Четверг, 27 07 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Папера супраць фармату epub: перспектывы развіцця электронных кніг у Беларусі

  • Воскресенье, 16 июля 2017 11:53

Значэнне электроннай кнігі сёння пераацаніць складана. Мы прывыклі лічыць, што гэта з’ява — асаблівасць дваццаць першага стагоддзя, але мала хто ведае, што першы e-text датуецца 1971 годам. Кнігай-піянерам у электронным фармаце стала «Дэкларацыя незалежнасці ЗША».

Гэта падзея паклала пачатак стварэнню праекта «Гутэнберг». Яго мэтай было распаўсюджванне электроннай універсальнай бібліятэкі.
Першапачаткова адэпты электронных кніг кіраваліся добрымі намерамі: асветніцтва і клопат пра навакольнае асяроддзе. Сёння гэтая з’ява ўспрымаецца неадназначна. Што прынеслі e-books грамадству на самай справе?

У 2010 годзе ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый было праведзена пасяджэнне, прысвечанае лёсу друкаваных выданняў. Эксперты зрабілі прагноз, згодна з якім папяровыя газеты знікнуць ужо ў 2040-м. Генеральны дырэктар арганізацыі Фрэнсіс Гары выказаў наступную здагадку: «“Эвалюцыя” непазбежная — у ЗША кнігі на лічбавых носьбітах ужо прадаюцца лепш за папяровыя, а ў гарадах усё цяжэй знайсці бібліятэку». Такая заява выклікала рэзананс у грамадстве. Адзін украінскі журналіст трапна заўважыў, што папяровыя кнігі паўтораць лёс коней, якімі раней карысталіся замест машын: «Цяпер элітную скакавую пароду можа дазволіць сабе толькі багаты чалавек, так што пасля падзення попыту на папяровыя выданні кошт іх вырасце (бо вытворчасць стане даражэйшай) і яны будуць даступныя толькі найвышэйшым класам».

У Беларусі ў апошнія некалькі гадоў таксама павышаецца попыт на электронныя кнігі. Людзі прыходзяць да e-book з розных прычын: для кагосьці гэта спосаб бясплатна атрымаць інфармацыю, хтосьці гоніцца за зручнасцю і мабільнасцю, некаторыя змагаюцца за экалогію і такім чынам захоўваюць лес. Мабыць, ва ўмовах глабалізацыі працэс распаўсюджвання электронных кніг прадухіліць немагчыма.

Кнігі беларускіх аўтараў лёгка знайсці ў сеціве. Напрыклад, на бясплатным рэсурсе knihi.com — «Беларуская Палічка» сабраная значная частка класікі беларускай літаратуры. Творы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Але як арганізоўваецца работа з сучаснымі пісьменнікамі?

«Спецыфіка электроннай кнігі ў тым, што яна не патрабуе выдаткаў на паперу і не абмяжоўваецца пэўным накладам. У інтэрнэце месца хопіць для ўсіх», — адзначае Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч А. М.», якое вельмі актыўна працуе менавіта над стварэннем электронных кніг.

Вядома, для пісьменніка па-ранейшаму застаецца важнай традыцыйная папяровая кніга, аднак на карысць выдання новых твораў у электронным фармаце «працуюць» найперш два аргументы. Па-першае, пашырэнне геаграфіі (кнігі нашых сучасных аўтараў становяцця даступнымі для замежжа) і патэнцыйнага кола чытачоў (сёння, калі нават не ў кожным раённым цэнтры ёсць кнігарня, гэта сапраўды актуальна). Па-другое, праз стварэнне электроннай версіі можна даць другое дыханне кнігам, якія выйшлі раней і наклад якіх разышоўся.

На цяперашні момант самы папулярны фармат электроннай кнігі ў Еўропе — epub. У Беларусі сітуацыя іншая: у нас большы распаўсюд мае фармат fb 2. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што ён чытаецца ўсімі прыладамі, нават самымі «старажытнымі». На другім месцы для беларусаў — mobi, які падыходзіць для iPhone і распаўсюджанных электронных кніг — Amazon Kindle.
Паводле назіранняў А. Янушкевіча, еpub карыстаецца меншым попытам, але заваёўвае ўсё новыя пазіцыі.

Часам падаецца, што беларускі чытач не гатовы плаціць грошы за электронныя кнігі, калі іх можна бясплатна спампаваць з інтэрнэту. «Тут павінны працаваць тыя ж механізмы, што і ў іншых краінах. Гэта пытанне агульнай культуры: выдавецтва не проста прадае электронныя кнігі са згоды аўтараў, але плаціць ім ганарары. Набываючы кнігу ў інтэрнэце, чытач насамрэч падтрымлівае пісьменніка, — тлумачыць Андрэй Янушкевіч. — Перспектывы электонных выданняў шырокія. Беларускае грамадства ў гэтым сэнсе нічым не адрозніваецца ад іншых: у нас чытаюць усё тое, што карыстаецца попытам у іншых еўрапейскіх краінах. Аднак у нас кнігі цяжка даходзяць да аўдыторыі, таму што слаба развітыя масавыя жанры, якія патрэбны любой літаратуры: дэтэктывы, фантастыка, фэнтэзі, любоўны раман. Відавочная праблема з кантэнтам, але мы робім стаўку на маладых аўтараў, на дэбютантаў. Мэта — наблізіць беларускую кнігу, беларускую літаратуру да шараговага чытача».

Цяпер вакол электронных кніг шмат дыскусій. Спрэчкі не толькі сярод чытачоў, але і сярод пісьменнікаў. Аднак, мяркую, якасны літаратурны твор будзе мастацтвам на любым носьбіце. Папяровая старонка або электронны экран не мяняе сэнсу таго, што чытае чалавек. Носьбіт толькі стварае эфект: гэта як фарматы 3D/2D, толькі тут камфорт і мабільнасць дыктуюць адваротную дынаміку і спрашчэнне. Але факт застаецца фактам: папяровыя асобнікі будуць друкавацца яшчэ доўгі час, таму што ў гэтым ёсць патрэба.

Яна МУСВІДАС

Крынiца: ЛiМ

Прочитано 560 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии