Понедельник, 09 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Светлая памяць. Бібліятэчнае жыццё Берасцейшчыны асірацела

  • Вторник, 13 августа 2019 00:53

30 ліпеня 2019 года пайшла з жыцця Ала Міхайлаўна Мяснянкіна, якая доўгі час працавала намеснікам дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага па навуковай рабоце. Пайшла з жыцця яркая і шматбаковая асоба, якая жыла захопленасцю сваёй справай. З якой – і гэта ніякае не перабольшванне – атаясамляецца кніжнае, бібліятэчнае жыццё Берасцейшчыны на працягу ладнага адрэзку часу.

Многія ініцыятывы бібліятэчнай справы ў Брэсце, вобласці, многія справы асветніцкага жыцця здзейсніліся дзякуючы яе руплівасці. Гэта і стварэнне аддзела рэдкіх кніг у абласной бібліятэцы, і шматлікія выстаўкі, і чытанні “Берасцейскія кнігазборы”. Яна арганізоўвала плённыя міжнародныя стасункі. На пляцоўку бібліятэкі ў Брэсце прыходзілі, прыязджалі пісьменнікі не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы.

А што да яе перажыванняў, турбот за творчы лёс паэтаў і празаікаў Берасцейшчыны, за лёс напісанага імі, то не было роўнага ёй клапатлівага чытача, памагатага ў выданні кніг, арганізацыі публікацый мясцовых літаратараў. Яна не лічыла “не яе справай” званіць, пісаць у сталічныя выдавецтвы, нагадваць розным службоўцам пра тое, што даўно не выдаваўся той ці іншы аўтар. Мо і не заўсёды самі гэтыя аўтары пра тое ведалі. Ім здавалася, што ўсё адбываецца само па сабе, а на справе ініцыятывы, дзейсныя, патрэбныя падказкі належалі ёй, Але Міхайлаўне Мяснянкінай.

…Пачынаючы з 2007 года, у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастацтва” пачалося актыўнае кнігавыданне. Хаця асноўным клопатам выдавецтва з’яўляўся выпуск перыядычных выданняў. Па тым часе – газеты “”Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, “Всемирная литература”. У першым годзе, здаецца, выдалі 14 кніг. Распаўсюджванне і тады было справай складанай. Бібліятэкі паціху пачыналі скарачацца. У кніжным гандлі шмат не прадасі. Спонсараў на кнігавыданне ўсё шмат складаней атрымлівалася адшукваць. Плануючы новыя праекты, мы арыентаваліся на бібліятэкараў. І неяк так атрымлася, што самыя добрыя сувязі склаліся з кіраўніцтвам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага: дырэктарам – Тамарай Паўлаўнай Данілюк (з ёй я быў знаёмы яшчэ з 1998 года, калі ў Пінску, Пінскім раёне адзначалі 50-годдзе Яўгеніі Янішчыц) і яе намеснікам – Алай Міхайлаўнай Мяснянкінай. Яны шчыра, па меры сваіх магчымасцяў, узяліся падтрымліваць “ЛіМ”. Так нарадзілася ідэя выдаць кнігу Веры Ляшук і Таццяны Снітко “Літаратурная Берасцейшчына”. Вопыт быў далёка не камерцыйным – надрукавалі мы гэту кнігу накладам 2 500 экзэмпляраў. І для таго часу для краязнаўчай рэгіянальнай кнігі, няхай сабе і разлічанай па зместу на ўсю вобласць, лічба досыць высокая. І ўсё ж мы выдалі менаівта дзве з паловай тысячы асобнікаў, бо іначай – пры малым накладзе – кошт аднаго экзэмпляра быў бы надзіва высокім, “непад’ёмным” для пакупніка. І абласная бібліятэка сфарміравала максімальна магчымую замову, паспрыяла, каб “Літаратурная Берасцейшчына” пайшла ва ўсе раёны Брэсцкай вобласці. Была і прэзентацыя кнігі ў Брэсцкай абласной… Пасля неяк так склалася, што разам з Мяснянкінай і Данілюк мы выйшлі нават на праграмную, сістэмную ўвагу . Па-руску і па-беларуску выпусцілі кнігу вершаў паэта і публіцыста Рышарда Капусцінскага (ён двойчы намініраваўся на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры), які нарадзіўся ў Пінску, “Вяртанне”. Наступным выданнем стаў зборнік вершаў Ярыны Дашынай “Графіці на сэрца”. У Ярыны, таленавітай паэтэсы, якая працавала ў краязнаўчым аддзеле абласной бібліятэкі, нягледзячы, што і пісала, друкавалася не адзін год, дагэтуль не было ўласнага зборніка. Ала Міхайлаўна лічыла маладую каляжанку паэтэсай надзвычай цікавай, паэтэсай высокага ўзроўню, настойліва прасіла нас заняцца яе зборнікам. І ў выніку – згаданая першая кніга Ярыны. З уступным словам  да зборніка выступіў Леанід Галубовіч: “…На перападах высокага духоўнага ўздыму і глыбокага псіхалагізму і паўстае сутнасная аснова паэзіі Ярыны Дашынай. Яна не для лёгкага чытання і нячыстай красы. Але вызначыўшы і засвоіўшы яе, як пераменны стан уласнай ушы, у рэшце рэшт нават пераборлівы чытач становіцца спагадным і ўдзячлівым прыхільнікам яе неардынарнай творчасці”. Зборнік паэзіі тады выдалі накладам 1200 асобнікаў. Пашукайце ў кнігарнях – наўрад ці патрапіць на вочы. Ізноў жа разыйшлася кніга з выдавецтва па замовах, складзеных абласной бібліятэкай, складзеных пры дзейснай падтрымцы Алы Міхайлаўны.

У яе як у чытача і бібліятэкара быў самы бездакорны мастацкі густ. І да мастацкага слова, і да літаратуры дакументальнай, гістарычнай, краязнаўчай. Так, творчасць – гэта справа індывідуальная. І без аўтара, без самога пісьменніка, журналіста яго жаданні, задумы не змогуць стаць вершамі, апавяданнямі, аповесцямі, раманамі. Без даследчыцкай, пошукавай, збіральніцкай працы не змогуць нарадзіцца і краязнаўчыя, дакументальныя работы. Але кожны творчы чалавек разумее, якую вялікую ролю адыгрывае своечасовая падтрымка, падказка. І шмат хто з асобаў Брэста, Берасцейшчыны якраз ад Алы Міхайлаўны і адчувалі гэтую падтрымку, мелі такую вартую падказку. Менавіта яна, Бібліятэкар з Вялікай Літары, шчыра і настойліва рухала справу выдання многіх кніг. Такім чынам разам са сваімі калегамі-аднадумцамі выбудоўвала, збірала для будучыні своеасаблівую берасцейскую бібліятэку. А як кнігі выходзілі – рабіла ўсё магчымае, каб першыя прэзентацыі, першыя сустрэчы з аўтарамі ладзіліся ў Брэсцкай абласной бібліятэцы…

Так адна за другой былі выдадзены кнігі Анатоля Бензярука, Анатоля Гладышчука, Аляксандра Валковіча, Алеся Паплаўскага, Зінаіды Дудзюк, Ніны Мацяш, калектыўны паэтычны зборнік, дзе пад адной вокладкай сабралі паэзію Міхася Рудкоўскага, Алеся Каско, Міколы Пракаповіча, кнігу перакладаў Ніны Мацяш… Кожная сустрэча з Алай Міхайлаўнай прыносіла новыя ідэі, новыя ініцыятывы. Якраз у яе кабінеце, у бібліятэцы я асабіста пазнаёміўся з краязнаўцам кандыдатам фізіка-матэматычных навук Антолем Гладышчуком, з паэтам, празаікам, бардам Алесем Паплаўскім. Ёй да ўсяго ў культуры, асветніцтве Берасцейшчыны была справа. Да літаратурнага і гістарычнага краязнаўства, да дэкаратыўна-прыкладнога, народнага мастацтва… Памятаю, з якімі захопленымі вачыма яна разглядала кнігу Вольгі Лабачэўскай і Георгія Ліхтаровіча “Сялянская энцыклапедыя Міколы Тарасюка”. Гэты творчы праект нарадзіўся праз перамовы, настойлівасць Ларысы Быцко, Рыгора Басюка, іншых ініцыятыўных культурна-асветніцкіх працаўнікоў Брэсцкай вобласці. Але і бібліятэка не засталася ўбаку. Не засталася ўбаку і Ала Міхайлаўна. Разьбяр па дрэве, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, вясковы філосаф Мікола Тарасюк – гэта як яшчэ адна кропка сапраўднага мастацкага свету Берасцейшчыны, пружанскі сонечны праменьчык, які праз сваё захапленне зрабіў дрэва яшчэ болей сакральным, цікавым для розных людзей.  

Згадваючы ўсе гэтыя эпізоды, лаканічна аглядаючы іх, я ўсё ж абагульняюча падкрэсліваю вызначальную рысу Алы Мяснянкінай – яе выключную інтэлігентнасць. У гэтай інтэлігентнасці была і яе настраёвасць, толькі пазітыўная, аптымістычная настраёвасць, яе спагада да розных людзей, яе дабрыня і светласць… Зараз, думаючы пра страту гэтага чалавека, яшчэ раз пераконваешся, што сапраўды такія людзі жывуць для вечнасці, для справы, а значыць яшчэ – і для іншых…

Так, яе хапала на ўсіх. Ці ўсе разумелі гэта?.. Вось я чытаю адзін з лістоў ад Алы Міхайлаўны: “Алесь Мікалаевіч, добры дзень!

Дзякуй за кнігі: гадзіну назад прыехалі! Будзем разбіраць і папаўняць калекцыю і выстаўку (размова пра чарговую пасылку кніг, якія я некалькі гадоў перадаваў са сваіх збораў у Брэсцкую абласную бібліятэку. – А.К.). <…>

Пытанні Вы мне задалі вельмі балючыя для мяне і глабальныя, якія патрабуюць вялікага грунтоўнага ліста ці размовы. Я спадзявалася, што Вы прыедзеце і мы зможам нешта абмеркаваць. Але гэта ўсё пакуль адкладваецца на нявызначаны тэрмін. Так што, буду пісаць ліст. Чакайце…” Ліст ад 18 сакавіка 2015 года. А пытаўся я вось што: “… Хацеў бы даведацца – ці працягваеце што-небудзь рабіць у Бярозе па ўшанаванню ў Бярозе памяці Ніны Мацяш…

Што ўвогуле адбываецца ў літаратурным жыцці Брэста, вобласці? Ці пішуць класікі – Каско, Пракаповіч..? Што выдаюць? І па магчымасці напішыце падрабязна па праграме тыдня дзіцячай кнігі. Дзякуй!..”

З ліста ад 16 кастрычніка 2013 г. : “Добры дзень, Алесь Мікалаевіч! Даўно не пісала Вам: рыхтую чарговае паседжанне міжнароднага савета па Крашэўскаму ў час форума “Бібліятэка як феномен культуры” (22 – 23. 10 у НББ) і камандзіроўку ў Ягелонскі універсітэт (ёсць цікавая прапанова па сумеснай працы).

Заўтра прэзентуем кнігу Мацяш і N 10 Маладосці…”

18 сакавіка 2013 года: “…Што датычыць альманаха бібліяфіла, то я часта пра гэта думаю: калі не пішу – не значыць, што не помню. Справа гэтая цяжкая. Па сутнасці размова ідзе пра адраджэнне культуры бібліяфільства ў масштабах краіны. Шмат што страчана, а тое штосьці, што засталося, не жадае “свяціцца і высоўвацца”. Але пачынаць з нечага трэба. Так што і на гэтую тэму напішу свае развагі.

Я занятая падрыхтоўкай мерапрыемства да 450-годдзя Брэсцкай бібліі, якое адбудзецца 29-30 мая. Спадзяюся, што Вы знойдзеце магчымасць прыехаць?..”

28 студзеня 2013 года: “…Ад сябе асабіста кланяюся Вам у ножкі за Шыпілава (перадаў у бібліятэку зусім малатыражны чатырохтомны збор твораў Мікалая Шыпілава, выдатнага рускага паэта, празаіка, які некаторы час жыў непадалёку ад Мінска, -- А. К.). Нават не марыла пра тое, што гэта можа быць у нашым фондзе. Бліскуча!

Ну, кітайскія слоўнікі – безк аментарыяў. Дзе і за якія грошы мы б гэта купілі?..

Ад’язджаю ў камандзіроўку ў Польшчу на 2 дні. Вельмі цяжка рухаецца праект па Крашэўскаму. Буду спрабаваць нешта змяніць. Заадно пагавару і пра нашу мару, г.зн. пра сумесны зборнік “маладой” паэзіі. Бласлаўляеце?..”

14 снежня 2012 года: “…Думкі мае і час займаюць выданне зборніка “Берасцейскія кнігазборы-2”, юбілей Брэсцкай Бібліі, які прадстаіць у 2013 г. (як бы Мальдзіса прывезці?), міжнародны праект па віртуальнай рэканструкцыі літаратурнай спадчыны Ю. І. Крашэўскага , які вельмі цяжка прасоўваецца (палякі тармозяць), перапіска і пошук прашчураў і родзічаў парыжскага мастака берасцейскага паходжання Якава Балглея, прасоўванне ізноўку адчыненага сайта “Краязнаўства Берасцейшчыны” і г.д. …Дадайце да гэтага зацяжную дэпрэсію (не люблю гэтую часіну года!)…”

Толькі аднойчы, здаецца, і прагучала ў перапісцы з ёю вось гэта – пра “зацяжную дэпрэсію”…

Ала Міхайлаўна разумела і ролю, месца бібліяграфіі ў справе асветніцтва, усямерна спрыяла развіццю бібліяграфічнай справы ў абласной бібліятэцы. Што і казаць, такіх сціплых і захопленых працай людзей, як Ала Міхайлаўна Мяснянкіна, заўсёды не шмат, іх не хапае, як паветра. І развітанне з імі – заўсёды балючая страта.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 951 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии