Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Карціна паводле апавядання Быкава распавяла пра сталінскія рэпрэсіі

  • Понедельник, 09 октября 2017 00:25

Паказы ў Мінску, Гомелі, Маладзечне, Слуцку, Нясвіжы ды іншых гарадах — рэжысёр Аляксей Туровіч дэманструе краіне свой мастацкі фільм «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. Гадзінная карціна звяртаецца да часоў сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў, што можна лічыць пэўным эксклюзівам у сучасным беларускім кіно. У той час як афіцыйны кінематограф канцэнтруецца на іншых тэмах (ды, на мой погляд, часцей «не на тых»), Аляксей Туровіч за, па яго словах, уласныя грошы запоўніў прабел ды яшчэ і трапіў у кан'юнктуру.

Усё, што датычыцца ўрочышча Курапаты, цяпер сапраўды «на хвалі», а беларускім кінематографам тэма сталінскіх рэпрэсій 1930-х крыўдна ігнаруецца. Магчыма, з-за таго, што ў краіне ў прынцыпе здымаецца няшмат фільмаў. Таму цікавасць да карціны «Жоўты пясочак», паказы на вялікім экране сталічнага кінатэатра «Масква» і абмеркаванне ў колах інтэлігенцыі магу патлумачыць толькі гарачай тэмай і базаваннем на апавяданні Васіля Быкава, бо з пункту гледжання мастацкага твора «Жоўты пясочак» я ўсур'ёз не ўспрымала б. Быкаў аказаўся даволі прымітыўна і літаральна перакладзеным на аўдыявізуальны спосаб расказвання — дзеяннем, дыялогамі і закадравым тэкстам (а гэты рудымент літаратурнай традыцыі кіно, як віду мастацтва, нічога не дабаўляе). Ніякага міжрадкоўя, апроч мімалётных, часам штампаваных, падсэнсаў.

Нельга не адзначыць, што Аляксей Туровіч, у рамках сваіх магчымасцяў і бюджэту, сапраўды імкнецца перадаць нешта «метафарычна», толькі непрацуючую кампазіцыю кадра, механічнасць пастаноўкі, штучнасць аматарскага тыпу, надуманы псіхалагізм, непатрэбныя паўзы ў дыялогах і нязграбнасць фільма ў цэлым гэта не выратоўвае. Пачынаючы ад дызайну плаката і да цэльнай карціны ўсё адсылае хутчэй да кінаамбіцый, чым уласна да мастацтва кіно. Таму грунтоўнасць і своечасовасць тэмы застаюцца галоўнай вартасцю карціны «Жоўты пясочак».

Апавяданне Васіля Быкава, адпаведна і фільм Аляксея Туровіча, адсылае да сталінскіх рэпрэсій, якія, хоць і названыя імем аднаго чалавека, ажыццяўляліся ўсё ж праз сетку сістэмных людзей. Жорсткія, бесчалавечныя, выпеставаныя рэжымам, яны стаялі над сваімі ахвярамі быццам усеўладныя богі, а ў выніку самі траплялі ў пастку. Як былы следчы НКУС Сурвіла (у фільме яго сыграў сам Аляксей Туровіч), які разам з іншымі асуджанымі трапіў у крытую машыну, што накіроўваецца да месца расстрэлу. Дзеянне пачынаецца ў гэтай машыне, працягваецца шляхам да выкапанай ямы і канчаецца ўласна тым, чым канчаецца, — расстрэлам.

Героі — гэта памочнік каменданта Косцікаў і асуджаныя, з наўмысна дыяметральна рознымі лёсамі і шляхам да выканання прыгавору, што паказвае абсурднасць і антычалавечнасць сістэмы, якая нікога не шкадуе. Сурвілу, напрыклад, асудзілі за перавышэнне паўнамоцтваў і незаконныя метады працы, а дзядзьку Аўтуха, што жыў на мяжы з Польшчай (але ў Польшчы ніколі не быў) і не ўступаў у калгас, — за польскі шпіянаж. Па той жа прычыне ўзялі яго аднасяльчаніна настаўніка і паэта Фелікса Грома, у якога на допыце высвятлялі, што ўсё ж такі значаць гэтыя «хмары» ў яго вершаваным радку «бліскае раніца агністая на хмарах восені маёй...»? А яны нічога не значылі апроч саміх хмар, фізічнага паняцця.

Для белагвардзейца Валяр'янава гэта быў шосты арышт: нарэшце за пасылку ад сястры з Польшчы з цукеркамі для дачок ён адправіўся на расстрэл. З імі ў машыне з паламанай рукой ехаў маскоўскі грабежнік Зайкоўскі. Партыец-бальшавік Шастак, у сваю чаргу, верыў, што для яго гэты шлях — пастанова, бо ён жа самааддана выслужваўся перад кіраўніцтвам і даносіў на тых, на каго прасілі. Такая кампанія людзей, якія з розных матываў і пад уздзеяннем розных сродкаў падпісалі прызнанне і ў адной машыне адправіліся да месца расстрэлу, выкапанай ямы, жоўтага пяску.

Пры ўсім скепсісе ў дачыненні да карціны «Жоўты пясочак» у цэлым можна адзначыць, што Аляксей Туровіч здолеў стварыць на экране абсалютна абстрагаваны ад сучаснасці свет: не ведаю, наколькі ён ідэнтычны рэальным 1930-м, але ў падабенства можна паверыць. Прынамсі, звязваць дзеянне з яго часам нічога не перашкаджае, хаця рэжысёру для гэтага эфекту трэба было няшмат: аўтамабіль, касцюмы, некранутая прырода, кабінет следчага з партрэтам Сталіна і некалькі іншых лакацый для кароткіх эпізодаў. Халоднасць і блякласць сцен кабінета для допыту добра карэлююць з уяўленнем пра «крывавы рэжым», дадаюць рэалістычнасці выканаўцы роляў: калі нельга адзначыць арганічнасць акцёрскай ігры, то дакладна можна сказаць, што акцёры добра падабраныя тыпажна.

Што б яшчэ я адзначыла, дык партрэт Сталіна ў фільме пра сталінскія рэпрэсіі, якія раскрываюцца праз звычайных людзей недзе на беларускай перыферыі. Хоць палатно ў «Жоўтым пясочку» — толькі прадмет антуражу, выходзіць яно і за межы прыкладнога значэння: сімвалічна вісіць над бязлітаснай ганебнай сістэмай кшталту «Bіg Brother іs watchіng you» («Вялікі Брат сочыць за табой»). І як аўтар рэжыму, так бы мовіць.

Больш пра сам фільм, які займае нішу аматарскага кіно з глабальнымі памкненнямі і асабістымі, мала абгрунтаванымі, рэжысёрскімі амбіцыямі, гаварыць не бачу сэнсу. За свае грошы можна здымаць што заўгодна і на якім заўгодна ўзроўні. Больш трэба сказаць пра кантэкст, у якім карціна «Жоўты пясочак» з'явілася. Мала таго, што Аляксей Туровіч своечасова закрануў 1930-я гады, важна тое, што за тэму, якая ляжыць на паверхні, — выкарыстоўвай хоць для псіхалагічнай драмы, хоць для баевіка, хоць для біяграфічнай карціны, хоць для гістарычнай, — узяўся не «флагман» беларускага кіно «Беларусьфільм», а незалежны рэжысёр. І трапіў у яблычак: пры ўсёй неапраўданасці як твора мастацтва «Жоўты пясочак» атрымаў сваю хвіліну славы менавіта дзякуючы правільна абранай тэме.

А выбар тэмы можа быць удалай часткай маркетынгу, хоць гэта слова і падаецца беларускаму кінематографу чужым і непатрэбным.

Вось так незалежная беларуская карціна лішні раз маркіравала неапраўданасць надзей на нацыянальную кінастудыю, але, што датычыцца «Жоўтага пясочка», я ўсё ж раіла б выбраць яго літаратурны варыянт.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Крынiца: Звязда

Прочитано 366 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии