Понедельник, 20 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Па партытуры Манюшкі можна дакладна сказаць, што гэта — наш кампазітар»

З Дня нараджэння Станіслава Манюшкі, дзякуючы якому з вялікай сцэны ўпершыню прагучала беларуская мова, 5 мая споўнілася 200 гадоў. Нагода для свята з'явілася адразу ў некалькіх краін: класік адзначыўся ў беларускай, польскай, літоўскай і рускай музыцы. Родам з Мінскай губерні, Станіслаў Манюшка жыў у Мінску і Вільні, вучыўся ў Берліне, выконваўся ў Санкт-Пецярбургу, грымеў операмі і балетамі ў Варшаве. І пайшоў з жыцця як нацыянальны польскі герой, хоць насамрэч з'яўляецца героем шматнацыянальным. 200-годдзе кампазітара ўжо даўно адгукаецца на нашых канцэртных пляцоўках і ў выставачных залах, але адно з найцікавейшых прысвечаных яму мерапрыемстваў яшчэ наперадзе: 30—31 мая ў Мінску і Смілавічах, на радзіме кампазітара, пройдзе міжнародны навукова-практычны форум «Мастацкая прастора Еўропы ХІХ—ХХ стагоддзяў і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан». Больш за сто даследчыкаў з сямі краін ахопяць жыццё і творчасць класіка і раскажуць зацікаўленым тое, што пра Манюшку мы пакуль не ведалі. Рыхтуе форум Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэміі навук пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. А мы завіталі ў Цэнтр да яго музыказнаўцаў Галіны Цмыг, Наталлі Капыцько і Ірыны Гарбушынай, каб крыху больш даведацца пра знакамітага кампазітара. 

Спадчына Станіслава Манюшкі належыць некалькім народам

Традыцыйна жыццё і творчасць «стваральніка польскай нацыянальнай оперы» раздзяляюць на мінска-віленскі і варшаўскі перыяды. Большую частку жыцця ён правёў на Міншчыне і Віленшчыне, дзе сфарміраваўся як музыкант. Тут жа было напісана і выканана шмат яго твораў, хоць па-сапраўднаму рэалізавацца ён змог менавіта ў Варшаве, куды пераехаў у 1858 годзе. Там ён заняў пасаду дырыжора Вялікага тэатра, у якім была пастаўлена знакамітая польская нацыянальная опера «Галька». «Для Польшчы Станіслаў Манюшка стаў нацыянальным кампазітарам і ў сусветнай культуры доўгі час лічыўся класікам менавіта польскай музыкі», — кажа Наталля Капыцько. Дарэчы, у Польшчы і Літве 2019-ы аб'яўлены годам Станіслава Манюшкі, а ў Беларусі юбілей кампазітара адзначаецца шэрагам мерапрыемстваў.

Вяртанне Манюшкі ў беларускі кантэкст адбылося толькі ў 90-я

Праўда, спробы вярнуць на радзіму ўсё, што было датычна беларускай музыкі да ХХ стагоддзя, распачаліся ў 1960 гадах. Гэтую працу рабіў, у прыватнасці, Адам Мальдзіс, які сярод іншага знайшоў арыю камісара са страчанай Манюшкавай оперы «Сялянка». Але найбольш актыўна вывучаць творчасць Станіслава Манюшкі як беларускага аўтара сталі ў 1990-я, праўда, даследаванні і дагэтуль ускладняюцца тым, што неабходныя архівы знаходзяцца ў Польшчы. Такую запозненую рэакцыю можна растлумачыць у тым ліку геапалітычнымі перыпетыямі, бо Манюшка быў падданым Расійскай Імперыі, які нарадзіўся ў Мінскай губерні і размаўляў на польскай мове.

Дакладная колькасць твораў Станіслава Манюшкі невядомая

Як і гады стварэння некаторых з іх. Пэўнасці няма і датычна такіх буйных жанраў, як опера. Нават аўтарытэтная Музычная энцыклапедыя Польскага музычнага выдавецтва дае прыблізныя лічбы і даты. «Операй» не заўсёды называлася тое, што пад гэтым словам мы разумеем сёння: гэта маглі быць аперэткі, вадэвілі, «фрашкі» (жарты) альбо проста музычна-сцэнічныя творы, дзе музыкальныя нумары чаргуюцца з размовамі. Затое «Гальку» можна смела назваць поўнамаштабнай класічнай операй.

Опера «Сялянка» была пастаўлена нягледзячы на забарону

Станіслаў Манюшка стаў адным з аўтараў «Сялянкі» — оперы на беларускай і польскай мовах, напісанай на тэкст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і пастаўленай у Мінскім гарадскім тэатры ў 1852 годзе. Можна лічыць, менавіта тады ўпершыню (пасля даўнейшых інтэрмедый езуіцкага школьнага тэатра) са сцэны прагучала беларуская мова. Ад «Сялянкі» мы маем толькі адну, тую самую адшуканую Адамам Мальдзісам, музычную партыю, і яна якраз належыць класіку. Опера з-за беларускай мовы была забаронена (польская мова абмяжоўвалася таксама, менавіта таму пасля паўстання 1830—1831 гадоў бацькі забралі Манюшку са школы), але, па словах Галіны Цмыг, «Сялянка» была пастаўлена ўсё роўна: «Афішы распаўсюджваліся літаральна падпольна, іх проста не дазволілі развесіць на гарадскіх вуліцах, таму яны раздаваліся знаёмым, у выніку спектакль ставіўся нягледзячы на забарону».

Апроч Варшавы і Мінска кампазітар вучыўся музыцы ў Берліне

Навучанне Манюшкі ў Берлінскай пеўчай акадэміі прыйшлося на часы, калі Фелікс Мендэльсон пачаў выконваць Іагана Себасцьяна Баха, вяртаючы таго з забыцця. «У Берліне Манюшку вельмі цанілі, дзякуючы ў тым ліку пеўчай акадэміі кампазітар дасягнуў высокага ўзроўню майстэрства, што відаць па яго партытурах», — упэўнена Галіна Цмыг. Па вяртанні ў Вільню кампазітар сабраў аркестр і хор, якія выконвалі буйныя вакальна-інструментальныя творы, у тым ліку Гайдна, Моцарта, Мендэльсона і Баха. Гэта працягвалася нядоўга, бо вымагала шмат высілкаў, але не мела ніякай падтрымкі. У сваіх лістах Манюшка скардзіўся на ўмовы працы, у якіх не было каму выконваць пэўныя партыі, асобныя выканаўцы дрэнна ігралі, а некаторыя інструменты ўвогуле адсутнічалі. «У выніку ён быў, можна сказаць, вымушаны з'ехаць у Варшаву, бо не мог рэалізавацца ў поўнай меры, а там знайшоў неабходную падтрымку», — дадае Наталля Капыцько.

Манюшка прыўзняў да высакароднага дамашняе музіцыраванне

Пасля вяртання з Берліна ў Вільню кампазітар зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі. У тыя часы адным з самых папулярных спосабаў бавіць вольны час было дамашняе музіцыраванне. У першы час вучні прасілі Манюшку навучыць іх іграць папулярныя тады песні. Ён бачыў нізкія мастацкія якасці гэтых кампазіцый, таму вырашыў напісаць творы, якія маглі б выконвацца людзьмі з розным узроўнем падрыхтоўкі. Нескладаныя элегантныя п'есы сталі папулярнымі, і тым самым ён падняў узровень дамашняга музіцыравання.

Свае творы кампазітар распаўсюджваў па падпісцы

Людзі, зацікаўленыя ў той ці іншай, напрыклад філасофскай ці літаратуразнаўчай, тэматыцы, маглі падпісацца на адпаведныя зборнікі. Гэтым фарматам вырашыў скарыстацца і Манюшка, і эксперымент удаўся. «Паколькі ў яго творах ёсць пэўная сувязь з народнай музыкай, на інтуітыўным узроўні людзі адчулі іх блізкасць і, вядома ж, якасць. Апроч гэтага, зборнікі выходзілі на польскай мове, а паколькі яна была забаронена, падпісчыкі бачылі ў гэтых зборніках патрыятычную падтрымку, — расказвае Ірына Гарбушына. — Гэта быў той музычны матэрыял, у якім людзі адчувалі патрэбу, і Манюшка запоўніў гэтую лакуну». Зборнікі хутка распаўсюдзіліся, і літаральна праз год песні кампазітара пачалі выконвацца паўсюль.

Для песень Манюшка выкарыстоўваў вершы беларускіх паэтаў

Калі паэзія была на беларускай мове, тэксты перакладаліся на польскую. У творах кампазітара загучалі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан ды іншыя аўтары. Часам на польскай гучаць папулярныя тады сюжэты беларускіх песень. Пакуль Манюшка вучыўся ў Берліне, яму ўдалося на нямецкай мове выдаць тры песні на вершы Адама Міцкевіча. Пісаў ён і на рускай, часта спецыяльна для папулярных тады спевакоў, якія з вялікім энтузіязмам выконвалі яго творы. «Як аўтар п'ес для дамашняга музіцыравання Манюшка быў шырока прызнаны ў Расійскай Імперыі. Ён напісаў больш за чатырыста песень, што дазваляе паставіць яго ў адзін шэраг з Шубертам, які стварыў іх каля шасцісот», — кажа Ірына Гарбушына.

Некалькі разоў ездзіў у Санкт-Пецярбург з надзеяй знайсці працу

У Расійскай Імперыі Мінск і Вільня былі, лічы, перыферыяй, а Санкт-Пецярбург — сталіцай. Станіслаў Манюшка спадзяваўся атрымаць там месца, але кожны раз вымушаны быў вяртацца назад і працаваць не ў самых спрыяльных умовах. У адзін з такіх візітаў апроч галоўнай сваёй задачы ён мусіў атрымаць дазвол на распаўсюджванне песенных зборнікаў, — і хоць працу кампазітар не знайшоў, дазвол на выданне польскамоўных песень, як ні дзіўна, атрымаў.

Прыналежнасць класіка да беларускай тэрыторыі сцвярджае яго музыка

«Па партытуры Манюшкі мы можам дакладна сказаць, што гэта наш кампазітар, месца нараджэння і жыцця на яго моцна паўплывала. Падчас аналізу інтанацый, стылю і пабудовы мелодыкі выяўляецца відавочная сувязь з сялянскім і гарадскім фальклорам альбо мясцовымі царкоўнымі спевамі, калі згадваць духоўную музыку», — кажа Галіна Цмыг. Таму музыказнаўцы могуць дакладна прасачыць прыналежнасць Манюшкі да культуры Беларусі. «У яго вакальнай музыцы ёсць несупадзенне музычнага акцэнту і націску ў словах, за што польскія музыказнаўцы часта папракалі кампазітара. А між тым гэта адна з адметнасцяў беларускай народнай песні». Сувязь з месцам відаць і ў духоўных творах кампазітара, над якімі ён працаваў усё сваё жыццё: Станіслаў Манюшка быў шчырым вернікам і кожную раніцу, што вядома са сведчанняў яго дзяцей, хадзіў у касцёл.

Манюшка быў высока ацэнены сучаснікамі-кампазітарамі

Калі Станіслаў Манюшка пераехаў у Варшаву, ён ужо быў даволі вядомым аўтарам. Хоць яго імя гучала ў першую чаргу дзякуючы песням, жанравая палітра кампазітара была надзвычай шырокай: ён пісаў кантаты, аперэты і оперы, ужо ў васямнаццаць гадоў стварыў струнны квартэт, які сведчыць пра высокае майстэрства і талент музыканта. Асобнае значэнне Манюшка мае як сакральны кампазітар: для ХІХ стагоддзя сем рэлігійных мес, якія ён напісаў, складалі даволі вялікую колькасць. Манюшка быў высока ацэнены з боку сучаснікаў-кампазітараў: ён асабіста ведаў Ферэнца Ліста, Аляксандра Даргамыжскага і перапісваўся з Джаакіна Расіні, які, у сваю чаргу, хвалебна адгукнуўся на «Астрабрамскую літанію» Манюшкі, маўляў, яна вартая таго, каб гучаць паўсюль. Пасля параўнальна ранняй смерці ў Польшчы Станіслава Манюшку праводзілі як нацыянальнага героя.

За­пі­са­ла Ірэ­на Кацяловіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 320 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии