Пятница, 03 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

ЛІМБ #5: Асоба / Абстракцыі

  • Вторник, 24 марта 2020 10:06

З вясной (і асабліва самым-самым яе пачаткам) звычайна асацыіруюцца разнастайныя абуджальныя матывы, таму і ЛІМБ вострымі «зубкамі» распачынае ўжо пяты сеанс чуллівага логацэнтрычнага манікюру. Як і абяцалася ў мінулым выпуску, усё вяртаецца да звыклага графіка: у новы месяц — з новым ЛІМБам. А гэтым разам, дарэчы, кандыдатаў на вечнасць рэкордная колькасць — ажно 12, таму час адсячы ўсё лішняе і запусціць культурную «экзекуцыю».

Галоўная прыкмета тэкстаў Міхася Пазнякова — выразная агульнавобразная ўніверсальнасць. Першы тэкст, «Украіне», уражвае колькасцю парамастацкіх сродкаў: «мары высокія», «вясёлка душы», «нядоля і доля», «героі і слава былінная», «паўнаводныя рэкі», «азораныя горы», «хлебадайныя даліны» і спакусліва-абстрактныя «прасторы». Толькі ў апошняй страфе гучыць імя адрасата-краіны, але гэты тэкст пасуе любой постсавецкай краіне. Тое ж тычыцца і прысвячэння Яўгеніі Янішчыц, якое дасягае абстрактнасці, можа быць прысвечана любому іншаму пісьменніку.

Напачатку трэба па-сяброўскі павітацца з вершам Кацярыны Роўды «Бачыш, імклівыя кроплі пікіруюць на падаконнік…», які ўжо быў надрукаваны ў леташняй кастрычніцкай «Маладосці», а далей можна перайсці і  да канструктыву. Па дадзеных тэкстах паэтка паўстае чалавекам на духоўных ростанях: самыя жывыя вершы — пра пошук сябе/ слова, крыху менш — творы светаназіральнага характару. Адсюль і нестабільнасць у адносінах да штампаў: у межах аднаго твора могуць суседнічаць неблагое параўнанне вершаў з каралямі (дзе словы нанізваюцца на радкі) і  недапушчальна збіты вобраз «блакітныя вочы, нібы азёры». Аднак відаць, што некаторая другаснасць прысутнічае толькі на ўзроўні асобных выразаў, хаця мысленне аўтаркі рухаецца ў  патрэбным менавіта ёй (а не клішэйна-інерцыйным сілам) кірунку. Самы нязвыклы верш падборкі — «Не снежна...»: змест у ім моцна падпарадкаваны нетрывіяльнай рытмічнай структуры (з-за чаго некаторыя радкі адчуваюцца сэнсавымі «затычкамі»), але, нягледзячы на гэта, пэўны рытмічны нерв трымае тэкст суцэльным, і агульнае ўражанне, якое ён пакідае, непараўнана больш яскравае, чым ад найбольш адточанага (але традыцыйнага) «Ціхутка, таямніча і нясмела…».

З поўным разуменнем таго, што і  як працуе «пад капотам», напісаныя вершы Таццяны Сівец, і самым невыразным, што цікава, з’яўляецца першы з іх, які выкананы ў форме верлібра (цікава таму, што ў наскрозь метрычнай беларускай перыёдыцы сам факт з’яўлення верлібра звычайна сведчыць аб зусім іншым узроўні паглыбленасці ў сусветны літпрацэс). Два астатнія неверлібры чапляюць сваёй моўнай натуральнасцю, якая перададзена ўмерана разгорнутым сінтаксісам. Абодва творы — прадстаўнікі любоўнай лірыкі, якія структурна амаль цалкам складаюцца ЛІМБ #5: Асоба / Абстракцыі з маналогу-звароту, але тое, што ўтварае магію, — знаходзіцца па-за «амаль»: канцоўкі вершаў пададзены быццам  бы аднекуль збоку, з-за чаго вершаваная прастора ў некалькіх тонкіх мазках рэзка пашыраецца і набывае дадатковае вымярэнне. Акрамя таго, вершы гэтай паэткі — той самы выпадак, калі шматкроп’і ў канцы сказаў не сведчаць пра фіктыўна-аматарскую задуменнасць творцы, але асэнсавана служаць сродкам захавання патрэбнага тэмпу апавядання.

Бадзёры падыход Жанны Усцінавай, на вялікі жаль, не паспявае ў поўнай меры раскрыцца за два вершы. У тэксце «А можа… каханне толькі?» прагледжваецца патэнцыял паэткі да выкарыстання арыгінальных рыфмаў — але ўсё добрае імгненна вылятае ў трубу з «зацяганым» выразам «флюідаў таемныя токі». Куды мацней наступны твор, «Цудавы слёзы», за тры страфы якога паспявае разгарнуцца паўнавартасная дзіцяча-святочная міні-фантасмагорыя. Сярод выбітных момантаў — некалькі сакавітых рыфмаў («вуліцы — касавурыўся» і «вяршыў бы шыбіны») і фінальны вобраз, які лепей было б не прыводзіць, бо ў адрыве ад астатняга тэксту ён шмат губляе ў эмпатычнасці.

З заканчэннем сваёй падборкі «Пазбавіцца цярновага вянка…» Анхела Эспіноса Руіс бярэ новую для сябе вышыню: і метафарычна пазатэкстава, і метафарычна ўнутрытэкстава. Падборка паэткі ўжо не першы раз звязана агульным шэрагам аднавідавых вобразаў (напрыклад, у нядаўняй студзеньскай «Маладосці» гэта былі кветкі), тут чырвонай лініяй праз тэксты праходзяць птушкі. Але не толькі яны: вялікая ўвага ўдзяляецца іх неад’емнай рысе — палёту, і, акрамя гэтага, па змесце прадстаўленыя ў «ЛіМе» творы складаюцца ў тэматычны трохкутнік з кута-тэзы, кута-антытэзы і кутаўзвышэння. Першы «кут» супастаўляе нябесную прастору з каханнем, «татэмным ахоўнікам» становіцца «салавей». Другі — ужо прастора зямная, якая хоць і ўсталёўвае паміж лірычнай гераіняй і «вымярэннем кахання» пэўную адлегласць, але пакідае дыхатамічную залежнасць ад яго, а таксама знаёміць з другім «ахоўнікам» — «жураўлём». У радках трэцяга «кута» гераіня пашырае адлегласць настолькі, каб пазбавіцца дыхатаміі і татэмаў кахання (цяпер гэта «журавель» і «дрозд»), але, што парадаксальна, пачуццё не знікае, а, наадварот, у шмат разоў узмацняецца і пераходзіць у касмічна-боскія сферы. Нягледзячы на тое, што творы не надта поўняцца багатай колькасцю мастацкіх знаходак, гэтая падборка  — выдатны прыклад таго, як складаюцца менавіта паэтычныя падборкі, а не спантанныя тэкставыя вінегрэты, публікацыя якіх чамусьці прынята за норму.

Фантастычным малачуццем да высокага вылучаюцца тэксты Алеся Камароўскага, а ўлічваючы аўтарскае «аглух мой слых», можа, і не такім фантастычным. Але глухаты аўтару мала, таму ён вырашае дадаць у тэкст крыху адборнай «асадаўшчыны» («Знаць і помніць заўсёды трэба:  // Спапяляе душу злосць» і «Хай жа радасцю сэрца напоўніцца, // Бо на свеце жывём міг»). У другім творы назіраецца фармальная гульня з рэфрэнамі і ўнутранымі рыфмамі, але патэнцыйны чытач настолькі шакіраваны папярэднім тэкстам, што атрыманне хоць нейкай асалоды ад гэтага лічыцца амаль немагчымым.

Маленькай байкай на тэму кахання пад назвай «Лёс кахання» распачынае сваю невялікую падборку Уладзімір Малец. Але сувязь яе з каханнем настолькі намінальная, што гэта счытваецца ўжо з першых слоў першага радка: «У гонар кахання хтось высадзіў дрэўца…». Замест дрэва мог быць камень ці сінхрафазатрон — і, думаецца, анічога па сутнасці не змянілася б, раскрыццё тэмы засталося б такім жа «ўганараваным». Наступнае двустроф’е з назвай «Васількі» гаворыць пра тое, што ў полі выраслі васількі, а потым іх уплялі ў валасы дзяўчаты. Які прастор для фантазіі пакідае для чытача аўтар!

З верлібрамі выступае ў газеце Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Палохае той падыход да верлібра, калі яго апавяданне разыходзіцца ўшыр, па гарызанталі, а не рухаецца наперад па вертыкалі: трэба быць падрыхтаваным, каб выхапіць з такога тэксту дынаміку. Аўтар у выпадку з першым верлібрам робіць нават горш: тэкст складаецца з паралельных строф, якія ў межах саміх сябе нейкую думку ўсё  ж фарміруюць, але на развіццё, вертыкальнае ці гарызантальнае, агульнага пасылу кожная лакальная думка ніяк не ўздзейнічае. І  апагеем гэтага няўздзеяння з’яўляецца цэлая страфа-спіноф пра фікус, якая займае амаль трэць усёй вершаванай масы дзеля таго, каб паведаміць ужо вядомае.

Па далёкім юнацтве сумуе Генрых Тарасевіч: «Нам сэнс жыцця даецца паступова, // Таму пражыць яго беспамылкова — // Задача недасяжная для ўсіх». Настальгія — карысная рэч у тым выпадку, калі вядзе да нейкіх падсумаванняў і высноў. Калі ж гэта звычайнае пералічэнне лёсавых складнікаў і нават сам аўтар ніякіх адкрыццяў (школьныя ісціны не ўлічваюцца) не робіць — што можа сказаць чытач?

У большасці сваёй падборка вершаў Міколы Мятліцкага складаецца з  сюжэтных вершаў (і асобных прыкладаў пейзажнай лірыкі). У першым вершы пра Мірскі замак формула філасофска-містычнай замалёўкі з прыгукам готыкі добра працуе і  ў  нашыя дні (праўда, аднакарэнная рыфма ўсё ж заўважная). Побач — своеасаблівы «шок-кантэнт»: белы верш пра трактар. У форме, у якой гукавы складнік аслаблены дзеля ўзмацнення патэнцыйнага празаічна-апавядальнага стрыжня, пішацца тэкст, у якім за выключэннем рэдкай характэрнай лексікі, кшталту «вечнасць» і «вястун», паэтычнасць цалкам саступае празаічнасці: спачатку гучыць дакументальны тон, пасля — пераход да адычнага. У назве стаіць канкрэтная мадэль, але ў тэксце нішто не ўказвае менавіта на гэты трактар, а не якісьці іншы.

Першы верш аўтара пад псеўданімам Ч.ыЖ разрываецца на часткі дысанансам паміж дынамічнай рэфлексіяй і спрэчнасцю яе тэхнічнага аздаблення. Ідэйна «Мой горад» — стыхійная вайна супрацьлегласцей: голасу і маўчання, жыцця і смерці, статыкі і дынамікі. Але тое, што магло стаць лірычным эпасам, нечым кшталту вандровак Дантэ ці Адысея, патанае ва ўласнай бессістэмнасці. На працягу ўсяго тэксту адбываюцца сэнсавыя «тэлепорты», і таму, нягледзячы на сутнасную моц праблематыкі ваганняў ліргероя, ён патанае ва ўласнай нерашучасці, і нават апошні радок «Зялёны. Крочу ў бой» выглядае хутчэй як самаўнушэнне, псіхалагічны хітрык, чым як сапраўднае волевыяўленне. Да таго ж месцамі сітуацыю псуе беднаватая рыфмоўка («маіх — наўзрыд», «пад дых — уніз»). На фоне ўсяго гэтага другі верш, невялікі верлібр з дзвюх строф, выглядае і больш тэхнічным, і больш сэнсава сканцэнтраваным.

Вялікая праблема маластопных вершаваных памераў: калі рабіць сказ чалавечых памераў, атрымліваецца так, што ён займае адну ці дзве страфы, а гэта значыць, што прыкладна палова слоў у ім павінна рыфмавацца. Таму вялікі шанц ці трывіяльна рыфмануць, ці накідаць калечаных аднасастаўных сказаў. Святлана Бельская ў  сваёй «ЗІМЕ» пускаецца адразу ў два грахі: пачынаецца тэкст з аднасастаўных сказаў, потым ідуць слабыя (у  тым ліку дзеяслоўныя) рыфмоўкі. Насамрэч для пейзажнай лірыкі такі вектар быццам бы нават і падыходзіць, але, на жаль, арыгінальнага аўтарскага вобраза тут не заўважыць.

Лімаўскі паэтычны люты выдаўся сапраўды лютым: дзесьці ў нечакана благім сэнсе, дзесьці ў нечакана прыемным. А праблема, якую варта падкрэсліць у гэты раз, — складанасць пры перадачы праз тэксты ўласнага досведу. Шмат аўтараў карыстаецца абстрактнымі вобразнымі загатоўкамі мінулых стагоддзяў — і ў гэтым, па сутнасці сваёй, няма нічога дрэннага — але нават сістэмы спалучэнняў гэтых загатовак атрымліваюцца загатоўкамі, і такім чынам у тэкстах нярэдка нельга пабачыць аўтарскага твару.

Данііл Лысенка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 164 раз