Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Лiстапады Яўгенii Янiшчыц. Дзённiкавыя штрыхi да партрэта

  • Вторник, 17 ноября 2020 08:30

У лiстападзе спаўняецца 72 гады з дня нараджэння паэтэсы, класiка беларускай лiтаратуры Яўгенii Янiшчыц, i 32 гады, як яна адляцела ў лепшы свет. Яна пражыла ўсяго 40. Я добра памятаю яе i часта ўспамiнаю з удзячнасцю. У маiх дзённiках ёсць запiсы пра нашы сустрэчы. Сёе-тое прапаную чытачам. 

Студэнтка ўніверсітэта. Мінск, 1967 год.

Студэнтка ўніверсітэта. Мінск, 1967 год.

25.03.80. Сёння вечарам у сем гадзiн хадзiў да Алеся Пiсьмянкова. На вахце сустрэў Кастуся Цыбульскага. Ад яго даведаўся, што ў iнтэрнаце фiлфака будзе вечарына. Я застаўся. У ленпакоi назбiралася студэнтаў. Спачатку сядзеў, а потым саступiў месца дзяўчатам. Убачыў Язэпа Янушкевiча. Ён быў у першым радзе. Прысутнiчалi Яўгенiя Янiшчыц i народная артыстка Марыя Захарэвiч, мастачка Нэлi Шчасная i дырэктар школы. Янiшчыц пачытала вершы пра мацi.

7.07.86. Мне трэба было ў «Маладосць». Зноў сустрэўся з Анатолем Сысам. Нейкi ён фанабэрысты крыху, быццам сядзiць на якой пасадзе. Удвух чакалi Янiшчыц. Iшоў дождж. Пахаладала.

20.08.86. Быў у Мiнску ў выдавецтве. Гаварыў з Вадзiмам Спрынчанам. Зноў пра ўзаемаадносiны памiж пiсьменнiкамi, пра плёткi. У «Маладосцi» добра пагаварыў з Яўгенiяй Янiшчыц.

28.08.86. Прыехаў у Мiнск з Масквы, з вучобы. У «Маладосцi» Уладзiмiр Саламаха запрашаў пераначаваць. Адмовiўся, бо абяцаў быць у Гараднiцкiх. Зайшоў да Янiшчыц. Мяне сфоткалi. Янiшчыц дала тры рублi, каб купiў яе сыну сшыткаў у Маскве. Падпiсала паляку (майму аднакурснiку па Лiтiнстытуце) кнiжкi.

14.03.88. Пад'ехаў у «Маладосць». Якраз была Яўгенiя Янiшчыц. Сустрэла ўсмешкай, добрым настроем. Я не паспеў запытацца пра вершы (прыехаў па справе да Леанiда Дайнекi), як яна сказала: «Мне вельмi спадабалiся вашы вершы. I твае, i жонкi. Мяне яны проста ўразiлi. Я рада за вас. Будзем даваць вялiкiя падборкi недзе восенню. Перадавай Людмiле прывiтанне». Добры настрой пасля размовы з Яўгенiяй Янiшчыц захоўваецца i цяпер, вечарам.

18.04.88. Працую ў часопiсе «Беларусь». Зайшоў В. Ракiцкi — прынёс «Круглы стол». I мне стала весялей. Нечакана пазванiлi з «Маладосцi» — Янiшчыц прасiла аўтабiяграфiю. Даюць мае вершы ў шосты нумар. Звесткi пра сябе прадыктаваў Янку Сiпакову. Па-мойму, у «Маладосцi» на сёння працуюць самыя душэўныя людзi, пасля размовы з якiмi адчуваеш сябе чалавекам, якi нечага варты ў гэтым жыццi.

17.06.88. Званiла Янiшчыц. Пыталася пра мае кватэрныя справы. Калi нам з Людай выдзеляць яе хату, то яна грошы, што трэба здаваць на рамонт, аддасць нам, каб мы самi вырашалi, што i як рабiць у кватэры. Так параiў Уладзiмiр Дамашэвiч.

2.08.88. Сёння з Людай быў у Яўгенii Янiшчыц дома — глядзелi кватэру i мэблю, якую яна нам пакiне пасля свайго пераезду. Я не чакаў, што так добра ставiцца да нас Яўгенiя Iосiфаўна. А яна сама маладзец — з сынам адна трымаецца — не скардзiцца на жыццё, на лёс. Колькi ў ёй энергii фiзiчнай i духоўнай! Яна мне нечым напамiнае Цётку. Не толькi прычоскай, але i высокай духоўнасцю, таемнасцю…

У Янiшчыц прагаманiлi амаль тры гадзiны. Яна дзiвiлася, што прыходзiлi да яе N i N i дзякавалi за надрукаваныя вершы. Але iх творы ў «Маладосцi» — сказала Яўгенiя Iосiфаўна — былi надрукаваны не таму, што яны генiяльныя, а таму, каб не казалi пасля: «Вось Янiшчыц маладых зацiскае. Чытач разбярэцца... А так пiсаць, як яны, — гэта злачынства».

Выйшлi на вулiцу, а там дождж. I Яўгенiя Янiшчыц сказала нам: «Гэта вам на шчасце дождж...»

Данута Бічэль, Жэня Янішчыц. Масква, 1969 г.

Данута Бічэль, Жэня Янішчыц. Масква, 1969 г.

13.08.88. Учора збег з работы дапамагаць Яўгенii Янiшчыц пераязджаць на новую кватэру. Прыйшлi М. Мятлiцкi, В. Спрынчан, У. Саламаха, К. Жук i я. Шуму, гаму нарабiлi, але ўсё перанеслi ў машыну акуратна. На новую кватэру перавезлi хутка, ды i рэчы ўзнялi на восьмы паверх, як сапраўдныя рабацягi. Кватэра цудоўная! Сядзелi доўга — хвалiлi гаспадыню i самi сябе. Мятлiцкi i Саламаха сядзелi па краях i, як Вадзiм сказаў: «Крайнасцi кiдаюцца ў крайнасцi», спрачалiся. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб у час перакуру Мiкола не заснуў, а Валодзя не захацеў пайсцi дамоў. Я правёў Саламаху да вулiцы. Цяпер перажываю — як ён там даехаў дахаты. Калi я вярнуўся ў кватэру, то тут ужо Жук прычапiўся да мяне, каб высветлiць, чаму сябрую з нейкiм яго аднакурснiкам па ВПШ, якi, на яго думку, з'яўляецца стукачом. I колькi я нi казаў Кастусю, што ў ВПШ нiкога зусiм не ведаю, ён не пакiдаў мяне ў спакоi. Шумелi доўга. Яўгенiя Iосiфаўна абараняла мяне, як i Вадзiм: «Я Вiцю ў крыўду не дам!» Пакуль мы шумелi, Мiкола спакойна адпачываў. Маладзец! Каб урэшце не пабiцца з Жуком, я, падзякаваўшы за гасцiннасць Яўгенii Iосiфаўне, пайшоў дамоў. Нягледзячы на тое, што наша кампанiя па перавозцы рэчаў з адной хаты на другую была шумная — усё было прыстойна.

Яўгенiя Янiшчыц — цудоўны чалавек, паэт! Харошы i сын у яе, як i яна сама. Добры, па-вясковаму цiхi. Рэдкасць такiя дзецi ў горадзе.

Іван Бурсаў з Яўгеніяй Янішчыц. Масква, 1969 г.

Іван Бурсаў з Яўгеніяй Янішчыц. Масква, 1969 г.

26.08.88. На калiдоры «Беларусi» сустрэў Яўгенiю Янiшчыц. Паспачувала мне з Людай, што нам не далi яе кватэру, абна-дзеiла. Стала весялей. Як бы там нi было — ёсць жа людзi, якiя могуць сказаць добрае слова, ад якога мацнееш духам.

23.11.88. Сяк-так застаў дома Яўгенiю Янiшчыц — ездзiла да мацi ў вёску. Ад Люды i ад сябе павiншаваў яе з Днём нараджэння i падарыў карцiну, што Люда намалявала. Яўгенiя Iосiфаўна, па-мойму, ад нечаканасцi нават разгубiлася. Дзякавала. Запыталася: «Можа, у цябе закурыць ёсць? Ах, ды ты ж не курыш!» Я прапанаваў збегаць за цыгарэтамi. Збегаў. Яна запрасiла на кухню i пачаставала мяне чаем i пiрагом, якi спякла мацi. Скардзiлася на бяссонне i прасiла прабачэння, што мне скардзiцца. Сапраўды, яна была ўся нейкая нервовая i разгубленая. За паўгадзiны выкурыла ажно пяць цыгарэт.

Ад Яўгенii Iосiфаўны даведаўся, што ўчора на прэзiдыуме СП Вячаслаў Адамчык «разбiў» Змiтрака Марозава, працытаваўшы некалькi яго твораў. I Змiтрака не прынялi ў СП. Казала, што Барадулiн у «Маладосць» прынёс нейкiя злыя вершы. Не ведае, што з iмi рабiць. На развiтанне Янiшчыц падпiсала мне i Людмiле кнiгу свайго выбранага.

26.11.88. Пятнiца. З Людай дома рабiлi лiтчытанне, прысвечанае памяцi Уладзiмiра Караткевiча. Пры свечках дэкламавалi творы паэта i творы, прысвечаныя яму.

28.11.88. Вечар. Гатую чай. I раптам чую голас Люды: «Iдзi, нехта тэлефануе». Падымаю трубку. Галубовiч. Не разабрацца, што ён гаворыць. Пытаюся: «Адкуль звонiш?» — «З Мiнска, ад Мятлiцкага. Заўтра iдзеш?» — «Куды?» — «На пахаванне...» — «Якое пахаванне?..» — «Што, i ты не ведаеш? Янiшчыц разбiлася ў пятнiцу... Я ў Маскве ведаю, а вы тут у Мiнску нiчога не ведаеце. I Асташонак не ведае...»

А можа, не на смерць разбiлася? Я ж яе бачыў 23-га. Праўда, тады яна была нейкая ўзрушаная, нейкая аж цёмная ў твары. Казала, што дрэнна на душы («Я знаходжуся ў трансе»), але гэтага не паказвае сыну: «Шкада яго». Яшчэ казала: «Пакуль буду жывая, буду падтрымлiваць вас. А вы глядзiце адзiн аднаго, любiце». Я суцяшаў яе, гаворачы, што гэткi дрэнны настрой пройдзе i ўсё будзе добра.

«Добра, што вы ёсць, хлопцы», — казала пра Мятлiцкага i мяне. Скардзiлася, што няма сяброў, што ўсе зайздросцяць, гатовыя з'есцi. На што я сказаў: «У вас на рабоце добры калектыў, як нiдзе». — «Хлопцы харошыя, я з iмi сябе адчуваю, як дома». — «Вось пойдзеце на работу i супакоiцеся». — «Добра. Добра, што ты прыйшоў. Пачаставала б гарэлкай. Ды цяпер няма. Сазвонiмся пасля. Я вас з Мiколам Мятлiцкiм i ўсiх хутка збяру. Пасядзiм, паўспамiнаем. А Люда твая добра малюе. Яна ў цябе вельмi таленавiтая. Вось здам кнiжку Шах, а пасля за ёй — Люду. У яе вершы харошыя, i правiць не трэба».

10.05.1968 г.

10.05.1968 г.

Я растлумачыў Яўгенii Iосiфаўне, як павесiць карцiну. Папiлi чаю. Янiшчыц была, калi цяпер успамiнаю, сапраўды нейкая не такая, яе нешта непакоiла, яна хвалявалася. Першае, што я ўбачыў у яе на стале на кухнi, — гэта аркуш паперы з напiсаным вершам. У час размовы я пацiкавiўся: «А як з прозай? Можа, хутка кнiжка?» — «А што, табе мае апавяданнi спадабалiся?» — «Спадабалiся». За час размовы яна неяк прасвятлела. «Ну, я пайду. Вам трэба хутка збiрацца на работу». — «Добра. Перадавай прывiтанне Людзе. Дзякую, што зайшоў». На развiтанне Яўгенiя Iосiфаўна абняла мяне i тройчы пацалавала. Цяпер, калi ўспамiнаю тую сустрэчу, не верыцца, што Янiшчыц няма. Як гэта магло здарыцца? Згадваюцца радкi, што былi мной напiсаны пасля смерцi Мiхася Стральцова: «А хто нас наступным пакiне?». I вось... Янiшчыц.

Яўгенiя Iосiфаўна ў час апошняй размовы са мной казала, што ў яе ў галаве ўжо некалькi дзён паўтараюцца адны i тыя ж вершаваныя радкi. Яна нават гаварыла, якiя, але я тады не надаў iм анiякага значэння, але дакладна памятаю, што яны пра буру, пра вецер, пра трагедыю…

29.11.88. У палову 12-й гадзiны прыехаў у СП. Неяк было нават страшна iсцi. Нiколi не адчувалася такога цяжару на душы, як сёння. Людзей было яшчэ мала. Стаяў у дзвярах. Падышла Ала Канапелька: «Вiця, на, пакладзi кветкi, я не магу». Я ўзяў кветкi i выканаў яе просьбу. Мяне заўважыў Лёня Галубовiч. Пайшлi, закурылi. Ад Лёнi даведаўся, што гэтыя апошнiя днi Янiшчыц хадзiла ў чорным i з усiмi развiтвалася. Праўда цi не — невядома, але многiя сцвярджаюць, што гэта праўда.

Прыйшлi Таiса Бондар, Раiса Баравiкова i Галiна Каржанеўская. Паклалi кветкi. Плакалi.

Выступаючы, Нiл Гiлевiч сказаў, што сёння Янiшчыц стала побач з Цёткай. Лепей бы яна была побач з намi, але жывая! О, як плакала мацi Яўгенii! Як плакаў сын! Бедны Андрэй! Жэня, Жэня, што ж ты нарабiла? Жыць бы ды жыць ёй! N казаў, што яна, вiдаць, сваю смерць сама спланавала: «Да 40 гадоў усё зрабiла. Здала ў выдавецтва рукапiс новай кнiжкi i пайшла...» Колькi было кветак, колькi вянкоў! Ёй бы жывой столькi любовi i павагi! (...)

30.11.88. Быў у выдавецтве. Аддаў Людзiн рукапiс. З Мятлiцкiм, К. Жуком i Маруком пастаялi, пасумавалi... Жук казаў, што на свой дзень нараджэння Янiшчыц атрымала па пошце верш «Рэквiем». Напiсаць было каму.

Балада Яўгенii Янiшчыц

(20.11.1948 — 25.11.1988)

Жыццё кароткае, як ноч, што забiвае,

I вечнае, як верш, якi з душы ўсплывае,

Як з неба зорка, да якой iсцi

Па вострых травах, залатым лiсцi

I быць сабой, як ластаўцы ў палёце,

Як водсвету агню на тонкiм лёдзе,

Што ў лiстападзе, як лязо нажа

Блiшчыць i, як матыль, iмкне душа

Ягонай наталiцца адзiнотай,

Нiбы агонь — апалаю лiстотай...

Жыццё, нiбыта генiяльны верш,

Кароткае, i ў вершы ты жывеш,

Якi ты нам, самотным, прысвячала,

Нiбыта з неба зорку даставала,

Каб без цябе, застаўшыся адны,

Праз ноч змаглi дайсцi мы да вясны,

Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,

Як водсветы агню ў крохкiм лёдзе…

 

Лiстапады ЯЎГЕНII Янiшчыц

(20.11.1948 — 25.11.1988)

ад свайго першага лiстапада

да першага верша пра мацi

праз першыя россыпы

лiстоты i слоў

ты iшла ў маладой журбе

прыгожая i закаханая

светлая як малiтва

у дзень вечаровы

 

ад першага верша

iшла на голас лiры

праз снежныя грамнiцы

берагам Ясельды

берагам сусвету

у пару любовi i жалю

дзе снег белы папера

якой ты давяраеш i давяраешся

 

твая калiна зiмы

зорнае неба

куды ўсе iмкнуцца

непрыручаныя птушкi

а ты птушка непрыручаная

i табе на беразе пляча

не быць сагрэтай

 

i на Ягадным хутары

заўсёды ветлае вакно ў дождж

дзе стрыжы начныя

клiчуць i клiчуць сонца

 

i ты iдзеш па свеце

i вяртаешся

да мацi да сябе да сына

у якога свой лiстапад

 

i ў шуме жытняга святла

твой шлях бясконцы

да твайго апошняга лiстапада

якi нiколi не будзе апошнiм

Вiктар Шніп

Фота Сяргея Панізьніка

Крыніца: Звязда

Прочитано 227 раз