Вторник, 23 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Здароў, Паўлюк!

На хвалі часу, у плыні жыцця. Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць».

Да 115–годдзя Паўлюка Труса.

Здароў, вясёлы сінявокі хлопец, які выйшаў у расхлістаным палітоне і нават без шапкі на сцюдзёныя менскія вуліцы нібыта на вясковы падворак: моцна, па-гаспадарску ступае, пільна ўглядаецца ў твары мінакоў. Здароў, паэце! Як пачуваешся? Хадзем, Паўлюк, пагамонім — гэтым разам пра цябе, братка.

Думаю, у гэтым месцы Паўлюк Трус дужа рагатаў бы. Яго рогат — раскацісты, гучны, нейкі асабліва звонкі — ведалі ўсе, хто вучыўся ў дваццатыя ў Белпедтэхнікуме, хто працаваў у газетах, хто спяваў у народным хоры, хто бегаў з кветкамі на паэтычныя вечары. Паўсюль, дзе з’яўляўся Паўлюк Трус, гучаў гэты смех — фірменны, «паўлюкоў».

Праз гэты смех цярпеў Паўлюк моцна, бо зарагатаць мог дзе заўгодна. Аднойчы — яшчэ ў вуздзенскай вучэльні, куды чатырнаццацігадовы хлопец паступіў з вёскі Нізок, — седзячы на ўроку і паглядаючы цішком у акно, пабачыў ён, як упарты казёл атакуе сваю гаспадыню, разгубленую вясковую кабеціну. Вядома ж, зарагатаў — як умеў, на ўсю вучэльню, на ўсе яе два паверхі. Пацягнулі да дырэктара, загадалі, каб на тыдні, як толькі зможа, прыехаў бацька, бо будзе сур’ёзная размова пра далейшы лёс гэткага свавольніка ў прыстойнай установе. Над галавою Паўлюка сабраліся чорныя хмары. Увесь наступны тыдзень ён чакаў, калі дырэктар будзе моцна заняты, і вось нарэшце, падчас нейкай сур’ёзнай рэпетыцыі, гукнуў, сунуўшы ў дзверы галаву: «Павел Данілавіч! Бацька прыехаў!» «Нашто мне твой бацька?! — замахаў рукамі дырэктар. — Адчапіся!» Хмары разышліся, паказалася сонейка. Увечары рагаталі ўжо з сябрукамі.

Пра гэты ж смех успамінаюць супрацоўнікі «Беларускай вёскі», дзе ахвотна, з першых паэтычных практыкаванняў, друкавалі звонкія, напоеныя веснавым ветрам радкі маладога Труса. Паўлюк прыходзіў у рэдакцыю, наўпрост да галоўрэда Кузьмы Чорнага — той душы не чуў у гэтым таленавітым вясёлым маладзёне — і адразу падымаліся ў памяшканні гамана, шум і рогат. Чорны выганяў Труса ў калідор, на шырокі падаконнік паміж паверхамі: «Ідзі, Паўлючок, там пішы, там табе спакайней будзе». Той паслухмяна ішоў, клаўся жыватом на падаконнік і сапраўды пісаў, а калі атрымлівалася асабліва ёмка — смяяўся. Чорны на гэты смех, што ляцеў нават цераз паверхі і зачыненыя дзверы, таксама пасміхаўся, хітаў галавой і адзначаў прысутным: «Будзе верш, значыцца».

А яшчэ расказваюць, як ажно да ікаўкі смяяўся Трус, калі прачытаў вялікі крытычны водгук на свой зборнік. «У Паўлюка Труса, — пісалася ў тым водгуку, — не хапае асанансаў». 

Малады, надзвычай таленавіты паэт, якога адразу прынялі і чытачы, і крытыка, і суворыя настаўнікі, і нават калегі па пісьменніцкім цэху, меў бездакорную для тых часоў біяграфію. Ён сапраўды — не раўнуючы з большасцю тагачасных паэтаў — нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Вясковае прозвішча Трусоў было Шастаковы, Паўлюка ў вёсцы Нізок так і звалі — Паўлюк Шастаковых. Шастаковы — таму што пасля розных падзелаў дзедавай зямлі паміж сынамі, а потым і паміж унукамі, Адам Трус, паэтаў бацька, атрымаў толькі шостую частку звычайнага надзелу — гэта значыць дзве дзесяціны. Паспрабуй укармі чатырох дзяцей. Таму бацька зарабляў сталяркай, маці ўпраўлялася па невялікай, і ад таго складанай, гаспадарцы, а старэйшы, Паўлюк, з дзевяці гадоў хадзіў пастухом і дапамагаў бацьку ў полі і на двары. 

Паўлюк Трус (у цэнтры) разам з маладнякоўцамі А. Дударом, А. Вольным, Ул. Дубоўкам, К. Чорным падчас творчай сустрэчы з чырвонаармейцамі

Паўлюк Трус (у цэнтры) разам з маладнякоўцамі А. Дударом, А. Вольным, Ул. Дубоўкам, К. Чорным падчас творчай сустрэчы з чырвонаармейцамі

Пятро Глебка, сардэчны Паўлюкоў сябрук яшчэ з вуздзенскай вучэльні, успамінаў, як паставілі дзесяцігадовага Паўлюка да бараны, ісці за канём — баранаваць тыя дзве дзесяціны. Шнурок вузенькі, барана цяжкая. Яшчэ як ідзеш проста, наваліўшыся жыватом, — неяк атрымліваецца. А калі трэба павярнуць на ўскрайку — усё, стоп–машына. Конь паверне, а чалавек — не, бо барана вялікая, перакінуць яе з раллі ў раллю не атрымліваецца ў хлапчука. Сядзе Паўлюк, выплачацца ў адчаі, побач конь стаіць, уздыхае. А як наплачуцца ды наўздыхаюцца — сабярэцца малы, так–сяк перацягне зубатую гаргарыну, і зноў барануюць. 

Таму вырас хлопец дужы і загартаваны. У вучэльню з Нізка ва Узду хадзіў кожны дзень пехам — дзесяць кіламетраў туды, дзесяць назад. Навуку браў таксама крэпасцю ўнутранай арганізацыі: дзе трэба зубрыў, дзе трэба — дакопваўся да разумення, пакуль не даб’ецца. Ну, а дзе ўжо зусім складана — кідаў. Потым з яго пасмейваліся ў педтэхнікуме: «А я ж, браткі, гэтага й не ведаў!» — шчыра дзівіўся ён самым, здавалася б, простым рэчам.

Але ўсё адно не надта мудрагелісты вучань быў зоркай мінскага тэхнікума, што асабліва важна, калі ведаць: тагачасны Белпедтэхнікум быў надзвычай багаты на зорак. Тут выкладалі Якуб Колас і Язэп Лёсік, Яўхім Кіпель і Мікалай Азбукін, хорам загадваў Уладзімір Тэраўскі, літгуртком — Міхась Зарэцкі. Тут вучыліся — амаль адначасова! — Паўлюк Трус і Антось Адамовіч, Лукаш Калюга і Валер Маракоў, Пятро Глебка і Максім Лужанін, Наталля Вішнеўская і Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны і Сымон Хурсік. Палова, а мо і болей, маладой беларускай літаратуры пачынала свой дарослы шлях менавіта адсюль. Але нават сярод гэтай бліскуча таленавітай моладзі Паўлюк Трус быў зоркай першай велічыні. 
Яго вершы ўражвалі маладой свежасцю, шчырасцю і чысцінёй, бездакорным рытмам, трапнасцю метафар, дакладнасцю вобразаў і нейкім асаблівым, амаль дзіцячым, светлым успрыманнем роднай прасторы і свайго часу.

Заснуць у ветразі даліны, 
Пад месяц журацца кусты… 
Маўчаць асмуглыя рабіны, 
А за акном лісты… лісты… 
З усмешкай радаснай і кволай 
Завяла сінь на верасах, 
Дзе вербы хіляцца да долу, 
Да долу гнуцца ў паплавах…

У вершах Паўлюка Труса народны спеў, фальклорны вобраз набываў новае, менавіта літаратурнае гучанне; апрацаванае паэтам, зіхаціць брыльянцістае беларускае слова.

Закудравіў час асенні; 
З поля звезены снапы. 
І чуваць на прыгуменнях — 
Смела гопаюць цапы. 
Апускаюцца з размаху 
Рукі–сталь у мазалях, 
Праца спорыцца з адвагай, 
Смех бруіцца ў вачах.

Здаецца, ён усяго толькі паўтарае памер лірычнай песні альбо жартаўлівай прыпеўкі, але ж не: ён менавіта апрацоўвае яго, надае новае гучанне, пераасэнсоўвае, робіць яго прыдатным для кніжнай старонкі, для друкаванай вокладкі.

Веюць ветры, ветравінне,
З поля на даліну…
Выйду ў вечар, вечар сіні
Вее багавіннем!..

Выйду ў вечар пад дуброву,
Стану пад калінай —
Ці не ўмые мае бровы
Поглядам дзяўчына,

Ці не ўмые мае скроні
Кволы цвет таполяў,
Што лісцём услалі гоні,
Дываном у полі.

А над полем ды над борам
Плывуць шляхам гусі...
Песня коціцца ў прасторы,
Замірае ў лузе.

Ой, ды коціцца на ўзвышшы
Водгук развітання.
Вербы журацца ў зацішку,
Крыюцца туманам.

Застануцца ўспамінам,
Як у сонным лузе
Вы кружылі над далінай,
Гусі мае, гусі!

Але ж не толькі лірыкай браў чытачоў Паўлюк Трус. На ўвесь студэнцкі Менск грымела вусная газета «Чырвоны прамень», з выпускаў якой пачыналася ці не кожная белпедтэхнікумаўская вечарына. Тры дружбакі, Трус, Глебка і Лужанін, узброеныя супраць ворагаў агульным псеўданімам «Калектыў шаўцоў», кпілі, смяяліся і здзекаваліся ў той вуснай газеце як з аднакурснікаў, так і з выкладчыкаў. Ніводнае заўважнае сітуацыі ў студэнцкім жыцці «шаўцы» не прапускалі — падпільнуюць, запомняць і абсмяюць. Захаваўся тэкст адной не самай прыстойнай эпіграмы «шаўцоў», у якой дасталася тым студэнтам, што не жадалі вучыць як след беларускую мову:

Так і ходзіць адным словам 
Ад прыдаткаў к дзеясловам, 
А як стане акаць–якаць — 
Можа портачкі… 
(тут доўгая паўза, каб насмяяліся лаўцы дасціпных рыфм) 
… надзець ня тыя!

Ён упарта і з вялікай адказнасцю працаваў над вершамі. Чытаў таварышам сырыя яшчэ, няскончаныя вершы, прасіў крытыкі ці заўваг, перапісваў начыста. З задавальненнем чытаў уголас — яго вершамі «перасыпалі» выступы хору Тэраўскага, дзе ён таксама і спяваў — спеваком Трус быў таленавітым, меў мяккі, чысты барытон, бездакорны музычны слых і ведаў процьму народных песен. Поспеху Паўлюковага публічнага чытання не перашкаджаў нават (наадварот, дадаваў дадатковай абаяльнасці) невялікі моўны дэфект: ён нячыста вымаўляў «р», «рлэкаў» — кпілі з яго сябрукі. 

У 1925 годзе малады, але ўжо вядомы паэт уступае ў «Маладняк», а ў 1926–м выходзіць з яго, каб далучыцца да згуртавання «Узвышша». І тут здараецца з Паўлюком драматычная гісторыя, падрабязна даследаваная беларускім літаратуразнаўствам, бо, сапраўды, гэтая гісторыя адлюстроўвае няпросты час, у які сталеў паэт Паўлюк Трус. Сярод першых «узвышаўцаў» Трус быў адзіным камсамольцам, да таго ж — надзвычай папулярным сярод «простага чытача» паэтам, не раўнуючы з інтэлектуаламі Дубоўкам ці Жылкам, і яго сыход з «Маладняка» выглядаў, бадай што, самым непажаданым ані для партыйных «наглядальнікаў», ані для самога аб’яднання. Небяспечным уяўлялася і яго будучае знаходжанне ва «Узвышшы» — з элітарнага клуба, які можна было лёгка разнесці ў прэсе якраз за гэтую нібыта буржуазную элітарнасць, згуртаванне ператварылася б у палітычна вытрыманы літаратурны авангард, у які ідуць нават камсамольскія паэты. На Труса пачалі моцна «ціснуць». І ён саступіў, амаль адразу надрукаваўшы ў «Савецкай Беларусі» ліст аб вяртанні ў «Маладняк».

«Узвышша» здрады не даравала. Нават Пятро Глебка, «узвышавец», не выстараўся для Паўлюка месца ў згуртаванні, калі Трус, ачомаўшыся ад ціску, стаў прасіцца назад.

Можа, яшчэ з–за гэтага, а не толькі з–за не надта шчаслівага кахання да аднакурсніцы Марысі Цімошак, а можа, з–за таго, што юнацтва мінала і жыццё ставіла перад паэтам ужо больш сур’ёзныя пытанні, Паўлюк Трус раптоўна кідае Менск і едзе працаваць у Гомель. Ані сталічная літаратурная сцэна, ані абяцаная «Маладняком» рэдактарская пасада не спыняюць яго. З 1927 года Трус — супрацоўнік акруговай сялянскай газеты «Новая деревня». Гомельскі перыяд не вычэрпваецца адной рэдакцыйнай працай: Трус ездзіць па гарадах і вёсках Гомельшчыны, чытае лекцыі пра маладую беларускую літаратуру, ладзіць літаратурныя вечары. «Калі я стаў сустракацца зь людзьмі, якія ня ведаюць і нават ня хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную сьвядомасьць, абудзіць сярод іх любасьць да Беларусі, у прыватнасьці да беларускае мовы і літаратуры», — цытуе адзін з яго лістоў даследчыца творчасці П. Труса Ганна Запартыка.

Ён сталее — у жыцці і ў вершах. Эксперыментуе з формай, рыфмай, звяртаецца да складаных паэтычных, менавіта літаратурных, форм. Сярод іх — і трыялет, мець які, следам за Максімам Багдановічам, лічыў за гонар амаль кожны малады беларускі паэт.

Іду дарогаю адзін…
Паўзуць вужакі з–пад каменняў,
Вакол, як здань, снуюцца сцені,
Іду дарогаю адзін…
І чую ў посвісце асеннім
Глухія водгукі: «Не йдзі!..» —
Бо ўдзень з дванаццаці гадзін
Паўзуць вужакі з–пад каменняў.

У 1928 годзе Паўлюк Трус зноў у Менску. Увосень ён становіцца студэнтам літаратурна–лінгвістычнага аддзялення педфака БДУ і на семінарах па беларускай літаратуры вывучае сярод іншых і свае ўласныя вершы, бо яго імя — ужо ва ўніверсітэцкіх праграмах. 
У гэты надзвычай складаны для беларускай літаратуры час Паўлюк Трус выглядае разгубленым. Ён амаль нічога не піша, а ў тым, што піша, страчвае сябе маладога і ніяк не можа адшукаць сябе цяперашняга. І гэта не толькі яго асабісты стан — гэта наогул стан маладых літаратараў, якія апынуліся ў сітуацыі страшэннага вонкавага ідэалагічнага ціску і ўнутранага адчаю. Яны ўсе пасталелі, набраліся досведу, у іх руках — магутныя паэтычныя інструменты, яны — таленавітыя творцы, якія сёння, пасля бурлівых літаратурных дыскусій у насычаным літаратурным працэсе, гатовыя асэнсоўваць і фармуляваць найвастрэйшыя пытанні сучаснасці, але ж — хто ім дасць? Ад іх жорстка патрабуюць пэўных тэм, раскрытых пэўнымі мастацкімі сродкамі. Партыйная крытыка катэгарычна дыктуе жанры і падыходы. Знікае само паняцце свабоды творчасці — якраз тады, калі ўсе яны выходзяць на той ўзровень, калі гэтая свабода найбольш патрэбная, бо ўласны талент, агранёны несупыннай унутранай работай, патрабуе выхаду за рамкі абмежаванняў і патрабаванняў. 

Да таго ж, ідзе ціск і адміністратыўны. Час, калі ты мог абіраць паміж «Узвышшам» і «Маладняком», далучацца да «Пробліску» ці «Літаратурна–мастацкай камуны», незваротна сышоў. Ледзь трымаецца пад шквалам крытыкі «Узвышша», бэсціцца на старонках газет групоўка «Полымя», «Маладняк» гвалтоўна рэарганізуецца ў «дачку» расійскага ВАППа — БелАПП. Без залішніх пытанняў да самога паэта Паўлюку Трусу ўручаюць «белаппаўскае» пасведчанне.

Яны спрабуюць змагацца. Менавіта ў 1927– 1928 гадах на старонкі цэнтральных газет выплёскваюцца адчайныя публічныя выступы, вакол якіх разгараюцца адзін за адным палітычныя скандалы. «Тэатральная дыскусія», у якой Алесь Дудар і Міхась Зарэцкі патрабуюць перагледзець рэпертуар беларускіх тэатраў і кінастудыі на карысць менавіта беларускіх п’ес, беларускай тэматыкі і беларускіх аўтараў. «Ліст трох», у якім Алесь Дудар, Андрэй Александровіч і Міхась Зарэцкі аб’яўляюць пра выхад з БДУ ў сувязі з правалам палітыкі беларусізацыі. Амаль адначасова з’яўляюцца і разыходзяцца ў спісах два рэзкія вершы супраць «маскоўскага» уплыву: «За ўсе краі, за ўсе народы свету» Уладзіміра Дубоўкі і «Пасеклі край наш папалам» Алеся Дудара. 

Паўлюк Трус не ўдзельнічае ані ў працы літаратурнай адміністрацыі, ані ў дзейнасці літаратурнай апазіцыі. Ён уладкоўваецца ў Камітэт радыёвяшчання, піша зацемкі для эфіраў. Амаль не друкуецца. Апошняя паэма — «Дзясяты падмурак», у якой ён спрабаваў даць шырокую панараму змен у краіне праз уласнае паэтычнае ўспрыманне (яе надрукуе часопіс «Маладняк» напрыканцы 1928 года), не задавальняе яго. 

«Не ведаю і сам, як гэта здарылася, але здароўе маё цяпер дрэннае. Няма нават часамі надзеі на тое, што я доўга пажыву. Ружовы колер твару пачынае змяняцца пажоўклым адценнем красы. Жоўкне душа — адцвітаюць пачуцці. Дружа дарагі, прыйдзі да мяне ў цяжкую хвіліну і падай мне сваю руку. Можа, ты дапаможаш мне знайсці ранейшыя сілы і кветкі, якія я загубіў у дарозе. Я шукаю іх кожны дзень. Я хачу яшчэ кінуць гэтыя кветкі на грудзі жыццёвае буры–навальніцы. Можа, зацвітуць барвіновым цветам ці адцвітуць навек?» — запісвае Паўлюк Трус у дзённіку 10 жніўня 1927 года. Яму застаецца жыцця два гады і дзевятнаццаць дзён.

Улетку 1929 года ён збіраецца ў падарожжа па Магілёўшчыне — такія падарожжы пехам, з вёскі ў вёску, былі ўлюбёным заняткам маладых беларускіх культурнікаў. Пехам абышлі Случчыну і Капыльшчыну Пятро Глебка і Максім Лужанін, пехам вандравалі па Палессі Уладзімір Дубоўка і Мікола Равенскі, абышоў усю Беларусь разам з тэатрам Галубка Алесь Дудар. Паўлюк Трус вандраваў па Гомельшчыне, у 1928 годзе абышоў родную Вуздзеншчыну і Капыльшчыну, цяпер з Магілёва вяртаўся палявымі сцежкамі ў Менск. Завітаў у Ждановічы — там бавілі канікулы Пятро Глебка з Міколам Хведаровічам. Хлопцы ўспаміналі: Паўлюк лёг ля вогнішча, паклаўшы галаву на рукі. Было бачна, што пачуваецца блага. Крыху паляжаўшы, ён раптоўна ўстаў, рашуча развітаўся з сябрамі — і рушыў на Менск. Адчуваў, што з кожнай хвілінай яму становіцца ўсё горш. 

У бальніцу ён трапіў раніцай, прайшоўшы пехам у ліхаманцы — тэмпература за сорак — некалькі дзясяткаў кіламетраў. У прыёмным пакоі назваўся: студэнт БДУ. Яго паклалі ў калідоры — месцаў у палатах не было. Тут, у калідоры, ён і памёр: вылячыць тыф у такім вострым стане і сёння, напэўна, было б цяжка.

Пахаванне Паўлюка Труса

Пахаванне Паўлюка Труса

Паўлюка Труса хавалі на Вайсковых могілках. З Дома пісьменніка на Савецкай, дзе ў закрытай труне ляжаў паэт для апошніх развітанняў, да самага павароту да могілак труну неслі на руках. І толькі звярнуўшы з цэнтральнай вуліцы, туды, дзе якраз клалі трамвайныя рэйкі, білі молатамі па шпалах, пылілі і шумелі вечныя менскія вулічныя рабочыя, паставілі труну на катафалк, прыгожы, убраны кветкамі і вянкамі, запрэжаны белымі коньмі. Правесці свайго паэта ў апошні шлях выйшаў, без перабольшанняў, увесь Менск — Паўлюка любілі і простыя чытачы, і інтэлектуалы, і працаўнікі фабрык, і настаўнікі школ, і чужыя, і свае. Асобнай калонай ішлі былыя «белпедтэхнікумаўцы», не стрымліваючы рыданняў. 

«Без пары ты адышоў. Смерцю сваёй сезон адчыніў. Няўжо мёртвы будзе сезон? Ты ўжо ўсё прайшоў. Можна расхадзіцца. За жыццё брацца. Нейкіх навін чакаць. Якія ж будуць навіны на таку тваім? Якія, га?» — з болем пытаўся ў развітальным артыкуле Максім Гарэцкі. 
А навіны на таку яго будуць такія: праз год з Беларусі вышлюць у Сібір 108 пісьменнікаў, паэтаў і беларускіх настаўнікаў за ўдзел у няісным, прыдуманым у НКУС «Саюзе вызвалення Беларусі». Праз шэсць — пачнуць расстрэльваць за вершы і публіцыстыку. Праз сем — за адну ноч Ганна Севярынец. Здароў, Паўлюк! расстраляюць 132 чалавекі, сярод якіх будуць «маладнякоўцы» Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Зарэцкі, Валер Маракоў, Юрка Лявонны, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, усяго — 22 пісьменнікі і паэты. «Узвышаўцы»Адам Бабарэка і Уладзімір Жылка памруць вязнямі, Максіма Гарэцкага расстраляюць у лагеры.

І ў сценах маўклівых
Ёсць і музыка слоў,
Як ў песнях — акорды мелодый.
Забытых аплачуць вятры за сялом,
Паэтаў — уславяць народы.

Ці сапраўды верыў ты у гэта, Паўлюк? Ці думаў пра гэтае «народнае ўслаўленне» ў апошнюю сваю раніцу, калі шаптаў стомленай доктарцы ў прыёмным пакоі: «Паўлюк Трус, студэнт БДУ…»,— замест таго, каб сказаць праўду: «Паўлюк Трус, паэт»? 

Ці ўславім мы цябе сёння? Наўрад ці. Услаўленне — ці ты згодны? — небяспечнае для паэтаў, і не толькі для паэтаў. Па праўдзе, болей за ўсё я хацела б, каб магла з табой заўсёды, у кожную прыгожую беларускую раніцу, як з сябрам, папросту вітацца — і чуць твой светлы, шчыры адказ у радках трапяткіх вершаў. Кожную раніцу — вітацца. Здароў, дружа мой, Паўлюк

Ганна Севярынец

Крыніца: Маладосць

Прочитано 614 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии