Понедельник, 10 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пётр Васількоўскі – краязнаўца з Атбасара

  • Понедельник, 03 декабря 2018 22:30

Сярод імёнаў, сярод людзей, сярод нашых беларусаў, што згубіліся ў прасторах бязмежных пакут жыцця ў жорсткім  XX стагоддзі – і Пётр Яўгенавіч Васількоўскі, які нарадзіўся ў Віцебску 22 лютага 1878 года. Былі б мы болей абачлівымі, уважлівымі да гістарычнай, ды нават проста звычайнай памяці, то, несумненна, варта было б яго ўспомніць у 2018 годзе – з нагоды 140-годдзя… А мо і адчыніць мемарыяльную дошку ў Віцебску ў гонар гэтага ўнікальнага чалавека.

Хаця і пазначаны ў цянётах электроннай, архіўнай памяці месцам яго смерці Савецкі Саюз, вядома, што жыццё нашага руплівага, дзеяздольнага суайчынніка завершылася недзе ў Казахстане. Бо арыштаваны быў Пётр Яўгенавіч у сакавіку 1938 года якраз Атбасарскім раённым аддзелам НКУС. Абвінавацілі прыродазнаўцу, краязнаўцу, пісьменніка, прафесара Васількоўскага ў шпіёнскай дзейнасці на карысць англійскай і літоўскай разведак. А таксама абвінавацілі нашага земляка ў сувязях з контррэвалюцыйнай групіроўкай. Згодна пастанове НКУС СССР (пратакол N 194 ад 2 верасня 1938 года) прафесар П. Я. Васількоўскі і быў расстраляны. Месца захавання застаецца і па сённяшні дзень невядомым.

…Якой жа была жыццёвая дарога нашага земляка да гэтай рысы, пракладзенай ажно ў далёкім ад Віцебска Акмолінскім краі..? Нарадзіўся Пётр Яўгенавіч, як мы ўжо засведчылі, у Віцебску. У шляхетнай сям’і. Закончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча. Дакладны год заканчэння Васількоўскім гэтай прэстыжнай навучальнай вайсковай установы, якая была заснавана яшчэ ў 1794 годзе і размяшчалася ў Пецярбургу, невядомы. Але ў любым выпадку гэта, відаць, адбылося недзе ў 1897 – 1900 гг., можа быць – крышачку пазней. Магчымымі аднакурснікамі Пятра Яўгенавіча былі досыць вядомыя ў войску Расійскай імперыі ваеначальнікі: генерал-маёр Фёдар Брэдаў, удзельнік Першай імперыялістычнай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны і белага руху, Другой сусветнай вайны; генерал-маёр Міхаіл Драздоўскі, камандзір 14-й пяхотнай дывізіі ў Першую сусветную вайну; генерал-лейтэнант Уладзімір Віткоўскі, начальнік Драздоўскай дывізіі ў белагвардзейскай Добраахвотнай арміі… Праўда, у 1905 годзе у чыне капітана лейб-гвардыі Фінляндскага палка Пётр Васількоўскі выйшаў у адстаўку. Закончыў яшчэ адну ВНУ –  Археалагічны інстытут… І з 1910 года цалкам прысвяціў сябе літаратурнай і навуковай дзейнасці. Удзельнічаў у многіх археалагічных росшуках.

У 1920-я гады ў Савецкай Расіі пачаў актыўна развівацца краязнаўчы рух. Пётр Яўгенавіч увайшоў у склад Цэнтральнага бюро краязнаўства. Нашага земляка выбіраюць кіраўніком прыродаахоўчай камісіі. Пётр Васількоўскі ўваходзіць у склад Усесаюзнага геаграфічнага таварыства, а таксама – у склад Усерасійскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А яшчэ – і ў іншыя грамадскія арганізацыі: у прыватнасці, у Таварыства распаўсюджвання прыродазнаўча-гістарычнай адукацыі, Ленінградскага абласнога таварыства вывучэння мясцовага края, намеснік старшыні Ленінградскага абласнога таварыства натуралістаў, Паўночна-Заходняга бюро краязнаўства, Бюро краязнаўства Ленінградскай вобласці. За кожным з гэтых грамадскіх краязнаўчых накірункаў – велізарная праца, напружаныя заняткі, творчая работа. Пётр Яўгенавіч Васількоўскі – удзельнік розных краязнаўчых і прыродаахоўчых з’ездаў. У 1927 годзе на 1-м краязнаўчым з’ездзе Паўночна-Заходняй вобласці даследчык мінуўшчыны робіць грунтоўны даклад “Роля школы ў ахове прыроды”. А на 1-м Усерасійскім з’ездзе аматараў светазнаўства таксама выступае з дакладам, прысвечаным ролі аматара ў захаванні прамысловых багаццяў Расіі.

У 1929 годзе Пятра Васількоўскага запрашаюць да ўдзелу ў працы Міжгаліновай камісіі Ленінградскай вобласці па пытаннях аховы прыроды. З 1932 года Пётр Васількоўскі – загадчык аддзелам зверагадоўлі і палявання Ленінградскага аддзялення Інстытута жывёлагадоўлі. У 1935 годзе краязнаўцу і вучонага прызначаюць начальнікам асветніцкага сектара Батанічнага інстытута Акадэміі навук. Пётр Яўгенавіч ініцыіруе выданне штоквартальнага перыядычнага прыродаахоўчага зборніка ў СССР. Часта выступае з артыкуламі, нарысамі, карэспандэнцыямі, эсэ ў часопісах “Юные Всходы”, “Природа и люди”, “Охота и природа”, “Живая природа”, “Краеведение”. Пачынае весці навукова-публіцыстычны раздзел “Ахова прыроды” ў часопісе “Краеведение». І вядзе гэты раздзел ці рубрыку з 1927 года і ажно да самай забароны выдання аўтарытэтнага краязнаўчага часопіса.

Рысу ў жыцці таленавітага даследчыка і літаратара праклала не толькі афіцыйная забарона краязнаўства, але і забойства кіраўніка Ленінградскай партыйнай арганізацыі Сяргея Міронавіча Кірава. Як былы дваранін і царскі афіцэр Пётр Яўгенавіч быў высланы з Ленінграда разам з сям’ёю ў сакавіку 1935 года. Васількоўскія патрапілі ажно ў Атбасар Акмолінскай вобласці. Тры гады прадстаўнік “старой інтэлігенцыі” – ўраджэнец Віцебска і ленінградзец Пётр Васількоўскі правёў у Атбасары. Працаваў звычайным лабарантам… Канешне ж, умоў для заняткаў краязнаўствам у казахстанскай правінцыі не было ніякіх.

І, пэўна, рэдка хто з жыхароў акмолінскага гарадка, сустракаючы на вуліцах невялікага паселішча, на беразе ракі Жабай (прыток Ішыма) Пятра Яўгенавіча, ведаў, што перад імі – аўтар многіх публіцыстычных, краязнаўчых кніг. Мы нават не ведаем, ці ўдалося яму гэтыя кнігі захапіць з сабою ў высылку. Наўрад ці… Пётр Яўгенавіч Васількоўскі – аўтар наступных адметных выданняў: “Ахова прыроды і краязнаўцы”, “Цуды жывёльнага свету”, “Цуды расліннага свету”, “Дзіковінкі Зямлі”, “Цуды падводнага царства”, “Спадарожнік юнага натураліста”, “Прырода і насельніцтва Ленінградскай вобласці: даведачная кніга па краязнаўству”…

Зараз у самім Атбасары ёсць краязнаўчы музей. А ў трэцяй СШ г. Атбасар – музей казахскага пісьменніка Сейтжана Амарава. Дарэчы, школа носіць імя гэтага таленавітага літаратара. Мо ў гэтых асветніцкіх установах знойдзецца з часам месца і памяці пра нашага земляка – Пятра Яўгенавіча Васількоўскага..?

Сяргей Шычко

Ілюстрацыя: вокладка кнігі П. Васількоўскага "Диковинки земли", 1912. 

Прочитано 303 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии