Суббота, 21 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Пекін: чарговыя кніжныя спадзяванні

  • Воскресенье, 13 августа 2017 02:58

22 жніўня пачне сваю працу чарговая кніжная выстаўка ў Пекіне. Несумненна, сустрэча кнігавыдаўцоў і пісьменнікаў у Кітаі стане ў чарговы раз ці не самым знакавым кніжным праектам года. Будзе прадстаўляць аўтарытэтная дэлегацыя і Беларусь кніжную.

Кожная паездка на кніжную выстаўку – гэта спадзяванні на тое, што ўсё ж удасца паказаць усе ці хаця б некаторыя вартасці сучаснага кнігавыдавецкага працэсу ў нашай краіне, а таксама ўдасца прывезці з выстаўкі нешта новае, дагэтуль нязведанае. Ці так будзе ў выпадку з паездкай у Пекін?.. Літаральна праз некалькі тыдняў гэта будзе вядома дакладна. Сёння можна хіба што толькі меркаваць пра магчымыя вынікі сустрэчы з Пекінам кніжным і спадзявацца на тое, якія ідэі будуць прывезены ў Беларусь з Кітая.

Канешне ж, калі падсумоўваць “кітайскую тэму” у Беларусі апошняга часу ў частцы кніжнай, то нам сапраўды ёсць што паказаць у Пекіне. Мяркуйце самі. Выдавецкі дом “Звязда” выдаў у 2012 годзе аўтарскую анталогію “Пад крыламі Дракона: сто паэтаў Кітая”, у якой лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі пераўвасобіў на беларускую мову творы 100 паэтаў Кітая розных часін. Кніга стала вялікай падзеяй. Дарэчы, тыраж яе склаў 2500 экзэмпляраў, што як для перакладной кнігі, так і для паэтычнай кнігі ўвогуле проста ўнікальны выпадак. Між іншым, фінансаваннем анталогіі апекаваліся як міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, так і Кітайская Народная Рэспубліка праз праграму дзейнасці Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Асобным зборнікам выйшла досыць грунтоўная кніга “Стагоддзе на знаёмства”, дзе разам прадстаўлены пераклады кітайскай прозы і паэзіі розных гадоў. Размова менавіта пра стагоддзе зусім не выпадковая – па той простай прычыне, што кітайскую літаратуру перакладаюць у Беларусі сапраўды ўжо болей як 100 гадоў. Цэлы век беларуска-кітайскай літаратурнай дружбы!.. Век, у хадзе якога адзначыліся і “Наша ніва”, і Уладзімір Дубоўка, і перакладчыкі кітайскай літаратуры ў 1940 – 1960-ыя гг. – Сяргей Дзяргай, Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Васіль Вітка, Мікола Татур, Лідзія Арабей, Янка Брыль… Так, асаблівым усплескам вызначаюцца якраз 1950-ыя – пачатак 1960-х гадоў. Пакуль што нават сённяшняе актыўнае развіццё беларуска-кітайскіх стасункаў ва ўсіх накірунках не справакавала такіх абсягаў. Хаця якраз для сённяшняга часу характэрнай з’яўляецца іншая з’ява – у Мінску актыўна  выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя даследванням кітайскіх аспірантаў, дысертантаў, якія авалодваюць навукай у Беларусі і, як правіла, тыя ці іншыя культуралагічныя ці мастацтвазнаўчыя тэмы разглядаюць у параўнанні, праз параўнанне нацыянальных культур, нацыянальных укладаў жыцця. Нават па памяці магу засведчыць такога кшталту манаграфій выдадзена ніяк не меней 10-15… А мо нават і болей іх выдадзена. Шкада, што, за рэдкім выключэннем, яны мала рэцэнзіруюцца, пра іх амаль не пішуць у беларускім друку. Не ведаю, ці пішуць пра іх у кітайскім друку.

Выдавецкі дом “Звязда”, пачынаючы з 2014 года, выдае кніжную серыю “Светлыя знакі: паэты Кітая”, у якой пабачылі свет да сённяшняга дня зборнікі вершаў Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжаа, Ван Гочжэня, Мэн Хаажаня, Сюй Чжымо. Дарэчы, палова з гэтых кніг ужо друкуецца на дзвюх мовах – беларускай і кітайскай. Да кожнага са зборнікаў падаецца прадмова, ідуць адпаведныя каментарыі. Звяртаючы на гэта асаблівую ўвагу, хацелася б сказаць, што кнігі маглі б выкарыстоўвацца і ў справе авалодвання кітайскай мовай на розных узроўнях. Што ўжо казаць пра тое, што авалодванне пытаннямі кітайскай нацыянальнай культуры, кітайскай гісторыі, кітайскай філасофіі зусім немагчыма без таго, каб не звярнуць увагу на гісторыю развіцця кітайскай паэзіі. Бо вядома, што паэзія ў Кітаі – мае значэнне шматкроць большае, чым паэзія ў нашых еўрапейскіх ўяўленнях, у нашым усведамленні. Для кітайцаў паэзія – частка агульнай культуры, складнік іх нацыянальнай філасофіі.

Да расповяду пра засваенне кітайскай літаратуры праз мастацкі пераклад (а ёсць жа яшчэ і публікацыі ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы, ужо выпушчаны спецыяльныя “кітайскія нумары” часопіса “Маладосць”) можна дадаць і той факт, што выдадзены цэлы шэраг кніг публіцыстычнага характару пра Кітай, пра ўражанні беларусаў ад знаёмства з Паднябеснай, ды і наадварот – пра ўражанні кітайцаў ад знаёмства з Беларуссю. Гэтыя выданні пабачылі свет і ў Выдавецкім доме “Звязда”, і ў БелТА, і ў выдавецтве “Рифтур”, і ў іншых выдавецтвах нашай краіны.

Не такім шырокім падаецца поле знаёмства кітайцаў з беларускай літаратурай на кітайскай мове. Хаця, калі разглядаць бібліяграфію на гэтую тэму ў кантэксце ўсяго XX стагоддзя і апошніх пятнаццаці гадоў, у прыватнасці, то, відавочна, можна набраць некалькі дзясяткаў назваў беларускіх кніг на кітайскай мове. Прыблізна – 50-60 назваў… Выдавалі ў Пекіне, Шанхаі, іншых буйных гарадах Паднябеснай і кнігі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Паўла Кавалёва, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, магчыма, кагосьці яшчэ… Дарэчы, творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч пачалі выдавацца ў Кітаі задоўга да прысуджэння нашай суайчынніцы высокай міжнароднай літаратурнай узнагароды. Яшчэ ў 1990 годзе ў Кітаі выйшла яе кніга “Цынкавыя хлопчыкі” у перакладзе Гао Мана. Зараз па-кітайску выдадзены і аповесці “У вайны не жаночы твар”, і “Чарнобыльская малітва”… Існуе нават некалькі розных перакладаў адных і тых самых аповесцяў Святланы Алексіевіч. Па-кітайску выдадзены і “Я з вогненнай вёскі” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і “Блакадная кніга” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. Зразумела, гэтыя кнігі ўспрымаліся і ўспрымаюцца ў Кітаі як з’явы савецкай і мо нават рускай савецкай літаратуры.

Пасля 1990-х гадоў творы сучаснай беларускай літаратуры, акрамя аповесцяў Святланы Алексіевіч, і не перакладаюцца і не выдаюцца. На крайні выпадак я такіх прыкладаў не ведаю. Хаця існуюць памкненні і міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, і органаў дзяржаўнага кіравання Кітая адносна ўзаемных перакладаў. Кітайскі бок нават прапанаваў цэлую праграму з канкрэтнымі назвамі. Засталося такую праграму скласці і беларусам. Але, безумоўна, для яе паўнавартаснай рэалізацыі патрэбна наладзіць перш-наперш міжвыдавецкія стасункі. Мо так здарыцца пасля сёлетняй сустрэчы беларускіх і кітайскіх кнігавыдаўцоў на выстаўцы ў Пекіне? Пагадзіцеся, і падставы, і вопыт для наладжвання такіх канкрэтных стасункаў ужо ёсць.

Магчыма, у дарозе па стварэнню атмасферы спрыяння беларускай літаратуры, беларускай кнізе трэба наладзіць паўнавартасны саюз не толькі беларускіх і кітайскіх выдаўцоў, а яшчэ патрэбна стварыць своеасаблівы беларуска-кітайскі цэнтр па падтрымцы мастацкага перакладу ў Мінску з адпаведнай філіяй у Кітаі на базе аднаго з выдавецтваў. Другі практычны крок, які нельга не ажыццявіць, – складанне на  базе экспертных ацэнак з удзелам айчынных літаратуразнаўцаў наўмыснай праграмы па перакладу беларускай літаратуры на кітайскую мову. І тут варта не забыцца на беларускую нацыянальную класіку. Не ведае кітайскі чытач ні Максіма Багдановіча, ні Максіма Гарэцкага, ні Міхася Стральцова, ні Вячаслава Адамчыка, ні Уладзіміра Караткевіча… Хаця апошні са згаданых класікаў, напрыклад, перакладаўся на в’етнамскую мову. Можа быць, паспрабаваць спачатку арганізаваць пераклад згаданых аўтараў хаця б з разлікам на публікацыю ў перыядычным друку?.. А следам звярнуць увагу на Людмілу Рублеўскую, Андрэя Федарэнку, Алеся Бадака, Альгерда Бахарэвіча, Юрку Станкевіча, Уладзіміра Сцяпана, Адама Глобуса…

І другі складнік магчымых практык, магчымага вопыту, які проста нельга не прывезці з Пекінскай кніжнай выстаўкі, – тэхналагічны вопыт у выданні кніг, паліграфічныя, друкарскія парады. Асабліва гэта датычыць перспектыў выдання маляўнічай дзіцячай літаратуры, выдання мастацкіх альбомаў і мастацтвазнаўчых кніг, пазнавальнай літаратуры.

А што і як адбудзецца на самай справе – пакажуць наступныя дні, сам удзел беларускіх выдаўцоў у чарговай Пекінскай выстаўцы, характар беларуска-кітайскіх кніжных перамоў… Будзем спадзявацца на лепшае.

Алесь Карлюкевiч

Прочитано 832 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии