Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Хасіят Рустамава. Той, хто пазбавіў мяне ад трывогі

  • Вторник, 17 ноября 2020 13:07

Хасіят Рустамава — адна з маладых, але папулярных паэтэс Узбекістана. У яе вершах няма паказнога аптымізму, затое ёсць сапраўдныя перажыванні і пачуцці закаханай душы, шчасце і гора сэрца, для якога жыць — значыць любіць. У 2004 годзе ўзнагароджана медалём «Шухрат», аўтар трох кніг.

 

Хасіят Рустамава

***

Змяя не можа заліць атрутай...

Ірфон Белур

Зрушыць Сусвет не здолее вецер,

І бура мора ўбок не спіхне,

Жыццё! — хоць мацнейшае ты ў свеце,

Ды толькі не проста забіць мяне...

Маланка не зрыне нябёсы долу,

Восень не зваліць камлёў і галін.

Нібы на пласе, ляжыць мой голаў —

З процьмай смерцяў адзін на адзін.

Жыццё, ты не маеш нядобрай мэты,

Ды часам і ты можаш злосным быць.

Але ж не імкніся ўтапіць мяне ты —

Не зможаш рыбу ў вадзе ўтапіць.

Жыццё

Вецер танцуе па-над галавою,

Бруí дажджу ў танцы ён закруціў.

Нібы дапытвае — голасна вые,

Дождж у адказ свой спявае матыў.

Коцяцца кропель халодныя слёзы,

Твар бы змярцвелы ад восеньскіх сцюж.

Вецер свае прамаўляе пагрозы…

Як не збаяцца глыбокіх калюж?

Жыць — гэта плакаць ціхутка ў падушку,

Расчараваўшыся ў шэрасці дзён?

Веру, што голас душы маёй слушны —

Будзе пачуты нябёсамі ён.

 

***

Дзе быў ты тады, як цярпела я страты?

Напэўна, ты спаў без мяне моцным сном?

Чаму ты раней не з’явіўся ля хаты,

Не грукнуў у дзверы ні ноччу, ні днём?

Жыццёвы мой шлях у нябыт хутка сыдзе,

Вісіць ля парога ўжо світка мая.

Праводзіць мяне, любы мой,

ці ты прыйдзеш?

Надзея жыве шчэ, пакуль жыву я…

 

***

Ішла па жыцці і шляхі я мяняла,

Ды знешнасць з душой сумясціць

не змагла.

Удача мяне вельмі рэдка вітала:

Народжанай я не ў кашулі была.

Ішла па жыцці праз гушчар і праз пусткі…

Ці чуў хто мой стогн і мой стомлены

ўздых?

Таму, можа, у вершах маіх мала густу,

Напэўна, таму думкі спрэчныя ў іх.

У дзень майго нараджэння

Чуецца сэрца жывога біццё —

Пульсуе кроў — жыць дае загад.

Шкада, але гэта маё жыццё

Згубіла кветак ужо зашмат.

Ці гэта не мука, не дзеянне злое? —

Кветкі, напэўна, трываюць ледзь.

Памру — і цела маё нежывое

Вырача мноства кветак на смерць!..

Вязень

Ён дыхае сёння з палёгкай на волі,

Турма, кайданы — засталіся ва ўчора.

Рахункі аплачаны цяжкай нядоляй —

Спазнаў ён крывавыя здзекі і гора.

Здаецца, усё добра: жывы, не галодны,

І свет яго кліча яскравы, вірлівы,

І ёсць у ім сонца, і неба, і воды…

Ён толькі што выйшаў з-за крат

на свабоду.

Ён вольным стаў… толькі ці стане

шчаслівым?

 

***

Я — позні лісток, што апаў зараз з вішні,

Мой стан не цікавіць Вас і не займае,

Ці я — чарвячок, які падае з высі, —

З той яблынькі, што каля плоту ўзрастае.

Каханне мяне, як лісток, падхапіла,

Кружляла і кідала долу падчас…

Яно на пакуты мяне асудзіла.

Мой лёс і збаўленне залежаць ад Вас…

 

***

Ёсць сёння сяброў вельмі шмат у мяне,

Пашана ад іх і любоў — на стагоддзі.

Ды толькі жыццё, як імгненне, мільгне…

Не трэба мне столькі — зашмат ужо,

годзе…

Лагодным, ласкавым бывае мой лёс —

Бязгучнасцю, цішай мяне ахінае.

Сярод мітусні і штодзённых пагроз

Ён дорыць мяне мне тады, як адна я.

І ёсць над жыццём маім Пан-Гаспадар,

Ён — Той, хто пазбавіў мяне ад трывогі,

Хто даў мне жыццё — самы велічны дар,

І з ім да бяссмерцця імчацца дарогі.

 

***

Да К. Н.

Прысядзем «на дарожку» — ты сыходзіш…

Маўчым… Ды голасна маўчання трубяць

трубы,

А з галавы ўсё думка не выходзіць:

«Як буду жыць я без цябе, мой любы?»

І ты задумліва ўтаропіў погляд свой,

Нібы рашаеш цяжкую задачу.

Калі мы зноў сустрэнемся з табой?

Душа мая заходзіцца ад плачу…

 

***

Ці ты захварэў, ці ўстрывожыўся нечым?

На твары адбітак няяснай смугі.

Табе пакладу свае рукі на плечы —

Не бойся адкрыцца мне, мой дарагі.

Ад слёз і кахання вільготныя вочы…

Хачу, каб твой твар стаў лагодным ізноў.

І ў сонечны дзень, і ў таемнасці ночы

Праменіць душа мноства лекавых слоў...

 

***

Ты сёння нейкі дзіўны, незвычайны…

Нібыта восеньскай парой самотны сад,

Твой погляд выдаваў тугу адчайна —

У зрэнках сыпаў лісцем лістапад.

З пачуццямі сваімі цяжка зладзіць…

Эмоцыі — адбіткам у вачах.

Цябе ў тваім тужлівым заняпадзе

Лячыць любоўю буду па начах.

 

***

Здаецца, нешта ты хацеў сказаць…

Крок да мяне зрабіў і выйшаў з хаты…

Напэўна, у душы тваёй яшчэ гараць

Кастры ўспамінаў — іх заўжды багата…

Мы ні на крок бліжэй з табой не сталі —

Між намі — нерашучасці астрог:

Ты словы тыя, што не прагучалі,

Нібы закляцце, з вуснаў зняць не змог…

 

З узбекскай. Пераклад Святланы Быкавай

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Прочитано 269 раз