Пятница, 16 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мемуарыстка, настаўніца і муза Купалы: шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі

  • Четверг, 13 сентября 2018 10:03

Дзяўчына, якой лёс наканаваў стаць правобразам знакамітай Паўлінкі і музай беларускага песняра Янкі Купалы, нарадзілася 12 верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні – зараз гэта Мядзельскі раён Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Глыбоцкага царкоўнапрыхадскога вучылішча яна апынулася ў Рызе, а адтуль праз два гады – у 1909 годзе — пераехала у Вільню, дзе наведвала прыватную жаночую гімназію.

Знаёмства з Купалам

Менавіта там 16-гадовая дзяўчынка і пазнаёмілася з будучым класікам беларускай літаратуры – Янкам Купалам. У сваіх мемуарах Паўліна ўспамінае, як пасля паспяховай здачы іспытаў у гімназію яна адправілася ў госці да знаёмых, дзе ўпершыню ўбачыла Купалу.

 

"Мне адчыніў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі былі загорнуты, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны", — напіша потым Мядзёлка ў "Сцежках жыцця".

І хоць шмат чаго ў аўтабіяграфічным выданні Паўліны Мядзёлкі прайшло праз савецкую цэнзуру, некаторыя радкі засталіся: "Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы".

У 1912 годзе, пасля сканчэння гімназіі, Паўліна паехала ў Пецярбург, дзе два гады наведвала Вышэйшыя камерцыйныя курсы, а галоўнае — ужо ў 1913 годзе сыграла ў аматарскай прэм'еры "Паўлінкі" галоўную ролю. Кажуць, што ў той час Мядзёлка не адмовілася ні ад ролі, ні ад адносінаў з аўтарам.

Першую сусветную вайну Паўліна Мядзёлка правяла ў эвакуацыі ў Царыцыне. Дакладна невядома, што ў той час стала з іх з Купалам адносінамі, але ўжо ў 1914 годзе вершаваныя радкі паэта, добра вядомыя нам яшчэ са школы, "Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея", былі прысвечаныя ўжо Уладзіславе Станкевіч, дарэчы, сяброўцы Паўліны.

 

З Уладзіславай Янка Купала звянчаўся ў 1916 годзе ў Петрапаўлаўскім касцёле Масквы. У мемуарах Паўліны Мядзёлкі захаваўся каментар пра тое, што яна даведалася пра шлюб паэта і Станкевіч толькі праз год пасля цырымоніі.

Арышты, выгнанне і вяртанне на радзіму

У 1916 годзе Мядзёлка вяртаецца ў Петраград, дзе становіцца сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе яна працавала ў Кіеве, а потым па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка, але ў сакавіку 1918-га школа была закрыта, і Паўліна пераехала ў Мінск. У тым жа годзе ў друку з'явіліся вершы Мядзёлкі.

За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Мядзёлка некалькі раз была арыштаваная – у тым ліку разам з мужам, Тамашам Грыбам, які працаваў разам з ёй у газеце "Родны край", потым, дарэчы, менавіта Купала дапамог ёй уладкавацца на працу ў мінскае выдавецтва.

 

У 1927-1930 гадах Мядзёлка працавала выкладчыцай беларускай мовы ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках. А летам 1930 года яе арыштавалі ўжо ў Маскве, быццам бы за ўдзел у антысавецкім Саюзе вызвалення Беларусі. Паўліна, па яе асабістаму прызнанню, "падпісывала ўсё, што падсоўвалі".

Супадзенне гэта ці не, але неўзабаве пасля арышту Паўліны Мядзёлкі Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Мядзёлка была па абвінавачванні высланая ў Казань, а калі вярнулася ў 1932 годзе, выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Мінскую вобласць, пасёлак Будслаў, дзе таксама працавала настаўніцай да 1958 года. Менавіта там Мядзёлка напісала свой самы значны твор — мемуары "Сцежкамі жыцця". Яны пачалі дркавацца ў фрагментах у той жа год, а асобнае выданне першай часткі з'явілася ў 1974. Другая частка была надрукавана ў 1993 годзе. У 1966 годзе Мядзёлка была ўгаранаваная званнем "Заслужаны дзеяч культуры БССР".

Памерла Паўліна Мядзёлка 13 лютага 1974 года ва ўзросце 80 гадоў, была пахаваная на каталіцкіх могілках у Будславе.

Крыніца: Sputnik

Прочитано 991 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии