Среда, 21 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дзяцінства пражываецца неаднойчы

Дзяцінства, аказваецца, пражываецца неаднойчы. Першы раз у тым самым перыядзе ад маленства да юнацтва. А потым — калі становішся мамай.

Менавіта пражыванне дзяцінства ўжо твайго дзіцяці дае магчымасць зноў перажыць такую прыўкрасную, часам хваравітую і ў чымсьці дзіўную пару нанава.
Але ў гэтым стане нібыта раздвойваешся — бо адказнасць скоўвае, перажыванні за жыццё (у маім выпадку) сына абцяжарваюць, і ў той жа час я разам з ім пагружаюся ў моманты невыказнага шчасця, якое ўласціва толькі бесклапотным дзецям.
Я ўспамінаю сябе, якой была, аб чым марыла, як дзейнічала і чаго баялася.
У сем гадоў ужо сама тупала ў школу. Мы жылі ў маласямейцы ля метро «Пушкінская», а будынак школы знаходзіўся за двума дзіцячымі садкамі. Абысці іх уздоўж сеткавай агароджы, падняцца на горку (зімой гэта звычайна ператваралася ў цэлыя прыгоды: не-не, ды скоцішся на слізкай падэшве назад, уніз) — ты на месцы.
Сёння сына ў школу адводжу я, нягледзячы на тое, што ён у другім класе. Чаму ж трывожна адпускаць яго аднаго? Што змянілася за трыццаць гадоў? Ну, трэба перайсці дарогу — дык ён ведае правілы руху. Жывём мы ў цэнтры, школа, так, у іншым квартале, але насамрэч да яе рукой падаць.
Вяртаюся ў свае школьныя паходы і не намацваю ніякай трывогі. Начапіла заплечнік і пабегла, па дарозе сустракаючы аднакласнікаў. Сына я вяду дварамі, акуратна пераходзячы дарогу, і ніяк не магу прымусіць сябе прывучыць да думкі, што, па сутнасці, ён мог бы справіцца і самастойна. Не-не, занадта страшна. Машыны, людзі незнаёмыя…
А раней жа дзеці гулялі ў двары на пляцоўках без бацькоўскага нагляду. Мы насіліся адно за адным чарадой, часта ўцякалі то за дом да праезнай часткі, то на могілкі, на Кальварыйскіх было на што паглядзець. Шукалі таемны ўваход, што, як казалі (хто казаў? Ужо і не памятаю, ад каго пайшла тая легенда), вёў да царквы, якая месцілася дзесь далёка, у самым цэнтры горада. Уваход, зразумела, не знайшлі. Але было гэтак займальна гойсаць паміж магіл, трошачкі пабойваючыся мёртвых, каб потым бегчы назад у двор, усцешаным уласнай адвагай.
Бацькі клікалі нас дадому проста з балконаў. Ніякіх мабільных тэлефонаў — выключна галасы з высокіх паверхаў: «Міша-а, дамо-оў!», «Дачушка, пара вячэраць!» Задзіралі галовы, шукалі свае балконы, з якіх падалі ўніз высокачастотныя гукі родных галасоў.
Цяпер азірнешся навокал — усюды на пляцоўках дзеці пад наглядам. Бацькоў, занураных у тэлефоны, ці, у крайнім выпадку, суседзяў. («Вы ж усё адно тут сядзіце, то прыглядзіце за маім таксама, пакуль я па справах збегаю»). У якім узросце дзяцей можна адпускаюць на вуліцу адных? Ніхто з дарослых сёння не ведае дакладнага адказу. Тых самых дарослых, што ганялі па дварах, губляючыся ў іх цёмных кутах, калі кожны куст, кожнае адчыненае падвальнае акно, гарышча, дахі, бетонныя трубы, зваленыя ля дарогі, рабіліся таемнымі пячорамі, лабірынтамі, крэпасцямі, месцамі разгулу неўтаймаванай фантазіі.
Так, мы часта прыпаўзалі з разбітымі каленкамі, сінякамі, ранкамі: матуля мазала ёдам, цяжка ўздыхала ды прасіла быць асцярожней. І ўсё. Бяжыш сабе зноў, свабоднае і лёгкае дзіця, якое не ведае, што такое кантроль.
Дадатак на тэлефоне з дакладнай геалакацыяй. Званкі кожныя дваццаць хвілін. Праслухоўка.
 «Часы зараз іншыя» — кажуць многія. А ці іншыя? Злых людзей хапала заўсёды. Так, аўтамабільны рух узмацніўся ў разы. Раней тратуары былі вольныя для пешаходаў, сёння на іх коламі залазяць машыны. Па сутнасці, вось і ўсе страхі. Зло і бестурботнасць пераследуюць дзяцей з года ў год, але раней мы гулялі самі, а зараз пад наглядам мамы, таты або бабулі.
І я так хачу, каб мой сын пражываў сваё дзяцінства ў такой жа чароўнай бесклапотнасці, як і я. Каб насіўся з сябрамі ў шумным гомане па дварах, спасцігаючы дзіўны свет вакол сябе. Не аглядаўся на маму, не пытаўся дазволу, ці можна яму збегаць вунь туды, паказваючы рукой за кут дома, дзе высокі парапет/ бамбасховішча/кусты/горка або палянка а-ля футбольны стадыён.
Але не магу яго адпусціць. Не магу. Мне страшна. Я разам з іншымі бацькамі вымушана ісці за дзіцем, зноў і зноў задаючы сабе пытанне: «А калі ўжо можна адпусціць яго аднаго?»
А яшчэ мы скардзімся, што сёння нашы дзеці жывуць у тэлефонах, там у іх свой свет — гульняў, Ютуба... Узрост адчуваецца як ніколі. Першая прыстаўка з’явілася ў мяне дзесьці ў гадоў дванаццаць. Гуляла спачатку начамі, так было цікава. А да гэтага дзяцінства было выключна аналагавым: так яго можна апісаць праз трыццаць гадоў. Домікі для лялек з кардонных каробак, пячоры з коўдры, хованкі і «сляпы кот».
Ды вось у чым справа: нягледзячы на бясконцае жаданне пагружацца ў ірэальны свет, дзеці ўсё роўна гуляюць, толькі зараз у іх іншыя цацкі. Сёння не трэба рабіць кардонны дамок для лялек — яго можна купіць у краме, і ён неверагодна шыкоўны. Чалавечкі з мабільных гульняў, зробленыя з пластыку… імі хлапчукі працягваюць ваяваць на стале, на падлозе ці ў пясочніцы, узнаўляючы ўпадабаныя сюжэты.
Дзяцінства рознае, але аднолькавае ў момантах шчасця, калі ёсць побач сябры, любімыя людзі і фантазія.
Галоўнае — нам, бацькам, памятаць, якімі былі мы самі ў дзіцячым узросце, і даваць магчымасць нашым дзецям пражыць гэтую пару, кіруючыся ўнутраным зовам маленькага чалавека. І за пластылін на шпалерах не лаяць. Шпалеры можна пераклеіць, а вярнуць дзяцінства, на жаль, не атрымаецца. Хіба што ледзь-ледзь. Аднак гэта будзе ўжо нешта іншае, бо не хвалявацца за дзіця ўжо не атрымаецца.

Ганна Златкоўская

Крыніца: Маладосць

Прочитано 794 раз