Понедельник, 20 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У полі зроку душы і сэрца

У Выдавецкім доме “Звязда” завершана работа над унікальнай кнігай члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіслава Цыдзіка. Пад адной вокладкай рэй з чытачом і гледачом вядуць фотамастацтва і паэзія.

Уладзіслаў Станіслававіч Цыдзік – вельмі эмацыйная, яркая творчая натура, чалавек, які нераўнадушна ўзіраецца ў час, чалавек, які прымушае сябе хвалявацца з любой нагоды, з любой сустрэчы. Да нядаўняга часу ён з’яўляўся намеснікам старшыні парламенцкай камісіі па аграрных пытаннях. Займаючыся аграрнай навукай, займеўшы кіраўніцкі вопыт, атрымаўшы досвед аднаго з кіраўнікоў у сістэме дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, прайшоўшы праз выпрабаванне парламенцкай, палітычнай дзейнасцю, ён па-ранейшаму застаўся надзвычай чулым, душэўным чалавекам, засяроджаным на самых тонкіх праявах чалавечых адносін. Не зачарсцвеў душою. Я мяркую аб гэтым з вялікай доляй упэўненасці, перакананасці не толькі таму, што асабіста ведаю Уладзіслава Станіслававіча не адзін год. А мяркую яшчэ і таму, што любуюся, захапляюся, насычаюся яго фотаздымкамі. У розных па сваіх кампазіцыйных памкненнях ілюстрацыях – не толькі адбіткі рэчаіснасці, не толькі позірк сведкі падзей, але і высокая праява творчай натуры.

Уладзіслаў Цыдзік шмат падарожнічае па Беларусі. Ведае літаральна ўсе рэгіёны краіны, зазірае ў дзясяткі, сотні паселішчаў штогод. Мне здаецца, што з часам фотамайстра яшчэ пакажа сябе як аўтар праектаў, звязаных з краязнаўчай, радзімазнаўчай фатаграфіяй. Ведаю, колькі намаганняў Уладзіслаў Станіслававіч прыклаў да ўзнаўлення памяці пра знакамітага ўраджэнца Беларусі Адольфа Янушкевіча. Асабліва добра знаёмая У. Цыдзіку Міншчына, добра знаёмы літаральна кожны раён цэнтральнай вобласці нашай краіны. Мы неаднойчы размаўлялі з ім пра Чэрвеньшчыну, Пухавіччыну… А што ўжо казаць пра яго выдатнае веданне Уздзеншчыны, Дзяржыншчыны… Пільнае фотавока прафесійнага майстра не толькі назірае за часам і рознымі з’явамі, не толькі ўглядаецца ў твары і постаці нашых сучаснікаў. Аўтар здымкаў разглядае і ў прыродзе, і ў розных аб’ектах, і ў людзях, якія сустракаюцца на шляху фотамастака, нешта галоўнае, сутнаснае, што дапамагае ўявіць краіну, уявіць нашу родную Беларусь ва ўсіх красках і фарбах. Найболей выразныя дэталі, падгледжаныя Уладзіславам Цыдзікам, трапна адлюстроўваюць характар беларусаў, характар жыхароў нашай краіны.

Гляджу на здымкі апантанага, захопленага фатаграфічнай творчасцю чалавека, чытаю тэксты вядомых беларускіх паэтаў Казіміра Камейшы, Навума Гальпяровіча, многіх іх калег, -- і станаўлюся багацей на ўражанні, разам з фотамайстрам і мастакамі слова адкрываю нашу прыгожую краіну. Раю і ўсім чытачам і гледачам выправіцца следам у падарожжа па Беларусі. Па той краіне, якую бачыць праз вока фотааб’ектыва Уладзіслаў Цыдзік – сапраўдны Паэт фатаграфічнай справы.

Алесь Карлюкевіч

Фота: СБ

Прочитано 226 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии