Понедельник, 20 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Бярозцы": Вандроўка па Вялікім шаўковым шляху

  • Вторник, 24 Апрель 2018 15:06

У 125 г. да н.э. тагачасная сталіца Кітая - Лаян была ўзбударажаная весткай аб вяртанні пасля шматгадовай адсутнасці афіцэра палацавай варты Чжан Цяня. 12 гадоў таму той быў адпраўлены імператарам Удзі з пасольствам на Захад, каб знайсці саюзнікаў у барацьбе з даўнім і магутным ворагам - плямёнамі гунаў. Чжан Цянь трапіў да гунаў ў палон, дзе правёў доўгія гады, здолеў збегчы, і, пераадолеўшы пустыні і горы Цэнтральнай Азіі, у рэшце рэшт, апынуўся ў Бактрыі (цяпер на тэрыторыі Таджыкістана і Афганістана). Аказалася, што там, далёка на Захадзе, існуе не менш развітая цывілізацыя, са шматлюднымі гарадамі, добра уробленымі палямі, умелымі рамеснікамі і багатай самабытнай культурай. А на поўдні і далей на захадзе размешчаныя яшчэ больш магутныя і багатыя краіны: Індыя, Іран і інш.

Весткі, прынесеныя Чжан Цянем, заахвоцілі імператара Удзі ўсталяваць наўпроставую сувязь з краінамі Блізкага Ўсходу і Індыі.

Дваццаць гадоў сышло на тое, каб разграміць гунаў, і ў 104 г. да н.э. кітайская армія, пераадолеўшы пустыню Такла-Макао, пераваліла горы Цянь Шаня і спусцілася ў Ферганскую даліну. Так быў адкрыты найвялікшы гандлёвы і культурны шлях старажытнасці і Сярэднявечча - Вялікі шаўковы шлях, які ахапіў сваімі шматлікімі адгалінаваннямі увесь Стары Свет.

Адно з адгалінаванняў - вакол Каспія - ішло да Чорнага мора, і праз Волгу і Днепр даходзіла да земляў усходніх славян, продкаў сучасных беларусаў.

Сам шлях пачынаўся ў сталіцы Кітая Лаян, пазней - у размешчанай на 500 км на захад іншай сталіцы – Чан’ані (цяпер - Сіань). Тут, у сталіцы, збіраліся купецкія караваны, якія налічвалі да 10 тыс. вярблюдаў, коней, мулаў, наўючаных самымі разнастайнымі таварамі. У пачатку нашай эры арабскія і персідскія купцы адкрылі марскі шлях вакол Азіі, які стаў марской часткай Шаўковага шляху.

Больш за ўсё везлі шоўку - зручнага для далёкіх перавозак, лёгкага і выключна дарагога ў старажытнасці і сярэднявеччы тавару. Цяжка ўявіць, якім сімвалам прэстыжу, «крутасці» лічылася адзенне з шоўку ў Старажытным Рыме. Колькі сатыр было напісана рымскімі маралістамі, якія высмейвалі аматараў пакрасавацца ў модных шаўковых строях.

Але караваны дастаўлялі на Захад і неапрацаваны шоўк-сырэц. З яго майстэрскія рамеснікі Бухары, Дамаска, Александрыі, ткалі цудоўныя напаўпразрыстыя лёгкіятканіны, якія славіліся па ўсім Блізкім Усходзе і Еўропе, і вопратка з якіх так абурала тагачасных прыхільнікаў маральнасці. Толькі ў VI ст. двум візантыйскім манахам пашанцавала таемна вывезці з Кітая ў Візантыю коканы шаўкапрада, паклаўшы пачатак шаўкаводства, спачатку на Бліжнім Усходзе, потым у Еўропе.

Але шоўк быў толькі адным з многіх тавараў, што прывозілі з Кітая. Везлі і ўслаўлены кітайскі фарфор, посуд з якога ў Заходняй Еўропе цаніўся літаральна на вагу золата. Толькі ў пачатку XVIII ст. пры двары князя Саксоніі Аўгуста (таксама і караля Рэчы Паспалітай) змаглі разгадаць сакрэт яго вытворчасці. З Сярэдняй Азіі ў Кітай прыганялі табуны лепшых у свеце пародзістых скакуноў. Прывозілі зброю, баваўняныя тканіны, вырабы рамеснікаў.

Але значэнне Шаўковага шляху было значна шырэйшае, чым проста для абмену таварамі.

З Кітая на Захад патрапілі рэчы, без якіх мы проста не ўяўляем гісторыю і штодзённасць. Гэта, перш за ўсё папера - галоўны пісчы матэрыял, без якога проста неймаверна выданне кніг і назапашванне ведаў. Гэта порах, што перавярнуў ўсю ваенную справу. І, нарэшце, компас - без якога былі б немагчымыя далёкія заакіянскія падарожжы. У адной са сваіх работ Карл Маркс назваў вынаходжанне компаса, пораху і паперы адной з найважнейшых умоў фарміравання капіталістычнай цывілізацыі Заходняй Еўропы. Гэта так, але ж вынайшлі іх кітайцы!

Але і яны многае атрымалі з Захаду. Адтуль былі завезеныя вінаград, фасоля, гранат, грэцкі арэх, інжыр і іншыя культурныя расліны. У Кітаі з'явіліся музычныя інструменты, відавочна іранскага паходжання. Кітайскія рамеснікі выкарыстоўвалі рамесныя прыёмы, запазычаныя ў сваіх заходніх субратаў.

Ды не хлебам адным жыве чалавек.

Дзякуючы Шаўковым шляху кітайская цывілізацыя змагла узбагаціцца дасягненнямі іншых культур. Так, па ім, у Кітай патрапілі прапаведнікі будызму, які з часам стаў неад'емнай часткай кітайскай духоўнай культуры. Цікава, што да распаўсюджвання будызму кітайцы не ведалі пра існаванне львоў, а калі даведаліся са святых тэкстаў, скульптуры львоў сталі папулярным упрыгожаннем храмаў і будынкаў - а кітайцы у той час маглі меркаваць аб іх абліччы толькі з кніг! А цыкл кітайскіх казак пра цара малпаў - Сунь Укуне відавочна ствараўся пад уплывам вобраза цара малпаў з вялікага індыйскага эпасу «Рамаяна».

У VII ст. будыйскі манах Сюань Цзан здзейсніў 17-гадовае падарожжа ў Індыю. Ён шукаў і збіраў святыя кнігі будызму, але пры гэтым вывучаў усё, што траплялася на яго шляху: гарады, расліны, жывёл, але перш за ўсё, жыццё людзей у краінах, якія наведваў. Яго запіскі пра падарожжа на захад былі і застаюцца найбольш каштоўнай крыніцай звестак пра краіны і народы Цэнтральнай Азіі і Індыі.

Далей нашмат большае значэнне атрымаў марскі шлях з Кітая ў Індыю і на Бліжні Усход. Хоць марскі шлях вакол Азіі значна даўжэйшы за  сухапутны, а марскія падарожжы таго часу былі спалучаныя са шматлікімі небяспекамі, але такая “вандроўка” мае свае перавагі. Невялікі карабель вязе столькі грузу, колькі цэлы караван. І нават самыя вынослівыя вярблюды маюць патрэбу ў адпачынку, у той час як судна ў спрыяльны сезон можа плыць дзень і ноч.

У нейкі момант гэта зразумелі і кітайскія кіраўнікі. У пачатку XV ст. імператар Юнлэ арганізаваў серыю марскіх экспедыцый у Індыйскі акіян на чале з адміралам Чжэн Хэ. Падчас гэтых плаванняў кітайскія мараплаўцы дасягнулі берагоў Аравіі і Афрыкі, адкуль прывезлі ў падарунак імператару жырафа.

Але потым кіраўнікі Кітая вырашылі адмовіцца ад далёкіх экспедыцый і больш за чатыры стагоддзі праводзілі палітыку самаізаляцыі. Затым надышло стагоддзе нацыянальнага прыніжэньня, калі кітайскі народ стаў аб'ектам эксплуатацыі з боку магутных дзяржаў, з чым было скончана пасля стварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі ў 1949 г.

З 80-х гадоў XX ст. Кітай праводзіць палітыку рэформаў ва ўсіх сферах жыцця. Іх вынікам стала ператварэнне краіны ў вялікую эканамічную дзяржаву, месца і ўплыў якой у свеце ўсё больш узрастае. Кітайскае кіраўніцтва робіць усё, каб пашырыць эканамічныя, палітычныя, культурныя сувязі з усімі краінамі свету. У новых умовах па-новаму стала пытанне аб адраджэнні Вялікага Шаўковага шляху - серыі праектаў, якія маглі б вывесці адносіны Кітая са светам на новы ўзровень.

Афіцыйная назва праектаў «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі шаўковы шлях XXI стагоддзя" - "Адзін пояс - адзін шлях». У рамках праекта мяркуецца стварэнне трох эканамічных калідораў, якія пройдуць скрозь кантынент, паўтараючы маршруты старажытнага Шляху - як па сушы, так і па моры.

Значная роля адводзіцца нашай краіне. 14-15 мая 2017 г. у Пекіне прайшоў першы форум высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве ў межах стратэгіі «Адзін пояс - адзін шлях» з удзелам лідэраў дзясяткаў краін, адзін з якіх і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Выступаючы на ​​пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў, ён адзначыў, што глабальныя ініцыятывы «Адзін пояс - адзін шлях» гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб'яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва.

Рэалізуючы прынцыпы праекта, Беларусь і Кітай разам прасоўваюць праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Ён будуецца як горад будучыні - экалагічны, інавацыйны і камфортны для працы і жыцця. Парк размяшчаецца ў 25 кіламетрах ад Мінска. Пад яго адводзіцца больш за 8 тысяч гектараў на тэрыторыі Смалявіцкага раёна паміж Пятровіцкім вадасховішчам і Нацыянальным аэрапортам. Тут плануецца пабудаваць высокатэхналагічныя вытворчасці. Праект разлічаны на дзесяцігоддзі і яго плён змогуць спазнаць будучыя пакаленні.

Вадзім Адарыха,

дацэнт кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу. Факультэт міжнародных адносінаў БДУ.

Крыніца: Бярозка

Прочитано 765 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии