Четверг, 17 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Новы стары «Мейр Эзафовіч» Элізы Ажэшкі

  • Понедельник, 07 октября 2019 11:23

Маскоўскае выдавецтва «Мастацкая літаратура» плануе выпуск рамана Элізы Ажэшкі «Мейр Эзафовіч». Гэта будзе выданне з іміджам «як тады» — аздобленае поўным камплектам ілюстрацый знакамітага сучасніка пісьменніцы, рамантычнага Махала Эльвіра Андрыёлі. Тэкст будзе ўяўляць сабой спалучэнне дзвюх першых версій перакладаў на рускую мову, здзейсненых ў пачатку 1880–х. Пра акалічнасці падрыхтоўкі выдання расказвае камерцыйны дырэктар маскоўскай «Мастацкай літаратуры» Дзмітрый Касаткін.

Запіс зроблены падчас выступлення на сёлетніх Міжнародных Ажэшкінскіх чытаннях. 

— У серыі «Забытая кніга» мы публікуем творы канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя. Паколькі ў той час дастаткова было аўтараў, пра якіх увогуле мала хто чуў, мы, канешне, маглі б друкаваць і зусім невядомых. А прытрымліваемся ідэі «наадварот» — выдаваць у гэтай серыі кнігі вельмі вядомых аўтараў, але з «разыначкай». Пошук разыначкі і ёсць галоўнай мэтай серыі «Забытая кніга». Сёлета ў нас ужо выдадзена кніга Аляксея Мікалаевіча Апухціна, якога ведаюць як паэта, блізкага сябра Чайкоўскага, аўтара знакамітых на ўсю Расію рамансаў. А вось тое, што Апухцін быў выдатным празаікам, мала каму вядома. Другое выданне гэтага года ў названай серыі — кніжка Чэхава, але не Антона Паўлавіча, а Аляксандра Паўлавіча, старэйшага брата. У ёй сабраны творы, якія не выдаваліся з 1912 года. І вось трэцяе выданне — «Мейр Эзафовіч» Элізы Ажэшкі.

 

«Яўрэі сапраўды былі вельмі забітыя, але забіла іх не царская ўлада»

— Пачалося з таго, што літаральна выпадкова адзін блізкі чалавек, вельмі дасведчаны ў галіне гісторыі і літаратуры, падарыў мне вельмі старое выданне — «Мейр Эзафовіч» 1881 года. Гэта першы «Мейр Эзафовіч» на рускай мове. Я прачытаў гэтую кнігу. Дакладней, літаральна праглынуў яе, за два дні. І быў неверагодна захоплены, літаральна акунуўся ў мора эмоцый. Хочаце верце, хочаце не, але над канцом кнігі я плакаў. Хаця гэта раман пра яўрэяў, але яўрэйская тэма выступае ў ім фонам, на якім разыгрываецца мноства розных сюжэтных ліній з ліку тых, што хвалююць вечна: кахання, барацьбы старога і новага, канфлікту бацькоў і дзяцей…  І ўсё гэта аздоблена біблейскімі тэмамі. Я не мог стрымаць рыданні. Трэба яшчэ дадаць, што Ажэшка гэтым творам апярэдзіла час і падзеі. Па ўсім відаць, што яна прадбачыла стварэнне дзяржавы Ізраіль: героі яе пра гэта гавораць, яны вераць, што так будзе. Фактычна яна прадказала яўрэйскаму народу пасіянарны выбух. Да канца ХІХ стагоддзя яўрэі сапраўды былі вельмі забітыя, але забіла іх не царская ўлада, якая правяла рысу аседласці. Ажэшка яскрава прадэманстравала, што забіла іх уласная недасведчанасць, асабліва сыходжанне ў кабалізм — замкнёную, напаўсакрэтную рэлігію выбраных, накшталт масонства. Вось такая замкнёнасць, такая самаізаляцыя і пагрузіла яўрэяў ў цемру. І яны супраць гэтага паўстаюць, і нараджаецца новае пакаленне, і ў рэшце рэшт пасіянарны выбух абарочваецца тым, што яўрэі робяцца правадырамі рэвалюцыйных рухаў. Яны, яўрэі, сталі творцамі ўсіх нашых рэвалюцый, гэта відавочны факт. Ажэшка ж, хоць і не называе яўрэяў рэвалюцыянерамі, але прадстаўляе іх у сваім творы такімі людзьмі, якія здольныя ўсяго пазбавіцца і нават ахвяраваць жыццём. У цэнтры рамана — канфлікт яўрэйскай дыяспары і маладога чалавека з вельмі заможнай сям’і, якую Ажэшка па дастатку параўноўвае з Ротшыльдамі, якая ўплывае на гандлёвы капітал Літвы, Беларусі і Польшчы. І вось самы багаты яўрэй аказваецца выгнаннікам і, як жабрак, сыходзіць з дому з адным толькі кіем, ды яшчэ прывязваецца да яго па дарозе маленькі хлопчык Лейбеле, якога лічаць прыдуркаватым ад нараджэння, а на самой справе гэта проста няшчаснае дзіця, якое рэгулярна церпіць пабоі ад меламеда, школьнага настаўніка. Над сцэнай, у якой апісваецца, як юнак Мейр, па нашай тэрміналогіі мільярдэр, сыходзіць з мястэчка ні з чым, толькі з кіем і няшчасным дзіцём, немагчыма не плакаць.

І ў мяне міжволі ўзнікла пытанне: як я пра такі твор не ведаў? Не тое каб я павінен ведаць усё, але я стараюся чытаць лепшае, па парады звяртаюся да дасведчаных. І ніхто з дасведчаных не ўказаў мне на гэты твор. Як так? Абурыўшыся, я ўзяў у рукі апошняе, што выдавалася ў нас з напісанага Элізай Ажэшкай. Паколькі выдавецтва існуе з 1929 года, да друкавання яе твораў прыступалі тут многа разоў. Апошнім выйшаў шасцітомнік, у 1991 годзе. Думаю, дай пачытаю ў ім «Мейр Эзафовіч». І прачытаў, прабачце, з кіслым тварам.

 

«Навошта герою развітвацца з любімымі дзедам і бабкай?»

— У кнізе 1881 года перакладчык падае тэкст у стылі рафінаванага рамантызму, мовай, блізкай да гогалеўскай, а калі параноўваць з сучаснымі, то мовай, блізкай да мовы Каэльё. Там казачнасць, вуаль легенды, міфа, ірэальнасці жыцця, а тут — папахвае сацрэалізмам. Тэкст нудны, палітычна карэктны. А перакладчык, між іншым, — Марыя Яфімаўна Абкіна, першая вучаніца Івана Аляксандравіча Кашкіна. Ён быў заснавальнікам савецкай перакладчыцкай школы, якая прапагандавала такі, ведаеце, вольны пераклад, пры якім не ідуць за літарай, а ідуць за адчуваннямі, інтанацыяй. Марыя Абкіна яўрэйка, і, натуральна, усе тыя праблемы іўдаізму, якія Ажэшка ўздымае, якія праходзяць у яе тонкай лініяй, не спускаючыся да адкрытага высмейвання, але блізка да яго падыходзячы, Абкіна прыбірае: ніякага асуджэння ўжо не адчуваецца, усё гучыць як даклад сакратара КПСС — чытаць не хочацца. Але яшчэ больш мяне ўразіла канцоўка: яна змененая. Калі старая кніга завяршаецца тым, што няшчаснага хлопца асуджаюць і выганяюць, абвяшчаючы яму херэм і ўсяму яўрэйскаму свету паведамляецца, што з гэтай пары, калі хто сустрэне яго на дарозе, той павінен кідаць у яго камяні, а калі ён пагрукае да каго ў дзверы, трэба плюнуць яму ў твар. Мейр нават баіцца зайсці ў свой дом развітацца з роднымі. На сцэну абвяшчэння херэма Андрыёлі разраджаецца страшнай карцінкай: равін узвышаецца над няшчаснымі яўрэямі, а тыя выглядаюць так, нібы нават не разумеюць, пра што ён гаворыць, і невядома, ці адчуваюць яны хоць што–небудзь, гэтыя няшчасныя людзі. Ім проста страшна, ім да таго страшна, што яны ўсё прымаюць як дадзенае. Тым больш што равін, прозвішча яго Тодрас, прадстаўлены ў кнізе як галоўны равін Польшчы, Беларусі і Літвы: у няшчаснае мястэчка Шыбаў яўрэйскае насельніцтва сцякаецца як у святы горад і ідзе да яго ў сінагогу з просьбамі, з малітвамі, па лекі, за жменькай іерусалімскай зямлі... Але ў перакладзе Абкінай няшчасныя, забітыя, прыстрашаныя яўрэі, выслухаўшы херэм, раптоўна ўстаюць і гавораць: «Не хочам мы, раві, херэм, мы не згодныя. Ты, маўляў, асуджаеш хлопца, які любіць народ, якога любяць дзеці, які ўсім дапамагае і кожнаму спачувае. Што ты робіш, раві?..»

Мяне здзівіла такая канцоўка ў Абкінай: так быць не можа, бо які ж гэта херэм? І потым, узнікае лагічнае пытанне: а навошта тады Мейру сыходзіць і з дома, і з горада? Народ яго абараняе, народ рэвалюцыянізаваны, ён дэзавуіруе праклён равіна, дык навошта герою развітвацца з любімымі дзедам і бабкай употай?... Сэнс перакульваецца з ног на галаву, а я пачынаю высвятляць, адкуль такое глупства прыйшло–прыехала.

 

Жорны расколу і сацыял–дэмакратычны памфлет

— Бяру яшчэ адну кнігу — першую кнігу Ажэшкі, выдадзеную ў Савецкім Саюзе. Зноў гэта кніга нашага выдавецтва. Тут «Мейр Эзафовіч» надрукаваны ў перакладзе Іны Гермагенаўны Смідовіч. Чытаю і яго. Ён, канешне, весялей, чым пераклад Абкінай, але… Гэта проста нейкі рэвалюцыйны маніфест! Тут галоўнае — барацьба народных мас супраць вечных прыгнятальнікаў, і ключавая сцэна — дзе народ асуджае равіна і заступаецца за Мейра — развітая ў ім значна больш. Тут абурэнне народнай масы пададзена досыць выпукла, і ўжо равін–кабаліст адмаўляецца ад уласных ідэй і… пачынае цяміць. Голас народа гаворыць яму, што ён здзейсніў нешта няправільнае.

Я задумаўся: адкуль узялося гэта? Адкуль? Смідовіч не яўрэйка. Іна Гермагенаўна Смідовіч нарадзілася ў Туле, але паходзіць яна з польска–беларускага шляхецкага роду, дастаткова вядомага. Між іншым, яе траюрадны брат — Вікенцій Верасаеў. З Верасаевым як тульскім пісьменнікам адбываліся дзіўныя метамарфозы. Вось усе гродзенцы любяць Элізу Ажэшку, а многія тулякі Верасаева, свайго земляка, цярпець не могуць, лічаць яго прахвостам, які нанёс Расіі вялікую шкоду. Усяму ёсць тлумачэнне: «Тула стагоддзямі зброю кавала», а гэты Верасаеў выступіў супраць Расійскай імперыі, супраць руска–японскай вайны. Але тут не пра тое. Іна Гермагенаўна Смідовіч — прафесійная рэвалюцыянерка, а пераклад «Мейра» яна зрабіла ў 1910 годзе. Ёй, прафесійнай рэвалюцыянерцы, навошта гэта спатрэбілася? І я зноў пачаў разбірацца.

Знайшоў пра Смідовіч цікавыя звесткі: у яе біяграфіі ёсць некалькі ўцёкаў з турмаў, у тым ліку і знакамітыя ўцёкі з Кіеўскай турмы, калі яна, пераапрануўшыся ў прыбіральшчыцу, выйшла з вядром і швабрай без аніякага падазрэння. На допыт яе вялі ў дваранскім строі, а з прыбіральні яна выйшла як згорбленая старая ў лахманах. Потым Смідовіч апынаецца ў Мюнхене і становіцца сакратаркай газеты «Іскра», трапляе пад непасрэднае кіраўніцтва Леніна. Калі са ссылкі вяртаецца Крупская, Смідовіч з газеты сыходзіць. Пасля ІІ з’езда РСДРП(б), на якім расійская сацыял–дэмакратыя падзяляецца на меншавікоў і бальшавікоў, яна застаецца з меншавікамі, а муж яе, Міхаіл Леман, чалавек безыніцыяітыўны і слабавольны, ідзе да бальшавікоў. Брат Іны, Пётр Смідовіч, быў заўзятым бальшавіком і ўвайшоў у гісторыю тым, што прыдумаў абрэвіятуру СССР.

Іна Смідовіч, як бачым, трапляе пад жорны расколу. Барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі ідзе настолькі востра, што ўжо і на царызм яны забываюцца, а больш высвятляюць адносіны. З–за гэтай вось незразумеласці Смідовіч страчвае сям’ю — з мужам разводзіцца, сын апынаецца ў вёсцы пад Тулай і расце без яе. Пытанне барацьбы для гэтай жанчыны было архіважным. І я раблю смелае для сябе дапушчэнне, што чорнага равіна–кабаліста з «Мейра Эзафовіча» яна уяўляе чорным ідэолагам, які валодае розумам мас, але ў нечым і памыляецца. Нібыта вядзе гэтыя масы, але вядзе не туды і не так. І яна заклікае адумацца. Мяркую, што, робячы пераклад «Мейра…», Смідовіч пісала ключавую сцэну спецыяльна для Уладзіміра Ільіча, таму што ні муж яе, ні брат на чорнага равіна не прэтэндавалі. Іначай навошта рэвалюцыянерка бярэцца за пераклад мастацкага твора і ператварае яго ў сацыял–дэмакратычны памфлет?

 

Без «яцей» і слоў кшталту «шабаш» і «жыд»

— Засталося пытанне: адкуль з’явіўся фрагмент з абвяржэннем пазіцыі равіна, з адмаўленнем яго херэма? І вось тут я прааналізаваў кніжку «Мейр Эзафовіч» 1882 года, на год навейшую ад той, якую прачытаў самай першай. Выдадзена яна ў Пецярбурзе і, у адрозненне ад першай, вялікай бібліяграфічнай рэдкасцю не з’яўляецца — яе лёгка можна знайсці на букіністычных парталах. Вось у ёй і зменена канцоўка. Зменена самой аўтаркай! Па ўсім відаць, нехта з блізкіх, каму Ажэшка давярала, папракнуў яе ў тым, што такім фіналам твора яна не пакідае ніякай надзеі на пазбаўленне ад змрочнага мінулага. І Ажэшка паддалася — перапісала фінал. І мне стала крыўдна, і ўзнікла жаданне данесці да сучаснага чытача таго «Мейра…», які быў ад пачатку задуманы ажэшкінскай інтуіцыяй. Вырашана было апублікаваць тэкст 1881 года, пазбавіўшы яго «яцей» і слоў кшталту «шабаш» і «жыд», якія сёння маюць ужо іншы сэнс. Але ў тэксце 1882 года многа ўставак, якія дапоўнілі твор новымі фарбамі. Шкада было іх упусціць. А нешта з варыянта 1881 года, наадварот, адсутнічае. Прынята было рашэнне накласці тэксты адзін на адзін, хоць гэта задача нялёгкая.

Між іншым, кніга 1881 года была досыць папулярнай — яе ў той год выдалі як мінімум двойчы. З чаго я раблю такую выснову? З розніцы ў тытульных старонках: іх існуе два варыянты — на адным ёсць надпіс «З ілюстрацыямі Міхала Андрыёлі», на другім няма. Відаць, калі дадрукоўвалі, стала зразумела, што ілюстрацыі Андрыёлі іграюць каласальную ролю. Андрыёлі прарэагаваў літаральна на кожную значную сцэну рамана — усяго ён зрабіў 29 малюнкаў. Дарэчы, таксама ж пытанне: як Андрыёлі адрэагаваў на такую з’яву як адмаўленне херэма? Гэтае ўмяшальніцтва ў самую магутную сцэну мяняе ўвесь пафас, усю логіку твора. Відаць, Андрыёлі замена не спадабалася. Калі ён у 1877–м прыступіў да работы, то меў, безумоўна, рукапіс твора. Ажэшка ж тым часам пісала далей. Андрыёлі чытае канцоўку і кажа: «Слухай, яна мне не падабаецца», — і дапрацоўвае тэкст аўтара сваімі малюнкамі. Магло так быць?

 

«Перакладчык бясконца “праколваецца”»

— Вось яшчэ што цікава. Перакладчык кнігі 1881 года невядомы — ён у тэксце не пазначаны. І перакладчык кнігі 1882 года невядомы — па той самай прычыне. Але ў мяне ёсць падазрэнне, што пераклад 1882 года зрабіла… сама Ажэшка. Якія для гэтага ёсць аргументы? Першы: відавочна, што пераклад зроблены палякам або полькай, таму што, валодаючы літаратурнай рускай мовай, перакладчык бясконца «праколваецца» на дробязях. Напрыклад, храм ён паўсюль называе святыняй. У рускай мове няма традыцыі называць святыняй храм, святыня — гэта іншае. Але гэта яшчэ нічога. Ён, што называецца, з усімі трыбухамі сябе выдае ў эпізодзе, які апісвае Бога паводле стараяўрэйскіх крыніц, дзе гаворыцца пра памеры яго рук, ног і галавы. Перакладчык ужывае выраз «чашка головы» — як вам такое падабаецца? Вось на гэтай «чашцы галавы» ўсё стала зразумела канчаткова: перакладчык — несумненна паляк. Рускі напісаў бы замест гэтых слоў «чэрап». Другі аргумент: у тэксце шмат дробных недакладнасцей. Да прыкладу, у сцэне шабата, у месцы, дзе апісваецца пакой. Ажэшка — вельмі вялікая аматарка ўсё апісваць да дробязей: хто дзе стаяў, хто як выглядаў, які што мела колер, як пахла, куды хто прысеў… І вось яна апісвае доўгі стол і лаўкі. Мы гэта лёгка сабе ўяўляем: стол і абавязкова лаўкі — бо многа людзей, бо калі б былі крэслы, іх многа ў гэтым пакоі не стала б. Але ў наступных радках меламед у запале падхопліваецца… з крэсла! У першай кнізе — з лаўкі, а ў другой — з крэсла, апісання якога ў тэксце ўвогуле не было. І такіх дробязей многа.

Воляй лёсу я асабіста знаёмы са знакамітым Аляксандрам Якаўлевічам Лівергантам: ён узначальвае ў нас асацыяцыю перакладчыкаў, а калі я быў школьнікам, ён выкладаў мне англійскую мову. Я патэлефанаваў яму з пытаннем: як такое можа здарыцца з перакладам? І ён адказаў вось што: перакладчык не мог памыліцца, таму што кожны перакладчык вельмі пільна сочыць за фармальным бокам работы, і любая нестыкоўка ў чым бы там ні было яму заўсёды заўважная. Так памыляцца можа хіба толькі аўтар. Робячы пераклад уласнага твора, ён увесь час мае спакусу працягваць працаваць з тэкстам, пашыраць яго, удакладняць. І на дробязі ён не звяртае вялікай увагі: ніхто на яго за нестыкоўкі не будзе сварыцца, бо аўтар — ён сам.

Трэці аргумент — гэта якраз тое, што ў публікацыі не ўказана імя перакладчыка. Лёгка можна дапусціць, што Эліза Ажэшка па меркаваннях этычных і палітычных не захацела сябе выдаваць, бо гэта адняло б у яе аўтарытэт, прынізіла б у вачах знаёмых. Яе ж, як мы ведаем, і без таго асуджалі бясконца, нават і без прычын.

 

«Ніхто не разлічваў на поспех»

— Як я зразумеў, раман па–руску надрукавалі спачатку ў 1880 годзе ў маскоўскім тыднёвіку. Ніхто не разлічваў на поспех гэтага твора па цэлым мностве прычын. Па–першае, імя Ажэшкі было ў Расіі невядомае. І потым, жыў яшчэ Дастаеўскі, ён толькі ў 1881 годзе памрэ. І Талстой у нас піша, і Чэхаў у моду ўваходзіць. У рускай літаратуры канкурэнцыя была тады дзікая: геній на геніі. Па–другое, яўрэйская тэма цэнтральную Расію зусім не цікавіла — яўрэяў там не ведалі і не бачылі. Гэта ў Маларосіі і Беларусі з імі сустрэнешся або ў Польшчы. Таму і само яўрэйства, і пагромы, і прыцясненні былі для рускіх тэмай другаснай. І вось пры такіх умовах раман, які праходзіць як літаратурны дадатак, атрымлівае нечакана вялікую папулярнасць. І таму праз год ён выходзіць у кнізе, якую як мінімум двойчы яшчэ дадрукоўваюць.

Зноў хачу падкрэсліць, наколькі Эліза Ажэшка апярэджвала час. У прадмове да першага яе выданне ў СССР яна крытыкуецца за тое, што «не так» ставіцца да «рабочага пытання», што яе погляды класава абмежаваныя. Яна асуджаецца за трывожнае стаўленне да касмапалітызму і глабалізму, за тое, што вітае патрыятызм і нацыянальнае культурнае развіццё. А сёння мы ўжо і самі бачым, што такое глабалізм, — гэта знікненне не толькі нацыянальнай культуры, але і культуры наогул.

 

 

Міхаіл Сеніёр Эзафовіч — не прыдуманы мастацкі вобраз, а гістарычная асоба, пра якую знаходзяцца звесткі. Эліза Ажэшка піша, што быў ён першым, хто выбраўся з ценю невядомасці, трапіў на скрыжалі гісторыі. Ёсць тут невялікае алаверды: яго старэйшы брат быў першым мытнікам Гродзенскай мытні. А Міхаілу Сеніёру кароль Зыгмунд І даў прывілей, які сведчыў пра тое, што ён — галоўны яўрэй і можа згодна з законамі здзяйсняць суд над яўрэямі.

 

 

Запісала Святлана Воцінава

Крыніца: Маладосць

Прочитано 261 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии