Пятница, 19 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў «Маладосці». Ян Баршчэўскі і Бандар Савасцей

Для большасці сучасных аматараў літаратуры Ян Баршчэўскі — аўтар неўміручага бестсэлера «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Але яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму на беларускую мову было перакладзена толькі некалькі апавяданняў, а Баршчэўскага мы ведалі як аўтара паэмы «Рабункі мужыкоў», вершаў «Дзеванька» і «Гарэліца».  

Сёння вершы пісьменніка апынуліся ў цені ягонай прозы. Аднак вывучэнне яго паэтычнай спадчыны ішло сваім ходам, былі знойдзеныя новыя версіі вядомых твораў. Выявілася, што практычна ўсе беларускія вершы Баршчэўскага дайшлі да нас вусным шляхам. Выявілася і тое, што некаторыя фрагменты, якія лічыліся часткамі «Рабункаў мужыкоў», Баршчэўскаму не належаць і ўзніклі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Затое Баршчэўкі стаў кандыдатам на аўтарства ананімнага верша, вядомага як «Паўстанне», а больш як «Віншаванне Бандара Савасцея». Такую гіпотэзу выказаў Вячаслаў Мартысюк. Аўтару гэтых радкоў удалося на аснове вядомых вусных версій рэканструяваць тэксты вершаў Яна Баршчэўскага і тых, якія яму прыпісваліся ці прыпісваюцца. Пра ўсё гэта можна прачытаць у сёлетнім нумары штогадовіка «Беларускі фальклор»[1].

Самым сенсацыйным адкрыццём у комплексе новых звестак пра аўтара «Шляхціца Завальні» была гіпотэза Вячаслава Мартысюка пра атрыбуцыю верша «Паўстанне». Развіваючы гіпотэзу, я зрабіў стылёвую і моўную экспертызу «Паўстання» і твораў Баршчэўскага: выявіліся некаторыя яскравыя паралелі.

Прыкладам, у «Рабунках мужыкоў» ёсць радкі:

Усім нам стала карціць,

Як бы Польшчу звараціць[2].

І такія самыя знаходзім у «Паўстанні»:

Уздумалі па́ны Польшчу звараціць,

Бадай, ці не лепей Судару служыць!

У «Рабунках…» высмейваецца баязліўства ў такіх словах:

А цівун – у канаплі,

Яго й адтуль вывалаклі.

І аналагічна гэта робіцца ў «Паўстанні»:

І што ты у нашу кашу не мяшаўся,

І цэлы ў каноплях ⟨так⟩ перахаваўся!

У «Шляхціцы Завальні» адзін з герояў гаворыць па–беларуску: Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзiраець[3].

І падобны выраз сустракаем у «Паўстанні»:

Дрошч па скуры, дубам волас станавіць.

Чаго яшчэ бракуе, каб мець пэўнасць у атрыбутаванні «Паўстання»? П. Беркаў лічыў, што, нават правёўшы біяграфічны, стылявы і ідэалагічны аналіз разам з негатыўным даследаваннем, твор можна адносіць толькі да раздзелу dubia, калі няма дакументальных пацверджанняў [Берков, 1958, 185–188].

Выснова несуцяшальная, хоць і здаровая, але ў яе таксама ёсць негатыў. Калі так, то ў выніку няма розніцы паміж пільнымі стараннямі тэкстолагаў з аднаго боку і гаданнямі дылетантаў, безадказнымі галаслоўнымі сцверджаннямі і проста прыватнымі ўпадабаннямі з другога. Узнікае пытанне: а што такое дакументальнае пацверджанне? Факт прыжыццёвай публікацыі? Аўтограф? Імя на рукапісе? Сведчанне сучасніка ці самога аўтара? Па кожным з гэтых пунктаў можна ўспомніць выпадкі, калі аўтарства не пацвярджалася ці ставілася пад сумнеў. «Тарас на Парнасе» падпісаны ў Рыпінскага як твор Вераніцына — але гэта не пераканала М. Хаўстовіча ў слушнасці подпісу [гл.: Хаўстовіч, 1995]. А. Сідарэвіч падаў сведчанне А. Луцкевіча пра пераклад В. Іваноўскім песні «Чырвоны знак» [Сідарэвіч, 2018], але пэўныя асаблівасці мовы і экстратэкстуальныя моманты наводзяць на аўтарства К. Каганца. М. Доўнар–Запольскі даводзіў, нібыта аўтар «Тараса на Парнасе» — В. Дунін–Марцінкевіч [Довнар–Запольский, 1909], быў нават аўтограф паэмы з подпісам «Навум», але сёння ніхто з літаратуразнаўцаў не падзяляе той атрыбуцыі. З усяго гэтага можна зрабіць дзве высновы: па–першае, няма такога метаду атрыбуцыі, які быў бы ключом на ўсе выпадкі жыцця, па–другое, аднаго сродку, якім бы чароўным і ўніверсальным ён ні здаваўся, мала, каб гіпотэзу пацвердзіць.

Няўжо прайшоўшы доўгі шлях рэканструкцыі тэкстаў і аналізу стылю, як Баршчэўскага, так і не–Баршчэўскага, трэба апынуцца там, дзе быў, з чаго пачынаў? Дзе шукаць таго дакументальнага (ці якога іншага) ultima ratio? У ходзе працы, калі ўжо склалася гіпотэза аўтарства «Паўстання», была гатовая рэканструкцыя, прадуманы аналіз стылю, нечакана для мяне самога ўзнік крыптаграфічны довад.

Арабскія і персідскія паэты ў канцы сваіх газелей пакідалі аўтограф — уласнае імя. Такі прыём зрэдку практыкавалі і беларускія песняры XIX стагоддзя, перадусім у віншаваннях:

Яе ж паслышыць наша старонка!

Спявайце ж, братцы, смела і звонка:

Не згіне песня і Украіна!

Будзьце здаровы!

Янка Лучына.[4].

Аналагічны прыём ужывае і аўтар «Паўстання»:

Дай Бог табе, пане, век доўгі, вясёлы,

Каб ты меў і грошы, і не быў бы голы!

Жыві, пане, жыві, да й гадкі не мей,

Тым цябе віншуець

Бандар Савасцей.

Інакш кажучы, і гэтым разам, хаваючы, аўтар адкрывае сваё імя, нават падкрэслівае, што віншуе менавіта Бандар Савасцей, а не хто іншы. Таму, згодна з класіфікацыяй П. Беркава, верш адносіцца не да ўласна ананімных, а да зашыфравана ананімных тэкстаў [Берков 1958, 183]. Чаму менавіта Бандар Савасцей? Я. Карскі лічыў, што «аўтарам верша названы “невядомы сяляк”; ніякіх іншых звестак пра яго не даецца» [Карский 2007, 261]. К. Цвірка пісаў, быццам аўтар падкрэслівае «сваё паходжанне з ніжэйшых слаёў грамадства» і «дае зразумець, што гэта адначасова і яго псеўданім» [Літаратура… 2000, 234]. Але ўрэшце мусіў прызнаць: «Хто хаваўся пад гэтым не зусім звыклым псеўданімам, наша літаратуразнаўства адказу пакуль што не дало» [тамсама]. Ці не занадта вытанчаны спосаб самаатэстацыі для прасцяка? Ужо адзін гэты момант мусіў бы насцярожыць інтэрпрэтатараў.

Перш чым аналізаваць імя, варта ўдакладніць, як яго слушна пісаць…

 

Юры Пацюпа

 

Артыкул цалкам чытайце ў № 5 часопіса «Маладосць».

 

 

 

[1]Гл.: Пацюпа 2019.

[2]Усе цытаты з вершаў Я. Баршчэўскага і «Паўстання» даюцца паводле: Пацюпа 2019, 158–165.

[3]Гл.: Barszczewski, 1844, 26; гл. таксама: Баршчэўскі, 1998, 96.

[4]Лучына, 1988, 35.

Прочитано 671 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии