Четверг, 12 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Як адкрывалі бюст Алеся Адамовіча на яго малой радзіме

Ужо столькі было напісана пра гэты помнік, што нават цяжка нешта новае дадаць. Важна адно — ён цяпер ёсць.
Стаіць насупраць той самай «варшаўкі», якую пісьменнік апеў у сваёй дылогіі «Партызаны». За ім — пасялковы Дом культуры, дзе праходзяць знакавыя падзеі ў жыцці Глушы. Напрыклад, у суботу, калі быў адкрыты помнік, тут адзначалі свята пасёлка. Праўда, сімвалічна? Прычым удвайне: усё адбылося ў Год малой радзімы. Прыклад вельмі яскравы і паказальны. 

Аб'яднаныя Глушай

Хвалюючы момант адкрыцця.

Хвалюючы момант адкрыцця.

Свята пасёлка наогул атрымалася з адамовіцкім ухілам. Гэтае прозвішча было ва ўсіх на вуснах. З раніцы імжыў дождж, але жыхары Глушы ішлі на месца падзей з кветкамі, з дзецьмі. І гасцей прыехала болей, чым можна было чакаць. З тэлекамерамі, фотаапаратамі, дыктафонамі — кожны хацеў неяк захаваць для сябе і іншых на памяць гэты ўрачысты момант. Нечакана я сустрэла герояў свайго артыкула пра праект «Глуша Адамовіча» — Таццяну і Віктара Корзунаў з Канюхоў. Яны прымчаліся сюды з Капыльскага раёна Мінскай вобласці, бо ўжо шмат гадоў займаюцца захаваннем імя Адамовіча і памяці пра той невялікі перыяд гісторыі, які быў звязаны з яго нараджэннем, а потым з наведваннем тамтэйшых мясцін. Некалькі гадоў таму Корзуны знайшлі дачку пісьменніка Наталлю Адамовіч, каб паведаміць ёй, што іх зямляк Анатоль Самусевіч збіраецца ўстанавіць памятны знак Алесю Адамовічу ў Канюхах — усё ж такі першыя, яшчэ неўсвядомленыя месяцы свайго жыцця ён правёў у гэтай вёсцы. Але справу да канца, на жаль, давесці не атрымалася. Анатоль Самусевіч, дарэчы, таксама прыехаў у Глушу разам з дачкой. Яна яшчэ школьніца, але піша даследчую работу пра жыццё і творчасць Адамовіча. У Глушы Анатоль пабываў на арт-прыпынку пісьменніка і натхніўся на стварэнне падобнага ў Канюхах — юрыдычна гэта зрабіць прасцей.

Глуша з відам...

Ледзь паспяваю здароўкацца з гасцямі з Магілёва — таксама героямі мінулых публікацый. Сярод іх Алег Дзьячкоў, які неаднаразова збіраў народ на сустрэчы з Наталляй Адамовіч, арганізоўваў паказ фільма «Ідзі і глядзі»; вядомы магілёўскі гісторык Аляксандр Агееў; старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека... З Мінска разам з Наталляй Адамовіч прыехалі ўнучкі Якуба Коласа Марыя і Вера Міцкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, іншыя ганаровыя госці. Алеся Адамовіча няма з намі ўжо чвэрць стагоддзя, а яго памятаюць, да яго едуць...

Агульныя карані

Гісторыя — гэта тое, што аб'ядноўвае. Фотасушка ад жыхароў, выстаўка «Мы родам з СССР», да якой таксама прыклалі руку жыхары Глушы, шыкоўная экспазіцыя ад раённай бібліятэкі, прысвечаная Алесю Адамовічу, — усё гэта размясцілася пад дахам пасялковага Дома культуры. Бібліятэчныя работнікі вельмі ганарацца, што ў іх ёсць «жывы» аўтограф Алеся Адамовіча. Яго ён пакінуў падчас аднаго са сваіх візітаў сюды.

Цяпер Глуша — пасёлак сельскага тыпу, тут жыве тысяча трыста чалавек. Але раней, калі працаваў шклозавод і народу было болей, яна мела статус гарадскога. Колькасць насельніцтва паменшылася амаль напалову пасля таго, як завод у канцы 90-х закрыўся і ўсё прыйшло ў заняпад. Марыя Сушчанка, якая ў 2007 годзе ўзначальвала тады яшчэ пасялковы Савет, добра памятае той перыяд. Яна родам з Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, але Глуша для яе, як і для Адамовіча, стала другой радзімай. Пад яе кіраўніцтвам была напісана праграма ўстойлівага развіцця пасёлка і заснаваны фестываль «Глушанскі хутарок», які сёлета адзначыў сваё дзесяцігоддзе і на якім заўсёды папулярызуецца творчасць Алеся Адамовіча. Асаблівы гонар пасёлка — людзі, якія робяць свае падворкі паказальнымі (Адамовіч таксама пісаў, што яго землякі рэдка застаюцца ўбаку ад грамадскіх спраў). Сёлета лідараў па добраўпарадкаванні выбіралі больш чым з 20 прэтэндэнтаў. Алена і Мар'ян Шафарэвічы чарговы раз сталі яго прызёрамі. Каля іх дома шмат экзатычных дрэў — самшыты, магнолія, туі. Алена карэнная глушанка — яе дзед працаваў шкловыдзімальшчыкам на заводзе, а сама яна выкладала ў мясцовай школе біялогію і хімію. З вялікай павагай жанчына ставіцца да Алеся Адамовіча і яго родзічаў, называе іх шчырымі, самаадданымі людзьмі. Тое, што цяпер у Глушы ёсць помнік пісьменніку, яна лічыць вельмі справядлівым. Спадзяецца, што ў будучым з'явіцца і музей.

Памяць у метале

Па традыцыі свята пасёлка пачынаецца з даніны памяці вызваліцелям Глушы ў чэрвені 1944 года. На стэле ёсць і прозвішчы некалькіх партызанаў. Гэтым разам у сувязі з адкрыццём помніка адступленнем ад традыцыйнай праграмы стала наведванне магілы Алеся Адамовіча. Там былі ўскладзены кветкі і адбылася невялікая паніхіда. Потым падзеі зноў перамясціліся ў Глушу. Ганаровае права адкрыць помнік атрымалі непасрэдны ініцыятар і рэалізатар ідэі Андрусь Архіпенка, Наталля Адамовіч, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко, старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, аўтар бюста Генік Лойка, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека.

«Жывы» аўтограф ад Адамовіча.

«Жывы» аўтограф ад Адамовіча.

— Хачу выказаць словы ўдзячнасці ініцыятыўнай групе на чале з Андрусём Архіпенкам і яго маці Вандзе, якая вельмі дапамагла сыну рэалізаваць гэты і іншыя праекты, звязаныя з Глушай, — падкрэсліла падчас адкрыцця помніка старшыня сельсавета Марыя Сушчанка.

Андрусь, як мы пісалі раней, ужо рэалізуе на тэрыторыі трэці «адамовіцкі» праект — пасля прыпынку і бюста з'явяцца паказальнікі. Ну а праект бюста ён упершыню прапанаваў на кірмашы праектаў у 2017 годзе. Тады мала хто верыў, што такое наогул магчыма, але ўпарты хлопец на здаваўся — шукаў скульптара, збіраў подпісы ў падтрымку сваёй ідэі, каб у сваім звароце ў Міністэрства культуры аргументаваць, што помнік патрэбны. Дазвол быў атрыманы і ўзгоднены на ўсіх узроўнях. Неабходную суму сабралі за некалькі месяцаў. Каб паскорыць працэс, Андрусь арганізоўваў флэшмобы, чытанні, звяртаўся да вядомых публічных людзей, размяшчаў посты ў інтэрнэце.

— Рашэнне Андруся і яго таварышаў зрабіць помнік было для мяне адначасова і нечаканым, і прыемным, — прызналася Наталля Адамовіч. — Размовы пра стварэнне музея Алесю Адамовічу ў Глушы вяліся 25 гадоў, з таго моманту, як ён памёр. І безвынікова. Андрусь з сябрамі — першапраходцы. Прыпынак, які яны прысвяцілі бацьку, меў такі поспех, што пасля шмат хто такім чынам праславіў сваіх выдатных землякоў. А цяпер вось ёсць і помнік. Мне вельмі падабаецца, як яго зрабіў Генік Лойка. На вуснах усмешка, твар павернуты да роднага дома. Бацька, калі адчуваў, што жыць яму засталося зусім мала, прасіў пахаваць яго ў Глушы. Цяпер ён другі раз вярнуўся дадому.

Наталля не хавала слёз, калі адкрывалі помнік. Наогул хваляваліся ўсе. Генік Лойка згадаў гісторыю пра тое, што, калі ён вучыўся на артыста, якраз здымаўся фільм «Ідзі і глядзі», і ў яго была магчымасць сыграць Флёру. Але хлопец адмовіўся з-за таго, што тэкст трэба было вымаўляць на рускай мове. А вось цяпер, праз шмат гадоў пасля гэтага, зноў датыкнуўся да тэмы Адамовіча.

На адкрыцці помніка добрым словам згадалі сённяшняга намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Менавіта ён самы першы пералічыў грошы на створаны ў 2016 годзе разліковы рахунак па зборы сродкаў для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей Алеся Адамовіча.

Свае віншаванні з нагоды адкрыцця помніка накіраваў і генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Павел Латушка. «Мэтай жыцця Адамовіча была творчасць, пошук справядлівасці, — напісана ў пасланні. — Дзе б ён ні працаваў, ён заўсёды кіраваўся прынцыпам гістарызму і гуманізму. Абарона правоў пісьменнікаў, праўда пра Чарнобыль, грамадская і літаратурная дзейнасць зрабілі яго імя шырока вядомым. Творчасць Алеся Адамовіча жыве і на купалаўскай сцэне. У 2010 годзе ў тэатры быў пастаўлены спектакль паводле аповесці «Нямко». Бронзавы бюст сапраўднага беларускага інтэлігента — яшчэ адзін крок на шляху ўшанавання нашых нацыянальных традыцый».

Праект музея

Андрусь Архіпенка рэалізаваў у Глушы некалькі «адамовіцкіх» праектаў.

Андрусь Архіпенка рэалізаваў у Глушы некалькі «адамовіцкіх» праектаў.

Музей у аптэцы — пакуль тэма будучыні, нешта прадказаць яшчэ цяжка. Але на стэндзе раённай бібліятэкі можна было ўбачыць архітэктурна-мастацкі праект экспазіцыі «Жыццё і творчасць Алеся Адамовіча» ў пасёлку Глуша.

— Праект зроблены з такім разлікам, што калі музей адкрыецца ў будынку аптэкі, мы яго зможам з лёгкасцю туды перанесці, — патлумачыла намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко. — Менавіта такую задачу мы ставілі перад арганізацыяй, якая распрацоўвала праект. Яны прапанавалі варыянт, які мы ўзгаднілі з дачкой Алеся Адамовіча Наталляй і ініцыятыўнай групай Андруся Архіпенкі. Гэта пакуль папярэдні праект, у які мы можам уносіць карэктывы, рабіць акцэнт на любым этапе жыцця пісьменніка. Пад яго ўжо вызвалены музейны пакой у Доме культуры, пры наяўнасці грошай за 3-4 месяцы праект можа быць рэалізаваны. Там жа ёсць памяшканне, дзе можна паказаць кінематаграфічную творчасць пісьменніка. Кінастудыя «Беларусьфільм» гатова аказаць нам дапамогу з тэматычным матэрыялам. На жаль, у нас няма жывых экспанатаў. Акцэнт зроблены на пано, мастацкіх стэндах. Паколькі тэма вайны праходзіць праз творчасць Адамовіча чырвонай ніткай, мы паклапоцімся аб наяўнасці мальбертаў, каб можна было арганізоўваць яшчэ і выстаўкі на гэтую тэму. Для раёна імя Алеся Адамовіча вельмі значнае, і мы ганарымся тым, што ў Глушы цяпер ёсць помнік яму. Гэта прыклад канструктыўнага супрацоўніцтва прыватнай ініцыятывы і дзяржавы.

Нэлі Зігуля

Фота аўтара


Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама:

р/р BY84АKBB36421292723267

100000 у філіяле 703 «ААТ ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Глуша з відам на Адамовіча

Прочитано 497 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии