Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

“Мой лёс – як белая папера…”

  • Воскресенье, 12 ноября 2017 16:53

Што можна паспець зрабіць усяго толоькі за 46 гадоў жыцця..? Што можна паспець зрабіць за гэты кароткі час у паэзіі?.. Калі мераць жыццё лёсамі Пушкіна, Лермантава, Багдановіча, то, пэўна, 46 гадоў жыцця, некалькі дзесяцігоддзяў творчай работы – гэта велізарны адрэзак часу. Так, па рознаму кожнаму дадзена прайсці такі альбо меншы ці большы час. Зусім па рознаму… Кітайскі паэт Вэнь Ідо (1899 – 1946 – гады яго фізічнага жыцця) напісаў, магчыма, не так шмат, як мог бы. Сказаў, магчыма, не ўсё, што павінен быў сказаць, на што, на якія думкі і вызначэнні выводзіў яго талент.

Пачаў друкавацца з вершамі ў 1916 годзе. Закончыў універсітэт у Ціньхуа. Той самы універсітэт, які таксама закончылі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Ян Чжэньнін, славуты кітайска-амерыканскі матэматык Чэрн Шыінг-Шэн, кітайскі архітэктар Лян Сычэн, шмат хто з палітыкаў, дзяржаўных дзеячаў Кітая. З 1922 года паэт – у ЗША. Вывуче літаратуру, жывапіс. На пачатку XX стагоддзя паездкі за навукай ў ЗША, Вялікабрытанію для кітайскай літаратурнай моладзі сталі добрай традыцыяй. Так зрабіў і другі легендарны паэт – Сюй Чжымо. Можна яшчэ згадаць Лао Шы, Лінь Хуэйінь, Лінь Юйтана, Се Бінсіня, Ху Шы… Імёны для кітайскай культуры, кітайскай літаратуры далёка не шэраговыя. Хаця ехалі ў той самы час на вучобу і ў Японію. Крыху пазней – у Савецкі Саюз. У 1920-1930-ыя гады шмат для каго вучоба ў Савецкай Расіі стала выразнай пляцоўкай для засваення мастацкага свету. Бяда, магчыма, толькі ў тым, што гэтыя чужаземныя ўрокі суправаджаліся рознымі ідэалагічнымі ўплывамі. На крайні выпадак Эмі Сяо, які вучыўся ў Савецкім Саюзе, быў выразна “левым” паэтам, публіцыстам. Такім застаўся і праз усё сваё жыццё.

З Вэнь Ідо, хаця з-за некаторых адмецін часу зараз у Кітаі яго паэзія не на першых пазіцыях цікаўнасці (кітайцы зараз у чарговы раз з мастацкіх традыцый выбіраюць спрадвечнае, для іх паэтычная класіка ізноўку набывае самую вялікую вагу), адбыліся іншыя метамарфозы. Ён авалодваў навукай у самым логаве капіталізму – ЗША, а застаўся надзвычай кітайскім нацыянальным паэтам. Відаць, ён ехаў за новымі адкрыццямі, за новым засваеннем свету, ужо маючы свій уласны адукацыйны грунт. Пра гэта сведчыць яго ўвага да літаратуразнаўства, публіцыстыкі. Вэнь Ідо вывучаў творчасць Цянь Цзяня, вывучаў кітайскую міфалогію, літаратурныя помнікі старажытнай культуры. Не выпадковым выказваннем пра Вэнь Ідо падаецца і гэтая ацэнка Го Мажо: “У мінулым – не было годных папярэднікаў, у наступным не будзе роўных пераемнікаў”.

У адным са сваіх праграмных вершаў Вэнь Ідо напісаў: “Людзі кажуць, што я падобны на зорку,/ Але не такі карысны, як свечка або ліхтар./ Я ж так хачу, каб свяціць усім…” . Упартае жаданне прыносіць карысць людзям, грамадству і штурхала яго ўвесь час да заняткаў палітыкай, да выкладання сваіх палітычных, грамадскіх поглядаў у публіцыстычных выступленнях. Ён і загінуў пасля таго, як прама, публіцыстычна завострана даў ацэнку чанкайшыстам на грамадзянскай паніхідзе ў знак смерці палітыка Лі Гунпу. Але ні чайнкайшысты, ні арганізатары “культурнай рэвалюцыі” (пад ахвяры, калі б застаўся жывы, несумненна, патрапіў бы і Вэнь Ідо), не змаглі засланіць вершы, мастацкія запаветы мастака слова.

Скажы, калі ласка, хто ёсць кітаец,

Раскажы мне, як ахапіць усю памяць

Пра веліч і славу гэтай нацыі.

Ціхенька скажы мне, не трэба крычаць.

Скажы, калі ласка, дык хто ёсць кітаец…

У вершы “Малітва”, заклікаючы “не ркычаць”, ён усё ж стаў трыбунам, здольным абвастрыць найболей трапяткое ва ўмовах любога палітычнага ладу – тое трапяткое, самае галоўнае, што вызначае, ідэнтыфікуе нацыянальную і грамадзянскую годнасць чалавека, усяго народа. Ён не баяўся сказаць: “Я прыйшоў і крычу скрозь слёзы:/ “Гэта не мой Кітай!”/ Я крычу, каб было не позна/ Верыць, любіць, чакаць…”

Беларуская паэзія развівалася і развіваецца ўдалечыні ад Кітая, кітайскіх класічных канонаў. У нас – свій мастацкі свет. Але чытаю пераклады, здзейненыя Навумам Гальпяровічам, Таццянай Сівец, Алесем Емельянавым-Шыловічам, Юліяй Алейчанка, Дар’яй Нечыпарук, і думаю пра наша роднае, пра створанае і выказанае паэтычным радком Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна… Беларусі светапогляд, светапогляд маладой беларускай паэзіі ў многім блізкі і кітайскаму мастацкаму свету. Літаратурная сапраўднасць паўсюль, відавочна, аднолькавая – паэты шукаюць чалавечнасць у чалавеку, паэты імкнуцц захаваць, зберагчы гэтую чалавечнасць.

Серыя “Светлыя знакі: паэты Кітая”, прадстаўляючы кнігу вершаў Вэнь Ідо ў перакладзе на беларускую мову (а поруч з перакладамі друкуюцца і кітайскія, арыгінальныя, тэксты), фактычна святкуе ў некаторай ступені юбілей. Выходзіць дзясятая кніга серыі. Пачатак быў пакладзены зборнікам вершаў Ван Вэя (кніга выйшла напрыканцы 2014 года). Следам адзін за другім пабачылі свет кнігі Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна. Серыю прэзентавалі на кніжнай выстаўцы ў лютым 2015 года. Пасля праект стаў дапаўняцца ўсё новымі і новымі зборнікамі. Час бяжыць. За гады існавання серыі склалася кола сяброў творчага праекта. З Кітая ўважлівымі да серыі былі і застаюцца кнігавыдаўцы, літаратуразнаўцы, перакладчыкі… Вельмі ўважлівым да творчага праекта быў славуты кітайскі перакладчык і мастак-каліграф Гао Ман (на жаль, зусім нядаўна ён пакінуў гэты свет – памёр выдатны мастак слова 6 кастрычніка 2017 года). У друку Беларусі пра серыю пачалі пісаць не толькі журналісты, але і крытыкі.

Застаецца спадзявацца на доўгае жыццё праекта. Свет кітайскай нацыянальнай паэзіі настолькі багаты, што варта разлічваць на выданне серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая” як мінімум з сотні зборнікаў. Так яно і будзе. Галоўнае – верыць. І яшчэ – важна разумець, што мастацкі пераклад яднае народы, збліжае розныя перакананні, робіць уяўленні нацый і народаў адзін пра аднаго шмат шырэйшымі і глыбейшымі.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 309 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии