Пятница, 19 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

“Таркі-Тау” збірае сяброў: Марат Гаджыеў. Расія, Дагестан

Сябры беларускай літаратуры.

“Таркі-Тау” збірае сяброў:

Марат Гаджыеў. Расія, Дагестан.

Дагестанскі літаратар Марат Гаджыеў – мастак, публіцыст, кнігавыдавец, чалавек, які па натуры сваёй, па ўласнаму характару народжаны менавіта для таго, каб яднаць розныя нацыянальныя прасторы, розныя нацыянальныя культуры, розныя нацыянальныя літаратуры. Нарадзіўся Марат Гаджыеў у 1968 годзе ў Грозным. У 1995 годзе скончыў Дагестанскі дзяржаўны палітэхнічны інстытут. З’яўлецца галоўным рэдактарам каўказскай літаратурна-мастацкай газеты “Горцы”, дырэктарам грамадскай арганізацыі “Каўказскі дом перакладу”, мастацкім рэдактарам Выдавецкага дома “Дагестан”, галоўным бібліятэкарам Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава.

Марат Гаджыеў – член Саюза журналістаў Расіі. Лаўрэат прэстыжнай Рэспубліканскай прэміі “Залаты арол”. Аўтар ёмістай, змястоўнай кнігі пра падарожжы па Каўказу – кнігі з досыць красамоўнай назвай “Соль”. Персанальныя выстаўкі мастака Марата Гаджыева праходзілі ў Махачкале, Краснадары, Маскве, Каспійску. І таксама – у Мінску. У галерэі “Універсітэт культуры” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва.

… Ужо, прызнацца, зусім і не памятаю, як мы пазнаёміліся. Мо з часам пра гэта раскажа і сам Марат Гаджыеў, які сёння жыве і працуе ў сталіцы Дагестана – Махачкале. У адной яго асобе выяўляюцца многія грамадскія, культуралагічныя, асветніцкія ініцыятывы. Нядаўна ў Беларусі нарадзіўся такі надзвычай невыпадковы праект – выданне кнігі аднаго верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1913 год Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету”. І першым да збору перакладаў твора, які стаў на пачатку 1970-х гадоў Гімнам Бангладэш, сімвалізаваўшы тым самым незалежнасць, суверэнітэт новай краіны, суверэнітэт бенгальцаў, спрычыніўся менавіта Марат Гаджыеў, падказаўшы стасункі з аварскім, даргінскім, лакскім, нагайскім, кумыкскім, лезгінскім, рутубульскім, цхатурскім і іншымі перакладчыкамі Дагестана…

Фактычна ён, Марат Гаджыеў, сам як чалавек-адзінка з’яўляецца эпіцэнтрам прыцягнення многіх творчых праектаў. Ужо не першы год дзякуючы яго рознабаковым сувязям у Дагестане ладзіцца аўтарытэтная кніжная выстаўка “Таркі-Тау”. Невялікая па сваёй прасторы, яна досыць насычаная па мерапрыемствах, прэзентацыях, аўтограф-сесіях. Магчыма, у гэтай паўночнакаўказскай кніжнай выстаўкі няма лішняй пампезнасці, але там ёсць другая, не меней важкая характарыстыка, другая акалічнасць – “Таркі-Тау” збірае сапраўдных сяброў. У гэтыя восеньскія дні, калі праводзіцца такі прэстыжны кніжны фэст, здаецца, уся шматнацыянальная Махачкала становіцца кніжным горадам, сапраўднай асветніцкай, культурнай сталіцай рэгіёна. У маім электронным архіве сабраліся праграмы кніжнай выстаўкі за некалькі апошніх гадоў. Паглядзіце на гэтыя імёны і на падзеі… Прэзентацыя кнігі “Расул Гамзатаў”, выдадзенай у “маладагвардзейскай” серыі “Жыццё знакамітых людзей”, сустрэча з аглядальнікам “Литературной газеты” пісьменнікам Уладзімірам Сухамлінавым, сустрэча з аўтырэтным літаратурным крытыкам Галінай Юзэфовіч, прэзентацыя кніжнага праекта “Адраджэнне Табольска” гісторыка і краязнаўца Аркадзя Ялфімава… Прэзентацыя альманаха “Каўказскі экспрэс”, мастацкія і фатаграфічныя выстаўкі, знаёмства з гісторыка-краязнаўчай літаратурай, прэзентацыя кніг для дзяцей і падлеткаў…

І ў апошні час заўсёды ўдзельнікам кніжнай выстаўкі “Таркі-Тау” з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. У Дагестане, у Махачкале з гэтай нагоды пабывалі паэты, празаікі, публіцысты і перакладчыкі з Мінска Рагнед Малахоўскі, Аляксей Чарота, якія пазнаёмілі дагестанцаў і іх гасцей з тымі публікацыямі, што звязаны ў нас, у Беларусі, з творчасцю паэтаў Паўночнага Каўказа. У літаратурна-мастацкіх часопісах “Нёман”, “Маладосць”, у газеце “Літаратура і мастацтва”, альманаху “Созвучие» у апошнія гады па-руску і па-беларуску друкаваліся творы балкарца Саліха Гуртуева, кабардзінца Хасана Тхазёплава, чачэнцаў Лулы Куні, Адама Ахматукаева, Пецімат Абубакаравай, дагестанцаў Міясат Муслімавай, Анварбека Култаева, Шаміля Лутава… І таму цалкам лагічнымі крокамі падаюцца прэзентацыі на выстаўцы “Таркі-Тау” часопіса “Нёман”, правядзенне “круглага стала”, прысвечанага разгляду стасункаў беларускай літаратуры з літаратурамі народаў Паўночнага Каўказа.

Пісьменнік, публіцыст, перакладчык Марат Гаджыеў як кіраўнік Каўказскага Дома перакладаў, як галоўны рэдактар асветніцкай, культуралагічнай газеты “Горцы” аб’ядноўвае вакол сябе розных ініцыятыўных людзей. У 2017 і 2018 гадах паэт, публіцыст і мастак некалькі разоў прыязджаў у Рэспубліку Беларусь. Спярша – дзеля размоў, агульных абмеркаванняў стасункаў Беларусі і Дагестана.  А пасля – і са згаданай  выстаўкай для мінскай галерэі “Універсітэт культуры”. “Зунзул чані” (“Світанне”) – такую назву насіла выстаўка, на якой была прадстаўлена серыя графічных работ, напісаных Маратам Гаджыевым на тутавай паперы. Разам з Маратам у Мінск прыехалі і дагестанскія журналісты Саід Ніналаў, Жэмілат Ібрагімава. Яны прывезлі і шмат кніг, якія пабачылі свет у дагестанскіх выдавецтвах. Прадставіўшы кнігі на выстаўцы, пасля перадалі іх у дар Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкай біблітяэцы Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Спакваля ў Марата Гаджыева з’явілася шмат беларускіх сяброў. Яго прымалі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Выдавецкім доме “Звязда”, рэдакцыях беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў. Уражлівым, эмацыянальным, досыць красамоўным было і выступленне Марата Гаджыева ў час “круглага стала” беларускіх і замежных пісьменнікаў у Гродна, калі ў чэрвені 2018 года ў старажытным горадзе праходзіў чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур…

Тройчы ў Беларусі выдаваўся зборнік аднаго верша славутага асветніка і першадрукара “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Менавіта дзякуючы Марату Гаджыеву ўдалося пазнаёміцца з перакладчыкамі, паэтамі, якія ажыццявілі пераклад урыўка са скарынаўскай прадмовы да “Кнігі Юдзіф”. А гэта – пераўвасабленні на аварскую (пераклала Тубхат Зургалава), агульскую (перакладчык – Замір Тарланаў), даргінскую (Амінат Алімханава), карацінскую (Хізры Асадулаеў). Дарэчы, жыве Хізры Асадулаеў у Мінску. Але так вось склалася, што ў час працы над кнігай “Францыск Скарына на мовах народаў свету” пазнаёміліся з ім праз Марата Гаджыева. На кумыкскую Скарыну пераклала Шэйіт-Ханум Алішава, на лакскую – Сугуры Увайсаў, на лезгінскую – Зульфікар Кафланаў, на нагайскую – Анварбек Култаеў, на рутульскую – Фаціма Ібрагімава, на табасаранскую мову – Фіруза Султанава, на тацкую – Мая Мататава, на цахурскую мову – Валех Гамзаеў. І што адметна, стасункі з перакладчыкамі не абмежаваліся выкананнем гэтай беларускай просьбы, рэалізацыяй гэтага клопату. Можна смела сказаць, што дзякуючы Марату Гаджыеву Рэспубліка Беларусь, беларуская нацыянальная літаратура займела ў Дагестане сярод розных яго народаў новых шчырых сяброў. Дзякуючы ініцыятывам, падказкам галоўнага рэдактара газеты “Горцы”  сёння ў Дагестане творы сучасных беларускіх пісьменнікаў на свае родныя мовы перакладаюць нагайскі паэт Анварбек Култаеў, лакская пісьменніца Міясат Муслімава, аварскі публіцыст Керымхан Умаханаў, кумыкскі паэт Яраш Бійдулаеў, даргінская паэтэса Амінат Абдулманапава, інгушская пісьменніца Раіса Дзідзігава…

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 1052 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии