Среда, 23 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У беларускай літаратуры створаны вянок вянкоў вянкоў санетаў

Яе аўтаркай прадказальна стала Соф’я Шах. Адразу ж нагадаю, што пад словам «дыядэма» мы звычайна разумеем жаночае ўпрыгожванне з каштоўных камянёў у выглядзе кароны. А санетная дыядэма — гэта 15 узаемазвязаных вянкоў вянкоў санетаў, або 225 вянкоў. Няцяжка падлічыць, што для напісання яе спатрэбілася 3375 таксама вельмі ўзаемапераймальных санетаў. Аналагаў нават у сусветнай паэзіі адшукаць амаль немагчыма.

Інтэрнэт называе, праўда, прозвішча рускага паэта Сяргея Мінтаірава, але паглядзець або пачытаць яго твор пакуль нідзе немагчыма. Напісаць санетную дыядэму ў свой час спрабаваў вядомы расійскі паэт Ілья Сяльвінскі. «У 1919 годзе задумаў я стварыць карону карон санетаў — «Георгій Гай», дзе магістралам была б цэлая карона. Такая паэма павінна была б мець 3164 радкі…» Адразу ж перапыню слыннага паэта і заўважу, што ў сапраўднай дыядэме, як я ўжо зазначаў, 3375 узаемазвязаных санетаў, а не радкоў. Відаць, ён меў на ўвазе нешта іншае. Тым не менш паслухаем далейшыя развагі шаноўнага майстра паэтычнага слова. «Я напісаў было некалькі першых санетаў, але своечасова адумаўся…» Даследчыкі пайшлі далей гэтых разваг і вызначаюць, што калі падступіцца да канструкцыі больш складанай, то ўбачым кірунак ускладнення ў бок вянка вянкоў вянкоў санетаў — ён жа вянок у кубе. Іншы раз гэта называюць пірамідай санетаў ці дыядэмай… Стварэнне вянка вянкоў вянкоў санетаў, на думку аўтарытэтных навукоўцаў, уяўляецца ім практычна неажыццяўляльным. Маўляў, гэта яшчэ адно пацвярджэнне абмежаванасці чалавечага духу, не здольнага справіцца з задачай не тое што бясконцага, а хаця б трэцяга ўзроўню складанасці.

Вядомы літаратуразнаўца Віктар Шклоўскі нават выказваў сумненне ў тым, што задача можа быць выканана без рызыкі для псіхікі аўтара. «Аднак такім вершаваным цыклам, — зазначае ён, — нельга адмаўляць у наяўнасці зачаравальнай прыгажосці, якая настойліва патрабуе поўнага паглыблення, маючы на ўвазе, што няма ніякіх абяцанняў адносна вяртання ў рэальны свет…»

Вось такія перасцярогі і жарсці падпільноўвалі Соф’ю Шах, калі яна адважылася зрабіць тое, чаго яшчэ няма не толькі ў беларускім прыгожым пісьменстве. І задумвалася, і ажыццяўлялася гэтая паэтычная эпапея на маіх вачах з асцерагальна натхняльным назіраннем. Дарэчы, і сам, што называецца, крыху адчуў класічны смак гэтага элітнага жанру паэзіі. Выдаў зборнік санетаў «Куда б ни шёл — иду к своей судьбе» (2002), зборнікі вянкоў санетаў «Но даже умираем, чтобы жить» (1999) і «Неизъяснимое» (2015), дзве кнігі вянкоў вянкоў санетаў: «Земля простит, но не прощает небо»(2001), «Ещё за далью и за высотой» (2015). Выдаў кнігу трыялетаў, у якой ёсць двайныя трыялеты і нават некалькі вянкоў трыялетаў, хаця да гэтага часу не ведаю, ці існуе такі жанр паэзіі… Але ўсё тое, што мы зрабілі разам, не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, на што асмелілася Соф’я Шах.

Невыпадкова ў самым пачатку гэтых радкоў я зазначыў, што аўтаркай санетнай дыядэмы прадказальна стала менавіта яна. Кожны больш-менш дасведчаны чытач сучаснай беларускай паэзіі не мог не заўважыць яе апантаную вернасць класічнаму санетнаму жанру. Яшчэ ў 1999 годзе, калі пісаў прадмову да кніжнага выдання яе першага вянка вянкоў санетаў «Адухаўленне», зазначыў, што санет — яе стыхія. І зараз магу пацвердзіць гэтыя словы тым, што на рахунку Соф’і Шах 13 вянкоў вянкоў санетаў (з іх 5 адрасаваны дзецям), 227 вянкоў санетаў ( у тым ліку 26 для дзяцей). І вось дыядэма!

Упэўнены, што санетных твораў у яе больш, чым на сёння ва ўсёй беларускай паэзіі. Зрэшты, ці ведаем мы ўсе патаемныя скарбы нашага прыгожага пісьменства?! А ў той час, калі выходзіў першы вянок вянкоў «Адухаўленне», паэтка па розных, незалежных ад яе абставінах, змагла выдаць толькі танюсенькую кніжачку «І не пакіне спадзяванне», што пабачыла свет у дадатку да часопіса «Маладосць» у 1989 годзе з блаславення Яўгеніі Янішчыц. Потым з’явіўся поўнаважкі паэтычны зборнік «Пад высокай лагодай нябёс» («Мастацкая літаратура», 1995).

Крытык і літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў у аглядзе сучаснай паэзіі пісаў: «Не так даўно я адзначыў для сябе новае імя — Соф’я Шах. Голас нягучны, але вельмі праўдзівы. На маю думку, гэта сапраўдная паэзія і па-сапраўднаму грамадзянская, маральна змястоўная... Тут ёсць жывы чалавечы характар, ёсць герой, з асобай якога паэтэса не баіцца ідэнтыфікаваць сябе. Вобразнасць, што вынікае са светапогляду паэтэсы, з яе светаўспрымання, выбудаваная на народнай аснове».

Так, вершы Соф’і Шах крытыка заўважыла і па-добраму прывітала. А вось стаўленне да яе вянкоў санетаў было і застаецца крыху насцярожаным. Праўда, некаторыя з іх надрукаваныя ў «ЛіМе», «Полымі», «Маладосці», ды ў маім перакладзе ў «Нёмане». Але... I гэтаму «але» ўжо не адно стагоддзе. Справа тут не ў самой Соф’і Шах, а ў санеце, якога на працягу амаль васьмі стагоддзяў то сусветна ўхвалялі, то спрабавалі пазбавіць права на паэтычнае жыццё. «Поэму в сотни строк затмит сонет прекрасный», — упэўнена абвяшчаў заканадаўца класіцызму Нікала Буало. А рамантык Байран лічыў санет «педантычным і сумным». Яшчэ ў 1332 годзе падуанскі юрыст Антоніа дэ Тэмпа ў паэтычным трактаце вызначыў асноўныя кананічныя правілы напісання санета. Потым яны неаднойчы ўдакладняліся, рабіліся больш патрабавальнымі. Вось некаторыя з іх: 14 радкоў, а гэта два чатырохрадкоўі (катрэны) і два трохрадкоўі (тэрцэты). У катрэна звычайна дзве рыфмы, якія паўтараюцца чатыры разы, а ў тэрцэтах — або тры паўтараюцца двойчы, або дзве рыфмы — тройчы. Устойлівая сістэма рыфмоўкі ў класічным санеце: перакрыжаваная ці (лепш) апаясная рыфма ў катрэнах і больш разнастайная — у тэрцэтах. Устойлівы памер: у рускай, нямецкай, галандскай, скандынаўскай паэзіі, напрыклад, пяцістопны (або шасцістопны) ямб. Дадайце сюды яшчэ патрабаванне, каб кожная з чатырох частак санета валодала ўнутранай сінтаксічнай завершанасцю, цэласнасцю, каб рыфмы былі гучнымі пры абавязковым чаргаванні мужчынскіх і жаночых, а адно і тое ж слова не паўтаралася, калі гэтае паўтарэнне не дыктуецца свядома аўтарам, — і вы зразумееце таго ж Буало, які сцвярджаў, што Апалон вынайшаў санетную форму ў час, калі сердаваў на вершатворцаў.

Ведаў бы італьянец Якопа (Джакома) дэ Ленціні, — а гэта ён напісаў першы вядомы нам санет, — які прыклад падае паэтам усіх наступных пакаленняў! У сваім славутым санеце аб санеце Шарль Сент-Бёў назваў многіх паэтаў, хто аддаў шчодрую даніну гэтаму нялёгкаму паэтычнаму жанру: Шэкспір, Пятрарка, Тас, Камоэнс, Дант, Спенсер, Мільтан, Рансар... Магу дадаць і Вордсварта, і Кітса… Ды ці толькі іх! У рускай паэзіі аўтарамі класічных санетаў з’яўляюцца паэты К. Случэўскі, I. Аненскі, К. Фофанаў, К. Бальмант, Ф. Салагуб, В. Брусаў, М. Валошын, А. Блок, М. Гумілёў, B. Мандэльштам, В. Хлебнікаў, I. Севяранін, В. Хадасевіч... Першыя беларускія санеты напісаў Я. Купала. Сапраўднымі шэдэўрамі паэзіі сталі санеты М. Багдановіча. Узбагацілі імі беларускую літаратуру П. Трус, У. Жылка, М. Танк, C. Грахоўскі, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Я. Сіпакоў, Зм. Марозаў, А. Сербантовіч, А. Звонак, Хв. Жычка...

Што ж датычыцца Соф’і Шах, то яна не абмяжоўваецца напісаннем санетаў, а ператварае іх у вянкі, або ў вянкі вянкоў. Санетаў, якія б існавалі самі па сабе, у яе, бадай, увогуле няма. Дзіўная асаблівасць творчасці. Яна патрабуе глыбокага, вольнага паэтычнага дыхання і бездакорнага майстэрства. Кожны вянок чытаецца як санетная паэма, а кожны вянок вянкоў — як санетная аповесць. Але ж кананічныя патрабаванні вельмі строгія: у вянку новы санет павінен пачынацца апошнім радком папярэдняга, а апошні — 15-ты — складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх санетаў. Тое ж самае і ў вянку вянкоў, толькі ў ім ужо апошні, 15-ты вянок, складаецца з першых радкоў санетаў усіх папярэдніх вянкоў.

Соф’я Шах смела эсперыментуе. Даказаўшы, што класічныя вянкі санетаў — яе родная стыхія, паэтка мае на гэта права. Якіх толькі вянкоў санетаў у яе няма! Змешаныя: шэкспіраўскія катрэны і класічныя тэрцэты; безгаловыя — без аднаго катрэна; усечаныя — з адным тэрцэтам; безгалова-ўсечаныя; перавернутыя — катрэны і тэрцэты памяняліся месцамі; зблытаныя — катрэны чаргуюцца з тэрцэтамі; хвастатыя — з трыма тэрцэтамі… А яшчэ вянкі, у якіх санеты складаюцца з двух пяцірадкоўяў і аднаго чатырохрадкоўя. Пры гэтым паэтка дазваляе сабе карыстацца не толькі традыцыйным 5 альбо 6-цістопным ямбам, але і іншымі вершаванымі памерамі. Але ўсё гэта было выключэннем. Ад маладой, вясёлай сілы таленту, ад жадання яшчэ раз адчуць паслухмяную лагоднасць роднай мовы, якою можна выказаць усё. Аднак звычайна яна стараецца не парушаць класічных канонаў.

I вось на сустрэчу з чытачом неўзабаве павінен выйсці першы ў беларускай літаратуры вянок вянкоў вянкоў санетаў Соф’і Шах «Дыядэмная споведзь», якая пачынаецца і заканчваецца словамі: «Жылі калісьці продкі на зямлі…» Адкуль такое прасторавае натхненне? Ну, вядома ж, ад родных Азарыч, ад поля за імі, ад рачулкі Вішы, ад мілай вулачкі Піянерскай, ад незабыўнай хаткі... Ад маці. I ад уласнага сумлення, якое адразу ж падказвае адзіна магчымую даверлівую інтанацыю. Апорна-сэнсавыя словы: продкі, бацькі, маленства, школьныя гады, студэнцтва, выкладчыцкая праца ў вёсцы, нараджэнне дачкі, вяртанне ў Азарычы, жыццёвая няўцямнасць, прыезд у Светлагорск, лёсавызначальная сустрэча з будучым мужам, вучоба дачкі ў Пецярбургу, паэзія, жывапіс, раздвоены жыццёвы іспыт… І ўсё гэта нібыта шматслаёвы жывапіс, які шукае сваё адзіна магчымае каляровае ўвасабленне, знаходзіць менавіта тую моўную прасторавую шматасацыятыўнасць, без якой няма і не можа быць паэзіі. Стагоддзі збліжаюцца і аддаляюцца, прасякнутыя рэальнай канкрэтыкай лёсаў, падзей, светаадчуванняў, разваг і паэтычнай дасведчанасці. Толькі так асабістае перастае быць уласным і набывае мастацкае абагуленае ўвасабленне. Жанравая неабходнасць паўтарэння радкоў надае не толькі рытмамузыку, але і робіцца сэнсавым камертонам, які грунтуе ўсё тое, што нібыта можа знікнуць у бясконцых лабірынтах падсвядомасці.

Асабіста мне раней не даводзілася ні чытаць, ні чуць пра вянок вянкоў вянкоў санетаў. Не ведала гэтага і Соф’я Шах. Напісана дыядэма пяцістопным «шэкспіраўскім санетам», што дазваляе рабіць больш разнастайнай рыфмоўку. Нагадаю таксама, што гэта тры чатырохрадкоўі і адно заключнае двухрадкоўе. А змест? Прасцей за ўсё сказаць, што ў ім уся жыццёвая аснова паэткі ў асяроддзі спрадвечнага часу. Яна пацвердзіла не толькі сілу свайго таленту, але і магчымасці мовы, у якой сапраўды дыядэмна пачувае сябе роднае беларускае слова.

Ізяслаў Катляроў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 1024 раз
Другие материалы в этой категории: « Здароў, Паўлюк! Пераклад, які яднае »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии