Понедельник, 10 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў “Маладосцi”. Святлана Воцінава. Прыгоды ў вялікай пясочніцы

  • Среда, 20 декабря 2017 00:22

Далёка не кожнаму чалавеку даводзіцца ў сваім жыцці бачыць на ўласныя вочы раскопкі. Сапраўдныя, археалагічныя, з навукова абгрунтаванымі мэтамі і паспяховымі вынікамі — знаходкамі і адкрыццямі. Ды нават і без адкрыццяў месца раскопак шмат для каго падаецца сапраўдным космасам. Мо таму гэта так, што з пясочніцы да зорак заўсёды як быццам бліжэй. Так я, прынамсі, гарэзліва думала, трапіўшы ўпершыню на раскопкі. Сапраўдныя, археалагічныя, з навукова абгрунтаванымі мэтамі і паспяховымі вынікамі.

Фота: Самыя маленькія «ўдзельніцы» археагалічнага летніка

Знаёмствы

Арцём Яўгенавіч умее стварыць інтрыгу і трымаць яе, колькі спатрэбіцца. Ні за што не захацеў расказаць раней часу пра нейкую суперзнаходку, сапраўднае адкрыццё, зробленае недзе на могілках у Лаўрышаве пад Навагрудкам. Сказаў толькі, што гэта сюрпрыз, які да нашай сустрэчы з кіраўніком моладзевага гісторыка-пошукавага летніка пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры Тэльманам Маслюковым ніхто не ўпаўнаважаны раскрыць. Але перш чым ісці на ўчастак працы да Тэльмана Віктаравіча і яго падапечных — групы моладзі і падлеткаў, апантаных прагай да выкопвання з зямлі карэньчыка за карэньчыкам у пошуку нечага нашмат болей вечнага, — мы трапляем пад увагу памочніка кіраўніка летніка Ірыны Калбасінай, на так званы манастырскі падворак, які займае двухпавярховы будынак колішняй Лаўрышаўскай базавай школы з размешчанымі ў ім манастырскай канцылярыяй, бібліятэкай, царкоўна-гістарычным музеем, трапезнай, пакоямі для пражывання той самай групы моладзі і падлеткаў і прасторным светлым калідорам-фае, дзе для іх пасля абеду будзе ладзіцца з намі сустрэча.

— Сустрэча ў клубе «Дванаццаць крэслаў», — гаворыць усмешлівая Ірына Мікалаеўна, якой Тэльман Віктаравіч паведаміў, што бібліятэкарка абяцала прадаставіць для сустрэчы акурат столькі (дванаццаць) крэслаў. — А пяць мы знайшлі самі. Астатнія ж сядуць на ложкі. Глядзельная зала ў нас будзе, што ні кажы, незвычайная.

Маім калегам па часопісах «Маладосць» і «Бярозка» шанцуе з раскопкамі ўжо колькі гадоў — з ухілам у бок традыцыі: кожнае лета дзе-небудзь у ліпені два або тры чалавекі з рэдакцыі на дзень або два выязджаюць у гэты незвычайны летнік, каб стаць сведкамі новых пошукаў і знаходак, распавесці новае пра часопіснае жыццё і знайсці сюжэты для новых тэкстаў. У пераліку апублікаванага абодвума выданнямі за апошнія гады знойдуцца рэпартажы, інтэрв’ю і артыкулы, прысвечаныя раскопкам у Лаўрышаве, і пры гэтым з кожным новым сезонам зноў ёсць пра што напісаць і ніколечкі не паўтарыцца. Такая тут жыватворная, натхняльная атмасфера. Між іншым, не без нашай дапамогі.

— З задавальненнем чытаем вашы часопісы, — адзначае Ірына Калбасіна, што нам, канечне, неверагодна прыемна.

Калі ўжо знаёміцца, дык бліжэй. Ірына Мікалаеўна Калбасіна шаснаццаць гадоў выкладала гісторыю ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Івана Шамякіна, Арцём Курэц (той Арцём Яўгенавіч, які стварыў для нас інтрыгу) быў яе студэнтам. Тады ён і захапіўся раскопкамі. А калі Арцём Яўгенавіч стаў настаўнікам гісторыі ў Аляхновіцкай школе Маладзечненскага раёна, ён сам пачаў вазіць на раскопкі вучняў, заняўшы ў экспедыцыі «пасаду» кіраўніка групы хлопчыкаў. Цяпер Ірына Мікалаеўна працуе настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства ў Калінкавіцкай гімназіі, а ў археалагічны летнік у Лаўрышава прыязджаюць разам з ёй яе былыя студэнты, у тым ліку і той самы Арцём Курэц. Ён, у сваю чаргу, стаўшы ўжо супрацоўнікам Маладзечненскай страхавой фірмы, таксама прывозіць сюды былых вучняў. Некаторыя з іх ужо нават не вучні — студэнты. Што найбольш парадаксальна, ніякія не гістфакаўцы, як можа камусьці падацца. Сярод удзельнікаў археалагічнага летніка пры Лаўрышаўскім манастыры заўважаны студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, навучэнцы ліцэяў і гімназій з Брэста, Магілёва і Гомеля, школьнікі з Маладзечаншчыны і Слоніма. Вось Анечка Ульясава з рудымі валасамі, якая дзяжурыць на лабараторнай працы — вопісе знаходак, і пра якую Ірына Мікалаеўна сказала, што дзяўчына з такімі валасамі заўсёды на паўкроку бліжэй да таго, каб лічыцца безагаворачнай прыгажуняй (на што мы адказалі: «Нават на крок»), скончыла сёлета адзінаццаць класаў і на пытанне «Куды далей?» адказала: «Юрфак».

Недзе сюды я хачу ўпісаць разважанне пра тое, што да раскопак можна папросту мець дачыненне, калі ты не гісторык (што некага мо і не здзівіць), не студэнт, захоплены гісторыяй, і нават не школьнік (гэта таксама ўжо не здзіўляе). Самым маленькім «удзельнікам» летніка па чатыры з паловай гадкі, і іх не трэба забаўляць цацкамі, як іх равеснікаў, бо самі яны каго хочаш забавяць сваёй дасведчанасцю ў тэме археалагічных знаходак і абсалютна дарослым да іх стаўленнем. Вось на стале ў калідоры ляжаць радкамі «ў чаканні Крывальцэвіча» краменчыкі — вымытыя з пяску наканечнікі стрэл, разцы, пікі і іншыя апрацаваныя рэчы і адшчэпы ад іх, і які-небудзь цікаўны дарослы, можа, значна хутчэй парушыў бы іх парадак, чым гэтыя дзве дзяўчынкі. Насамрэч, для ўдзельнікаў летніка існуе ўзроставае абмежаванне — ад 12 гадоў (і калі табе яшчэ няма шаснаццаці, то працуеш ты строга да 14.45, а не да 17.00, як астатнія), але маленькая Ева і яе сяброўка (на здымку) у разлік не бяруцца, хаця б таму, што так частаваць гасцей гарбатай, пячэннем і вафлямі, як гэта рабіла Ева, наўрад ці ў каго атрымаецца.

Такога ж захаплення і такой самай павагі заслугоўвае Арцём Курэц, які «аддае» летніку свой звычайны чарговы працоўны адпачынак.

— Такая форма адпачынку, — каменціруе з’яву Ірына Калбасіна.

 

Атмасфера

Яна стваралася з удзелам прафесара, кіраўніка папярэдніх тутэйшых летнікаў, якія мелі назву «Лаўрышаўская археалагічная экспедыцыя», выгафтаваную на майках і панамах яшчэ і сёлетняй параднай «уніформы» (яе ўдзельнікі летніка апранулі пасля абеду, перад сустрэчай з намі ў імправізаванай актавай зале «дванаццаці крэслаў плюс пяць і плюс ложкі»). Гэты артыкул прысвячаецца памяці прафесара — вядомага археолага Сяргея Яўгенавіча Рассадзіна. Яго партрэт вісіць на інфармацыйным стэндзе побач з асноўнымі патрабаваннямі да ўдзельнікаў летніка, графікам чытання малітоўнага правіла, раскладам бягучага дня, аб’явай пра творчыя сустрэчы на сёння і анонсам экскурсій на заўтра.

— Сяргей Яўгенавіч з намі заўсёды, — гаворыць Ірына Калбасіна, ладзячы нам экскурсію па будынку былой школы, класы якой на другім паверсе абсталяваны пад жылыя пакоі для хлопцаў і дзяўчат, — сціплыя, нават аскетычныя (сапраўдныя келлі), акуратна прыбраныя.

Кожны дзень ёсць нехта, хто дзяжурыць у пакоі; нехта, хто (абавязкова ў пальчатках) займаецца лабараторнай працай — ачышчэннем знаходак і іх шыфраваннем; нехта, хто накрывае і прыбірае сталы ў трапезнай; нехта, хто перад сняданкам, абедам і вячэрай чытае ўголас малітву за ўсіх.

— Манастыр дыктуе свае правілы паводзін, — каменціруе Ірына Калбасіна. — Адсюль і адпаведная вопратка, і абавязковыя галаўныя ўборы ў дзяўчын. Супольнае малітоўнае правіла ўведзена ў летніку сёлета. Мы не можам, канечне, назваць сябе рэлігійнай групай, але кажуць жа, што ў чужы манастыр…

Ірына Мікалаеўна папраўляе сябе:

— Ён нам, праўда, ужо свой, хоць і ёсць сярод нас прадстаўнікі розных канфесій. Таму на малітоўнае правіла на беларускай мове — малітвы ранішнія, дзённыя, вячэрнія — збіраецца ўся група, і абавязкова адзін чалавек, па чарзе, чытае іх уголас. Усім гэта цікава, у кожнага такі абавязак выклікае трапятанне і хваляванне. Напярэдадні «свайго» дня чытання кожны старанна яго рэпеціруе. Гэта не прымусовая справа, але патрэбная, у прыватнасці, і для таго, каб адчуць, чым жывуць манахі — людзі вакол нас.

І размеркаванні па відах работы — як послух у манастыры. Таму што кожны з удзельнікаў летніка павінен умець выконваць усе тыя работы, без якіх тут не абысціся. Кожны дзень ці праз два дні абавязкі мяняюцца.

З інфармацыйнага стэнда даведваемся, што ўчора для новенькіх удзельнікаў летніка ладзілася экскурсія ў Навагрудак — па месцах Адама Міцкевіча. Заўтра ўсе збіраюцца наведаць старую царкву: яна тут вельмі цікавая. У правядзенні паездак па Навагрудчыне дапамагае аддзел адукацыі, спорта і турызму мясцовага райвыканкама, загадчык якога — Алег Аркадзьевіч Анікевіч — заўсёды аказвае падтрымку ў гэтай справе. Час ад часу сюды завітваюць паэты, барды, мастакі. Ну, і мы, рэдактары моладзевых выданняў. Арганізуюцца тады вечарыны, на якія сыходзяцца ўсе — ад удзельнікаў летніка і іншых насельнікаў падворка (ён жа і прытулак для адзінокіх старэнькіх людзей) да тых, хто жыве паблізу ў палатачных лагерах (у асноўным гэта школьнікі з настаўнікамі — таксама памагатыя ў раскопках).

— Загадчыца мясцовай бібліятэкі Алена Уладзіміраўна Мантуш кожны год чытае аглядную лекцыю па гісторыі вёскі. Сустрэчы з мастаком Кастусём Качаном, вядомым ва ўсім свеце, а народжаным тут, у Лаўрышаве, — таксама ўжо традыцыйныя. Мы наведвалі яго карцінную галерэю ў Навагрудку, а таксама сустракаліся тут, у вёсцы.

Ірына Мікалаеўна з гонарам паведамляе, што большасць юнакоў і дзяўчат навучылася ўжо граць на гітары — рэпертуар розны, але даволі цікавы. Што праводзяцца тут і заняткі па асновах палявых медыцынскіх ведаў. Спачатку яны планаваліся для дзяўчат, але выклікалі такую цікавасць, што збіраюць у вызначаны час і дзяўчат, і хлопцаў. Галоўны, адказны за ўсіх і ўсё тут цяпер — Тэльман Віктаравіч, які…

— Здаецца, што нічога не заўважае, і, тым не менш, ён незаўважна бачыць усё, — адзначае памочніца. — Ні за што ні на каго не сварыцца, а мякка папраўляе: калі ласка, сачыце за тым, што гаворыце, працу выконвайце дасканала, думкі і словы няхай будуць чыстыя, стасункі з насельнікамі і працаўнікамі — добразычлівыя. У яго зразумелая мэта — каб нашы ўдзельнікі паказвалі як мага больш самастойнасці і павагі да гэтага месца. Ва ўсіх сэнсах — і ў звычайным чалавечым, і ў гістарычным.

Яшчэ адна форма «баўлення» тут часу — лекцыі, якія чытаюцца для ўдзельнікаў летніка навукоўцамі, — азнаямленчыя па археалогіі, асобныя па каменным і бронзавым вяках. Вось чаго найбольш было шкада, дык гэта дня прыезду. Тым больш, што літаральна ўчора тут ладзілася экскурсія ў манастыр — тую яго частку, якая размешчана ў суседніх з Лаўрышавым Гнесічах, дзе манастыр адноўлена. Адзін з тых, хто праводзіць экскурсіі, — айцец Феадосій.

— Такіх людзей трэба слухаць. Я думаю, што прыцягальнасць асоб Еўфрасінні Полацкай ці Кірылы Тураўскага, якіх мы асабіста не ведалі, грунтавалася на тым жа, на чым грунтуецца прыцягальнасць асобы айца Феадосія і іншых манахаў-сучаснікаў, падобных да яго. Бо важныя нават не словы, якія ён прамаўляе, а сам факт іх прамаўлення гэтым чалавекам. Такі ў яго і голас. Гэта не той чалавек, да якога наўпрост падыдзеш і будзеш трымаць за рукаў. Кожны раз яго прамова хвалюючая. І разумееш: ужо нават тое, што ты стаіш побач з ім, вельмі для цябе важна.

Вось такое насычанае тут жыццё — канцэнтраванае, важкае. Гісторыка-пошукавы летнік у Лаўрышаве сапраўды з’яўляецца прывабнай формай адпачынку, калі мець на ўвазе не спакой, а ўражанні; не разумець пад адпачынкам «не рабіць нічога», а разумець змену заняткаў. Удзельнікі экспедыцыі ў сваіх навучальных установах ажыццяўляю сапраўдную асветніцкую дзейнасць: расказваюць пра манастыр і раскопкі, пішуць навуковыя працы, удзельнічаюць у канферэнцыях і чытаннях, займаюць прызавыя месцы ў конкурсах і атрымліваюць дыпломы. Дарослыя ўдзельнікі летніка робяць, па сутнасці, тое самае. І кожны, незалежна ад статусу, — настаўнік ці вучань — на пачатку навучальнага года атрымлівае на месцы вучобы ці працы грамату Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, падпісаную ігуменам айцом Яўсевіем і кіраўніком экспедыцыі. І сёлетнія ўдзельнікі летніка атрымаюць такія граматы.

 

Сюрпрыз

Вёска Лаўрышава неверагодна прыгожая. Гэта ўдалося заўважыць, пакуль ішлі праз яе да ўчастка. Сонечным ліпеньскім днём, пад стракатанне конікаў. Ішлі на могілкі, старая частка якіх калісьці належала манастыру.

Вёска Лаўрышава, паводле дакументаў, узнікла пры манастыры. І ў паперах 1801 года коратка згадваецца манастырская «капліца з могілкамі».

— Мы вырашылі ў гэтым сезоне знайсці месца, дзе размяшчалася тая капліца, — тлумачыць Тэльман Маслюкоў мэту сёлетніх пошукаў. — І нават падумаць не маглі, — працягвае ён звычайным, без адцення інтрыгі, тонам, — што будзе знойдзены цэлы падмурак.

Вось ён, сюрпрыз, абяцаны Арцёмам Курцом, — каменны падмурак згаданай у дакументах капліцы. Калі ўявіць, што тыдзень ці два таму над ім быў пласт зямлі з дзёрнам і кустарнікамі, сярод якіх ледзь праглядвалася старая, вельмі даўно закінутая частка могілак, калі падумаць, што нейкі час таму пра яго існаванне ніхто не ведаў…  

— У нас была канкрэтная задача — знайсці самую старую частку могілак — манастырскую. Спачатку знайшлі тут помнік на магіле жонкі свяшчэнніка, пастаўлены ў 1915 годзе. Далей меркавалі так: калі гэта жонка свяшчэнніка, значыць, яна, верагодна, была пахавана недзе паблізу капліцы. Заўважылі побач камень, які вытыркаў з зямлі. Падумалі, што гэта таксама помнік, пачалі расчышчаць вакол. І ўбачылі тады хлопцы: гэта ніякі не надмагільны камень. Пачалі далей высякаць кусты — і вельмі хутка зразумелі, што перад намі суцэльны падмурак.

Пра тое, што падмурак вельмі стары, гаворыць адсутнасць хаця б слядоў цэглы. Калі іх няма, значыць, яго злажылі тады, калі цэглы ў гэтай мясцовасці ўвогуле не існавала.

— Царква ў Лаўрышаве пабудавана ў ХVІІІ стагоддзі, яе фундамент таксама складзены з валуноў, — тлумачыць кіраўнік летніка. — Але верх фундамента збудаваны цэглай. Можна было б думаць, што і тут выкарыстоўвалася тая самая тэхналогія:— ніз выкладзены валунамі, верх — цэглай, але цэглы няма нават крошкі. Значыць, падмурак, верагодна, датуецца не пазней за ХVІ стагоддзе.

І вось сёння над гэтым падмуркам усе пяць стагоддзяў, цэлая вечнасць, эквівалентныя таўшчыні падэшвы красовак. На вызваленай ад зараснікаў пляцоўцы робіцца цяпер перакоп: дзяўчаты расчышчаюць межы падмурка і тэрыторыю побач ад карэнішча.

— Бо калі яго пакінуць, усё хутка зноў зарасце, — гаворыць Тэльман Віктаравіч. Далейшы лёс аб’екта тлумачыцца не менш простымі словамі: — А пасля сельсавет возьме над тэрыторыяй шэфства — пачне рэгулярна тут скошваць траву. Падмурак мяркуецца аформіць як помнік гісторыі. У некаторых месцах, падобных да гэтага, адчынены музеі, недзе вядуцца царкоўныя службы. І тут, магчыма, так будзе. А мо манастыр вырашыць узвесці на падмурку новы храм.

Што цікава і на што кіраўнік летніка звяртае нашу ўвагу, многія сельскія храмы на Беларусі — драўляныя храмы ХVІІ, ХVІІІ і нават ХІХ стагоддзяў — падмуркі не маюць увогуле. Толькі пад куты падкладзены буйныя валуны. А тут падмурак суцэльны, што адназначна сведчыць: будаваўся храм на стагоддзі. Зруб жа, зразумела, мог мяняцца.

Мы бачым ганак, зроблены з валуноў, за ім выразна заўважны прытвор, потым асноўную і алтарную часткі. Дакрануцца да гэтага каменя. Загадаць тут жаданне.

А летась ішла размова, што раскопкі ў гэтай мясцовасці закончаны. Што прымусіла працягнуць? Той самы дакумент ХІХ стагоддзя.

— Паралельна з раскопкамі мы вядзём пошук пісьмовых крыніц, — расказвае Тэльман Віктаравіч. — У прыватнасці, інвентарных вопісаў. Яны рабіліся прыкладна ад ХVІ да ХІХ стагоддзяў. Да гэтага часу вядомыя былі толькі два інвентарныя вопісы Лаўрышаўскага манастыра: адзін з іх, за 1601 год, захоўваецца ў Мінску, другі, за 1824 год, — у Вільнюсе. І вось літаральна ў канцы мінулага года ў польскай публікацыі я знайшоў згадку пра тое, што існуе яшчэ адзін інвентарны вопіс — за 1801 год, ён захоўваецца ў Львоўскім архіве.

У Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Львове Тэльман Маслюкоў трапіў у сакавіку напрыканцы працоўнага дня. Акрамя таго, аказалася, што польскія звесткі-спасылкі даўно састарэлі — нумары фондаў і спраў ужо іншыя. Тым не менш, дырэктар архіва Дзіяна Пельц і супрацоўнік архіўнага фонду Андрэй Когут амаль за паўгадзіны дапамаглі адшукаць патрэбны яму дакумент. У гэтым інвентарным вопісе археолаг і ўбачыў згадку пра капліцу — «наводку» на старадаўнія могілкі. Што яшчэ цікавей, у гэтым жа вопісе згадваецца і Евангелле, напісанае кірылічнымі літарамі на пергаменце. Гэта адзіны дакумент, у якім Лаўрышаўскае Евангелле згадваецца ў той час, калі яно яшчэ знаходзілася ў Беларусі.

— Канечне, гэта месца будзе аб’ектам паломніцтва і турыстычнай цікавасці, — прадказвае Тэльман Віктаравіч. — Колькі дзён таму тут ужо пабывала група з Нясвіжа.

Манастыр у Лаўрышаве стары: ХІІІ стагоддзе — час яго заснавання. І калі ў чалавека, які сюды едзе, узнікае пытанне, што можна тут убачыць «з таго часу», самым старым аб’ектам будзе ўжо называцца не прыгожы драўляны храм ХVІІІ стагоддзя, размешчаны недалёка ад школы-падворка, а вось гэты каменны падмурак ХVІ стагоддзя. Час, бывае, ідзе чалавеку насустрач…

 

Прочитано 1849 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии