Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра Максіма Танка

  • Понедельник, 02 декабря 2019 08:42

Канешне, Максіма Танка як хрэстаматыйнага паэта я ведаў са школы. Ведаў, але не магу сказаць, што дужа любіў. Не дабраў, як кажуць, смаку, напэўна, не дазволіла школьная праграма.

Сапраўднае адкрыццё Танка як паэта ў мяне адбылося значна пазней. Ужо калі я вучыўся на трэцім курсе ўніверсітэта. Аднойчы на летніх канікулах паехаў па нейкай патрэбе ў Пінск, наш раённы цэнтр. Перад вяртаннем дадому зайшоў у кнігарню — балазе да аўтобуса было яшчэ гадзіны дзве.

 

У кнігарні сярод новых паступленняў убачыў невялікага фармату кніжку з намаляванымі на вокладцы ластаўкай і бруістай крынічкай. І назва — «Максім Танк. Глыток вады».

Разгарнуў кніжыцу — і першы ж верш захапіў мяне, зачараваў.

У чыстым полі сваты блудзілі,

Блудзілі, скрыпку сваю згубілі.

А каля яру, дзе коней гналі,

Ў сумётах кінулі і цымбалы.

А калі ехалі праз сасоннік,

З рук гарманіста выпаў гармонік.

Ля самай грэблі старой, ля дуба,

З саней апошніх скаціўся бубен.

Цяпер завея на скрыпцы грае,

Цымбалаў струны перабірае,

Дзьме у гармонік, б'е ў бубен глуха,

Аж часам спынішся, каб паслухаць.

Куды нясецца шырокім светам

Завея гэта — вяселле гэта?

Карацей кажучы, набыў я кніжку і, покуль ехаў дадому, усю яе праглынуў. І быў проста ашаломлены незвычайным уражаннем ад прачытанага. На мяне дыхнула, як з вулля мёдам, такой чыстай, такой густой, такой па-народнаму вясёлай паэзіяй, што ні да гэтага, ні пасля гэтага я не перажываў падобных пачуццяў.

Мне і сёння, праз шмат гадоў, здаецца, што «Глыток вады» — самая паэтычная, самая эмацыянальная кніга паэта. І, прызнаюся яшчэ, адна з самых маіх любімых, самых зачытаных. Ужо і супервокладка з той маляванай ластаўкай даўно парвалася, ужо і добрую палавіну вершаў ведаю амаль на памяць, а ўсё роўна час ад часу дастаю яе, як дарагі, запаветны талісман, разгортваю на любой старонцы, чытаю — і зноўку перажываю тыя мае колішнія пачуцці, атрымоўваю высокую душэўную асалоду.

Пазней, калі я працаваў у ЦК КПБ і па службовых абавязках павінен быў рэгулярна бываць у Саюзе пісьменнікаў, Доме літаратараў, час ад часу я сустракаў там майго любімага паэта. Максім Танк заўсёды быў сярод сваіх калег. Расказваў розныя вясёлыя гісторыі, якіх ведаў безліч, і там, дзе ён быў, заўсёды чуўся дружны смех.

А які ён быў дасціпны, вынаходлівы тамада! Некалькі разоў мне даводзілася бываць на пісьменніцкіх застоллях, якія ладзіліся ў гонар гасцей-літаратараў з суседніх рэспублік альбо з нагоды чыйго-небудзь юбілею. І калі рэй вёў Яўген Іванавіч — сумаваць не даводзілася. І хоць спіртнога ён не браў ні кроплі, у кампаніі быў самы вясёлы.

А самая працяглая і самая помная сустрэча з Максімам Танкам адбылася вясною 1980 года. Яўгена Іванавіча запрасіў да сябе сакратар па ідэалогіі ЦК КПБ Кузьмін. Здарылася так, што Кузьміну трэба было некуды пільна адлучыцца, і ён папрасіў мяне, свайго памочніка, калі прыйдзе Танк, каб я чым-небудзь заняў яго.

І цяпер я шчыра ўдзячны той выпадковасці. Бо яна дала мне магчымасць пабыць ажно цэлыя паўтары гадзіны з маім любімым паэтам сам-насам, пагаварыць на розныя тэмы.

Закранулі спачатку праблемы беларускага кіно. Я сказаў, што апошнім часам нашу кінастудыю апанавалі прыкрыя няўдачы. Адна за адной. Няўжо ў нас ужо няма таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў?

Канешне, ёсць, сказаў Яўген Іванавіч, але няма парадку. Пры тых адносінах да беларускай літаратуры і беларускіх літаратараў, якія існуюць сёння на кінастудыі, мы ніколі не зможам нічога людскага стварыць. Рэжысёры выступаюць як дыктатары з правамі неабмежаванага самавольства. Без належнай павагі да сцэнарыста як аўтара, як асобы. А творчасць — рэч усё-такі даволі інтымная, далікатная. Акрамя таго, адрыў ад нацыянальнай асновы, ад роднай глебы яшчэ больш ускладняе становішча. У выніку калі і з'яўляецца нейкі больш-менш прыстойны з тэхнічнага боку фільм, то па сваіх ідэйна-мастацкіх якасцях ён не мае ніякай вартасці. Нікога ён не хвалюе і не радуе.

— Яўген Іванавіч, — пытаюся я, — а як жа гэта здарылася, што мы, беларусы, так умудрыліся згубіць сваю нацыянальную годнасць, павагу да сваёй культуры, мовы?

Танк задумваецца:

— Пытанне няпростае. Тут, відаць, і пэўныя гістарычныя падзеі сталі прычынаю. Бо хто толькі не таптаў беларуса, не здзекаваўся з яго. Але ў многім вінаваты і мы самі. Нейкая дзіўная ў нас абыякавасць, больш за тое — сарамлівасць да сваёй мовы. Я от калі, бывае, прыязджаю дадому, дык бацька пачынае ўжо гаварыць са мною па-руску. Ты што гэта, кажу, бацька? А яму здаецца, што калі па-руску, то гэта ўжо культурна, паважліва.

— Хаця я, — працягваў Танк, — не схільны глядзець у будучыню песімістычна. Сілы, глыбінныя, неадольныя, жывыя, жывуць у народзе. Вазьміце наш Саюз пісьменнікаў. Штогод мы прымаем пяць-сем здольных маладых паэтаў, празаікаў. А якая харошая маладая змена з'явілася цяпер у саюзе мастакоў! Адно толькі парадавацца можна.

— Яўген Іванавіч, а з чаго пачынаўся ваш паэтычны шлях, ваша паэтычная біяграфія?

— Ведаеце, я ніколі не думаў і не збіраўся стаць паэтам. Са мною пасвіў кароў адзін мой таварыш, дык той увесь час гаварыў: «Я буду паэтам!» А я думаў, што паэты ўсе даўно памерлі — Пушкін, Лермантаў, Ясенін... А калі ўжо пазней стаў пісаць, выдаў зборнік вершаў, у нас услед за мною пачалі многія пісаць. Некаторыя доўга, упарта пісалі. Але паэтамі так і не сталі...

Аднаго, помню, недзе перад самай вайной выклікалі ў райкам партыі, каб паслухаць, што ён піша, ацаніць і, калі трэба, памагчы чалавеку. Ну, той стаў у позу і пачаў, як яму здавалася, з самага патрыятычнага:

Спасіба Сталіну-грузіну,

Што абуў нас у рызіну!

У сакратара райкама ажно твар пабялеў ад такіх вершаў. Ён адразу схапіўся за тэлефон і пачаў некуды званіць, але паэт, не чакаючы, пакуль дадуць належную ацэнку ягонаму «твору», сігануў у расчыненае акно, і толькі яго бачылі...

Яўген Іванавіч праменіцца мяккай, цёплай усмешкай, і я смяюся разам з ім.

Гаварылі мы доўга, пра многае. Шкада, што я не ўсё занатаваў. Але засталося вельмі харошае, прыемнае ўражанне і ад гутаркі, і ад асобы самога паэта. Якая эрудыцыя, якая высокая агульная культура. Сапраўдны інтэлігент!

І пры ўсім пры гэтым — незвычайна сціплы чалавек. От я прагаварыў з ім паўтары гадзіны і нідзе, ні разу, ні на хвіліну не адчуў ад яго нават намёку на нейкую ўласную перавагу. Часам я нават забываў, што перада мною паэт еўрапейскага, а то і сусветнага маштабу, лаўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы. Гаварылі як роўны з роўным. Вось ужо сапраўды: чым больш таленавіты чалавек — тым ён больш просты і сціплы. І якое ж гэта шчасце, што ў нашай літаратуры ёсць такія постаці, як Максім Танк, Іван Мележ, Васіль Быкаў... Яны — не толькі апора, аснова нацыянальнай культуры, яе вяршыні, але і наш гонар, наша сумленне.

У Максіма Танка не было вышэйшай адукацыі. Больш за тое, ён нават не скончыў гімназіі, хаця вучыўся ажно ў чатырох — у Вілейскай, Радашковіцкай, Віленскай беларускай і Віленскай рускай. Скончыць іх маладому паэту не далі польскія ўлады. За актыўную рэвалюцыйную дзейнасць ён неаднаразова апынаўся за турэмнымі кратамі.

Тым не менш Яўген Іванавіч быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Дасягнуў гэтага дзякуючы самаадукацыі — усё сваё жыццё ён апантана вучыўся. Здзіўляе, уражвае колькасць імёнаў пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў і іншых асоб, прыведзеных у ягоных дзённіках. А колькасць думак, выказаных ім у шматлікіх запісах, пісьмах, публічных выступленнях, — гэта сапраўдныя залатыя россыпы.

Сабраныя разам, гэтыя думкі даюць яркае, канцэнтраванае ўяўленне аб тым, што радавала, хвалявала паэта. Найбольш, канешне, у Максіма Танка разваг пра літаратуру.


  • «Як часта ў людзей, якія жывуць у цемені, нараджаюцца вобразы сонечныя; пра волатаў — пішуць слабыя, пра каханне — тыя, што яго не зведалі. Зразумела, гэта — не аксіёма, але не аксіёма і тое, што, каб пра нешта напісаць, абавязкова трэба перажыць».
  • «Ледзь змусіў сябе дачытаць Хлебнікава. Мне здаецца, што падобнымі эксперыментамі могуць займацца паэты, перад якімі ніколі не стаяла пытання: быць ці не быць іх мове? Аж зайздросна, што ёсць на свеце пісьменнікі, якіх ніколі не трывожыла гэта праблема».
  • «Я ўсё больш пачынаю думаць, што сапраўдная паэзія пачынаецца не ад слоўнай і рытмічнай эквілібрыстыкі, але — ад думкі».
  • «У ацэнцы літаратурных твораў у нас існуюць дзве меры: адна — беларуская, другая — еўрапейская. Паводле першай — усе выдатныя, усе класікі. Паводле другой... Другой пакуль што няма каго і мераць».
  • (Трэба толькі мець на ўвазе, што пісаліся гэтыя радкі ў 1936 годзе. Калі і Мележ, і Быкаў, і Караткевіч яшчэ хадзілі пад стол пешкі. Праўда, былі ўжо Багдановіч, Купала, Колас. Але Танк, відаць, меў на ўвазе заходнебеларускую літаратуру).
  • «Мне здаецца, у нас зараз заўважаецца фемінізацыя лірыкі. І, магчыма, гэта з'ява — не часовая».
  • (Як далёка глядзеў Яўген Іванавіч! У нас цяпер фемінізацыя не толькі лірыкі, але і ўсёй літаратуры).
  • «Мне здаецца, што сёння наша любоўная лірыка пра цнатлівых гераінь мала каго цікавіць. А пра тых, што балдзеюць ад сексу, наркотыкаў, сучаснага абстрактнага мастацтва, ударнай музыкі і танцаў трасуноў ці святога Віта, — мы яшчэ пісаць не ўмеем. Відаць, прыйдзецца вучыцца ў маладзейшых».
  • (Сорак пяць гадоў таму паэт напісаў гэтыя сумныя радкі, а горкая іронія, якая заключана ў іх, не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. Наадварот!)
  • «Выклікалі ў аддзел прапаганды ЦК на бяседу. Рыхтаваўся разнос нашага сакратарыята. Не ведаю, што там гаварылі другія, але я ў канцы гэтай бяседы сказаў: некалі будуць успамінаць, што быў час, калі саюзам кіравалі сапраўдныя пісьменнікі».
  • (І зноў можна толькі падзівіцца, які «дальназоркі», прадбачлівы быў наш паэт.)
  • «Ужо не помню, у каго вычытаў, што культура — сінонім этычнасці; развіццё культуры — працэс паэзіязабойны. Чым менш культуры, тым больш паэзіі».
  • (Выказванне дастаткова парадаксальнае. Шкада, што сам паэт не выказаў да яго сваіх адносін. Няўжо яно і сапраўды так?)

«Юбілеі, якія калісьці былі цэлымі падзеямі ў культурным жыцці, зараз сталі карай Божай. Сёння іх адзначаюць толькі графаманы ды хворыя на амбіцыі».

(Ну рыхтык як пра сённяшні дзень. А напісана гэта было ажно 25 гадоў таму).

Максім Танк даў ёмкія, дакладныя характарыстыкі не толькі літаратурным працэсам, але і самім літаратарам. Часам яму хапала літаральна аднаго-двух сказаў, каб высветліць, што ў чалавеку галоўнае, характэрнае. Пры гэтым у ацэнках пісьменніка, яго твораў Яўген Іванавіч ніколі не дапускаў знявагі, з'ездлівасці, злосці, а калі часам і праскочыць рэзкаватае слова, то разумееш, што яно прадыктавана перш за ўсё клопатам пра літаратуру.

  • «Думаю пра Я. Купалу. Калі ўявіць, што наша Зямля — велізарны арган, дык ніхто з яе не выдабыў столькі чаруючых гукаў, як ён».
  • «Нам неабходна перакладаць і перакладаць, каб прысвоіць нашай літаратуры новыя якасці, якія пашыралі б яе гарызонты. І гэта разумеў М. Багдановіч. Ён адзін з першых адрабіў многія нашы спазненні».
  • «Што да К. Чорнага, дык я яго пачынаю ўсё больш і больш любіць. У яго многія з нас могуць павучыцца не толькі пісаць, але і думаць па-беларуску».
  • «Памёр Ул. Дубоўка. У яго быў пералом бядра. Аперыравалі, але сэрца не вытрымала. Так і не стала паэта, які ў нармальных умовах быў бы пасля Купалы, Коласа, Багдановіча адным з самых нашых выдатных і культурных паэтаў».
  • «Чытаю Я. Брыля і радуюся, што ў нас ёсць такі выдатны майстра слова. Радуюся ціха, бо вельмі ж надакучылі крыклівыя захапленні, трыбунныя алілуйшчыкі».
  • «Завязалася з У. Караткевічам па тэлефоне працяглая бяседа. Цікавы і самабытны пісьменнік. Толькі любіць парысавацца. Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць без меры, каго ненавідзіць — чэрніць і бэсціць».
  • «Памерла Еўдакія Лось. Узбаламошаная была, але паэтэса шчырая, цікавая. Вельмі шкада, што так рана пакінула наш Парнас, бо з кожным годам яна пісала ўсё лепш і лепш і была ўжо на сваёй творчай дарозе, на якую, як вядома, не ўсім удаецца прабіцца».

(Вось яшчэ адзін урок танкаўскай патрабавальнасці. Пісаць і друкаваць вершы — яшчэ не значыць быць паэтам. Паэт толькі той, каму ўдалося выбіцца на сваю творчую дарогу.

Максім Танк, аднак, не замыкаўся толькі ў межах беларускай літаратуры. Ён шмат чытаў літаратуры суседніх народаў — Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы — і гэтак жа шчыра радаваўся кожнаму поспеху і глыбока засмучаўся творчым няўдачам.)


А закончыць гэту падборку думак-разваг нашага слыннага паэта Максіма Танка аб пісьменніках і літаратуры мне хочацца цытатай з яго выступлення на VІІ з'ездзе пісьменнікаў Беларусі:

— Сёння як ніколі, бадай, за ўсю гісторыю савецкай літаратуры ўзрасла роля ў творчым працэсе аўтарскай асобы, яе самааддачы, унутранай сталасці. Пасіўнае, вялае, халодна рамесніцкае апісанне — гэта выпустошванне душы мастацтва. Агульнавядома, што пісьменнік пазнае людзей праз уласны ўнутраны свет, праз пазнанне самога сябе. Таму толькі высокая інтэлектуальная арганізацыя асобы пісьменніка, яго духоўная сталасць гарантуюць стварэнне вобраза героя, які валодаў бы падобнымі якасцямі. Герой па сваім унутраным развіцці павінен пераўзыходзіць чытача, каб быць цікавым яму. Чытач заўсёды будзе ігнараваць літаратурныя творы, дзе вобразы герояў бляклыя і схематычныя, з вузкім і прымітыўным духоўным светам.

Зіновій Прыгодзіч

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Як хлеб надзённы

Прочитано 353 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии