публікацыі ў апошнія гады (выходзіць адмысловая серыя “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, пабачылі свет дзве аўтарскія анталогіі перакладаў з кітайскай паэзіі Міколы Мятліцкага), то літаратуры Эквадора і Бангладэш у некаторай ступені з’яўляюцца адкрыццём для беларускага чытача. Апавяданне эквадорскай пісьменніцы Давіны Пасос пераклаў Рыгор Ляшук. А вершы бенгальскага паэта Казі Назруло Іслама – Навум Гальпяровіч. Досыць грунтоўна прадстаўлены ў “Даляглядах-2019” нацыянальныя літаратуры народаў Расіі. З башкірскай паэтэсай Зульфіёй Хананавай знаёміць Марыя Кобец, вершы татарскага паэта Закі Нуры ўзнаўляе па-беларуску Мікола Мятліцкі. А Рагнед Малахоўскі пераклаў чачэнскую паэтэсу Лулу Куні, лакскага паэта Аляксея Гаджыева, калмыцкага – Міхаіла Хонінава, удмурцкую паэтэсу Ларысу Марданаву.
Завяршае гадавік раздзел “Узаемасувязі”, у якім расказваецца пра стасункі беларускай літаратуры з літаратурамі Таджыкістана, Узбекістана, Расіі.
Сяргей Шычко