Среда, 16 01 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Блог Алеся Карлюкевіча. 2019 літаратурны… Якім ён будзе?..

  • Понедельник, 07 января 2019 19:21

2019 год… Якім ён будзе для творчай супольнасці нашай Айчыны?!. Якія новыя творы з’явяцца на старонках літаратурна-мастацкіх выданняў? Што новага ўвойдзе ў традыцыі беларускай літаратуры на працягу 2019 года? Зразумела, адказы напоўніцу дасць толькі час. Толькі напрыкацы 2019 года мы зможам адказаць на ўсе гэтыя пытанні болей-меней дакладна…

Канечне ж, мне асабіста як чытачу актыўнаму хацелася б найболей бачыць разумнай, таварыскай, скіраванай на ўніклівае асэнсаванне напісанага і надрукаванага, палемікі літаратурных крытыкаў. Не толькі шырокіх аглядаў надрукаванага ў перыёдыцы, якія прачытваю на старонках самых розных выданняў, а – менавіта палемікі, разумных спрэчак, дзе аргументавана, азіраючыся на папярэднікаў, тыя ці іншыя аўтары выбудоўваюць цікавыя высновы, даюць адметныя ацэнкі. Але ж палеміка, разумная спрэчка – гэта заўжды развіццё. Палеміка – гэта нешта большае…

Сёння ў сацыяльных сетках досыць шмат гавораць пра прозу Віктара Марціновіча, пра кнігі (ужо – пра дзве кнігі) Андруся ці Андрэя Горвата… Мо 2019 год прынясе болей разважлівасці і ўважлівасці ў спробах унікнуць таго галоўнага, дзеля чаго напісаны старонкі іх – Марціновіча і Горвата – цікавай, нечаканай прозы. І мо хтосьці з “акадэмічных” крытыкаў, болей вопытных літаратуразнаўцаў адважна зазірне ва ўсе глыбіні напісанага Андрэем Федарэнкам? Як на мой прыватны погляд, то постаць гэтага таленавітага мастака слова, гэтага адважнага шукальніка ісцін праз святло беларускай аповесці, беларускага апавядання даўно вартая таго, каб выйшла грунтоўная манаграфія “Андрэй Федарэнка. Сёння і заўтра”. Няўжо выдавецтва “Мастацкая літаратура” адмовіцца выдаць такую манаграфію аўтарства, напрыклад, Ганны Кісліцынай альбо Ірыны Шаўляковай-Барзенка?!.

Беларуская літаратура мае свайго лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святлану Алексіевіч. А вось асобнай манаграфіі пра яе творчасць да сённяшняга дня пакуль што, на вялікі жаль, няма!.. Хутчэй, відаць, назбіраецца зборнік артыкулаў пра Святлану Алексіевіч, напісаных літаратуразнаўцамі розных краін. Напамін пра такія артыкулы, пра ўвагу чужаземных літаратурных крытыкаў да здзейсненага ў літаратуры Святланай Алексіевіч час ад часу з’яўляецца ў айчынным літаратурна-мастацкім друку. І ў часопісе “Полымя”, і ў газеце “Літаратура і мастацтва”, і на старонках Інтэрнэт-партала “Созвучие: литература и публицистика стран Содружества», выпускі якога рыхтуюцца творчай камандай Выдавецкага дома “Звязда”. Мы ведаем тое, што пра яе пішуць у Азербайджане, Грузіі, Кітаі, Таджыкістане, В’етнаме, Японіі, Вялікабрытаніі, Францыі… А вось у нас дома, у Беларусі, што пішуць пра Святлану Алексіевіч..?!

Глыбока перакананы, што новы 2019 год як часавая літаратурна-мастацкая прастора, як унікальная прастора кніжнага характару будзе шмат цікавейшым, калі не толькі на навукова-практычных канферэнцыях будуць заяўляць пра свае надзвычайныя амбіцыі акадэмічныя і універсітэцкія літаратуразнаўцы, калі не толькі з нагоды юбілейных дат такія канферэнцыі будуць праводзіцца. Чаму б не паяднацца ў такім клопаце і творчым пісьменніцкім арганізацыям з універсітэцкімі і акадэмічнымі літаратуразнаўцамі? Мо добра было б усё ж такі наладзіць адмысловыя канферэнцыі на тэму “Сучасны раман” альбо “Сучасная аповесць” ці “Сучаснае апавяданне”? Здолелі ж нядаўна правесці ў краіне канферэнцыю, прысвечаную беларускай літаратурнай казцы!.. А калі пра постаці гаварыць, то хіба паэты Анатоль Сыс ці Міхась Стральцоў не з’яўляюцца вартымі асобамі для шматграннага разгляду напісанага імі?!.

Пэўна, па-новаму трэба паставіцца ў дачыненні да літаратурнай мастацкай крытыкі і… айчыннаму кнігагандлю. Той, хто распаўсюджвае кнігу, хто шукае для яе пакупніка, хіба не павінен па-сур’ёзўнаму клапаціцца пра яе прапаганду?!. Словам, так не хапае аператыўнай і разам з тым разважлівай грунтоўнай літаратурна-мастацкай крытыкі для развіцця сучаснай беларускай нацыянальнай літаратуры!.. Пагадзіцеся, з гэтым, відаць, не паспрачаешся…

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 221 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии