Четверг, 24 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

“Тварыць, нікога не паўтараючы…”: памяці мастака Фёдара Ястраба

  • Понедельник, 12 Февраль 2018 08:36

У галерэі “Атрыум” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася мастацкая выстаўка “Паэтычная палітра Фёдара Ястраба”, прысвечаная памяці і 65-годдзю з дня нараджэння мастака і паэта.

Карціны можна чытаць, а паэтычныя творы – маляваць на палатне. Такое здараецца, калі талент выходзіць за рамкі чакаемага, а паміж словамі “жыццё” і “творчасць” можна паставіць знак роўнасці.

Фёдар Ястраб – сусветна вядомы мастак, галерыст, педагог, куратар маштабных мастацкіх праектаў, удзельнік шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх выставак, паэт, аўтар 1000 санетаў. Адданы сваёй справе да апошняга, ён пакінуў дзіўную жывапісна-паэтычную спадчыну, насычаную шырокай палітрай колераў і адценняў, неадназначных сэнсаў і філасофскіх думак.

Свет яго карцін не адразу раскрывае гледачу метамарфозы ліній, колеравых акцэнтаў і багацце дэталей, схаваных за яркай, прыцягальнай кампазіцыяй. Думай, разважай, гуляй у асацыяцыі – толькі так здолееш прачытаць маляўнічыя аповесці, у якіх перапляліся тэкст і падтэкст, сустрэліся гісторыя і міф, рамантычная легенда і рэальнасць, канкрэтыка прагматычнага часу і алегорыя Вечнасці.

Упершыню на выстаўцы будзе прадстаўлена работа Фёдара Ястраба “Мелодыя кахання” з серыі “Усходні альбом”, якая да гэтага моманту не выстаўлялася.

Фёдар (Франц) Адамавіч Ястраб (1953–2014) нарадзіўся ў в. Станіслаўцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. З’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў, старшынёй Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, першым загадчыкам аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (быў куратарам міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва “Terra Nova”, біенале сучаснага жывапісу “Colorfest”, выстаўкі графікі “Арт-лінія”, міжнароднага фэсту “Універсум”, штогадовых выставак “Арт-крок”, “Кветкавы рай”, “Фестываль пейзажа” і інш.).

Маляўнічыя палотны Фёдара Ястраба захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальным полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Г. Пранішнікава, Дзяржаўным мастацкім музеі г. Сочы і Мастацкім музеі г. Бранска (Расія), галерэі “Кляй Груве” (Бельгія), галерэі Джэймса Цісо (Францыя), а таксама ўпрыгожваюць прыватныя зборы ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Канадзе, ЗША, Францыі, Іспаніі і іншых краінах.

Запрашаем дакрануцца да непаўторнай творчасці Фёдара Ястраба, якая абуджае новыя эмоцыі і распавядае дзіўную гісторыю яркага таленту. Убачыць работы можна да 15 красавіка 2018 года ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх).

 Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

 

Прочитано 606 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии