Среда, 16 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў «Маладосці». Паэтычны ТЭКСТыль: аснова і ўток вершаванай матэрыі

«Код паэзіі: узламаць нельга ўтойваць» — назва рубрыкі часопіса «Маладосць», у якой кожны месяц прадстаўляюцца разважанні, а хутчэй падаюцца нестандартныя падыходы да справы вершаскладання ад маладой паэтэсы і лінгвіста Кацярыны Масэ. Чытаць прыемна, браць пад увагу карысна.  

Падабенства тэксту і тканіны ляжыць не толькі ў метафарычнай роўніцы: указваць на агульнае паходжанне словаў «тэкст» і «тэкстыль» было б, бадай, дурным тонам з прычыны яго амаль непрыстойнай відавочнасці. Калі б не той факт, што для многіх, хто не асоба цікавіцца праблемамі этымалогіі, ён застаецца паза ўвагай проста таму, што яны аб гэтым не задумваюцца. І дарма, бо этымалогія мае адну цудоўную ўласцівасць: калі яна ўшчэнт не заблытвае, то расстаўляе ўсё па сваіх месцах.

Для грунтоўнага асэнсавання паняцця «тэкст» важным уяўляецца не проста яго роднаснасць вобразу тканіны, а менавіта першараднасць апошняй у этымалагічнай іерархіі. Гэта значыць, што ключавыя характарыстыкі, якія мы асацыюем з тканінай — прадметам, у сілу сваёй архаічнай прататыпічнасці менш абстрактным і больш намацвальным (таму што базавыя старажытныя словы заўжды больш канкрэтныя за тыя, якія ў далейшым паўстаюць на іх аснове — у тым ліку праз метафарызацыю), могуць дапамагчы нам у раскрыцці глыбіннага сэнсу створанага на яго падставе больш адцягненага паняцця, а менавіта паняцця «тэкст».

На карысць вышэйсказанага сведчыць той факт, што, у той час як існуюць сотні варыянтаў азначэння тэксту, у кожным з якіх ён асвятляецца з нейкага асобага ракурсу, у выпадку з тканінай (калі толькі не паглыбляцца ў розныя нюансы тэкстыльнага сімвалізму, а ўспрымаць яе як канкрэтны аб’ект) праблема дэфініцыі, можна сказаць, не стаіць наогул.

Можна было б пачаць, што называецца, з пачатку і заняцца пытаннем аб суадносінах вобразу тэкстылю з вобразам тэксту як такога. Але сёння мы паразмаўляем пра тыя структурныя асаблівасці, якія родняць тканіну не з якім заўгодна тэкстам, а менавіта з тэкстам паэтычным.

Давайце ўдумаемся: што такое тканіна? На першы погляд, суцэльнае гладкае палатно. А пры бліжэйшым разглядзе — перпендыкулярнае перапляценне ніцей. Нават цяпер, нягледзячы на ўсю простасць з'явы, успрыманне спакваля дзівіцца гэтаму факту. Ці варта казаць, што калісьці ў маленстве гэтая няхітрая тэхналогія абярнулася для мяне незабыўным адкрыццём? У сэнсе, ніткі. Ніткі — гэта ніткі, а тканіна — гэта тканіна. Ніткамі ж шыюць, а тканіна ж суцэльная і… непарыўная, а тут… Глупства нейкае. Але на простым перапляценні нітак цікавосткі не заканчваюцца, і самае галоўнае, як заўжды, хаваецца ў працэсе. Хто знаёмы з прынцыпам работы ткацкага станка, той ведае, што тканіну не плятуць, як вянок з дзьмухаўцоў у бабулі на лецішчы. Ніткі ператвараюцца ў тканіну выключна таму, што кожная нітачка выконвае сваю строга прадпісаную функцыю, ад якой яна ні ў якім разе не можа адхіліцца. І ў ткацтве, як і ў любой жыццёвай справе, важную ролю адыгрываюць дачыненні падначаленасці: калі, у супрацьвагу агульнай свістаплясцы, кожная група элементаў ведае, каму яна падпарадкоўваецца і кім, у сваю чаргу, кіруе. Гэта першасная і натуральная ўласцівасць любой сістэмы. Гэтак жа, як чалавек, які сядзіць за кроснамі, уяўляе сабой найвышэйшы аўтарытэт у пытаннях функцыянавання сістэмы, у паэзіі музыку заказвае таксама найперш той, хто «плаціць», — то–бок паэт. Але і сярод элементаў сістэмы вылучаюцца дзве галоўныя «дзейныя асобы», ад якасці кіравання якімі залежыць якасць гатовага прадукта, — гэта аснова і ўток.

Аснова ў ткацтве — гэта сістэма папярочных ніцей, нацягнутых на кросны паралельна адна адной. У працэсе ткання розныя групы ніцей (у залежнасці ад узору) папераменна падымаюцца і апускаюцца, у той час як яшчэ адна ніць — уток — «змейкай» праслізгвае паміж імі і фіксуе перапляценне. Камбінацыі ніцей асновы, якія здзяйсняюцца з дапамогай іх папераменнага ўздыму і групавання, праграмуюць спецыфічны ўзорны каркас вырабу падобна таму, як метрычная структура, пакладзеная ў аснову верша, перадвызначае яго рытмічны ўзор. Такім чынам — і гэта першая падставовая выснова, — ткацкаму вырабу, гэтак жа, як і паэтычнаму твору, уласцівая рытмічнасць, або арнаментальнасць, якая выражаецца ў сувымернай паўтаральнасці элементаў яго кампазіцыі. У сваю чаргу, уток — гэта тая самая сэнсавая ніць апавядання, ідэйны дух твора, які працінае яго наскрозь і знітоўвае дэталі яго архітэктонікі адзінай сэнсава–тэматычнай скіраванасцю, прымушаючы іх запрацаваць. І сапраўды: выцягні гэтую ніць — і палатно рассыплецца, бо ўток ёсць тонкім метафізічным пачаткам, якія ажыўляе яго. Адначасова, аналагічна таму, як арматура вершаванага памеру задае каркас для нанізвання на яго канкрэтнага сэнсавага матэрыялу, аснова стварае аснову — нечакана! — для падарожжа ўтку праз лабірынт нацягненых на кросны падоўжных ніцей.

Пры гэтым сама кампазіцыя твора (будзь тое геаметрычныя фігуры і кветкі на ручніку або алітэрацыі і рыфмы ў вершы — словам, стылістычнае афармленне) таксама расказвае сваю асобую гісторыю, мае свой асобы сюжэт. Але ніводны элемент формы, геаметрычны ці рытмічны, не здольны праявіцца, пакуль не будзе ўцялеснены і замацаваны ў фізічнай прасторы твора трывалай сэнсавай ніццю, гэтак жа як вертыкаль узору, закладзенага ў аснове, не здольная праявіцца, пакуль не будзе адцененая гарызанталлю ўтку. Дакладней кажучы, толькі на скрыжаванні вертыкалі і гарызанталі — зместу і формы, неба і зямлі, духу і цела — і можа паўстаць любы культурны тэкст. Так што, у сваю чаргу, справядліва і адваротнае: не будзь кампазіцыйнай асновы, якая служыць прытулкам сэнсу, апошні таксама не змог бы выявіцца; уток без асновы — звычайная нітка. Што першаснае, а што другаснае ў гэтым тэкстыльным танцы, — сказаць немагчыма, бо вытанчаная структурная пераплеценасць формы і зместу робіць іх непадзельнымі: хіба можна, гледзячы на тканіну, адмовіць ёй у ні з чым не параўнальнай узаемапераходнасці, злітнасці і суцэльнасці элементаў усіх сістэмных узроўняў?

Так, добрая паэзія павінна прыпадабняцца тканіне ў бясшвовасці яе тэкстуры: як дзіця, дзівячыся гладкасці і непарыўнасці тканіны, не можа даць веры, што яна сатканая з тысяч асобных нітачак — кожная на сваім месцы, — так чытач мусіць дзівіцца цэльнакройнасці паэтычнага твора, не верачы, што ён складаецца з асобных гукаў і слоў. Калі суадносіць эталонную для мяне паэзію з пэўным відам тэкстылю, то гэта дакладна не пэчворк — не сабраная з дзясятка ўжо скарыстаных шматкоў коўдра. Добрая паэзія — гэта найтанчэйшы ядваб, пра які нездарма кажуць, што ён «сатканы з паветра», гэтак жа як верш найвышэйшага гатунку сатканы з цішыні.

Калі падчас чытання ніводны гук не выбіваецца з дасканалага акустычнага парадку твора (толькі калі гэта не наўмысная фактурная хіба); калі сэнсавыя адзінствы не абрываюцца на краі аднаго радка, а плаўна перацякаюць у наступны, мінуючы бездань міжрадковай паўзы; калі тэкст нібыта ўраўнаважаны знутры стройнай пераплеценасцю ідэі і стылю, — тады можна казаць, што верш сатканы па ўсіх законах «ядвабнай» паэтыкі.

 

Кацярына Масэ

Крыніца: «Маладосць»

Прочитано 1024 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии