Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Жанчыны ў лёсе Валянціна Таўлая

  • Пятница, 04 октября 2019 12:40

Беларускага паэта, грамадска–палітычнага і культурнага дзеяча Валянціна Таўлая (1914–1947) сваім земляком лічаць жыхары Баранавіч, Слоніма, Ліды і Навагрудка. У Баранавічах паэт нарадзіўся. У вёсцы Рудаўка Слонімскага павета прайшло яго маленства. У Слоніме вясной 1925 года ён стаў вучнем польскай дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі. Але за тое, што не адмовіўся ад беларускай нацыянальнасці, быў паўзбаўлены стыпендыі і пакінуў вучобу, вярнуўся ў Рудаўку.

Валянціну Таўлаю 15 гадоў. Рудаўка, 19 жніўня 1929 года

У роднай вёсцы рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію. А калі паступіў і вучыўся, часта прыязджаў у Рудаўку і дапамагаў у суседняй вёсцы Вялікая Кракотка ствараць сельскую бібліятэку імя Янкі Купалы, якую мясцовая моладзь адкрыла ў 1927 годзе. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой упершыню далі імя народнага песняра.

Перад Другой сусветнай вайной Валянцін Таўлай жыў у Лідзе і працаваў у раённай газеце «Уперад». Там бачыўся з Янкам Купалам. А падчас вайны сядзеў у Лідскай турме, адкуль яго дапамог вызваліць кіраўнік Беларускай самапомачы ў Навагрудку Якуцэвіч. Пасля вайны пэўны час працаваў адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты «Звязда». А ў апошнія гады жыў у Мінску.

І ўсё ж роднай для Валянціна Таўлая заўсёды была Слонімшчына. З дзесяці гадоў ён там жыў, сябраваў, пачынаў свой шлях у літаратуру і ў самастойнае жыццё.

Валік быў вельмі прыгожы, прагнуў ведаў і шмат чытаў, таму да яго цягнулася моладзь. Пазней, калі ўжо прыязджаў да землякоў, юнакі і дзяўчаты ахвотна актыўнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, якія ён арганізоўваў.

А закахаўся ён упершыню, калі яму было пятнаццаць. Наогул, жанчын у лёсе Валянціна Таўлая, які пражыў усяго 33 гады, было нямала. Пра ўзаемаадносіны іх і паэта шмат існуе загадак, а звестак захавалася не так многа. Тым не менш, жанчыны ў жыцці Валянціна Таўлая заўсёды прысутнічалі. Без іх яму жылося няпроста, а інакш у паэта і быць не магло.

Але ўсё па парадку.

 

Тоня Кулак

Антаніна Кулак — першае каханне Валянціна Таўлая. 1930–я гады

Некалькі гадоў таму сланімчанка Вера Кузьмінічна Кулак перадала мне фотаздымачак юнага Валянціна Таўлая. На адваротным баку напісана: «На добрую памятку Тоні К. ад Валянціна Таўлая. Рудаўка. 19.VIII.1929 г.». Сам па сабе здымачак арыгінальны. Але паўстае пытанне: хто такая Тоня К.? Што за прыгажуня, якой ужо вядомы на той час паэт дарыў свой фотаздымак і прысвячаў вершы, напісаныя ў Рудаўцы і ў Слоніме?

 

Не гаруй — надарвеш толькі грудзі,

Без пары жаўрука не кляні:

Серабром аб замерзлыя груды

Жаўруковае сэрца звініць…

 

Тоня К. — гэта дзяўчына з вёскі Рудаўка Слонімскага павета, Антаніна Кулак, на тры гады старэйшая за Валянціна. Чым жа ён запомніўся Антаніне Кулак? Чаму яна выбрала менавіта яго, Валю? Валя (так у вёсцы ўсе называлі Валянціна Таўлая) быў прыгожы, гаваркі, адукаваны. Ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, а калі прыязджаў у Рудаўку, то прывозіў шмат навін, кніг, сябрам чытаў свае вершы. Яго слухалі, любілі, ішлі за ім. Хлопцы і дзяўчаты з Рудаўкі і суседняй Вялікай Кракоткі, падахвочаныя Валянцінам Таўлаем, змагаліся за сваю беларускую школу, пісалі дэкларацыі, складалі заявы, а ў 1927 годзе заснавалі Вялікакракоцкую беларускую бібліятэку — асяродак нацыянальнага руху.

Антаніне Кулак свой фотаздымак Валянцін Таўлай падарыў 19 жніўня 1929 года. А 29 жніўня 1929 года ў слонімскай дэфензіве з’явіўся фотаздымак паэта з ганебнай арыштанцкай дошкай на грудзях. Валянцін, напэўна, прадчуваў арышт, таму і напісаў каханай дзяўчыне: «На памятку…» У турме ён думаў пра каханую:

 

Кожную ноч салавейка пяяў,

Зоры глядзелі у вочы.

Дзе ж ты сягодня, дзяўчына мая?

Дзе ж вы, шчаслівыя ночы?..

 

А вось як напісаў Мікола Арочка ў кнізе «Валянцін Таўлай» (Мн., 1969): «На мулкіх астрожных нарах малады паэт не знаходзіў сабе месца ад успамінаў пра “салаўіныя ночы” і дзявочыя рукі. Як шчасліва яму мроілася, калі ён зноў бачыў сябе з ёй, зграбнай, усмешлівай, самай прыгожай з усіх рудаўскіх дзяўчат — з Тоняй Кулак. Там, на волі, дзе, здавалася, яго ўсяго забірала праца падполля, усё ж хапала начэй і на “сцежкі ў жытным”, на пяшчотную радасць быць поруч з ёй…».

Тоня кахала Валянціна. Але аднойчы так здарылася, што сям’я Антаніны Кулак пераехала ў вёску Вішава Слонімскага павета. Бацька яе, Кузьма Андрэевіч Кулак, працаваў на чыгунцы брыгадзірам будаўнікоў, таму прыходзілася мяняць месца жыхарства. Вёска Вішава даволі далёка ад вёскі Рудаўка, у іншым канцы павета. Там, у Вішаве, да Тоні пасватаўся мясцовы юнак Віктар Бараноўскі. Бацькі пачалі рыхтавацца да вяселля і нават купілі дачцэ вэлюм. І раптам Тоня атрымала ліст ад Валянціна Таўлая, які прасіў яе не выходзіць замуж за Віктара. Прачытаўшы ліст, Тоня заявіла бацькам, што вяселля не будзе, што яна паедзе ў Рудаўку. Бацькі не пярэчылі, а Кузьма Андрэевіч нават адвёз дзяўчыну ў Рудаўку на возе…

Але пазней лёсы Антаніны Кулак і Валянціна Таўлая разышліся. У снежні 1932 года паэта з Савецкай Беларусі, куды ён перабег, ратуючыся ад чарговага арышту, накіроўваюць у Варшаву для падпольнай работы. У дарозе яго заўважаюць шпікі, але яму ўдаецца на хаду саскочыць з цягніка. І да канца зімы ён хаваецца ў гумне ў Рудаўцы. Сябры перадалі Тоні, што Валянцін у Рудаўцы. Яна яго вельмі чакала, але каханы да яе чамусьці не прыйшоў. Чаму — застаецца загадкай: ці то баяўся арышту, ці то не хацеў падстаўляць дзяўчыну, ці была нейкая іншая прычына.

У 1933 годзе Антаніна Кулак выйшла замуж за Браніслава Гародку, настаўніка. Неўзабаве яго мабілізавалі ў Войска Польскае. Ён ваяваў з немцамі, трапіў да іх у палон. З палону яго вызвалілі англічане. Але пасля вайны Браніслаў Гародка на Слонімшчыну ўжо не вярнуўся, застаўся жыць у Польшчы ў Чэнстахове. У 1946 годзе да яго пераехала і жонка Антаніна Кулак.

Малодшая родная сястра Антаніны Вера, якая жыве ў Слоніме, сказала, што апошні раз яна наведала сястру ў Польшчы ў 1999 годзе. Як толькі ўвайшла ў яе кватэру, Тоня адразу спытала: «А ці прывезла ты кнігу вершаў Валі Таўлая?»

Антаніна Кулак пражыла 89 гадоў. Яна ўсё жыццё кахала Валянціна і помніла пра яго. А ў сямейным альбоме захоўвала і здымак юнага Таўлая з аўтографам. І калі Валянціна ад’язджала на Беларусь, Тоня дастала з альбома здымак і перадала яго сястры: «Вазьмі, Вера, гэты фотаздымак. Няхай ён вяртаецца на Беларусь, на бацькоўскую зямлю. Я яго тут берагла, няхай цяпер ён зберагаецца дома. Там ён не прападзе». Вера абняла Тоню на развітанне і заўважыла, як з вачэй старэйшай сястры паліліся слёзы.

Першае каханне Валянціна Таўлая Антаніна Кулак памерла ў 2000 годзе і пахавана побач з мужам Браніславам Гародкам на могілках у Лодзі.

 

Таварыш маёй вясны

У Лукішкай турме ў Вільні ў 1936 годзе Валянцін Таўлай напісаў верш «Таварышу маёй вясны». У ім другая страфа такая:

 

Без мяне, маладая, ідзі, — хай бярозы над шляхам не плачуць

І на сэрца тваё не страсаюць вякамі навеяны сум,

Бо ці ж варта тужыць, што шляхі прабягаюць іначай,

Калі боль, папалам падзяліўшы, ў прасторы нясуць?..  

Валянцін Таўлай з сяброўкай Кацярынай, якой прысвяціў верш «Таварышу маёй вясны». Мінск, 1932 год

Пра маладую сяброўку Кацярыну, якой Валянцін Таўлай прысвяціў яго, вядома вельмі мала. Справа ў тым, што восенню 1930 года па рашэнні Кампартыі Заходняй Беларусі Валянцін Таўлай быў перапраўлены ў БССР.

Ён жыве ў Мінску. Едзе на папраўку здароўя ў Крым. А позняй восенню вяртаецца ў Мінск, працуе ў газеце «Звязда», актыўна супрацоўнічае з «Чырвонай зменай» і займаецца літаратурнай творчасцю.

У Мінску Валянцін Таўлай знаёміцца з «таварышам маёй вясны» —Кацярынай, якая працуе на абутковай фабрыцы. Пасля працы яны бавяць свой вольны час разам. Ён паказвае ёй перанесеную праз польска–савецкую мяжу газету «Сіла працы» са сваім першым надрукаваным вершам. Ён чытае ёй гэты верш, а Кацярына нават вучыць яго на памяць. Юнак з Заходняй Беларусі шмат распавядае дзяўчыне пра сваё жыццё, пра тое, як яго, непаўнагадовага, асудзілі на шэсць месяцаў турмы, але пракурор тады не пагадзіўся, і хлопцу далі два гады зняволення.

У Мінску Кацярыне і Валянціну разам было добра і радасна. Яны хадзілі на спектаклі ў беларускі тэатр, наведвалі кіно: асабліва падабаліся ім тыя фільмы, якія дэманстраваліся на беларускай мове і былі знятыя на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь». Аднойчы Валянцін і Кацярына сфатаграфаваліся на памяць. І Валянцін, паказваючы ўсім гэты здымак, казаў: «А вось я са сваёй каханай Кацяй».

Але быць разам ім было не суджана. У снежні 1932 года Валянціна Таўлая прымаюць у члены КПЗБ і ён пераходзіць у распараджэнне ЦК КПЗБ, а потым накіроўваецца на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. З Кацярынай развітваецца з надзеяй, што хутка вернецца і што яны пажэняцца. Праз год і адзін месяц ён разам з Якубам Міско са Слонімшчыны вырашыў вярнуцца ў БССР. Але каля вёскі Валодзькі Радашковіцкай гміны пры пераходзе мяжы іх арыштоўваюць і адпраўляюць у маладзечанскую дэфензіву, а адтуль — у турму ў Лукішкі ў Вільню. Там да суда Валянцін прасядзеў 28 месяцаў пад следствам. І менавіта там ён напісаў верш «Таварышу маёй вясны». Толькі больш ніколі з Кацярынай ён не сустрэўся. Як склаўся яе лёс — невядома. Засталіся толькі фотаздымак і верш «Таварышу маёй вясны»:

 

Будзе песня звінець жаўруком, пралятаючы далеч,

Да цябе даляціць — ты хоць раз сірату прытулі…

Цёплай, сейбіцкай жменяй мы шчыра жыццё раскідалі,

Каб вясна расцвіла для людзей і на гэтай зямлі.

 

Кіра Брандт

Валянцн Таўлай з першай жонкай Кірай Брант у Лідзе, 1941 год

У канцы кастрычніка 1936 года Валянцін Таўлай быў пераведзены з Лукішкаў у Гродзенскую турму. А 22 верасня 1939 года яго вызвалілі дзякуючы таму, што ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада.

Таўлай прыязджае ў Ліду і працуе ў газеце «Уперад». Сустрэчы з роднымі людзьмі, любімая праца, знаёмствы — усё спрыяе творчаму росту.

У Лідзе Валянцін Таўлай пазнаёміўся з яўрэйкай Кірай Брандт, якая працавала адвакатам. Адначасова яму падабалася і паэтка Ніна Тарас, якая выконвала ў газеце абавязкі карэспандэнткі. Але больш настырнай была Кіра. Яна не адпускала Валянціна ні на крок ад сябе. Неўзабаве паэт пасяляецца ў яе доме, што каля Лідскага замка (вуліца Замкавая, 7), і жыве там як з жонкай да пачатку вайны.

Дзяцей у Валянціна з Кірай не было. Ды і адносіны складваліся з цягам часу не вельмі добра. Ёсць версія, што Кіру Брандт завербаваў НКУС, каб сачыць за кожным крокам Таўлая. А калі пачалася вайна, жанчына, знерваваная, што паэт так беражліва і пільна, а таму вельмі марудна перабірае розныя паперы — рукапісы сваіх твораў, а не ўцякае з Ліды, схапіла іх і выкінула ў выграбную яму. А гэта, аказваецца, было яго найдаражэйшае, сутнаснае, захаванае падчас на газетных абрыўках сябрамі з турмы.

Валянцін Таўлай падаўся на Навагрудчыну, а Кіра Брандт уцякла ў Вільню. Але там яе схапілі немцы і кінулі ў Віленскае гета. З гета яе цудам выратавала цешча Максіма Танка Ганна Асаевіч (1874–1957), якая жыла ў Вільні, а пасля вайны — у Мінску. Калі ў Ганны суседзі пыталіся, хто ў яе жыве, яна адказвала ўсім, што гэта незаконнанароджаная яе дачка, якая толькі пасля смерці мужа прыехала да яе. Максім Танк у сваіх «Дзённіках (1941–1959)» згадвае: «Хоць гэта Кіра — чалавек і адукаваны, культурны, мне не спадабалася: абсалютна не арыентуецца ні ў палітыцы, ні ў жыццёвых справах. Не ведаю, як з ёю Таўлай сышоўся. Што магло быць супольнага ў іх? Мне асабліва не спадабалася пасля расказаў старой, згараванай Любашынай маці (Люба — жонка Максіма Танка, дачка Ганны Асаевіч. — С. Ч.), як гэта Кіра сябе паводзіла з ёю. Напалохаўшы старую, што немцы могуць арыштаваць яе за падораныя ёй некалі сваячніцай дзве дарагія, з цудоўным сярэбраным акладам іконы, прадала іх некаму. Або як угаворвала сваіх сяброў Федэцкіх, што выпадкова пачула маці, каб яны прыносілі старой мыць сваю бялізну. І гэта тады, калі гэта старая пакутавала з пераломанай рукой. Зараз хоча, каб я памог уладкавацца на нейкую работу, каб я пазнаёміў яе з літоўскімі пісьменнікамі, бо яна збіраецца выдаваць зборнік вершаў В. Таўлая і ўжо дамовілася з нейкім мастаком–афарміцелем» (Максім Танк. Збор твораў у трынаццаці тамах. Том 9, с. 381).

Зборнік вершаў Валянціна Таўлая ў Літве так і не выйшаў з друку. Відаць, больш Валянцін і Кіра не сустракаліся.

 

Ніна Тарас

Ніна Тарас

У Лідзе Валянцін Таўлай пазнаёміўся з журналісткай і паэткай Нінай Тарас (1916–2006). Яны разам працавалі ў лідскай райгазеце «Уперад». Валянцін часта запрашаў Ніну ў госці, пазнаёміў з сям’ёй. Яны разам бавілі вольны час. Чыталі адно аднаму вершы. Гэтыя літаратурныя чытанні трывала ўваходзілі ў іх жыццё і паўтараліся амаль кожны дзень — то ў яго на кватэры, то ў Ніны Тарас. Дзяўчына была ў захапленні ад Валянціна, падабалася яна і Валянціну.

Таўлай быў чалавек з гумарам. Дужа трапныя былі яго рэплікі пры чытанні твораў або пры характарыстыцы асобных людзей. Яго расповеды пра мінулае, пра сустрэчы з людзьмі былі заўсёды цікавыя, жывыя, вясёлыя. І Ніна гэта любіла слухаць. І гэтым ён усё больш і больш прыцягваў яе да сябе.

У Лідзе Ніну Тарас выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога Савета. Яна часта выступае перад выбаршчыкамі, перад чытачамі. І ўсюды разам з ёю Валянцін Таўлай. Але на ўсё жыццё яны застаюцца толькі сябрамі, хаця пачуццяў у абаіх значна больш, чым патрэбна для сяброўства. Вінаватай была найперш Кіра Брандт, а пасля і ўсе тыя падзеі, якія адбываліся напярэдадні і падчас вайны.

Пасля смерці Валянціна Таўлая, у 1949 годзе Ніна Тарас напісала верш «Памяці Валянціна Таўлая». Ён пачынаўся такімі радкамі:

 

Калі па звычцы прывядзе сама

У дом твой сцежка, ціха рыпнуць дзверы,

Мне скажа ўсё, што ўжо цябе няма.

Цябе няма… А я ўсё не веру…

 

Лідзія Казлоўская

Валянцін Таўлай з жонкай Лідай, Мінск, 1946 год

Лідзія Казлоўская родам была з Расіі. Яны вучылася ў Ленінградскім інстытуце кінаінжынераў. Да пачатку вайны дзяўчына прыехала на вытворчую практыку ў Беластоцкае ўпраўленне кінафікацыі. Яе група займалася ў клубе чыгуначнай станцыі Валілы абсталяваннем кіназалы. Якраз тады гітлераўскія самалёты пачалі бамбіць цягнікі на станцыі. І група кінулася ўцякаць на ўсход. Праз некалькі дзён Лідзія апынулася на Навагрудчыне ў вёсцы Рутка. I менавіта там у сям’і настаўніка Юзіка Пратасевіча яна ўпершыню ўбачыла Валянціна Таўлая. Сакратар гміны Таўлай падаўся не такім страшным, якім чакалі вяскоўцы яго ўбачыць, хаця яны былі вельмі асцярожныя. І Лідзія з вялікай асцярогай аднеслася да прадстаўніка «новай улады». Але сціпласць і непрыкметнасць, якіх трымаўся сакратар гміны, уразілі. Праўда, праз пэўны час Лідзія Казлоўская перабралася ў вёску Ваўкавічы ў сям’ю настаўніцы Нюшы Гардзейчык. Але і туды час ад часу заглядваў Таўлай. А потым стаў забягаць часцей і пад вечар. 18 снежня 1941 года адзінокія сэрцы сышліся, яны ажаніліся.

Да сустрэчы з Валянцінам Таўлаем Лідзія Казлоўская была замужам. І мела дочак Ірыну і Алену. Калі ў 1941 годзе яна паехала на практыку ў Беласток, то сваіх дзяўчынак адвезла да сваякоў на Волгу. А маці засталася ў Ленінградзе і памерла падчас блакады. Толькі пасля вайны Лідзія Сяргееўна прывезла дочак у Навагрудак. Супраць іх Таўлай нічога не меў.

У 1945 годзе жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч прапанавала Валянціну Таўлаю пераехаць у Мінск і прыняць удзел у арганізацыі музея народнага песняра. Таўлай узрадаваўся і пераехаў у сталіцу. Сям’я заставалася жыць у Навагрудку. А праз пэўны час ён атрымаў невялікае жыллё недалёка ад Акадэміі Навук БССР і перавёз сям’ю да сябе.

22 верасня 1946 года ў сям’і Таўлаяў нарадзілася дачка Галінка. Валянцін быў самы шчаслівы бацька і муж. Але гэтае шчасце аказалася нядоўгім: 27 красавіка 1947 года Валянціна Таўлая не стала. Яму было 33 гады.

 

Сяргей Чыгрын

Крыніца: Маладосць

Прочитано 676 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии