Версия для печати

50 гадоў Беларусь чытае «Каласы...»

  • Среда, 09 января 2019 11:28

Слынны раман «Каласы пад сярпом тваім» — знакавы і для самога пісьменніка, і для ўсіх беларусаў. Згодна з рэйтынгам чытачоў, гэта адзін з самых значных твораў у гісторыі айчыннай літаратуры (разам з «Новай зямлёй» Якуба Коласа і «Палескай хронікай» Івана Мележа). На выстаўцы, прымеркаванай да 50-годдзя выдання, якая днямі адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, належнае месца займае не толькі сам раман і яго аўтар, але і распавядаецца пра людзей, якія даследавалі падзеі, апісаныя ў рамане, і былі іх удзельнікамі.

Гэта і Эліза Ажэшка, і Уладзіслаў Сыракомля, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. І адзін з галоўных герояў Уладзіміра Караткевіча — Кастусь Каліноўскі. Ёсць матэрыялы, якія тычацца і сучаснага погляду на тыя падзеі. Дарэчы, гісторыкі вызначаюць паўстанне як найбольш уплывовае ў фарміраванні беларускай нацыі. Назва часовай экспазіцыі сімвалічная: «Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць...».

Задума напісаць раман узнікла яшчэ на пачатку 1950-х гадоў, калі падчас вучобы ў Дзяржаўным кіеўскім універсітэце творца зацікавіўся старадрукамі. Спрыяла цікавасці і сямейнае паданне: адзін з продкаў па матчынай лініі, Тамаш Грыневіч, з’яўляўся кіраўніком паўстання на Магілёўшчыне, быў узяты ў палон і расстраляны…

Ідэю Уладзімір Караткевіч выношваў 8 гадоў. А пісаў 2 гады. Працаваў у розных мясцінах: у Рагачове ў дзедаўскай хаце, у Каралішчавічах у Доме творчасці, у Чалябінску, куды ездзіў да сястры, у Мінску. Першая публікацыя ў скарочаным выглядзе з’явілася ў «Полымі» ў 1965 годзе. Рэдагаваў твор Максім Танк. Потым з друкам узніклі праблемы: існавала перакананне, што галоўным героем — удзельнікам паўстання — мусіць быць народ, сялянства, а ў рамане арганізатар паўстання — шляхта. Адбываліся шматлікія нарады-абмеркаванні, выказваліся ідэалагічныя заўвагі. Выданне твора было пад пагрозай. Але з дапамогай Адама Мальдзіса і Генадзя Кісялёва раман выратавалі. Пра падрыхтоўку да друку твора Уладзімір Караткевіч згадваў у «Дзённіку 1965—1966 гадоў». Пісаў: «...Пад канец жыцця ўсё ж пакіну свой варыянт, а не — то давядзецца падумаць хаця б пра аднаўленне таго, што папсавалі нажніцы ў прадчуванні іншых нажніц...». Пры падрыхтоўцы «Поўнага збору твораў» укладальніца Валянціна Андрэева аднавіла тэкст, што «папсавалі тыя “нажніцы”». Перавыданне, якое рыхтавалася ў выдавецтве «Папуры», было зроблена па адноўленым тэксце, — ён на чвэрць большы, чым ранейшы.

Кожнае пакаленне пераасэнсоўвае гісторыю і яе герояў. Доўгі час у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі не сыходзіла са сцэны пастаноўка па рамане Уладзіміра Караткевіча. На выстаўцы прадстаўлены касцюмы галоўных герояў, у тым ліку Алеся Загорскага, а таксама шматлікія рукапісы, лісты, аўтографы, гальштук, кішэнны гадзіннік вытворчасці Паўла Бурэ, прылады для прыгатавання кавы (вядома, што пісьменнік з’яўляўся вялікім аматарам гэтага напою), ракавінкі, сувеніры і іншыя асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча з фондаў музея. Адноўлены куток інтэр’ера са старым піяніна ў цэнтры (Уладзімір Караткевіч меў добры музычны слых, выдатна спяваў). З вялікай самакрытыкай і гумарам адносна свайго музіцыравання ён пісаў, што «...шматлікія таленты пайшлі тунна». Але ж гісторыя сведчыць: талент, аддадзены служэнню Айчыне, зрабіў тое, што мусіў зрабіць. Падрыхтаваў магутную хвалю Адраджэння...

Экспазіцыю можна наведаць да канца навучальнага года.

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 1633 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии