Среда, 19 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Праслаўляючы родны куток

  • Понедельник, 14 Май 2018 09:54

У адным зборніку кароткіх краязнаўчых нарысаў знайшлося месца біяграфіям ажно 63 ураджэнцаў Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Днямі пабачыла свет кніга Міхася Карпечанкі «Імёны ў кантэксце эпох: Асобы Бялыніччыны» (Мінск: Выд. В. Хурсік, 2018).

Ва ўступным слове да кнігі вядомага бялыніцкага журналіста і краязнаўцы, пісьменніка, драматурга М. Карпечанкі «Імёны ў граніце» намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Кунцэвіч піша наступнае: «З вялікай колькасці людзей вядомымі, прызнанымі становяцца адзінкі, дзясяткі, сотні. Тыя, хто пакідае выключна яркі след на кантэкставым полі сваёй эпохі. Яны не толькі здолелі дакладна адчуць запатрабаванні, выклікі і ўплывы часу, у якім жылі і тварылі (часу, як і заўсёды, няпростага, непрадказальнага, нярэдка — драматычнага, трагічнага), але і адрэагавалі на гэта выбітнымі ідэямі, выдатнымі здабыткамі, вынаходніцтвамі, найсучаснейшымі тэхналогіямі, фундаментальнымі навуковымі адкрыццямі... Зробленае імі заўсёды абавязкова перасягае фізічны перыяд іх жыцця, становіцца годнай спадчынай, духоўным і матэрыяльным, тэарэтычным, урэшце, падмуркам для многіх наступных пакаленняў».

Хто ж праславіў Бялыніцкі край — усяго толькі адзін са 118 сельскіх раёнаў нашай краіны? Пра каго з малавядомых дагэтуль землякоў расказвае пісьменнік і краязнаўца Міхась Карпечанка? Напрыклад, пра вынаходніка і канструктара Рыгора Аксельрода з мястэчка Галоўчын (нарадзіўся ў 1900 годзе). Цікавым падаецца такі факт: у гады Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Сямёнавіч сканструяваў штамп, які зрабіў сапраўдную рэвалюцыю ў метадах вытворчасці найважнейшых дэталяў для ваеннай тэхнікі, узбраення і дазволіў павялічыць прадукцыйнасць працы ў 150 (!) разоў. Расказваецца ў кнізе і пра контрадмірала Юрыя Арахоўскага, военачальнікаў, генералаў Міхаіла Ланда, Анатоля Лапо, Еўдакіма Магілеўчыка, Яфіма Марчанку, Артура Усянкова, Іларыёна Фамічэнку, Івана Цімаховіча, Аляксея Цумарава, Мікалая Шаранкова, Міхаіла Юшкевіча. Можна толькі падзівіцца, з якой шчыльнасцю на кожны квадратны кіламетр Бялыніцкай зямлі нараджаліся гэтыя яркія асобы. За лёсам кожнай з іх — багатая гісторыя Савецкай краіны, Беларусі, шматаблічныя ваенныя падзеі, подзвігі, трагічныя драмы, час сталінскіх рэпрэсій. З цікавасцю чытаюцца расповеды пра Іларыёна Фамічэнку (нарадзіўся ў 1898 годзе ў Замачуллі) і Міхаіла Ланду (нарадзіўся ў 1890 годзе ў Бялынічах), якія ў розныя гады ўзначальвалі рэдакцыйны калектыў галоўнай ваеннай газеты Савецкага Саюза — «Красной звезды». Між іншым, нашага земляка можна лічыць адной з ключавых фігур у будаўніцтве Чырвонай Арміі падчас грамадзянскай вайны: М. Ланда з’яўляўся членам Рэўваенсавета СССР. Пасля быў начальнікам палітупраўлення Беларускай і Сібірскай ваенных акруг. У 1938 годзе армейскага камісара 2 рангу М. Ланду расстралялі на маскоўскім палігоне «Камунарка».

Край вучоных, пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, гаспадарчых і дзяржаўных дзеячаў, руплівых працаўнікоў — такой паўстае Бялыніччына праз персаніфікаваныя нарысы, эсэ Міхася Карпечанкі. Кнігу «Імёны ў кантэксце эпохі» можна смела залічваць у літаратуру для дадатковага азнаямлення школьнікамі і Бялыніцкага раёна, і Магілёўскай вобласці пры вывучэнні гісторыі Беларусі. Выдатна, што выданне такога кшталту з’явілася ў Год малой радзімы. Тыраж, праўда, не дужа і вялікі — 200 экзэмпляраў. Магчыма, гісторыка-асветніцкі праект дасведчанага даследчыка мінуўшчыны, уважлівага да біяграфіі сваёй роднай старонкі краязнаўцы стане прыкладам для руплівасці іншых пісьменнікаў, публіцыстаў, якія цікавяцца гісторыяй, лічаць яе важным складнікам у выхаванні падлеткаў, моладзі. Бялыніччына, дзякуючы публіцыстычнай працы М. Карпечанкі, паўстае ўнікальным культурным, асветніцкім гняздом Магілёўшчыны, прыцягвае да сябе, нагадвае пра тое, што маршруты памяці — як віртуальныя, так і рэальныя, канкрэтныя, — варта выбудоўваць, пракладваць з улікам мясцін, што далі краіне, свету цікавых, яркіх асоб.

Мікола Берлеж

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Фота: Аляксей Мацеша

Крыніца: Радзіма

Прочитано 659 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии