Пятница, 18 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Хто ўваходзіў у літаратурную багему пачатку 1930-х гадоў

  • Понедельник, 03 июня 2019 09:48

На пачатку 1930-х у краіне віравала літаратурнае жыццё: выходзілі часопісы «Маладняк», «Узвышша» і «Полымя». Існаваў і Дом пісьменніка, а насупраць яго размяшчалася Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Там жа — рэдакцыі часопісаў, газет і бухгалтэрыя, у якой пісьменнікі атрымлівалі ганарары. Пасля ішлі адзначаць падзею ў сталоўку, якая месцілася ў падвале Дома пісьменніка. Там, мусіць, і з'явіўся ТАВІЗ. 

Валерый МАРАКОЎ у «Шашлычнай» на вуліцы Камсамольскай. Мінск, 1930-я гады.

Валерый МАРАКОЎ у «Шашлычнай» на вуліцы Камсамольскай. Мінск, 1930-я гады.

У межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапанаваў лекцыю, якую падрыхтаваў даследчык, літаратуразнаўца, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль. Першае, што адзначыў дакладчык, гэта тое, што ў энцыклапедыях няма інфармацыі пра Таварыства аматараў выпіць і закусіць (менавіта так расшыфроўваецца абрэвіятура), бо суполка была нефармальная, стварылася як багемны супраціў беларускаму літаратурнаму афіцыёзу. Існавала нават версія, што нічога насамрэч і не было, усё — містыфікацыя. Але ў часопісе «Роднае слова» за 1997 год выйшаў артыкул Лявона Юрэвіча пад назвай «ТАВІЗаўцы: пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб'яднання». Сутнасць яго ў тым, што ў архіве паэта-эмігранта Юркі Віцьбіча даследчык натрапіў на яго лісты да крытыка Антона Адамовіча з аповедам пра суполку. Праўда, у існаванне ТАВІЗу паэт не паверыў, нягледзячы на тое што сам і знайшоў пра яго інфармацыю. Бо падобных звестак нідзе больш не сустракалася...

Але пошукі не спыняліся. Штосьці адкрывалася і выпадкова. Так, сведчаннем існавання ТАВІЗу служыць дакумент той эпохі: нататка, надрукаваная ў «Савецкай Беларусі» за 1 лютага 1931 года за подпісам Б. Б. Падхоплены хваляй барацьбы з «багемшчынай» і «нацдэмаўшчынай», у загалоўку аўтар сцвярджаў: «Арганізатарам багемы не месца ў радах пралетарскіх пісьменнікаў!» Далей паведамлялася, што «...група багемствуючых пісьменнікаў знайшла сабе прытулак у Доме пісьменнікаў і адчувала сябе там як дома... Усе прыгоды гэтай групы набываюць арганізаваны ўжо характар і вырастаюць у групу пад назвай ТАВІЗ... Найбольш сумным з'яўляецца тое, што на чале ТАВІЗу знаходзяцца такія пісьменнікі, як Звонак, Хадыка і Маракоў»...

Як пісаў ва ўспамінах пра суполку Юрка Віцьбіч (ён і сам быў яе ўдзельнікам), ТАВІЗаўцамі з'яўляліся Міхась Багун, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны і шмат іншых. Яны ўяўлялі з сябе дэманстрацыйную ў дачыненні да Саюза пісьменнікаў БССР забароненую багему.

Віцьбіч падкрэсліваў, што не ў залах і кабінетах Дома пісьменнікаў, а ў шынках па Савецкай і Камсамольскай сталічных вуліцах абмяркоўвалі таленавітыя ТАВІЗаўцы сваю творчасць — пасяджэнні зазвычай праводзіліся ў кавярнях, піўнушцы, шашлычнай, у гасцініцы альбо на кватэры. Былі нават сустрэчы на закрытым ад цікаўных вачэй балконе рэстарана «Еўропа».

У самой назве ТАВІЗ адчуваўся і эпатаж, і пародыя на тагачасныя афіцыёзныя ўстановы, што імкнуліся прыдумаць нейкую абрэвіятуру. Было і імкненне схаваць крамольную літаратурную дзейнасць, бо на сходах чыталіся не вершы, прызначаныя для друку, а тыя, што пісаліся для сябе, — кожны ў іх пачуваўся сам сабой. Пісьменнікі і камуфлявалі сваю суполку пад зборышча алкаголікаў таму, што так было прасцей і бяспечней. Калі паэта застуквалі за напісаннем контррэвалюцыйных вершаў, справа магла скончыцца значна больш трагічна, чым калі яго затрымлівалі ў нецвярозым выглядзе. Тады, у 1930-х, пракацілася хваля рэпрэсій па справе Саюза вызвалення Беларусі... З іншага боку, чым бліжэй было да сярэдзіны 1930-х, тым больш у грамадстве адчувалася напружанне, у друку часта з'яўляліся артыкулы адыёзных крытыкаў з палітычнымі абвінавачаннямі. Таму нядзіўна, што ў паэтаў былі трагічныя прадчуванні — яны імкнуліся ўхапіць апошнюю магчымасць зведаць радасць у выглядзе сяброўскага застолля перад тым, што іх чакала наперадзе. Міхася Багуна, аднаго з яркіх лідараў, і называе Юрка Віцьбіч вынаходнікам назвы суполкі. Пісьменнікі тады мусілі весці падвойнае жыццё. Так, яны друкавалі ў газетах і часопісах вершы, у якіх услаўлялі курс партыі і тагачасных правадыроў. Аднак Віцьбіч згадвае, што паэты мелі ў запасніках і вершы на смерць партыйных правадыроў і, калі гэтая падзея здаралася, упісвалі прозвішчы ў гатовы верш і беглі ў рэдакцыю.

Падвойнае жыццё ТАВІЗаўцаў выяўлялася яшчэ і ў тым, што яны займаліся калектыўнай творчасцю для дзяцей. У часопісах за 1934—1935 гады можна пабачыць вершы, якія пісалі разам Тодар Кляшторны і Алесь Дудар. Трохі пазней да іх далучыўся і Валерый Маракоў. Уважлівае чытанне твораў для дзяцей наводзіць на роздум: а хто маецца на ўвазе ў галоўных вобразах? Магчыма, творцы адлюстравалі ўласныя перажыванні, трывожныя прадчуванні. Тыя ж трывожныя вобразы сустракаліся і ў дарослай творчасці ТАВІЗаўца Тодара Кляшторнага.

Сярод успамінаў Юркі Віцьбіча ёсць згадкі пра той час, калі прымалася сталінская канстытуцыя: паўсюль у дзяржаўных установах ішло актыўнае абмеркаванне падзеі, а чыноўнікі ад літаратуры адзначалі яе гарачымі прамовамі. Тады ж у сталоўцы Дома пісьменніка за куфлем горкага піва сядзелі Алесь Дудар, Валерый Маракоў і Уладзімір Хадыка. Да іх падышоў Купала і зачытаў урывак паэмы «Над ракою Арэсай», прысвечанай калектывізацыі і індустрыялізацыі. І спытаў: «Ну як вам, хлопцы?» Тыя ў адказ прамаўчалі. Купала зразумеў іх маўчанне, сказаў: «Так, і я з вамі згодны, а вось ім там спадабалася...» Пасля Купала зачытаў на памяць верш Алеся Дудара — той быў настолькі крануты, што заплакаў.

У Віцьбіча ёсць дзіўны сказ: ТАВІЗ праіснаваў да самай вайны. Але такога быць не магло, упэўнены Віктар Жыбуль, бо ў 1937 годзе многія ўдзельнікі таварыства былі арыштаваныя, расстраляныя альбо адпраўленыя ў лагер. Толькі Эдуард Самуйлёнак памёр у 1939 годзе не ў турме — ад сухотаў. Дзеячаў, з якіх мог складацца ТАВІЗ, ужо не было, перакананы даследчык.

Тым не менш хто ведае, што яшчэ хаваюць архівы?..

Яна Будовіч

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Аб'яднанне, якога не было. Афіцыйна

Прочитано 1250 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии